Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пачатак дарогі (1971 г., Беларусь)

Пачатак дарогі (1971 г., Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПАЧАТАК ДАРОГІ

...У невялікі гарадок над Бярэзінай прыйшлі фашысты. Гневам, абурэннем і прагай помсты напоўнены сэрцы людзей. I толькі прыгажуня Ірына, якую так любілі сяброўкі, якой так ганарыўся яе любы Дзмітрый, паступае на службу да ворагаў. Кожны вечар яна праводзіць час з нямецкімі афіцэрамі, спяваючы ім у кабарэ. Штурмбанфюрэр Гофман і маёр Вітэнберг у захапленні ад "фройляйн Ірэн", ад яе чыста нямецкай пунктуальнасці: яна пачынае свае канцэрты роўна ў восем гадзін адной і той жа песняй пра жаваранка. I ніхто не ведае, што песня гэтая – пазыўныя мужнай падпольшчыцы... Але вось на яе след напаў здраднік Віктор дэ Моль. Дзяўчына трапляе ў рукі гестапа... 

Так, напружана і драматычна, разгортваецца дзеянне гераічнай музычнай камедыі Юрыя Семянякі па п'есе Н. Калаптур "Спявае "Жаваранак", пастаўленай рэжысёрам Ул. Ажарэльевым у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР. Аднак не бывае музычнай камедыі без шчаслівага канца: партызаны вызваляюць асуджаную на смерць Ірыну, яна сустракаецца з Дзмітрыем. 

У сёлетнім сезоне тэатры Мінска парадавалі гледачоў цікавымі прэм'ерамі. Але прэм'ера аперэты "Спявае "Жаваранак" была своеасаблівая: першы спектакль першага сезона новага тэатра; першая беларуская гераічная музычная камедыя; першыя крокі на сцэне для большасці артыстаў (балет, хор, аркестр і многія салісты толькі што закончылі ці яшчэ заканчваюць музычныя навучальныя ўстановы). І гэтая маладосць артыстаў, іх шчыры запал і тэмперамент ствараюць добры эмацыянальны настрой, які адразу ж перадаецца глядзельнай зале. 

Партыя Ірыны, глыбока лірычная і ў той жа час поўная драматызму, напісана Ю. Семянякам з разлікам на высокае вакальнае майстэрства выканаўцы. Артыстка Н. Гайда выдатна авалодала роляй, арганічна ўвайшла ў свет музычных вобразаў твора. Прыгожы голас, пластычнасць рухаў, драматычныя здольнасці артысткі прыцягнулі ўвагу публікі з першага ж яе выхаду на сцэну. 

Жанр нацыянальнай аперэты ў беларускім мастацтве распрацаваны недастаткова. Будзем спадзявацца, што адкрыццё тэатра дасць штуршок для далейшага развіцця гэтага жанру, што пройдзе нямнога часу, і мы ўбачым на сцэне тэатра новыя арыгінальныя беларускія музычныя камедыі. 

А пакуль што акцёры з захапленнем іграюць "Фіялку Манмартра" I. Кальмана і "Вольны вецер" І. Дунаеўскага. 

"Фіялка Манмартра" – дэбют на аперэтачнай сцэне выпускніцы Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута рэжысёра Вацлавы Вярбоўскай. Яна паставіла спектакль з добрым густам, пазбегнуўшы танных спакус забаўляць публіку пры дапамозе правераных аперэтачных трукаў. У яе інтэрпрэтацыі "Фіялка Манмартра" – паэтычнае рамантызаванае апавяданне аб непераможнай сіле кахання і вернасці бескарыслівага сяброўства. 

Вядомую аперэту "Вольны вецер" паставіў заслужаны дзеяч мастацтваў УССР А. Барсегян. У ёй зноў узнёсла прагучала тэма змагання. Абедзве аперэты, якія ўжо шмат гадоў не сыходзяць са сцэн савецкіх музычных тэатраў, з'яўляюцца выдатнай школай для творчай моладзі. У іх ярка раскрыліся вакальныя здольнасці Л. Паповай-Зубцовай, В. Мазур, В. Бурцава, праявіўся камедыйны талент Ю. Лазоўскага, В. Шаўкалюка, Ул. Цітэнкі і іншых акцёраў. 

Усе тры спектаклі, якімі адкрыў свой сезон новы тэатр, з густам аформлены мастакамі А. Краўчуком, А. Марозавым і А. Аруцюнянам. Ёсць цікавыя знаходкі ў балетмайстраў Э. Піно і М. Красоўскага. Значнага поспеху дасягнула хормайстар Н. Андросава. Зладжана і ярка гучыць аркестр (дырыжоры П. Кірыльчанка і Э. Арашкевіч). 

Тэатр музычнай камедыі БССР толькі пачаў сцэнічнае жыццё. Яго першыя крокі сведчаць, што калектыў мае ўсе магчымасці для хуткага творчага росту. Хочацца пажадаць артыстам, каб, набываючы прафесійны вопыт, яны не гублялі таго энтузіязму, гарэння, юнацкага запалу, якія вызначаюць сённяшні дзень тэатра і выклікаюць шчырыя сімпатыі гледачоў. 

Святлана КЛІМКОВІЧ. 
Беларусь. – 1971. – № 4.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: