« Назад
ПАДАРУНАК ДЗЯТВЕ
Аперэта "Сцяпан – вялікі пан" Ю. Семянякі ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР
Калі я даведаўся, што Юрый Семяняка піша твор у музычна-тэатральным жанры, які не мае аналагаў у беларускай музыцы, перада мною ўзнікла нямала пытанняў. Аперэта звычайна разлічана на дарослую аўдыторыю. Ці здолее кампазітар стварыць музыку для дзяцей, якая адпавядала б законам гэтага жанру? Якой будзе літаратурная аснова? Ці будзе твор мець нацыянальны характар? Як аўтар выкарыстае лейтматыўную сістэму (лейттэмы часцей за ўсё даюцца ў трансфармаваным выглядзе, а гэта ўскладняе дзіцячае ўспрыняцце)? Наколькі музыка будзе адпавядаць характару казкі? Ці здолеюць артысты тэатра захапіць сваім выкананнем маленькіх слухачоў? I ўрэшце – як прымуць новы твор дзеці?
Адказы на ўсе гэтыя пытанні можна было атрымаць толькі на спектаклі.
...Да хаткі вясковага шаўца прыбягае Ліса і просіць выратаваць яе ад паляўнічых. Сцяпан хавае яе ў хаце. А тут з'яўляецца Цар, Царэўна і Генерал з салдатамі: у Царэўны зламаўся абцасік... Пасля ад'езду Цара выходзіць з хаткі Ліса і просіць шаўца даць ёй боты, слядоў якіх не маглі б учуць сабакі – за гэта абяцае Сцяпану зрабіць яго вялікім панам. Неўзабаве Ліса сустракаецца ў лесе з зайцамі і ваўкамі, хваліцца сваімі ботамі, прапануе пасябраваць і разам дапамагчы Сцяпану. А між тым Царэўна, што закахалася ў Сцяпана, марыць аб сустрэчы з ім, адвяргаючы ўсіх прэтэндэнтаў на яе руку. Генерал сам хоча ажаніцца з прынцэсай і, здагадваючыся аб яе пачуццях да шаўца, кідае Сцяпана ў цямніцу. Аднак Ліса, зайцы і ваўкі вызваляюць яго і накіроўваюцца ў палац. Дзякуючы хітрыкам Лісы, закаханыя сустракаюцца і, адмовіўшыся ад "паловы царства", ад'язджаюць да Сцяпана ў вёску.
Сюжэт аперэты "Сцяпан – вялікі пан" хаця часткова і запазычаны аўтарам лібрэта А. Вольскім з вядомай казкі Ш. Перо "Кот у ботах", адметны сваім беларускім каларытам. Лібрэта напісана сакавітай беларускай мовай, у ім можна пачуць і словы народных песень, як напрыклад, у першым жаночым хоры, пабудаваным на тэксце песні "Зялён гай падмяцён". Падзеі развіваюцца хутка, дынамічна; у многіх сцэнах ёсць цікавыя дасціпныя дыялогі, адчуваецца сапраўдны народны гумар. Добры густ паказаў лібрэтыст у моўнай абмалёўцы герояў аперэты. Цудоўная п'еса-казка стваралася ў цесным супрацоўніцтве А. Вольскага з кампазітарам і рэжысёрам будучага спектакля – і зразумела, чаму літаратурны матэрыял так арганічна лёг у аснову аперэты.
Музыка новага твора Ю. Семянякі яркая, меладычная, выразная, ад першай да апошняй ноты прасякнутая беларускімі народнымі інтанацыямі, хаця прыкладаў непасрэднага цытавання фальклору, за выключэннем толькі аднаго выпадку, няма. Дакладна прасочваецца сістэма лейтматыўнасці. Сцяпан характарызуецца бадзёрай, вясёлай, мажорнай тэмай, Царэўна – лірычным напевам, які ў далейшым перарастае ў тэму кахання; Ліса – гарэзлівай, рухавай; зайцы – трывожнай, "скокавай" музыкай. Нельга не ўсміхнуцца, пачуўшы тэму ваўкоў, дасціпна, з гумарам пабудаваную кампазітарам на аснове беларускай народнай песні "Я табун сцерагу". Але галоўнай лейттэмай спектакля з'яўляецца "тэма сяброўства", напісаная ў стылі савецкіх масавых песень: яна паяўляецца ў другой карціне, гучыць у шэрагу далейшых эпізодаў, надзвычай удала заканчвае аперэту. Усе гэтыя тэмы не трансфармуюцца, і таму з цягам спектакля маленькія слухачы, пачуўшы ў аркестры знаёмую мелодыю, адразу здагадваюцца, хто з герояў зараз з'явіцца на сцэне.
Шырокі і поўны інтанацыйны і гарманічны лад музыкі Ю. Семянякі – побач з лірычнымі і гераічнымі вобразамі, якія характарызуюцца народна- песеннымі інтанацыямі, адмоўныя персанажы абмаляваны нязвыклымі меладычнымі ходамі, вострымі гармоніямі. Напрыклад, кампазітар добра-такі "паздзекаваўся" з Генерала, напісаўшы яго партыю вуглаватай інтэрвалікай, падтрыманай рэзкімі гармоніямі. "Калючае" гучанне набывае ў партытуры тэма ваўкоў, напісаная сучаснымі музычнымі сродкамі.
Музычныя "партрэты" галоўных дзейных асоб створаны пераканаўча, вобразна. У першай, "выхадной" песні Сцяпана з жаночым хорам акрэсліваецца прывабны вобраз вясёлага вясковага хлопца. Гэты музычны вобраз развіваецца ў лірычных эпізодах і асабліва ў дуэце з Царэўнай. А яна – гэта не толькі бачыш, але і "чуеш" – з бесклапотнай свавольніцы ператвараецца ў задуменную дзяўчыну, якая шкадуе, што нарадзілася царскай дачкой, а не простай сялянкай. Трапна адлюстраваны ў музыцы вобразы Лісы, Зайца, Ваўка; вынаходліва, у гратэскавай манеры напісана песня Генерала – пад акампанемент фагота і засурдзіненай трубы.
Да несумненных удач кампазітара можна аднесці многія дуэты, найбольш "шматлюдныя" сцэны, такія, як ансамбль Царэўны, Сцяпана, Лісы, зайцоў, ваўкоў і салдат (фінал), ці сцэна Царэўны, Сцяпана, Цара, Генерала, фрэйлін з першай дзеі. Тут выкарыстаны складаныя прыёмы поліфаніі, але гэта не замінае даходлівасці музыкі: яна лёгка ўспрымаецца дзецьмі. Уражваюць і харавыя нумары, сярод якіх адзначым хор-марш салдат, велічальны хор і хор фрэйлін з апошняй дзеі (вылучаецца і работа хормайстра Н. Андросавай).
Аналізуеш змест, музычнае вырашэнне, цікавыя танцавальныя эпізоды ў пастаноўцы С. Дрэчына, прыгадваеш лірычныя і камічныя сітуацыі, з якіх саткана дзеянне, дый саміх дзейных асоб, сярод якіх прадстаўлены ўсе аперэтачныя амплуа... I думаецца, новы твор адпавядае ўсім законам жанру. Пры гэтым менавіта аперэты для дзяцей! Прыемна, што ўвасабляючы спектакль на сцэне, пастановачны калектыў аказаўся, як гавораць, на вышыні.
Калі раней нярэдка заўважалася, як аркестр Дзяржаўнага тэатра музкамедыі БССР іграў сам па сабе, а артысты спявалі самі па сабе, дык цяпер новы галоўны дырыжор, вопытны прафесіянал I. Абраміс прыклаў шмат намаганняў, скарэкціраваў гучанне аркестра са сцэнай. Тым самым закрыў пытанне "хто – каго?" Дамогся ён і роўнасці гучання асобных груп аркестра, інтанацыйнай чысціні, патрэбнай нюансіроўкі. Дзякуючы яго ўдумліваму стаўленню да задумы кампазітара, усе сольныя партыі, ансамблі і хоры прагучалі рэльефна і добра. I таму можна лічьшь, што пастаноўка аперэты сваім поспехам у першую чаргу абавязана дырыжору.
Звяртаеш увагу і на цікавую работу рэжысёра С. Штэйна: прадуманыя мізансцэны, пераканальны сцэнічны малюнак галоўных партый, пазбаўленыя статычнасці і "карціннасці" масоўкі.
Сцэнаграфія галоўнага мастака тэатра А. Марозава адразу ж прыцягнула дзіцячую ўвагу. У спектаклі многа смешнага і дасціпнага – гэта датычыцца мастацнага афармлення пяці карцін. На сцэне немудрагелістыя і надзвычай маляўнічыя дэкарацыі, падобныя да карцінак у дзіцячых кніжках. Асабліва ўдаліся мастаку, царскі палац, драўляныя коні, на якіх "гарцуюць" салдаты пад нястомны смех глядзельнай залы, і захапляючая для дзяцей сцэна, калі "з неба" падаюць новыя боты – падарунак Сцяпана ўсім зайцам і ваўкам.
Новая работа тэатра парадавала добрым ансамблем выканаўцаў. I тут у першую чаргу трэба адзначыць салістку Н. Гайду. Яе Ліса – хітрая, дасціпная, разумная – выклікае ўсеагульную сімпатыю гледачоў. Артыстка паказала высокае вакальнае і сцэнічнае майстэрства ў няпростай партыі, якая вымагае глыбокага пранікнення ў вакальна-драматычны вобраз "у звярынай шкуры". Прывабны воблік Лісы стварыла другая выканаўца Н. Белавусава.
Удала выступіў у ролі простага беларускага хлопца Сцяпана артыст В. Бажэнаў. Прыемна было слухаць пранікнёны голас спевака, які здолеў пазбегнуць аперэтачных штампаў. Асабліва лірычна прагучалі ўспаміны Сцяпана пра каханую і дуэт з Царэўнай. Партыя Сцяпана напісана кампазітарам для тэнара, і другому выканаўцу Р. Харыку відавочна не хапала галасавога дыяпазону. Таму даводзілася перакладаць асобныя ноты верхняга рэгістра на актаву ніжэй – гэта рабіла партыю вакальна менш выразнай, ды і сцэнічны малюнак ролі быў даволі схематычны і не вылучаўся жывымі фарбамі.
Артыстка Л. Зубцова выдатна выканала партыю Царэўны як у вакальных, так і сцэнічных адносінах, пераканаўча паказаўшы змены ў і характары сваёй гераіні і яе паводзінах – ад спешчанай капрызнай да закаханай і рашучай дзяўчыны.
Запомнілася А. Крайнікава ў ролі Зайца. У яе прыемны голас, добрая дыкцыя, яе сцэнічны "герой" вылучаўся жывым характарам. Поўнасцю "ўвашоў" у вобраз Ваўка артыст В. {У.} Лінкевіч. Ён не толькі ўпэўнена праспяваў сваю партыю, але і аздобіў яе прыёмам глісанда, што як нельга лепш характарызавала "воўчае маўленне". На жаль, у яшчэ аднаго выканаўцы гэтай ролі – маладога артыста Г. Валчка – вельмі абмежаваныя вакальныя дадзеныя, ды і трымаўся ён на сцэне не зусім упэўнена.
Абодва выканаўцы камічнай партыі Цара – В. Фаменка і В. Шаўкалюк – надзвычай арганічныя ў вобразе свайго героя: ганарыстага, але бязвольнага і… добрага. Пры гэтым першы з артыстаў вырашыў сцэнічнае аблічча персанажа ў больш цёплых танах, падкрэслівючы любоў да дачкі (між іншым, ён спяваў рытмічна дакладней), другі паказаў Цара ў больш гратэскавым плане.
У партыі Генерала мы пабачылі артыстаў Ю. Лазоўскака і Ю Харытонава. Яны ярка перадалі вобраз самаўлюбёнага жорсткага дурня. Толькі Ю Лазоўскі здолеў больш дакладна праінтаніраваць мадуляцыйныя моманты ў складаных куплетах Генерала, якія пераходзяць з до мажора спачатку ў рэ-бемоль мажор, а потым у рэ мажор.
Лепшыя рысы таленту і "почырку" Ю. Семянякі яскрава высвечваюцца ў музыцы "Сцяпана..." і паказваюць несумненны рост кампазітарскага майстэрства аўтара і яго ўменне вырашаць новыя творчыя задачы.
Музычная казка, у якой апяваецца вернасць і сяброўства, з'явілася на тэатральнай сцэне у год дзіцяці, і гэта добры падарунак юным слухачам.
Выказаць свае меркаванні пра новы сцэнічны твор я папрасіў Генадзя Іванавіча Цітовіча:
– Гэта лепшая аперэта з усіх добрых аперэт Ю. Семянякі. Яна аднолькава цікавая як для дзяцей, так і для дарослых, пры гэтым уся прасякнута народным меласам. Не выклікае ніякага сумнення, што Сцяпан і яго асяроддзе – нашы нацынальныя беларускія героі. Вельмі спадабаліся па-майстэрску напісаныя вялікія сцэны і галоўнае – хоры, таксама пабудаваныя на фальклорных інтанацыях. Я глядзеў спектакль два разы, а цяпер абавязкова павяду на яго ўнукаў...
Думаецца, што такому прыкладу паследуюць многія слухачы і аматары музыкі, і гэта будзе шчырым прызнаннем таленавітасці новай цікавай работы Ю. Семянякі.
Д. ЖУРАЎЛЁЎ, заслужаны дзеяч культуры БССР. Літаратура і мастацтва. – 1979. – 3 жн. – С. 10–11.
|