« НазадПАМІЖ БРАДВЕЕМ I ГАЛІВУДАМ?Бернстайн і Робінс перабраліся ў Мінск Мюзікл «Вестсайдская гісторыя», створаны кампазітарам Леанардам Бернстайнам і аўтарам ідэі, рэжысёрам і харэографам Джэромам Робінсам, — адно з найбольш яркіх і запатрабаваных гледачом перастварэнняў шэкспіраўскай трагедыі пра Рамэа і Джульету. Непераўзыдзены шэдэўр, сапраўдная класіка жанру, культавы амерыканскі мюзікл, «Вестсайдская гісторыя» была пастаўлена на Брадвеі ў 1957-м. А праз чатыры гады ўзнікла яе галівудская экранная версія, якая пашырыла папулярнасць твора. Напрыканцы мінулага сезона прэм'ера спектакля была паказана на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Вядомы амерыканскі сцэнарыст Пітэр Стоўн, звяртаючыся да не менш вядомага суайчынніка, кампазітара Моры Естана, некалі выказаў слушную думку: «Любая сучасная падзея можа назаўтра з'явіцца на тэлебачанні. У кіно яна зможа трапіць праз 2–3 гады, у тэатр — праз 5–6 гадоў, а ў мюзікл — гадоў праз 10. Таму, калі пачнеш сачыняць, перш за ўсё падумай, ці будзе твой мюзікл цікавы праз дзесяць, дваццаць гадоў і каму ён будзе цікавы». У выпадку з «Вестсайдскай гісторыяй» галоўнай мэтай Робінса было адаптаваць шэкспіраўскую трагедыю да музычнага тэатра, бо легенда пра каханне двух маладых людзей нарадзілася зусім не на заходняй ускраіне Нью-Ёрка. Але яе жыццёвыя матывы вельмі праўдападобныя, таму кожны раз для такой гісторыі знаходзіцца адметнае і непаўторнае асяроддзе, у якім штораз мяняецца аблічча сіл варожасці і зла, якія паўстаюць на шляху закаханых і замінаюць іх шчасцю. Пасля сцэнічнай прэм'еры 1957 года ў Нью-Ёрку, «Вестсайдскую гісторыю» адзначылі амерыканскай тэатральнай прэміяй «Тоні» толькі ў намінацыі «Лепшая харэаграфія». А экранная версія Роберта Уайза ў 1961-м атрымала ажно дзесяць з адзінаццаці «Оскараў». У 2009-м мюзікл Бернстайна, які за гэты час зрабіўся культавым, зноў з'явіўся на Брадвеі. На пачатку новага стагоддзя ён быў пастаўлены нават у «Ла Скала». У 2007 годзе адбылася першая ў Расіі ліцэнзаваная пастаноўка «Вестсайдскай гісторыі»: яе разам з амерыканскай творчай групай здзейсніў Новасібірскі акадэмічны маладзёжны тэатр «Глобус». Такую магчымасць атрымалі і беларускія артысты — можна лічыць гэта своеасаблівым бонусам ад амерыканскіх пастаноўшчыкаў — дырыжора Філіпа Сіманса і балетмайстара Пола Гордана Эмерсана. Перамовы з пасольствам ЗША пачаліся два гады таму. Ад амерыканскай кампаніі «Music Theatre International» калектыў атрымаў не толькі аўтарскія правы і гадавую ліцэнзію на паказ мюзікла, але і права на арыгінальную пастаноўку, якую ажыццявіла Настасся Грыненка. Адметнасць гэтага мюзікла — у неверагоднай дзейснасці кожнай сцэны, калі побытавыя рухі натуральна пераходзяць у танцавальныя, гаворка — у вакальную мову і наадварот. Такія прыкметы брадвейскага мюзікла не толькі захаваліся, але яшчэ больш узмацніліся. У сваёй пастаноўцы Грыненка імкнулася наблізіць стыль акцёрскай ігры да натуральнасці існавання перад кінакамерай, пазбегнуць умоўнасцей, якія з'яўляюцца жанрава-спецыфічнымі, калі акцёр спявае ці танцуе. Агульная дынаміка спектакля прадвызначана менавіта музыкай, у якой метра-рытмічныя зрухі і ладава-гарманічныя змены, сімфанізм і поліфанічнасць мыслення суладна ўзаемадзейнічаюць з арыгінальным джазавым і лацінаамерыканскім стылем. Гэта дазволіла кампазітару ўзняць забаўляльны жанр да вяршынь менавіта акадэмічнага мастацтва. Бо сапраўднае музычна-тэатральнае мастацтва ніколі не страчвала сувязей з папулярнай музыкай, яно заўсёды грунтавалася на бытавых жанрах той або іншай эпохі. Рэальнае асяроддзе — бойкі, «разборкі», забойствы і… каханне. Так некалі было ў Нью-Ёрку, але ж і ў нашы дні адбываецца падобнае да «сценкі на сценку». Звычайная крама вясельных сукенак пераўтвараецца ў сучасны салон, а сцэна тэатралізаванага квазісудовага працэсу над вулічнымі падлеткамі — дзякуючы мантажу ўмоўна ствараемай прасторы — у асобны «хітовы» нумар («Няшчасныя мы дзеткі»), у якім на фоне сцяны, распісанай графіці, паўстае амаль сённяшняя сацыяльная рэчаіснасць: незапатрабаваныя грамадствам юнакі па-свойму бавяць час… Першапачаткова Настасся Грыненка задумвала зрабіць акцэнт на супрацьстаянні паміж багатай і беднай моладдзю, але ж літаратурная аснова «Вестсайдскай гісторыі» пабудавана на развіцці тэмы сацыяльнай і нацыянальнай непрымірымасці. У выніку вызначальнай ідэяй спектакля зрабілася спрадвечнае і ў той жа час абвострана-актуальнае пытанне: адкуль вырастаюць жорсткасць і агрэсія? I яно знаходзіцца не толькі ў сацыяльнай, але і ў маральна-этычнай плоскасці. Гэтае пытанне выразна агучана Докам (Аляксей Кузьмін), які неаднойчы звяртаецца да варожа настроеных хлопцаў, каб спыніць іх агрэсію. Гучыць яно і ў апошнім маналогу Марыі. Узрушаная да глыбіні душы нечаканай смерцю каханага Тоні, яна, трымаючы ў руках зброю, у адчаі вымаўляе: «Колькі тут засталося патронаў? На мяне хопіць? Колькіх я магу забіць, каб застаўся адзін і на мяне?» Не ўсе рэжысёрскія прапановы Грыненка былі зразумелыя амерыканскім пастаноўшчыкам, але ўсе прынятыя. У выніку бакі засталіся задаволеныя адно адным. Сцэна закаханых у пакоі Марыі, якую звычайна вырашаюць як бытавую, пераўтварылася ў надзвычай паэтычную: рамантычную ўзнёсласць надаюць ёй вялізныя палотны празрыстай белай тканіны — спачатку яны павольна ўздымаюцца над героямі, а потым зрываюцца і злятаюць уніз. З большай жорсткасцю вырашана сцэна здзеку «Ракет» з Аніты, якая прыйшла ў краму Дока, каб сустрэцца з Тоні. Шматпланавасць дзеяння, абумоўленая драматургіяй, выяўляецца дзякуючы і традыцыйным сродкам арганізацыі сцэнічнай прасторы, і сучасным тэхналогіям. Сцэна то «размыкаецца» з дапамогай кінапраекцыі (дынамічна-рухомы гарадскі вулічны пейзаж), то адсякаецца да прасцэніума дэкарацыйнай заслонай, на якой выразна прамаляваны словы «Sharks» («Акулы») і «Jets» («Ракеты»), то падзяляецца на дзве паловы (тэрыторыі), якія належаць групоўкам. Рэальны час то нечакана спыняецца (сустрэча Тоні і Марыі ў танцавальным клубе), то пераўтвараецца ва ўяўны (галоўныя героі разыгрываюць нібыта знаёмства з бацькамі і вянчанне) і неўзабаве змяняецца ірэальным (сон-мара — «белы балет» і сола дзяўчынкі «Чакае нас дзесьці»). Моцнае ўражанне пакідае фінал 1-й дзеі, у якім дынаміка па-опернаму разгорнутай драматычна напружанай ансамблевай сцэны пераходзіць у дзейсна-актыўную сцэну бойкі. Няхітрыя металічныя канструкцыі — балкон, пажарныя лесвіцы — дазваляюць аб'яднаць герояў. Сцэнограф Андрэй Меранкоў прапанаваў канструктыўна-аскетычнае сцэнаграфічнае рашэнне. Але Юлія Бабаева выкарыстала ў касцюмах яркую шматколерную гаму. У кантрасце паўстаюць персанажы са стылізаваных 60-х гадоў мінулага стагоддзя, асабліва элегантныя абліччы дзяўчат з групоўкі «Ракет» — тагачаснае міні і прычоскі а-ля Бабета. Для дзяўчат з «Акул» — чорныя як смоль парыкі, пышныя шматслойныя спадніцы-мідзі, модныя ў 50-х. Нават сукенка-цюльпан чырвонага колеру для Марыі таксама адтуль. Праблему з мужчынскімі касцюмамі Бабаева вырашыла з дапамогай так званага «вулічнага стылю» сучасных фэшн-блогераў. А вось танцавальны стыль Робінса і музыку Бернстайна давялося засвойваць доўга і мэтанакіравана. Дзеля гэтага Дзмітрый Якубовіч (балетмайстар і адзіны выканаўца партыі Тоні) адправіўся на стажыроўку ў Амерыку, дзе вывучаў розныя танцавальныя плыні і жанры, нават чачотку. Калі пачалася праца над мінскім спектаклем, для айчынных выканаўцаў былі арганізаваны спецыяльныя заняткі, артысты прайшлі некалькі этапаў адбору — і па харэаграфіі, і па вакале. Падчас прэм'еры было відавочна: артысты ў такой ступені пранікліся ўнікальнай атмасферай мюзікла, што і самі адчуваюць драйв. Выдатна правёў прэм'ерныя спектаклі аркестр Музычнага тэатра пад кіраўніцтвам Філіпа Сіманса. «Гэта было яскравае даследаванне музыкі, — прызнаўся амерыканскі дырыжор. — Рады быў паглыбіцца разам з беларускімі музыкантамі ў асаблівы джазавы стыль». Дзеля паўнавартаснага выканання партытуры Бернстайна аркестр трэба было ўзбагаціць разнастайнымі духавымі інструментамі (іх павінна быць каля дваццаці). Хоць сапраўдны брадвейскі мюзікл прадугледжвае наяўнасць ад ста да ста дваццаці музыкантаў у аркестры. Амерыканцы перадалі нашаму тэатру таксама перкусійную групу інструментаў і мікрафоны. Складаная музыка, нязвыклая харэаграфія… У дадатак, як адзначыў Сіманс, найбольшай праблемай аказалася моўная — іншыя акцэнты, нюансы, несупадзенні з музыкай. Таму бездакорны на першы погляд пераклад Уладзіміра Познера патрабаваў адпаведнай рэдакцыі, якую ажыццявіў Аляксей Грыненка. У выніку атрымаўся эмацыянальны і дынамічны спектакль са зладжанымі масавымі вакальна-танцавальнымі сцэнамі і выразнымі сольнымі эпізодамі. А цяпер пра акцёрскія работы. Заўсёды выйгрышны вобраз Аніты ў выкананні Кацярыны Дзегцяровай атрымаўся глыбокім і пераканаўчым. Верхавод банды «Ракет» Рыф дастаткова выразна прадстаўлены Віктарам Цыркуновічам. Дзмітрый Якубовіч (Тоні) і Ілона Казакевіч (Марыя) — аднолькава яркія і пяшчотныя лірычныя героі, яны пранікнёна і шчыра праводзяць дуэтныя сцэны. Дзяніс Мальцэвіч (Бернарда, які ўзначальвае банду «Акул») стварае адпаведны вобраз задзірлівага бандыта. Акрамя таго, у спектаклі занятыя восем студэнтаў Акадэміі мастацтваў: яны вучацца па спецыяльнасці «акцёр музычнага тэатра», а кіруе курсам рэжысёр Міхаіл Кавальчык. Найбольш значнымі аказаліся ролі Эдуарда Вайніловіча (Рыф), Кацярыны Мошчанка (Грацыэла), Аляксандра Жука (Нічыя), Шамхала Хачатурана (Чына), Дар'і Валожынай (Кансуэла). Магчыма, некаторыя з іх пасля заканчэння Акадэміі будуць працаваць у Музычным тэатры. Увогуле прэм'ера пераканала, таму ёсць спадзяванні, што гадавы тэрмін ліцэнзіі будзе працягнуты і «Вестсайдская гісторыя» на доўгі час знойдзе сваю прапіску на беларускай сцэне. Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН. На здымках: |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by