Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Паміж мажорам і мінорам (1987 г., Беларусь)

Паміж мажорам і мінорам (1987 г., Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПАМІЖ МАЖОРАМ І МІНОРАМ

Першае ж выступленне Вікторыі Мазур на прафесійнай сцэне, і адразу – поспех. Яна, студэнтка чацвёртага курса Белдзяржкансерваторыі, выканала тады партыю Віялеты ў аперэце Кальмана "Фіялка Манмартра".

Юная дэбютантка скарыла ўсіх сваім шчодрым дараваннем. Звярнуў на сябе ўвагу прыгожы, моцны, яркага тэмбру голас маладой спявачкі. Ішлі гады, усё большую глыбіню набывала выканаўчая палітра, фарміравалася непаўторнасць яе творчай манеры.

Увасоблена больш як трыццаць партый у спектаклях класічнага і сучаснага рэпертуару. Сёння яна – заслужаная артыстка рэспублікі, салістка Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР.

Прыйшла пара адточанага майстэрства, упэўненасці ў сваіх магчымасцях, пара пладаноснай прафесійнай сталасці.

Мне імпануе тая зацікаўленасць, з якой ставіцца Вікторыя да тэатральных спраў, да праблем, што хвалююць сёння аматараў жанру аперэты. У сёлетнім сезоне тэатр музычнай камедыі вынес на суд гледачоў прэм'еру – спектакль "Сільва". Пастаўлены ён не традыцыйна, не так, як ставіўся шмат гадоў запар на сцэнах многіх тэатраў. Рэжысёр Вячаслаў Цюпа "адважыўся" даць іншую трактоўку вядомага твора, прапанаваў новае сцэнічнае вырашэнне. Па-рознаму аднесліся да гэтага эксперыменту аматары аперэты. Сярод станоўчых водгукаў чуюцца і крытычныя галасы. А што думае Вікторыя Мазур, непасрэдная ўдзельніца спектакля (яна выконвае ў ім галоўную ролю)?

"П'еса, якую мы зараз іграем, была напісана для экранізацыі славутай аперэты Кальмана – для пераказу яе мовай кіно. Адсюль, на маю думку, і тыя выдаткі, якія (калі параўнаць тое, што атрымалася, з арыгіналам) прысутнічаюць у новай пастаноўцы. Няма ўжо той першароднай чысціні тэксту, сям-там знікае гумар, які ў творах Кальмана нічым замяніць нельга. Любоў да класікі не перашкаджае мне ўсведамляць, што сёння і да пастаноўкі класічных твораў можна і трэба падыходзіць з сучаснымі меркамі. I ўсё ж пагадзіцца з вырашэннем некаторых сцэн "Сільвы" не магу. I не гаварыць аб гэтым таксама не магу... Яно і добра, калі сама атмасфера ў тэатры не тое што дазваляе – вымагае спрачацца, крытыкаваць, нешта ўспрымаць душой, а ў нечым не пагаджацца – з таварышамі па сцэне, з самім сабой. Такімі і павінны быць першыя парасткі перабудовы ў нашай тэатральнай справе – дэмакратызм, галоснасць, прынцыповасць разам з гранічнай шчырасцю ўзаемаадносін... Наогул, жыццё наша (лепш сказаць: маё жыццё, бо гэта ўжо асабістае) – бы на тых арэлях... Паміж мажорам і мінорам. Здаецца, вось яна – "сіняя птушка", яшчэ крок, і будзе тваёй. Тут і натхненне, і радасць... Увысь ірвецца, спявае сама душа... А зробіш той крок, працягнеш руку – і настае расчараванне. Убачыш раптам усе свае памылкі, пралікі, хібы... Як адолець горыч? Рэцэпт адзін: толькі працай. У ёй збаўленне і абяцанак новых узлётаў, новага шчасця..."

Іншы раз у адной і той жа пастаноўцы Вікторыі Мазур даводзіцца ўвасабляць не адзін, а два вобразы – розныя не толькі па сваім месцы і значэнні ў развіцці дзеяння, а і па характару. Драматычны талент артысткі разгортваецца тады на поўную сілу. Яна нібыта нясе ў сабе два полюсы – іх узаемадзеянне і перадае нам усё багацце непаўторнага, маляўнічага свету тэатра. I мы ўжо не звяртаем ніякай увагі на ўмоўнасць таго, што адбываецца на сцэне. На змену халоднай разважлівасці прыходзіць вера і шчырая ўдзячнасць артыстцы за натхненне, якое абуджае ў нас яе ігра. Інакш, як натхненнем, і не назавеш тое пачуццё ўзнёсласці і надзвычайнага шчасця, што вабіць у неабсяжныя далячыні, дзе чакае нас вышэйшая асалода ўспрымаць прыгожае, захапляцца ім. Не кожны артыст умее павесці за сабой. Вікторыі Мазур гэта ўдаецца. Яна любіць іграць лірычных гераінь і перавагу аддае характарам неардынарным, натурам актыўным, дзейсным. Вось Віялета, а побач, у тым жа спектаклі "Фіялка Манмартра", жыве зусім не падобная на яе гераіня – Мадлен. Рашуча і смела прымае яна выклік, што кідае ёй жыццё... Зорыка і Ілона ў "Цыганскім каханні", Чаніта і Анжэла ў "Пацалунку Чаніты" – усё гэта любімыя ролі Вікторыі гэтак жа, як і Марыца ў "Марыцы", Эліза Дулітл у "Маёй цудоўнай лэдзі", Ганна Главары ў "Вясёлай удаве", Разалінда ў "Лятучай мышы". Сімпатыі да гераінь моцных, характараў рашучых, смелых – ці не ідзе гэта ад характару самой артысткі, ад яе жыццёвага прынцыпу: ніколі не адступацца, быць вернай сваім перакананням, заўсёды адстойваць свае погляды?..

Зачараванай адчуваеш сябе не толькі ў глядзельнай зале. Нельга не паддацца абаяльнасці гэтай своеасаблівай асобы і ў жыцці. Першае, што ў ёй адзначаеш, – натуральнасць. Тую самую натуральнасць, што прываблівае нас у дзецях і ў натурах артыстычных ад прыроды. Так паводзіць сябе могуць толькі людзі, якія прывыклі поўнасцю давяраць самім сабе, свайму ўнутранаму "я" – яно не падмане, бо выхавана ў імкненні да праўды, да шчырасці...

"Колькі сябе памятаю, заўсёды спявала", – успамінае Вікторыя. I з усмешкаю дадае: "Яшчэ ў маленстве спрабавала ўявіць сябе артысткай. Вучылася ў дзвюх школах – звычайнай і музычнай. Потым паступіла на дырыжорска-харавое аддзяленне Магілёўскага музычнага вучылішча..."

Гаворачы пра свой шлях у мастацтва, яна з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў. Беларускую дзяржаўную кансерваторыю скончыла па класу вакалу. Вучылася ў Арсенія Канстанцінавіча Карынскага. Была на чацвёртым курсе, калі атрымала запрашэнне ў тэатр музычнай камедыі яшчэ да афіцыйнага яго адкрыцця. Прыгожы, моцны, яркага тэмбру голас маладой спявачкі адразу ж звярнуў на сябе ўвагу. Не так ужо й часта даводзіцца чуць такі голас у аперэце. Ды хіба адзін толькі вакал вабіць аматараў жанру? А танец, рух, пластыка?

"Няхай не крыўдуюць на мяне салісты оперы, – у голасе спявачкі гучаць гарэзлівыя ноткі, – але ж яны, выконваючы свае арыі, нават варухнуцца баяцца (ну, я крыху перабольшваю, але вы мяне разумееце), а тут – вакал, танец, імклівы дыялог, зноў танец, музыка, спевы – і так увесь спектакль... Завідкі бяруць, калі думаю пра артыстаў нашага балета. Рэпетыцыі ў іх, падумаць толькі, – штодня. А паспрабуй атрымаць спецыяльную танцавальную рэпетыцыю ў нас, салістаў. Дзе там. Б'ёмся самі – хто як можа. Добра, калі знаходзяцца энтузіясты, – такія, як балетмайстар-рэпетытар Галіна Шылянкова. Дзякуй ёй. У сваім шчыльным распарадку дня заўсёды знаходзіць дзве гадзіны, каб пазаймацца са мной танцам, часта ахвяруючы сваім вольным часам. Нават і не ведаю, як без яе падтрымлівала б сваю творчую форму..."

Танцы танцамі, а ўсё ж галоўнае ў творчасці Вікторыі Мазур – вакал, спевы. Нікога, здаецца мне, не могуць пакінуць раўнадушным яе адносіны да слова. Асабліва гэта прыкметна ў партыях сучаснага рэпертуару, прынамсі, у аперэтах Ю. Семянякі "Тыдзень вечнага кахання" і "Паўлінка". Кожнае слова роднай мовы яна вымаўляе з такой пяшчотай, з такім пранікненнем у яго душу, што разумееш – інакш нельга. У кожным знаходзіць яна яго непаўторную інтанацыю (ёй і шукаць не трэба – гэта ў яе ў крыві) і, злучыўшы яе з інтанацыяй музычнай, стварае тую самую праўду мастацтва, што і складае аснову майстэрства любога вартага гэтага звання артыста.

Спектаклі "Паўлінка", "Тыдзень вечнага кахання" і некаторыя іншыя, дзе ўдзельнічала Вікторыя Мазур, паставіў народны артыст БССР С. Штэйн.

"Сямён Аляксандравіч, – з цеплынёй гаворыць артыстка, – заўсёды дакладна ведае, з чым ён ідзе да нас, што хоча прапанаваць, што можна і чаго не трэба патрабаваць ад акцёраў. Творчыя задачы, якія ставіць перад удзельнікамі будучага спектакля рэжысёр, не могуць не захапляць. Для мяне сумесная работа з Сямёнам Аляксандравічам – заўсёды вялікая радасць. Гэткае ж творчае задавальненне прыносіла работа з дырыжорам Мікалаем Андрэевічам Фоціным. Яго ўжо няма з намі, але ўрокі яго забыць нельга..."

Нічога так не хвалюе артыстку, як лёс тэатра, яго рэпертуар. Яна марыць аб пастаноўцы новага рэвю-канцэрта, аб тым, каб зроблена гэта было вытанчана, з густам, з выкарыстаннем прыёмаў эстраднага прадстаўлення. Яна ўпэўнена, што такое сучаснае шоу – па сілах тэатру.

За шаснаццаць гадоў існавання ў Мінску тэатра музычнай камедыі пастаўлена не так ужо й шмат яркіх, сапраўды арыгінальных спектакляў, лічыць Вікторыя Мазур. Колькі цудоўных твораў засталося па-за ўвагай рэжысёраў. Гэта і "Містэр Ікс", і "Карневільскія званы", і "Роз-Мары", і "Цыганскі барон"... Спіс можна прадоўжыць. Якое неабсяжнае поле дзейнасці для трупы тэатра!

Спектаклі... Гастролі... Удзел у канцэртах... Прыгадваецца святочны вечар у Ленінградзе, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Імрэ Кальмана, куды яе запрасілі выступіць з арыямі з аперэт знакамітага кампазітара. Сардэчна прымалі яе і слухачы, што сабраліся ў канцэртнай зале ў памяшканні ААН у Нью-Йорку, дзе яна выконвала творы Ю. Семянякі і С. Рахманінава і дзе разам з ёй выступалі вядомыя савецкія спевакі Л. Харытонаў і А. Салаўяненка.

...Артыстка ў самым росквіце сваіх творчых сіл. Яна спявае пра каханне, пра радасць жыцця, пра надзеі і спадзяванні, і, незалежна ад таго, дзе і ў якія часы жывуць яе гераіні, іх думкі, мары, пачуцці становяцца зразумелымі ўсім прыхільнікам яе таленту. Яны розныя па ўзросту, прафесіі, эрудыцыі – аматары аперэты, але аб'ядноўвае іх адно: імкненне знайсці ў мастацтве, што дорыць ім любімая артыстка, нешта блізкае, роднае, чалавечнае, тое, што прымушае зноў пражыць аднойчы перажытае, вярнуцца да таго, вельмі важнага, што складае іх лёс...

Алена РАКАВА.
Беларусь. – 1987. – № 3. – С.24–25.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: