« Назад
ПАЎЛІНКА ШТО КАРАЛЕВА – МОЖА ПАКАХАЦЬ…
"Крыштальная Паўлінка", галоўная тэатральная прэмія Беларусі, сёлета ў Міжнародны дзень тэатра як ніколі парадавала. I як нікога здзівіла артыста Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Арнольда Памазана. Атрымліваючы прэмію за 2006-2007 гады, ён патлумачыў, што з усіх васьмі Паўлінак, з якімі ён сустракаўся на сцэне ў аднайменным спектаклі, ні адна не адказала ўзаемнасцю яго герою пану Быкоўскаму. Дзевятая, хоць і сімвалічная, але ж "Паўлінка", дадзена яму лёсам – пакахала і застанецца з ім назаўжды. Арнольд Памазан сапраўды легендарны акцёр – у ролі пана Быкоўскага ён выходзіў на сцэну 32 гады і больш за 1000 разоў.
"Крыштальны Анёлак" на гэты раз "прызямліўся ў Гродне". Яго атрымаў рэжысёр Алег Жугжда за адданасць мастацтву лялечнага тэатра.
"Крыштальнай Зоркай" назвалі артыстку-вакалістку Музычнага тэатра Беларусі Людмілу Станевіч, якая пакуль не мае ганаровага звання. Але ж усё папраўнае, ці не так?..
"Крыштальная Кветка", магчыма, з вянка самой "Паўлінкі", апынулася ў руках маладой актрысы Нацыянальнага драматычнага акадэмічнага тэатра імя Горкага Веранікі Пляшкевіч.
У гэты вечар былі ўручаны таксама імянныя прэміі за працу на карысць беларускаму тэатру.
Міністр Культуры Беларусі Уладзімір Матвяйчук, які прыйшоў на цырымонію ўзнагароджання выдатных дзеячаў тэатра, пажадаў ім здароўя, поспехаў і дабрабыту. Можна лічыць, што ўзнагароды знайшлі сваіх герояў сярод многіх выдатных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў: паводле слоў міністра, у 2006 годзе ў нашай краіне было пастаўлена 1600 спектакляў.
Ларыса ЦІМОШЫК. Звязда. – 2007. – 29 сак.
|