« Назад
"ПАЎЛІНКІ" НОВАЕ АБЛІЧЧА
Пяты сезон ідзе на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР "Паўлінка" Ю. Семянякі, твор, які азнаменаваў сабой нараджэнне беларускай нацыянальнай аперэты. Створаная паводле вядомай камедыі Янкі Купалы (лібрэта А. Бачылы), захаваўшая ідэйную накіраванасць, паўнакроўнасць вобразаў, сакавіты народны гумар першакрыніцы, "Паўлінка" зайграла новымі фарбамі, расквецілася шчырым меладыйным разлівам, набыла яшчэ адно сцэнічнае жыццё. Яно ў многім вызначана музыкай Юрыя Семянякі, якая ўвабрала ў сябе народны водар купалаўскай камедыі.
Нядаўна ў рэспубліканскім эфіры прагучаў новы радыёварыянт "Паўлінкі" ў выкананні салістаў тэатра музычнай камедыі, хору і аркестра Белтэлерадыё. Чым ён адрозніваецца ад сцэнічнага варыянта? У тэатры – яркае відовішча, маляўнічыя, вельмі выразныя дэкарацыі мастака А. Марозава, якія "іграюць" на вырашэнне агульнай задачы. Касцюмы герояў, яны самі – жывыя вобразы, смешныя і кранальныя, камедыйныя і лірычныя. У радыёспектаклі – толькі так званы "гукавы рад": слова, музыка... І тым не менш – новы спектакль атрымаўся: каларытны, звонкі, рухомы, ён ззяе музычнымі і паэтычнымі фарбамі; яго дзеянне захапляе.
Рэжысёр С. Штэйн перанёс "на радыёсцэну" мастацкія прынцыпы сваёй пастаноўкі "Паўлінкі" ў тэатры. Выключыўшы "глядзельны рад", рэжысёр сканцэнтраваў увагу на інтанацыйным баку. Менавіта інтанацыя, тэмбр голасу, манера падачы тэксту, асабліва выразнае спяванне – усё гэта зрабіла магчымым яскравае асэнсаванне радыёслухачом дзеяння ў цэлым, вобразаў герояў, іх учынкаў, разуменне расстаноўкі сэнсавых акцэнтаў. У працэсе работы С. Штэйн адмовіўся ад некаторых музычных нумароў, якія маглі расцягнуць дзеянне, запаволіць разгортванне сюжэта (так, у запісе адсутнічаюць песня Паўлінкі "А ў полі ніўка", дуэт Паўлінкі і Агаты, куплеты Пранцыся; зроблены скарачэнні ўнутры некаторых музычных сцэн; ёсць купюры і ў тэксце), зрабіў, па сутнасці, новае лібрэта. Вельмі ўдалым аказалася выкарыстанне такога спецыфічнага для радыё прыёму, як тлумачальны тэкст, які павінен уводзіць слухача ў акалічнасці дзеяння, падказваць матывы ўчынкаў герояў. Ролю каментатара С. Штэйн даручыў самой Паўлінцы. Яна быццам глядзіць збоку на тое, што адбываецца з ёю і з усімі астатнімі персанажамі. I, быццам "між іншым", ненадакучліва, дае па ходу дзеяння кароценькія тлумачэнні і тут жа сама пераключаецца ў сферу падзей і ўдзельнічае ў іх як галоўная гераіня. Такім чынам, па задуме рэжысёра, Паўлінка быццам жыве ў "двух вымярэннях", і гэта атрымліваецца вельмі натуральна, без аніякага націску.
Ужо не раз адзначалася выдатная работа Н. Ганды ў ролі Паўлінкі. I ў радыёварыянце артыстка выступае ярка і пераканальна. Абаяльнасць, шчырасць яе выканаўчай манеры, прыгожы, лёгкі, цёплы голас, тонкія пераходы ад тэксту да вакалу – усё разам стварае бачны вобраз гераіні. Напэўна, працаваць побач з Н. Гайдай добра, зручна. Яе партнёры, здаецца, ніколі не губляюць "пачуццё локця". Таму так добра складаюцца ансамблі: Паўлінка і бацькі, Паўлінка і сваякі, Паўлінка і Якім, Паўлінка і пан Быкоўскі. Артыстка ўвесь час знаходзіцца на "сцэне" ў самой гушчыні падзей (канечне, ёй крыху лягчэй тут, чым у тэатры, дзе трэба яшчэ і танцаваць). Ролю сваю Н. Гайда праводзіць па-сапраўднаму прафесійна, на высокім мастацкім узроўні.
Аднак і іншыя дзейныя асобы спектакля – не толькі партнёры Паўлінкі. Кожны з іх – ярка выражаная індывідуальнасць, кожны нясе вобразна-сэнсавую нагрузку. Альжбета і Сцяпан Крыніцкія – артысты тэатра музкамедыі Р. Курлыкова і Ю. Лазоўскі – каларытная пара; у ролях бацькоў Паўлінкі яны вельмі арганічныя. Іх дыялогі, вакальныя нумары надаюць гучанню спектакля лірыка-камедыйныя рысы. Другая пара – Агата і Пранцысь Пустарэвічы (Н. Равінская і В. Сердзюкоў) уражвае добрым народным гумарам, нейкай асаблівай заўзятасцю, ярка ўпісваецца ў камедыйны струмень дзеяння. У ролі пана Быкоўскага выступае В. Фаменка. Тыя, хто бачыў пана Быкоўскага – Фаменку ў тэатральным спектаклі, запамінаюць яго надоўга. Артыст выконвае ролю азартна, высмейвае свайго героя вытанчана, інтэлігентна, але даволі з'едліва і востра. Гэтак жа бліскуча В. Фаменка праводзіць ролю Адольфа Быкоўскага ў радыёспектаклі.
Асобна хачу сказаць, пра выканаўцу ролі Якіма. Саліст беларускай оперы В. Кучынскі вельмі ўдала ўвайшоў у той зладжаны музычны ансамбль, які даўно склаўся ў спектаклі тэатра музкамедыі. Выдатны голас спевака, сакавіты і мужны; гераічныя інтанацыі; уласцівыя ролі Якіма і добра вытрыманыя ў самых лепшых вакальных традыцыях; музычны густ – усё гэта спрыяла поспеху В. Кучынскага ў радыёспектаклі.
Харавыя сцэны, якімі багатая аперэта Ю. Семянякі, атрымалі добрую інтэрпрэтацыю. Мастацкі кіраўнік хору тэлебачання і радыё В. Роўда, хормайстар I. Кліёнскі правялі плённую работу з калектывам. Інтанацыйная дакладнасаь, стройнасць гучання, тонкія харавыя нюансы, паэтычны лад – гэтыя якасці выканання зноў пацвердзілі высокі прафесійны ўзровень хору.
Пасля запісу оперы Д. Лукаса "Кастусь Каліноўскі" запіс "Паўлінкі" – яшчэ адзін значны набытак аркестра Беларускага тэлебачання і радыё пад кіраўніцтвам Б. Райскага, як і ўсіх удзельнікаў пастаноўкі.
Алена РАКАВА. Літаратура і мастацтва. – 1978. – 5 мая. – С. 10.
|