Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пазайздросцяць і нашы класікі... (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 22.03.2014)

Пазайздросцяць і нашы класікі... (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 22.03.2014)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Пазайздросцяць і нашы класікі... 

Тысяча і адзін партрэт Усходу 

Рэпертуар Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра папоўніўся новым балетам — "Тысяча і адна ноч" Ф.Амірава. Азербайджанская класіка прадстаўлена цяпер на сталічных сцэнах творчасцю трох кампазітараў ХХ стагоддзя. Чым не сціслая энцыклапедыя, якой маглі б пазайздросціць нават айчынныя класікі? 

1001_Kultura

Пачатак традыцыі па шырокай прэзентацыі музыкі гэтай краіны быў закладзены тры з паловай гады таму, калі пры актыўным садзейнічанні азербайджанскага боку ў тым жа тэатры з’явіўся сумесны праект — музычная камедыя "Вясельны кірмаш" ("Аршын мал алан") У.Гаджыбекава, напісаная ў 1913 годзе. Летась, увосень, наш Вялікі тэатр увасобіў сваю версію балета "Сем прыгажунь" К.Караева, партытура якога датавана 1952-м. І вось, нарэшце, "Тысяча і адна ноч", напісаная ў 1979-м і ажыццёўленая зараз без спецыяльных нагод на сродкі самога Музычнага тэатра, — як працяг яго далейшага супрацоўніцтва з азербайджанскімі майстрамі, якія склалі пастановачную каманду. 

Аповед пра мудрую дзяўчыну, якая штоноч забаўляе казкамі расчараванага ў каханні Хана Шахрыяра, у нашым Музычным тэатры можна было пабачыць і раней — у аднаактовым балеце "Шахразада" М.Рымскага-Корсакава. У аднайменнай, але зусім іншай пастаноўцы Вялікага тэатра на тую ж музыку адлюстравана быццам бы "перадгісторыя" тых казак, што тлумачыць жорсткасць хана: маўляў, жонка здрадзіла яму — ды з кім, з рабом! У "Тысячы і адной ночы" гэтыя сюжэтныя лініі, як і мае быць, злучаны. Праўда, некаторы сумнеў выклікае аўтарства лібрэта новага балета. Паводле праграмкі, лібрэта і харэаграфія належаць народнай артыстцы Азербайджана Медзіне Аліевай. Але ў сюжэтным рэчышчы столькі прамых паралелей з класічным варыянтам Н.Назіравай і братоў Ібрагімбекавых, што больш правільна было б пазначаць і іх аўтарства — у чарговай, зразумела, рэдакцыі (як, дарэчы, робіцца ў пастаноўках гэтага балета іншымі харэографамі). Бо асноўнае адрозненне цяперашняга варыянта хіба ў месцазнаходжанні "перадгісторыі": пра здрадніцтва былой жонкі Шахрыяра распавядаецца не ў пачатку балета, а напрыканцы першай дзеі. Яшчэ адна новая дэталь — Шахразада чамусьці становіцца... дачкой Візіра. Вы можаце ўявіць сабе бацьку, які наўмысна прыводзіць сваю дачку да ўладара, бязлітаснага да жанчын? Некаторыя непаразуменні ўзнікаюць і пры сціслым "пераказе" балетнымі сродкамі саміх казак Шахразады: усё ж харэаграфія павінна быць зразумелай без лібрэтных "падказак". 

Але на балетныя спектаклі, пагадзіцеся, ходзяць не дзеля сюжэта. А з уласна танцавальным складнікам у спектаклі — усё ў парадку. Харэаграфію нельга назваць суперарыгінальнай — гэта даволі традыцыйная неакласіка, — але ў ёй сустракаюцца цікавыя элементы, часам са спасылкамі на ранейшае сцэнічнае жыццё гэтага балета. Рухі ж абгрунтаваны эмацыйна і сэнсава, многія героі маюць сваю адметную пластычную характарыстыку (дадамо, што персанажаў у спектаклі — безліч; ёсць выпадкі, калі адзін артыст заняты адразу ў некалькіх партыях). 

Галоўнае ў спектаклі — новы і вельмі прыцягальны вобраз балетнай трупы Музычнага тэатра. Артыстаў не пазнаць! І гэта датычыцца не толькі салістаў, але і кардэбалета. Цудоўная танцоўшчыца, Медзіна Аліева скрупулёзна папрацавала з салістамі і кардэбалетам. Справа не толькі ў прафесійна ажыццёўленых класічных па. Звярніце ўвагу на тое, якімі выразнымі, літаральна "гаворачымі", сталі ў многіх рукі-"змеі", якую мяккасць набыла жаночая пластыка (а гэта, да ўсяго, яшчэ і ўсходняя традыцыя, успрынятая нашымі артыстамі)! Да таго ж, пастаноўшчыца надзвычай умела размеркавала партыі. Даручыла кожнаму тое, што ў яго атрымаецца лепш, апраўдала некаторыя недахопы, якія сталі ўспрымацца наўмыснай іроніяй. Дый самі партыі, нават цэнтральныя, не такія вялікія па працягласці, у іх не ставіцца за мэту выпрабаванне на трываласць, ажно да змору. 

Вынік — выдатны! Усе танцуюць з асаблівай асалодай, адчуваннем радасці, і гэты настрой чароўнай казкі-гульні перадаецца ў залу — яшчэ і дзякуючы крыху іррэальнай сцэнаграфіі, калі, бы ў дзяцінстве, усе выявы на задніку выглядаюць надта вялікімі (мастак-пастаноўшчык — Інара Асланава з Азербайджана). Праўда, залішняй здаецца канапа ў пачатку другой дзеі, на якой, бы на Ямелевай печы, героі ад’язджаюць за кулісы. Пастаянныя пераапрананні дадаюць спектаклю тэмпарытму, адчування масавасці, хаця ў ім занята ўсяго каля трыццаці артыстаў. Сцэнічныя строі ўдала падкрэсліваюць характар герояў. Да прыкладу, пры першым з’яўленні Шахразады мастачка скіроўвае глядацкую ўвагу не столькі на прыгожыя ножкі гераіні, колькі — на выкшталцоны галаўны ўбор, што адразу асацыюецца з розумам ды мудрасцю дзяўчыны. Далейшай распрацоўкі і ўдасканалення патрабуе хіба святло, бо на прэм’еры яно элементарна не рэагавала на артыстаў, не паспявала за іх рухамі. 

Мо некаторымі "зацямненнямі" хацелі яшчэ больш высвеціць музыку? Але яна і без таго не застаецца незаўважанай — і праз майстэрства кампазітара, які фенаменальна валодаў аркестравымі фарбамі, і праз тонкую музычнасць маладога азербайджанскага дырыжора Эйюба Куліева. Новая пастаноўка патрабавала рэдагавання аўтарскай партытуры. Не ўсе змены пайшлі на карысць музычнай драматургіі, але дырыжору ўдалося звесці страты да мінімуму, бо на першы план былі вылучаны не паўторы, а развіццё лейтматываў — праз яркія тэмбравыя спалучэнні, выразныя аркестравыя лініі. Праўда, на прэм’еры не зусім збалансаванай падалася мікрафонная падгучка хору, схаванага за кулісамі, але без яе, на жаль, не абысціся. 

У цэлым новы спектакль — добры набытак для тэатра і публікі. А ў назве хаваецца падказка: глядзець яго можна калі не тысячу разоў, дык больш за адзін — дакладна. А гэта шмат значыць!.. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 
Культура. – 2014. – 22 сак.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: