Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пазнаёмціся: панна Паўлінка (1973 г., Літаратура і мастацтва)

Пазнаёмціся: панна Паўлінка (1973 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПАЗНАЁМЦІСЯ: ПАННА ПАЎЛІНКА

Спачатку паслухаем словы кампазітара Юрыя Семянякі: 

– Усякая новая спроба паставіць "Паўлінку" можа атрымацца аматарскай, бо народ ведае "Паўлінку" купалаўцаў – з незабыўнымі ў ролях Ржэцкай, Пола, Глебавым, Дзядзюшкам, Платонавым, Кашэльнікавай… Але чым больш я перачытваў п’есу, адкрываючы музыку сказа, мілагучнасць сакавітых рэплік, гучанне слова, тым больш заахвочваў сябе наперад, да народнага гумару!.. 

Цяпер мы чакаем аперэту "Паўлінка". Якой яна будзе? 

Першая вядомая беларуская аперэта "Залёты", пастаўленая ў 1915 годзе Віленскім музычна-драматычным гуртком, была створана М. Кімант-Яцынай на тэкст В. Дуніна-Марцінкевіча. Гумар і музычнасць дарэвалюцыйных апавяданняў Я. Коласа, камедый і вадэвіляў Я. Купалы і іншых пісьменнікаў даюць багаты матэрыял для лібрэта. Але што ж выбраць з гэтага бязмежнага мора весялосці, жартаў, падтэксту? Юрыя Семяняку прывабіла самае цікавае і маштабнае – "Паўлінка". 

З сярэдневяковых інтэрмедый да сённяшняга дня дайшоў непераймальны пан Адольф Быкоўскі. Заўсёды дэманстратыўна элегантны і модны, ён здольны забавіць сваёй прэтэнцыёзнасцю любую аўдыторыю на неабмежаваны час. Сам Янка Купала не мог прыпыніць гэтага шарачковага шляхціца, покуль той не праявіць усе свае здольнасці: ад маналогаў пра дасканалую гаспадарку да навачаснейшых скокаў "пад ензык". Гэтак жа ўладна дабіваўся Адольф свайго месца на музычнай сцэне ажно да таго часу, калі Юрый Семяняка даў яму "пшэпустку" на пастаноўку свае новае аперэты. 

Сама Паўлінка з’яўляецца на сцэне ў другой карціне і спявае сваю арыю, адкрываючы некаторыя рысы характару. Аднак характар гераіні выяўляецца з дапамогаю розных сродкаў: і ў развіцці драматычнага дзеяння, і ў дыялогах, і ў песнях, і аркестравай музыкай, і харавымі мелодыямі. Працуючы над партытурай, кампазітар скарыстоўвае разнастайныя інтанацыі, каб падкрэсліць багацце натуры гэтай простай сялянскай дзяўчыны, але ў цэлым твор мае быць (па задуме, вядома!) не лірыка-рамантычным, а, хутчэй больш блізкім да класічнай парыжскай аперэты з яе надзённасцю і вострай сатырычнай накіраванасцю. У гэтым сэнсе купалаўскі тэкст дае штуршок і для фантазіі лібрэтыста. І каб завастрыць сацыяльныя матывы, аўтары нанава пішуць першы акт, больш выразна абмалёўваючы вобраз Якіма Сарокі. Якім не проста знешнімі рысамі павінен мець перавагу над панам Быкоўскім. Каханне Паўлінкі мусіць быць абумоўлена мужнасцю, самаахвярнасцю, рэвалюцыйным запалам Якіма. Для яго рэвалюцыйная дзейнасць – глыбока асабістая справа, змаганне з грамадскім злом – унутраная неабходнасць характару. Аркестравая партыя і мужчынскі хор задуманы ў першай карціне як сродак выяўлення гэтага ўнутранага адзінства Якіма і сялянскае масы. І вядома, найбольш яскрава выліваецца настрой і пачуцці хлопца ў яго песні... Глядач, адчуўшы, што Паўлінка не можа аддаць сваю прыхільнасць абы-каму, пранікаецца да яе яшчэ большай сімпатыяй. 

І сімпатыя да Паўлінкі запраграмавана самім выбарам артысткі на галоўную ролю: салістка Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР Наталля Гайда даказала гэта яшчэ ў аперэце "Пяе "Жаваранак", спяваючы партыю Ірыны. 

– Магу сказаць нават больш: роля Паўлінкі выпісана знарок для яе, з разлікам на магчымасці Н. Гайды, – кампазітар прызнаецца ў гэтым самай шырокай аўдыторыі. 

Песні і рамансы ў аперэце не проста закончаныя творы, – яны служаць самараскрыццю вобраза Паўлінкі. З гэтаю мэтай аўтары перабралі мноства варыянтаў, каб знайсці патрэбныя тэксты. Але, нарэшце, і паэт і кампазітар пагадзіліся, што Я. Купала найлепш выкажа тое, чым жыве Паўлінка. На гэтую думку навяла амаль забытая кампазітарам яго першая песня на словы Я. Купалы. Менавіта ў паэзіі народнага песняра адшукаліся патрэбныя інтанацыі, нібы знарок створаныя для лірычнай гераіні, імя якой стала назвай камедыі, а цяпер і аперэты. Больш таго, вершы класіка беларускай літаратуры натхнілі кампазітара на развіццё тэмы Якіма, якая вырастае ў магутную песню агульнага хору "Я – мужык...". 

Тут заканамерна паўстае пытанне, ці стасуецца такі драматычны матыў да жанру твора? Але купалаўская аснова, сама яго камедыя можа быць вызначана як лірычная драма, дзе прыкрыты народным гумарам і вонкавай бесклапотнасцю, нарастае канфлікт, які толькі ў кульмінацыйны момант агаляецца настолькі, што глядач бачыць бездань дзявочага гора. А далей перспектыва жыцця без кахання, без мэты зноў прыкрываецца жартамі і спевамі дзейных асоб. Таму, відаць, адно другому не замінае, і гумар можа выступаць як спадарожнік народнага жыцця нават у самых трагічных абставінах. 

– Калі хоць са дзве песні з мае "Паўлінкі" заспяваюць пасля пастаноўкі, я з радасцю вазьмуся за новыя творы, – гаворыць аўтар. 

Зразумела, прыхільнікі гэтага кампазітара ўпэўнены, што і на гэты раз, працягваючы творчыя шуканні ў галіне музычнай камедыі, Ю. Семяняка скарыстае свой багаты вопыт, які назапашаны ім у самых розных жанрах – масавай песні, оперы, рамансах, інструментальной музыкі. Ён умее быць адданым самому сабе (яго, бывае, пазнаеш па меладыйнаму малюнку адразу) і нечаканым, "новым". Мабыць, той, хто будзе глядзець і слухаць яго "Паўлінку", адзначыць і гэтыя рысы. 

Цяпер упэўнена можна сказаць, што Юрый Семяняка пры ўсёй яго вынаходлівасці і смелых навацыях з найвялікшай пашанай ставіцца да літаратурнай першакрыніцы, да слова Янкі Купалы, да літаратуры і духу камедыі. 

Ул. ІСКРЫК. 
Літаратура і мастацтва. – 1973. – 8 сак.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: