« Назад
ПЕСНІ НАД ЦІХІМ ДОНАМ
Камедыю любяць усе. Музыку – таксама. Лагічны вывад з гэтых двух меркаванняў падказвае, што поспех Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, які прыехаў на гастролі ў Віцебск, забяспечаны. Але гэта заключэнне ўсё-такі трэба даказаць, бо поспех да такога тэатра можа прыйсці толькі тады, калі камедыя – дасціпная, музыка – добрая, акцёры – таленавітыя. I гастрольная афіша гасцей, і здольнасці выканаўцаў, і майстэрства рэжысёраў адпавядаюць высокаму густу. Нездарма білеты на спектаклі раскупляюцца загадзя.
Музычная камедыя "Бабін бунт" (лібрэта К. Васільева, музыка Я. Пцічкіна) створана па матывах апавяданняў М. Шолахава (дададзім: не толькі апавяданняў, бо некаторыя сітуацыі "запазычаны" з "Узнятай цаліны"). У М. Шолахава няма, бадай, твораў, дзе не гучалі б на поўны голас ноты трагізму. У "Бабіным бунце" такіх нот няма. Спектакль увасобіў у сабе шолахаўскі гумар і шолахаўскую лірыку. На першы погляд, такая "літаратурная аперацыя" павінна была не толькі збедніць першааснову, але прывесці да ненатуральнасці ўсяго сцэнічнага матэрыялу. На шчасце, гэтага не адбылося. Спектакль атрымаўся вясёлы, цікавы, афарбаваны светлымі пачуццямі. Словам, чалавечны спектакль. I эпітэт "народная" да гэтай музычнай камедыі ўпаўне падыходзіць.
Цяжка нават вызначыць, каму першаму падзякаваць за тое, што ўбачылі і пачулі віцябчане на сваёй сцэне, дзе адразу неяк непрывычна ўспрымаюцца танцы, прафесіянальныя спевы... Пачнём з таго, хто пачынае спектакль: з аркестра, з яго дырыжора В. Валатковіча. Калі не браць пад увагу крыху няўпэўненыя гукі ўступлення, малады кіраўнік аркестра справіўся са сваімі абавязкамі паспяхова. Музыканты ігралі натхнёна, зладжана.
Музыка Я. Пцічкіна пабудавана на народнай аснове. Яна ўвасобіла і асабліва задушэўны лірызм, уласцівы паўднёваму фальклору, і шырокі, як данскі стэп, размах пачуццяў, і задор паходных песень казацтва. У гэтай музыцы, няхай і не надта яскрава, але ўгадваюцца ўкраінскія матывы. I дырыжор, і хармайстар Н. Андросава сумелі выявіць і перадаць усё лепшае, што напісана Я. Пцічкіным. Дададзім сюды добрыя вакальныя даныя выканаўцаў – Н. Гайды, В. Бажэнава, В. Семікаленных, В. Сердзюкова, ды і іншых, і застанецца прызнаць, што музычная аснова спектакля дастойная высокай ацэнкі.
Але "Бабін бунт" – гэта не толькі музыка і спевы, але і танцы. Вядомы беларускі балетмайстар С. Дрэчын зрабіў, думаецца, правільна, паставіўшы танцы так, што яны не здаюцца абасобленымі, эстраднымі "ўстаўкамі", як гэта здараецца ў некаторых аперэтах або мюзіклах, а з'яўляюцца нібыта натуральнай формай існавання герояў, лагічным працягам песень і празаічных дыялогаў.
Мастакі многіх тэатраў музкамедыі афармляюць спектаклі вельмі шчодра, не шкадуючы яркіх фарбаў і светавых эфектаў. Аб мінчанах гэтага сказаць нельга. Мастак "Бабінага бунта" А. Марозаў выканаў дэкарацыі ў стрыманых, можна сказаць, "акварэльных танах" што адпавядае зместу камедыі, яе музычнаму стылю. Рабоце А. Марозава ўласцівы лаканізм, выяўленчая форма нагадвае манеру мультыплікатараў. Нягледзячы на гэта, ствараецца ўражанне аб'ёму, прастору данскіх пейзажаў.
Літаратурныя якасці спектакля ў многім вызначаюцца сакавітасцю народнай мовы казакаў, якую выдатна перадаў у сваіх творах М. Шолахаў, і якая асабліва выразна адлюстравалася ў празаічным тэксце камедыі. У вершах для песень народнасць не так прыкметна, а ў дуэце Насці і Міколкі (у час мараў брыгадзіра) бачны ўжо яўна кніжныя выразы. Але гэта прэтэнзія не да тэатра, а да аўтара лібрэта.
Што ж датычыць зместу камедыі, то ён просты, бясхітрасны, як старая, але разумная прытча. Праўда, афарбавана яна ў чырвоны, рэвалюцыйны колер як жыццё таго часу, як хусцінка галоўнай гераіні – Насці, старшыні жаночага савета хутара. Гэта яна, "стрыжаная", падбухторыла хутарскіх жанок пакінуць сваіх мужоў, "вольных казакаў", якія моцна пасябравалі з гарэлкай. Гэта яна, "пісьменная", стварыла жаночую камуну, навучыла казачак чытаць, а галоўнае – паважаць сябе, адчуваць роўнасць у правах з мужчынам. I толькі адно не змагла, ды і не хацела зрабіць – прымусіць жанчын адмовіцца ад вечных пачуццяў – кахання, дабраты, спагадлівасці. I не адразу скажаш, чаму наступіў сямейны мір на хутары – з-за "бабінага бунту" або дзякуючы жаночай сардэчнасці і дабраце. Хутчэй за ўсё і тое, і другое сыграла сваю ролю.
У тым, што спектакль атрымаўся цэльным, стройным па кампазіцыі, сюжэтна напружаным, а прасцей кажучы, цікавым, – заслуга рэжысёра Лукавецкага. Яму ўдалося стварыць акцёрскі ансамбль, бездакорна размеркаваць ролі; пабудаваць выразныя мізансцэны. Адна з найбольш удачных – чаканне Насці, якая вось-вось выйдзе і "скажа праўду". Спрэчным здаецца толькі балетны эпізод у другім дзеянні.
Як было ўжо сказана, ад спектакля застаецца ўражанне акцёрскага ансамбля. I ўсё ж выдзелім найбольш выразныя вобразы. Гэта гарманіст Міколка (В. Бажэнаў), Сёмка (В. Сердзюкоў), Марынка (В. Семікаленных), дзед-Захар (В. Фаменка), Насця (Н. Гайда). Уласна кажучы, спадабаліся ўсе. Нават у масавых сцэнах заўважаеш асобныя характары.
Пасля першага дуэта Насці і Міколкі дзяўчына гаворыць хлопцу: "Хітры вы народ, гарманісты. Ад песні дзявочая душа дабрэе". Падтрымліваючы гэтую думку, расшырым яе. Ад добрай песні дабрэе душа кожнага чалавека. А таму – няхай жыве музычная камедыя!
С. БУТКЕВІЧ. Віцебскі рабочы. – 1981. – 4 ліп.
|