« Назад"ПЕСНЯ ПРА ДОЛЮ": РОК-ОПЕРА "НА АДЛЕГЛАСЦІ"Спасцігнуць спадчыну Уладзіміра Мулявіна Сёння — дзесяць гадоў з дня смерці народнага артыcта Беларусі, народнага артыcта СССР Уладзіміра Мулявіна. Канал "Беларусь-1" адзначыць гэтую дату трансляцыяй нядаўняга філарманічнага паказу яго "Песні пра долю" паводле Янкі Купалы. Гэты твор, як вядома, летась быў адноўлены, прычым для іншага выканальніцкага складу — Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Казінца і, зразумела, салістаў. Другое па ліку прадстаўленне публіцы гэтай буйной работы адбылося ў 73-ю гадавіну з дня нараджэння творцы — 12 студзеня. Што значыць для Беларусі гэты твор і сама постаць Вялікага Песняра? Як змянілася цяперашняе прачытанне ўвасобленых вобразаў? З гэтымі распытамі мы і звярнуліся да некаторых салістаў нядаўняй прэм'еры. Арыя Купалы Лаўрэат міжнародных конкурсаў Пётр ЯЛФІМАЎ выканаў у "Песні пра долю" ролю Янкі Купалы. І гэта невыпадкова: апрача пошуку ды стварэння новага музычнага матэрыялу, ён рэгулярна робіць новыя апрацоўкі вядомых песень, у тым ліку з рэпертуару "Песняроў", удзельнічае амаль ва ўсіх праектах, прысвечаных ушанаванню памяці Уладзіміра Мулявіна. — Творчасць Мулявіна, — кажа Пётр Ялфімаў, — мне вельмі блізкая. На жаль, я не быў знаёмы з ім асабіста, але з вялікай павагай стаўлюся да ўсяго, што было ім зроблена, сябрую з яго сваякамі. І нібыта адчуваю Уладзіміра Георгіевіча сваім старэйшым сябрам. Той творчы ўнёсак, што ён зрабіў у нашу нацыянальную культуру, пераацаніць немагчыма. Думаю, яшчэ не адно пакаленне нашых музыкантаў будзе па-новаму перажываць яго творы, "прапускаць" іх праз сябе, знаходзіць не заўважаныя раней асаблівасці, надзвычай цікавыя і актуальныя. Тая ж "Песня пра долю". Калісьці, пры ўсёй папулярнасці гэтага твора, ён успрымаўся, пэўна, усяго толькі адным з чарговых "песняроўскіх" творчых праектаў. Сёння ж мы можам здзівіцца таму, наколькі гэтая рок-опера засталася сучаснай (і нават найсучаснай!), быццам была народжана акурат цяперашнім часам. Каб ужыцца ў ролю Янкі Купалы, я перачытваў яго творы, вывучаў біяграфію, супярэчлівыя гістарычныя сведчанні, імкнуўся спасцігнуць сам характар паэта, ягоны "партрэт", настрой у той або іншы момант, побытавыя схільнасці — ажно да густаў у адзенні. Партыя паэта не прадугледжвае разгорнутых арый — яна, хутчэй апавядальная. Але ўсё, што ён распавядае і ведае, адбываецца з яго героямі. Повязь фольку з сімвалізмам, што акрэслена ў гэтым творы на ўсіх узроўнях — ад паэтыкі да ўласна музыкі Уладзіміра Мулявіна, — нашмат апярэдзіла час. І таму стала такой відавочнай хіба цяпер, пры новым звароце да "Песні пра долю", пры яе "перакладзе" на мову народнага аркестра, здзейсненым Аляксандрам Крамко, пры глыбокім рэжысёрскім асэнсаванні, зробленым кампазітарам Ларысай Сімаковіч. Ну а цяперашняе выкананне, якое адбылося прыблізна праз дзевяць месяцаў пасля леташняй прэм'еры адноўленага твора, нарадзіла, трэба спадзявацца, і новыя адкрыцці. Арыя Мужыка Ян ЖАНЧАК — таксама далёка не выпадковы ўдзельнік гэтага і іншых вечароў памяці Уладзіміра Мулявіна. Ён паспеў паўдзельнічаць у гурце "Лявоны". Дый цяперашняя ягоная творчасць шмат у чым працягвае закладзеныя майстрам традыцыі спалучэння фальклорных павеваў з рок-стылістыкай. — Другое выкананне "Песні пра долю", што адбылося днямі, — заўважыў Ян Жанчак, — падалося мне ў некаторых момантах больш скаардынаваным. Прэм'ерны паказ звычайна вылучаецца большай свежасцю, натуральнасцю ўспрыняцця, асабліва ў публікі. Затое паўторнае далучэнне да твора, а тым больш — праз некаторы час, "на адлегласці", дае той жа публіцы, як вельмі хочацца спадзявацца, больш глыбокае асэнсаванне многіх рэчаў. Рыхтуючы сваю партыю, я зусім не імкнуўся паўтарыць у жыцці ўсё, што адбываецца з маім персанажам — Мужыком: не ездзіў у вёску, не працаваў на сенажаці, не спаў у завею ў гурбе снегу. Галоўнае было, як мне здаецца, — падкрэсліць трагічны ўхіл гэтага твора. Самым цяжкім аказалася за кароткі прамежак часу адлюстраваць чалавека на працягу ўсяго жыцця: ад бесклапотнага дзяцінства да смерці. Я намагаўся перадаць гэта ўжо самім голасам. Таму на пачатку спяваў чыстым, "маладым" тэмбрам, а потым — з гэткай хрыпатцой… Паступова, спакваля, адбываецца нашае пранікненне ў творчасць Уладзіміра Мулявіна. Ягоная дзейнасць і сёння натхняе! Бо ён акрэсліў той шлях, якім павінна рухацца любая нацыянальная культура. З аднаго боку, яна павінна быць блізкай да карэнных нацыянальных з'яў, з іншага ж — суадносіцца з сучаснасцю ды найноўшымі сусветнымі тэндэнцыямі. З гуртом "Янкі", што я развіваю, мы падрыхтавалі максі-сінгл. Будзем рассылаць яго па радыёстанцыях. Супрацоўнічаю я і з сібірскім гуртом "Азазэла", які гастралюе па Расіі і ў замежжы. Цікава, з гэтым калектывам я пазнаёміўся на гастролях з "Песнярамі" Леаніда Барткевіча ў Тындзе… Арыя Маці Лаўрэат міжнародных конкурсаў Кацярына ДЗЕГЦЯРОВА — салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. І хаця ўдзельнічае яна ў вельмі многіх спектаклях, усё ж ейнай "спецыялізацыяй", на маю думку, з'яўляюцца мюзіклы. Тут папраўдзе няма ёй роўных, і "Песня пра долю", дзе яднаюцца фольк і рок, стала для спявачкі настолькі арганічнай, быццам была напісана менавіта для яе. У гэтым творы ёй даводзіцца ўвасабляць адразу ўсе жаночыя вобразы: Маці, Нявесты, Удавы, нават Дзевы Марыі. Бо тое, як маці аплаквае загінулага сына, міжволі адсылае нас да еўрапейскага жанру Stabat mater, беларускіх псалмоў ды жальбаў. Спявачка стала сапраўдным адкрыццём для дасведчанай філарманічнай публікі яшчэ на прэм'еры гэтай рок-оперы. А ў час друсога паказу ўразіла і новымі сцэнічнымі строямі — не фантазійна-тэатральнымі, а быццам бы аўтэнтычнымі. Аказалася, гледачы не памыліліся: гэтым разам салістка выступала ў адзенні сваёй бабулі. — У дзяцінстве я часцяком праводзіла лета ў сваёй бабулі, маці майго бацькі, — распавяла Кацярына Дзегцярова. — Яна родам з Гомеля, там і жыла, а ў вёсцы Хаціўля, што на Чарнігаўшчыне, у яе быў домік — штосьці накшталт лецішча. Там не было нават электрычнасці: мы запальвалі газавую лямпу. І гэта было так незвычайна, таямніча: вось запальваецца лямпа — і ты трапляеш у даўніну. А ўсё таму, што ў бабулі быў куфар, і па вечарах, скончыўшы працу на гародзе, яна любіла перабіраць у ім розныя рэчы і расказваць мне пра кожную з іх, што там захоўваліся. Якое там было багацце! Спадніцы, сарочкі, сукенкі, андаракі, ручнікі — і ўсё вышыванае, зробленае ўласнымі рукамі. Яна шмат распавядала і пра вайну, і пра мірныя часы, пра тое як жылі, працавалі, святкавалі, як пасаг сабе рыхтавалі. Гэта проста фантастыка! Памятаю, мяне, маленькую, асабліва ўражвала, што ўсё гэта шылася і вышывалася без аніякай выкрайкі, папярэдніх малюнкаў, канвы — адразу на палатне. Слухаць было так цікава! А яшчэ яна спявала многа песень. Але я іх не запомніла, і зараз вельмі шкадую, што не вывучыла, не запісала. Той куфэрак потым перайшоў у спадчыну бабулінай дачцэ — маёй цётачцы. І гэтым летам, даведаўшыся, што я выконвала "Песню пра долю", яна перадала мне частку рарытэтаў. Там ёсць нават бабуліна шлюбная сукенка — я выходзіла ў ёй у сцэне вяселля. Увогуле ж, пераапраналася літаральна ў кожнай сцэне, і ўсе строі, апроч апошняга, былі бабуліны: вельмі дарэчы яны прыйшліся ў гэтым творы. Апранаючы іх, пачуваеш сябе зусім інакш. Бо разам з рэчамі, іх нейкай унутранай энергетыкай табе быццам перадаецца гэта памяць стагоддзяў, уяўленні нашых продкаў. Арыя Лета Акрамя звыклых дзеючых асоб, вялікую ролю ў творы адыгрываюць персаніфікаваныя сімвалы: Голад, Холад, Вясна, Лета, Восень, Зіма. Яны выступаюць не столькі як звычайныя поры года, што ствараюць прыродны колазварот, колькі як яшчэ адно ўвасабленне найвышэйшых сіл, часта варожых, якія ўплываюць на лёс Мужыка, не даюць яму таго шчасця, якога б ён заслугоўваў. Гэтыя партыі былі раскіданы на мужчынскі квартэт, удзельнікам якога даводзілася спяваць і бэк-вакал (яго ў гэтым творы шмат), і сола, пры чым некаторым — адразу за некалькіх персанажаў-сімвалаў. Той жа Андрусь ДАНІЛЕВІЧ, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і адначасова артыст хору Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, спяваў папераменна дзве партыі: спачатку разам з Андрэем Коласавым, вядомым па колішнім конкурсе "Славянскага базару ў Віцебску", яны дуэтам увасаблялі Голад і Холад. Потым Андрусь паўстаў у ролі Лета. — Удзел у гэтым праекце, — распавёў Андрусь Данілевіч, — быў для мяне вельмі важным. Вялікі гонар — спяваць на адной сцэне, у адным творы разам з прызнанымі майстрамі, цудоўным аркестрам пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Казінца. Але яшчэ большае хваляванне і адказнасць — дакрануцца да творчай спадчыны Уладзіміра Мулявіна. Я ўвогуле аматар старой рок-музыкі — 1970–80-х. Уцяміўшы, што "Песня пра долю" была напісана больш як сорак гадоў таму, у 1972-м, разумееш, наколькі яна апярэдзіла свой час і якое вялізнае ўздзеянне аказала, наўпрост і ўскосна, на ўсё далейшае развіццё як беларускай, так і ўсёй савецкай эстрады. Тое, што Аляксандр Крамко па слыху, з далёка не лепшага побытавага запісу зрабіў новую аранжыроўку, можна расцэньваць як сапраўдны творчы подзвіг. І ўвесь гэты праект, узняты цудоўным аркестравым калектывам, сімвалізуе чарговую прыступку ў развіцці выканальніцтва на народных інструментах. Асабіста я зрабіў і такое адкрыццё ў творчасці Уладзіміра Мулявіна, як унікальная, па сутнасці, індывідуалізацыя галасоў у бэк-вакале. Шчыльныя ансамблевыя "пачакі" ствараюць не толькі арыгінальныя, прыгожыя гармоніі — у іх цікава развіваецца кожная спеўная лінія. Атрымліваецца гэткі падвойны мастацкі сэнс: і па вертыкалі, і па гарызанталі. Такі твор трэба папулярызаваць як мага шырэй, ён годны таго, каб яго паказваць на фестывалях міжнароднага статуса — на тым жа "Славянскім базары ў Віцебску", вывозіць за мяжу. А якія яркія вобразы! Мне, на першы посляд, можна было б і паскардзіцца на партыю Лета: невялікі дыяпазон, выразнай кантылены, дзе можна голас разгарнуць, няма. Затое на кожным кроку — метра-рытмічныя змены-"збіўкі", паўторы адной ноты, на якіх спевакам бывае складана ўтрымацца, не панізіўшы тону. Але ж які ва ўсім гэтым жанрава-тэатральны струмень, колькі ўкладзена супрацьлеглых эмоцый, асацыяцый! Так што спасцігаць нам спадчыну Уладзіміра Мулявіна яшчэ доўга… Надзея БУНЦЭВІЧ. |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by