Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Полістылявыя гульні над безданню маскульту (2010 г., Мастацтва)

Полістылявыя гульні над безданню маскульту (2010 г., Мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ПОЛІСТЫЛЯВЫЯ ГУЛЬНІ НАД БЕЗДАННЮ МАСКУЛЬТУ

press2010-52a_th Мюзікл у эпоху інтэрнэта

З’яўленне ў сталічных тэатрах пастановак у жанры мюзікла па-ранейшаму выклікае самыя розныя меркаванні. Лічу прымальнымі і вітаю любыя адаптацыі, рэінтэрпрэтацыі (або перастварэнні) гэтага жанру – пры ўмове, што яны арыгінальныя, неардынарныя, стыльныя і высокапрафесійныя. І чым пастановак будзе больш, тым хутчэй спрацуе вядомы закон дыялектыкі аб пераходзе колькасці ў якасць. Прэм’ера ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры мюзікла для дзяцей і дарослых "Чырвоны Каптурок. Пакаленне next" якраз дае падставу для разваг і пра стан пастановак гэтага жанру ў тэатры.

Мюзіклы, пастаўленыя рэжысёрам Настассяй Грыненка і адрасаваныя адначасова дзецям і дарослым, прыцягнулі ўвагу не толькі шырокага гледача, але і айчыннага тэатральнага бамонду як свайго роду нечаканы прыцэльны агонь сярод шматлікіх спроб "прыстраляцца". Праблема многіх пастановак драматычнага і музычнага тэатраў, створаных для юнай аўдыторыі, у тым, што яны даступныя дзецям, але мама ці тата пяці-шасцігадовага гледача на іх відавочна сумуе і пазяхае. З другога боку, спектаклі, створаныя для дарослых, паказваць дзецям не варта і не трэба.

Грыненка прапанавала такі тып музычнага відовішча, які мае адначасова два адрасы. Дзеці з радасцю ўспрымаюць казачны сюжэт і вядомых з літаратуры або кіно герояў. А спрактыкаваны дарослы глядач можа ацаніць новую інтэрпрэтацыю сюжэта, сучасныя алюзіі і гумар.

Таму не дзіўна, што ўдала паставіўшы ў Мінску шэраг спектакляў, у 2007-м Грыненка зрабіла непрацяглы "шпацыр" у Екацярынбург і год прысвяціла працы ў тамтэйшым акадэмічным тэатры музычнай камедыі, які мае даўнія і трывалыя традыцыі. Вярнуўшыся, як заўзяты майстар-прафесіянал стварыла незвычайнае музычнае рэвю "Прывітанне, Брадвей!" на тэмы папулярных мюзіклаў, а потым здзейсніла пастаноўку "Чырвонага Каптурка" – яшчэ адзін вопыт творчага супрацоўніцтва з добра вядомай камандай і трупай сталічнага Музычнага тэатра. Сюды выпускніца Акадэміі мастацтваў прыйшла працаваць дзесяць гадоў таму.

Шукаючы свой жанр

Яе першым спектаклем быў "Айбаліт 2002". Напэўна, гэтая пастаноўка была наканавана лёсам, бо ўжо тады жанр акрэслілі як мюзікл для дзяцей і дарослых. Абставіны і сітуацыі складваліся ў ланцужок, пазначаны відавочнай невыпадковасцю. Уласныя ўражанні ад першых беларускіх мюзіклаў у пастаноўцы Барыса Уторава (сярод іх – "Шклянка вады" Уладзіміра Кандрусевіча (1994)), потым – адкрыццё новай спецыяльнасці "акцёр і рэжысёр музычнага тэатра" ў Акадэміі мастацтваў. Настасся Грыненка – сярод навучэнцаў першага набору (1996). Выкладалі тады Наталля Гайда, Валянціна Пятліцкая, Барыс Утораў, Уладзімір Іваноў, Павел Адамчыкаў – вядомыя асобы ў айчынным тэатральным мастацтве.

У 2000 годзе Беларускі тэатр музычнай камедыі змяніў назву і зрабіўся Музычным. З таго часу новыя жанры – рок-опера, рок-опера-балет, мюзікл, а таксама балетныя прэм’еры – значна абнавілі і пашырылі рэпертуар калектыву, у якім сваю нішу трывала заняў мюзікл для дзяцей і дарослых. Цяпер пастаноўкі Настассі Грыненка называюць сучасным брэндам, візітнай карткай Музычнага тэатра. Для маладога рэжысёра гэта плённы вынік папярэдняй працы, дзе мелі месца вывучэнне знакамітага мюзікла "Чыкага" (дэталёвы аналіз тэксту лібрэта і яго пераклад), стварэнне першых уласных лібрэта, антрэпрызныя пастаноўкі спектакляў "Мэры Попінс" і "Папялушка" ў Палацы Рэспублікі і Маладзёжным тэатры эстрады, а таксама студэнцкі спектакль "Хайра" ("Прывітанне") і дыпломная работа "Аўтограф" (бенефіс Арнольда Ранцанца ў Музычным тэатры). Гэта быў паслядоўны пошук, які набліжаў творчую асобу да "Айбаліта 2002". А яго кульмінацыяй, пэўна, стаў "Бураціна.by" (2003).

Мінская пастаноўка ўзняла новую хвалю цікавасці да твора Аляксея Рыбнікава ў Расіі (дарэчы, нечакана для самога аўтара, які ў той час быў апантаны ідэяй стварэння мюзікла "Чырвоны Каптурок" і не спадзяваўся на поспех беларускага праекта). Нагадаю, асновай мюзікла зрабіўся надзвычай папулярны фільм "Прыгоды Бураціна", пастаўлены беларуска-расійскім рэжысёрам Леанідам Нячаевым. У кінастужцы ўвесь час імкліва змянялася месца дзеяння, але як перадаць тую рухомасць на тэатральнай сцэне? Гэтая акалічнасць спачатку дужа засмучала і кампазітара, і мастака. Пастаноўка ў выніку атрымалася цэласнай, кампактнай, дынамічнай і сучаснай. І зусім не перагружанай, хоць тут выкарыстоўваюцца і караоке, і прыём "тэатр у тэатры". Глядзельную залу рэжысёр таксама ўспрымае як частку прасторы спектакля.

Кантакт паміж сцэнай і залай дзівосны. Юныя гледачы паводзяць сябе натуральна і свабодна. У сцэне, калі галоўны герой ляжыць, заплюшчыўшы вочы, а Мальвіна пытаецца: "Чаму ён маўчыць?" – публіка адразу ж адгукаецца: "Ён адпачывае!" Ліса Аліса і Кот Базіліо ідуць на сцэну праз залу з просьбай: "Падайце..." – як вы мяркуеце, што адбываецца ў выніку?..

Кампазітар быў у захапленні ад убачанага і, што вельмі каштоўна, ад пачутага: "Стваральнікі мюзікла здолелі захаваць "свет Бураціна", – казаў ён. Чарада пастановак "Бураціна" пайшла па Маскве і Санкт-Пецярбургу. А праз два гады пасля прэм’еры мінскі мюзікл атрымаў Гран-пры на ІІІ Міжнародным тэатральным фестывалі "Залаты віцязь".

"Тры ў адным"

Пасля прэм’еры мюзікла "Прыгоды брэменскіх музыкантаў" (2007) зрабілася відавочным: пастановачныя праекты Настассі Грыненка сапраўды захапляюць увесь калектыў, які працуе апантана, зладжана і хутка. Поспех запраграмаваны кожным элементам дзеяння. Гэта цудоўныя аранжыроўкі Льва Карпенкі, харэаграфія Дзмітрыя Якубовіча (які, дарэчы, як саліст бліскуча выконвае ролі Ката Базіліо і Павучальнага павука, Трубадура і Геніяльнага сышчыка), сцэнаграфія Андрэя Меранкова, касцюмы Юліі Бабаевай. У "Прыгодах..." упершыню выкарыстоўваўся вядомы ў тэатральнай практыцы, але новы для нашага музычнага тэатра полістылістычны метад стварэння спектакля – у музыцы, касцюмах, мізансцэнах, бо аўтарам лібрэта аб’яднаны тры гісторыі пра Трубадура і яго сяброў.

Гэтая рэжысёрская знаходка дазваляла адным гледачам (тым, хто ведае першыя дзве часткі) пазнаёміцца з "Новымі брэменскімі музыкантамі", другім – даведацца пра тое, што было раней, да з’яўлення Трубадура-малодшага, а знаўцам усіх экранных версій – убачыць прыгоды ў тэатральным фармаце. Славутыя персанажы пераасэнсаваныя і асучасненыя: Сышчык выглядае Джэймсам Бондам, які здольны па-майстэрску пераўвасабляцца, Атаманіха – жанчына-вамп, а ў рэшце рэшт – банкірка, што марыць ажаніць з сабой Караля. Вядома ж, пасталелі Трубадур і яго сябры – іншы час, іншыя песні... Кароль, ужо дзед Трубадура-малодшага, хвацка спраўляецца з найноўшай тэхнікай – тэлефануе па мабільніку, раз’язджае на мапедзе. Ён гатовы нават адмовіцца ад кароны на карысць унука. Але той выбірае гітару і лёс вольнага музыканта, як і яго бацька.

Знайсці і ключык, і дзверы

Якія рысы і якасці вызначаюць мюзікл як музычна-тэатральны жанр? Сярод іх – скіраванасць да масавага і элітарнага, апеляцыя да мінулага і сучаснага, полістылявая гульня, іронія і парадзіраванне рэалій быцця, натуральнасць летуценнага, фантазійнага, прыгодніцкага і неверагоднага.

Калі зірнуць на савецкае кінамастацтва галівудскім позіркам, дык "Свінарка і пастух" і "Волга-Волга" – насамрэч класіка савецкага кінамюзікла! І зусім не горшая (проста іншая) за амерыканскую класіку гэтага жанру, да якой належыць, напрыклад, фільм "Давайце патанцуем" Марка Сэндрыча з музыкай Джорджа Гершвіна (1937). А вось беларуская "Паўлінка new" (2007), на мой погляд, – не вельмі ўдалая спроба асучасніць нацыянальны сюжэт на расійскі манер (маю на ўвазе "Вечары на хутары блізу Дзіканькі" і "Сарочынскі кірмаш" Канстанціна Меладзе).

Як лібрэтыст і рэжысёр-пастаноўшчык Грыненка шмат у чым адштурхоўваецца ад традыцый амерыканскага мюзікла, не капіруючы пры гэтым яго прыёмы. Дый фінансавыя магчымасці ў нашага тэатра іншыя. Згадаем вытокі моднага і запатрабаванага сёння заакіянскага мастацтва: сучасны амерыканскі камерцыйны тэатр, чыя прадукцыя разлічана на масавага спажыўца, нараджаўся ў галечы, ганеннях, непавазе, што выпалі на долю англійскай "баладнай" оперы і ўвогуле маладому тэатральнаму мастацтву Амерыкі, якія папярэднічалі з’яўленню новага, а цяпер сусветна вядомага жанру.

Прынамсі, Настасся Грыненка знайшла "залаты ключык" і дзверцы, якія не змаглі адшукаць іншыя. Ці то ключык не падыходзіў, ці то дзверцы аказваліся не тыя? А можа, не прыспеў час? Яна прапануе мюзікл не толькі для "сямейнага прагляду", але і для сапраўдных тэатралаў, эстэтаў, інтэлектуалаў. Рэжысёр стварае сцэнічнае відовішча для гледача, які штодня існуе ў асяроддзі сучаснай масавай культуры з яе індустрыяй баўлення вольнага часу. Яна ведае сучасныя рэаліі і таму знаходзіць сваю аўдыторыю.

Магчыма, асэнсавана, а магчыма, інтуітыўна яна звяртаецца да фантазійна-ўмоўнага і асацыятыўна-рэалістычнага пачаткаў, якія не абмежаваны ні часавым, ні ўзроставым вымярэннем. Ведаючы, што ўзоры масавай культуры так ці інакш прымушаюць улічваць як спажывецка-таварную, так і культурную каштоўнасць тэатральнага "прадукту", Грыненка відавочна аддае перавагу апошняй.

У гэтым жа рэчышчы калектыў Музычнага тэатра на чале з рэжысёрам працаваў і над мюзіклам "Чырвоны Каптурок. Пакаленне next".

Адразу тры Каптуркі!

Грыненка не ўтойвае, што, працуючы над новым спектаклем, яна вывучала практыку пераносаў лепшых дыснееўскіх мультфільмаў на сцэну ў якасці мюзіклаў. Прычым, такая практыка распаўсюджана ва ўсім свеце: "Мы імкнемся асэнсавана ствараць у тэатры свой мастацкі свет з дапамогай мюзіклаў для дзяцей і дарослых. І кожны раз спрабуем узнімаць у іх сур’ёзныя пытаннні". У апошнім па часе спектаклі супрацьпастаўлены ідэальная сям’я Чырвоных Каптуркоў (бабуля, маці і яе дачка – Каптурок-малодшы), у якой пануюць дабрыня, пяшчота і любоў, і ваўчыны клан, мэта якога – помста людзям, ідэалогія страху ("баяцца – значыць паважаюць"). І, як заўсёды здараецца ў казках, дабро не толькі перамагае, але робіцца нечым накшталт эліксіру здароўя, які вылечвае ад хваробы "ваўчыных" звычак.

Чым больш вядомы і распаўсюджаны сюжэт, тым цяжэй даць яго арыгінальнае прачытанне. А казка пра Чырвоны Каптурок належыць да самых папулярных. Рэжысёр прапаноўвае версію досыць смелую, нечаканую і дасціпную. Наноў інтэрпрэтаваная казка Шарля Перо вельмі далёкая ад сваёй першакрыніцы, тым больш што стваралася па матывах вядомага многім кінафільма "Пра Чырвоны Каптурок" (рэжысёр Леанід Нячаеў). Галоўная гераіня фільма вырасла і ў мюзікле зрабілася паспяховай бізнес-woman. Чырвоны Каптурок-маці (Наталля Глух) жыве ў сучасным свеце і неўзабаве ад’язджае ў далёкую Афрыку. А яе дачка, г. зн. Чырвоны Каптурок-унучка (Ілона Казакевіч), адзначыўшы дзень нараджэння і атрымаўшы ў падарунак ад маці чырвоны каптурок, "завісла" ў інтэрнэце, у віртуальнай рэальнасці. Даверлівае дзяўчо "папалася на кручок", атрымаўшы ад Ваўкоў па е-mail’y хлусню пра Бабулю, якая захварэла. Тут і пачынаюцца прыгоды...

Як толькі ўнучка трапляе ў чароўнае каралеўства, дзе жыве Бабуля, на яе шляху сустракаецца мноства дзіўных персанажаў, як, напрыклад, Кулёма або прадстаўнікі забытай казкі. Але ўсе героі пазнавальныя – Лесарубы, Паляўнічыя, Астролаг, Вядзьмаркі, і, вядома ж, Ваўкі. Каб злавіць Чырвоны Каптурок, яны пераўтвараюцца то ў дрывасекаў, то ў прафесараў, то ў жанчын. Толькі ўсе намаганні Ваўчыцы, якая кіруе гэтым праследаваннем, – марныя. У рэшце рэшт у справу ўключаецца Бабуля (Наталля Гайда), у якой "усё пад кантролем", вось толькі "трафік скончыўся". Сітуацыю выратоўваюць некалькі прыёмчыкаў з арсенала ніньдзя, якімі валодае бадзёрая гераіня Наталлі Гайды. Як сапраўдны міратворца, яна спавядае дабро і згоду, таму ў фінале спектакля Ваўкоў адпускаюць.

Як гэта зроблена?

У спектаклі відавочнае суладдзе двух найбольш моцных складнікаў – музыкі і сцэнарыя (п’есы), якія ствараюць амаль традыцыйную драматургічную схему. Выразная завязка (экспазіцыя супрацьпастаўленых вобразаў Ваўкоў і Каптуркоў), разгорнутае развіццё дзеяння (прыгоды Чырвонага Каптурка-ўнучкі ў чароўным каралеўстве) і хуткая развязка (рэпрыза, у якой лагічна ўзнаўляецца толькі інструментальны лірычны варыянт песні пра Афрыку). Дарэчы, гэтая песня гучыць на працягу мюзікла ў трох розных аранжыроўках. Неаднойчы выконваюцца і некалькі тэм, што характарызуюць Ваўкоў.

Важкая ў спектаклі праца дырыжора-пастаноўшчыка Мікалая Макарэвіча і аранжыроўшчыкаў Уладзіміра Ткачэнкі і Льва Карпенкі. Па сутнасці яны зрабілі самадастатковы арыгінальны твор, нават штосьці большае за аўтарскі рэмікс на аснове кінамузыкі Аляксея Рыбнікава (кампазітар не змог даць тэатру ніводнай ноты ці хоць бы сцэнарыя "Каптурка"). Згадаем прынамсі ўступ да мюзікла, дзе па-майстэрску спалучаюцца тэмы песень Лесарубаў і Астролага. Гэта бліскучая аўтарская праца! Дарэчы выкарыстана і музыка Рыбнікава з вядомага кінафільма "Вусаты нянь" (на фоне яе адбываецца прэзентацыя жыхароў чароўнага лесу).

Выяўленчы вобраз

Сцэнаграфічнае вырашэнне спектакля простае. Імклівасць дзеяння забяспечана спалучэннямі традыцыйных прыёмаў: адзінай канструкцыяй (вежа з вінтавой лесвіцай, якая размешчана на паваротным коле) і яе функцыянальнымі пераўтварэннямі, рухомымі люстэркамі-парталамі, немудрагелістымі падвескамі, завесамі і заднікамі, а таксама праекцыямі. Такога набору хапае, каб дасягнуць хуткіх пераходаў з рэальнага свету ў казачны, з ляснога гушчару ў гарадскую цывілізацыю і стварыць сцэнічны антураж для новай сітуацыі ці персанажа. Сцэнаграфія выконвае то дзейсную функцыю, то ілюстратыўна-ўжытковую.

Затое касцюмы персанажаў і харэаграфія спектакля – прыклады стылявой і колеравай гіпертрафаванасці і празмернасці, што ўспрымаюцца як своеасаблівы эстэтычны "фрыстайл". Чырвоны Каптурок і яе сяброўкі прэзентуюць шматслойнае, рознакаляровае адзенне сучасных японскіх падлеткаў, Ваўкі – стыль готаў, Астролаг – аблічча касманаўтаў, Паляўнічыя выступаюць у строях шатландскага стылю, Зоркі – у цыркавых касцюмах, Бабуля – у шараварах з народных хустак. Харэограф, ствараючы стылёвую мазаіку, зыходзіў з таго, што танцуюць не толькі артысты балета, але і хор. Салісты таксама рухаюцца і ў гэты ж час спяваюць (да прыкладу... рэп Ваўкоў).

Акцёрская каманда ў "Каптурку" маладая. Сярод салістаў шмат выпускнікоў акцёрскага аддзялення Беларускай акадэміі мастацтваў: Кацярына Дзегцярова (Ваўчыца), Ілона Казакевіч (Чырвоны Каптурок), Аляксей Грыненка (Худы воўк). Цікава, што ў розных складах нязменна адчуваецца агульнае задавальненне выканаўцаў. Нават народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, якая выконвае партыю Бабулі, заўважыла, што захапляецца гэтай роллю – хоць і невялікай, але вельмі цікавай па ўвасабленні свету дзяцінства.

Пытанні і перспектывы

Аддаю належнае таленту і фантазіі ўсіх, хто працаваў над "Каптурком", але пастаноўка нараджае і шэраг пытанняў. Па-першае, ці патрэбны юнай аўдыторыі (а сярод яе і малеча 3-5 гадоў) звышгучная музыка і такая колькасць узмацняльнай апаратуры? Усё-такі спектакль музычнага тэатра – не дыскатэка і не рок-опера, дзе агрэсію гуку можна лічыць пэўнай традыцыяй. Ці варта змалку прывучаць да разбуральных дэцыбелаў? Падгадаваўшыся, ці будуць гэтыя дзеці атрымліваць асалоду ад натуральнага спеўнага голасу, не ўзмоцненага калонкамі? Усе гэтыя ўражанні (у тым ліку ад вялікай колькасці і мільгацення персанажаў, ад стракатасці касцюмаў) прыводзяць да таго, што нараджаецца адчуванне: "Каптурок" існуе на вельмі хісткай мяжы паміж мастацтвам і тэатральным кічам. Яшчэ некалькі крокаў – і далей пачынаецца неабсяжная прастора масавай культуры. Ад такой небяспекі хацелася б засцерагчы пастановачную брыгаду. У дададак у "Каптурку" ўсё-такі дзе-нідзе відаць самапаўторы і самацытаванне. Магчыма, рэжысёру прыспеў час выйсці за межы мюзікла, адрасаванага дзіцяча-дарослай аўдыторый? Некалькі гадоў таму Грыненка марыла паставіць "Зорку і смерць Хаакіна Мур’еты" Аляксея Рыбнікава. Хто ведае, можа рэалізаваны сёння спектакль выбухне ў шмат разоў мацней за знакамітых "Рамэо і Джульету" ці "Нотр-Дам"? Магчыма, з’явіцца праект, агульны з беларускім кампазітарам? Тым больш што сумесная праца з Аленай Атрашкевіч над дзіцячым музычным спектаклем "Цётухна Прастуда і Новы год" – пераканаўчы вынік здольнасці айчынных аўтараў адпавядаць задумам таленавітага рэжысёра.

Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН.
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА.
Мастацтва. – 2010. – № 8. – С. 42–47.


На здымку:  "Чырвоны Каптурок. Пакаленне next". Сцэна са спектакля.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: