Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пошукі і традыцыі беларускай аперэты (1985 г., Тэатральны Мінск)

Пошукі і традыцыі беларускай аперэты (1985 г., Тэатральны Мінск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПОШУКІ І ТРАДЫЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ АПЕРЭТЫ

Гастролі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР сёлета адбываліся ў Калінінградзе, дзе яго гледачамі сталі не толькі самі калінінградцы, але і аматары мастацтва з усіх канцоў краіны, якія прыехалі сюды лячыцца і адпачываць у здраўніцах горада. Афішы тэатра паявіліся тут на зыходзе лета, багатага на сустрэчы з рознымі творчымі калектывамі, аднак тая безумоўная цікавасць, якую выклікалі спектаклі як класічнага, так і сучаснага рэпертуару, і той энтузіязм, з якім яны прымаліся, – безумоўнае сведчанне таго, што чарговы гастрольны экзамен беларускі тэатр музычнай камедыі з поспехам вытрымаў.

Першым спектаклем, паказаным у Калінінградзе, стала аперэта Іагана Штраўса "Ноч у Венецыі" (пастаноўка С. Штэйна).

Поўная весялосці, маляўнічая, дынамічная атмасфера карнавала, духам якой прасякнута гэта пастаноўка, вызначыла агульную мажорную танальнасць гучання спектакляў мінскага тэатра, маладога, таленавітага і жыццярадаснага.

Рэжысёрскае рашэнне "Ночы ў Венецыі", якое апіраецца на традыцыі народнага, балаганнага тэатра з яго гуманізмам, гумарам, свабодай сцэнічных паводзін акцёраў, імправізацыйнасцю, актыўным уцягненнем гледача ў гульню, яркія характары, створаныя акцёрамі і вопытнымі, і больш маладымі, – усё гэта ў значнай ступені прадвызначыла поспех спектакля, які нязменна выклікаў самы цёплы прыём у гледача.

Нягледзячы на свой дэмакратызм, музыка Іагана Штраўса, як і кожнага класіка, патрабуе ўважлівых да яе адносін і абавязковай адпаведнасці характару прачытання драматургічнага матэрыялу. Трэба адзначыць беражлівыя адносіны да музычнай традыцыі, уласцівыя беларускай аперэце, і ў гэтым вялікая заслуга галоўнага дырыжора А. Лапунова.

"Лятучая мыш" I. Штраўса, "Вясёлая ўдава" і "Фраскіта" Ф. Легара – кожны з гэтых спектакляў, адзначаных увагай гледачоў, вызначалі свежасць і непасрэднасць акцёрскай ігры. Яны кожны раз успрымаліся, як пастаноўкі па-прэм'ернаму ўсхваляваныя, што не скаціліся яшчэ на звыклыя рэйкі "планавых паказаў". А гэта ёсць адзнака высокага прафесіяналізму калектыву.

Адчуванне святочнасці асабліва ярка праяўляла сябе ў дні, калі ў памяшканні Калінінградскага драматычнага тэатра ішоў мюзікл Ф. Лоў "Мая чароўная лэдзі". У рэпертуары тэатра ён не першы год, але не губляе сваёй яркасці і навізны да гэтага дня. Пастаноўшчыкі знайшлі арыгінальнае сцэнічнае рашэнне, у якім традыцыйныя, чыста тэатральныя прыёмы суседнічаюць з прыёмамі кінематаграфічнымі. Мізансцэны, якія імкліва змяняюць адна адну, складана, шматпланава арганізаваная прастора і няспынны цуд пераўвасабленняў, што адбываюцца на сцэне разам з пераўвасабленнем Элізы Дулітл, робяць спектакль надзвычай займальным, а бесперапынны пошук акцёрамі новых форм выражэння асабліва наглядны пры параўнанні некалькіх спектакляў, надаюць іх ігры непасрэднасць і імпульсіўнасць.

Поспеху гастроляў нямала садзейнічала і тое, што беларускі тэатр музычнай камедыі быў прадстаўлены ў Калінінградзе такімі яркімі і самабытнымі акцёрамі, як Наталля Гайда, Канстанцін Лосеў, Вячаслаў Фаменка, Людміла Рабушка, Вікторыя Мазур, якія стварылі запамінальныя вобразы ў многіх спектаклях. Побач з імі выступалі іранічны Герман Казлоў, які, мяркуючы па ўсяму, абяцае стаць адным з тых аперэтачных акцёраў, якіх любяць і помняць гледачы; дасціпная, з добрымі вакальнымі дадзенымі Зінаіда Вяржбіцкая (асабліва запомнілася яна ў "Ночы ў Венецыі", дзе сыграла вострахарактарную ролю Чыбалеты); абаяльны Аляксандр Кузьмянкоў; напоўненая ўнутраным драматызмам Ніна Белавусава і многія іншыя. Такое багацце творчых індывідуальнасцей сведчыць пра значны творчы патэнцыял тэатра і ставіць яго ў лік лепшых музычных тэатраў краіны.

Гастрольная праграма майстроў беларускай аперэты не абмяжоўвалася паказам спектакляў на стацыянары. З канцэртнымі праграмамі артысты пабывалі ў Савецку, Зеленаградску, Светлагорску, Балтыйску, Піянерску, выступалі ў воінскіх часцях і на караблях Балтыйскага флоту, у Дамах культуры і на прадпрыемствах. I ўсюды – цёплы прыём у гледачоў.

Няма сумнення, тэатр перажывае той перыяд у сваім станаўленні, які акажацца для яго плённым у многіх адносінах. I хаця па-ранейшаму выклікаюць справядлівыя нараканні бледнасць, невыразнасць яго афіш, беднасць і нізкая якасць рэкламы (у гэтых адносінах адміністрацыя тэатра павінна шмат папрацаваць, выкарыстоўваючы вопыт іншых тэатраў), вынікі гастрольнага жніўня ўяўляюцца вельмі плённымі.

Прыкметнай якаснай перабудовай, што адбылася ў тэатры, калектыў, напэўна, у немалой ступені абавязаны новаму галоўнаму рэжысёру Вячаславу Цюпе, які здолеў згуртаваць акцёраў, аб'яднаць іх агульнай мэтай, накіраваць на рашэнне сур'ёзных творчых задач. Менавіта ансамблевыя якасці тэатра, шчырая зацікаўленасць артыстаў, усіх тэатральных службаў у паспяховай рэалізацыі творчых патэнцыялаў садзейнічалі стварэнню той атмасферы, калі і ў спектаклі, што даўно сталі прывычнымі, і ў спектаклі, створаныя нядаўна, былі прыўнесены і свежасць, і навізна.

Паказы музычнай фантазіі па матывах камедыі Эдмона Растана "Сірано дэ Бержэрак" (пастаноўшчык В. Цюпа), якія сталі самымі яркімі старонкамі гастрольнага летапісу, даказалі, што тэатру пад сілу рашэнне вельмі складаных задач. Дакладная, выкананая на высокім прафесійным узроўні сцэнаграфія спектакля, актыўнае выкарыстанне ўсёй прасторы сцэны прынеслі калінінградцам радасць знаёмства з Уладзімірам Жданавым. Нечаканыя і ў той жа час тонка стылізуючыя эпоху касцюмы Вольгі Жалонкінай паказалі, як удзячна можа рэалізавацца давер да маладога даравання.

Балетмайстар-пастаноўшчык Юрый Лапша не толькі прыдумаў арыгінальныя харэаграфічныя кампазіцыі, але кожную мізансцэну, усю пастаноўку ў цэлым "зарадзіў" высокай энергіяй.

Створаны на стыку жанраў, гэты спектакль спалучае самыя разнародныя асновы. Фантасмагарычны, прывідна зменлівы свет, пабудаваны на сцэне, з уяўнай падатлівасцю перабудоўваецца з паяўленнем кожнага новага персанажа. Узнікае пяшчотны і рамантычны свет Раксаны (у Калінінградзе гэту ролю бліскуча выконвала Н. Гайда), мужны і высакародны свет Крыстыяна (акцёр А. Ціуноў), цынічны, запоўнены монстрамі свет дэ Гіша (удалы вобраз якога стварыў У. Лінкевіч). Спалучаюцца рэчы, здавалася б, неспалучальныя. Камічнае і трагічнае выступаюць у адзінстве. I ўжо ў першай сцэне, калі Сірано цягнецца сваім непамерна доўгім носам да бліскучага недасягальнага месяца, касмічнасць праблематыкі спектакля і дэманстратыўна абвяшчаецца, і сімвалічна вызначаецца.

Шматколерная палітра рэжысёрскага і сцэнаграфічнага вырашэння дала магчымасць і акцёрам гранічна выразіць усю паўнату свайго ігравога дыяпазону.

I тут неабходна назваць аднаго з вядучых акцёраў Рыгора Харыка. Яго Сірано вуглаваты і нязграбны, зусім у духу ўсёй фантасмагорыі, і адначасова поўны грацыі і ўнутранай гармоніі. У ролі Сірано, лепшай сваёй ролі, Рыгор Харык гранічна разнапланавы, характар яго супярэчлівы. I ў той жа час у ім на працягу ўсяго дзеяння не прападае ні на секунду незгінальная ўнутраная цэласнасць.

Спектакль "Сірано", які праходзіў пры перапоўненай зале, прадэманстраваў, што беларуская аперэта, нягледзячы на маладосць, не толькі мае сваё творчае аблічча, але і знаходзіцца ў плённым пошуку. Вынікі гастрольнага лета паказалі перспектыўнасць яго кірунку.

В. ШПІГУНОЎ.
Тэатральны Мінск. – 1985. – № 6.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: