Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пра ўяўныя працэнты і танныя ангажэменты (1999 г., Літаратура і мастацтва)

Пра ўяўныя працэнты і танныя ангажэменты (1999 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПРА ЎЯЎНЫЯ ПРАЦЭНТЫ І ТАННЫЯ АНГАЖЭМЕНТЫ

"Нягледзячы на творчыя нестыкоўкі, прэм'ера "...Кэт'' адбылася. Многія спецыялісты лічаць працу адкрыта правальнай. Крытыкі альбо маўчаць, альбо акцэнтуюць увагу на старых заслугах..."  Ігар Карней, "Памінальнае" лібрэта для беларускай аперэты ("Свободные новости", № 40, 1998 г.).

Паважаны спадар I. Карней, дазвольце адрэкамендавацца. У маім кансерваторскім дыпломе значыцца: "музычны крытык". А тэма маёй дылломнай працы, абароненай, дарэчы, на "выдатна", фармулявалася так:

"Жанр мюзікла: асаблівасці, вытокі і шляхі развіцця". Гэта я паведамляю на ўсялякі выпадак, для даведкі. Як і тое, што пра тэатр музычнай камедыі Беларусі я пішу больш за 10 гадоў.

Вы спасылаецеся на "многіх спецыялістаў", якія нібыта сцвярджаюць, што прэм'ера мюзікла К. Портэра "Цалуй мяне, Кэт!" у тэатры музкамедыі адкрыта правальная. Цікава, каго вы маеце на ўвазе? Бо знаёмыя мне спецыялісты якраз вельмі прыхільна ўспрынялі гэтую новую працу тэатра і яго мастацкага кіраўніка – рэжысёра Барыса Лагоды.

Асабіста я не адгукнулася на прэм'еру аператыўна толькі з адной прычыны; спектакль быў паказаны летам перад самым закрыццём сезона, яму трэба было крыху "адстаяцца'', набыць неабходную форму, а артыстам (у тым ліку выканаўцы галоўнай ролі А. Касцецкаму, які ў дзень прэм'еры страціў голас) – проста ачуняць, адпачыць пасля перадпрэм'ернага вэрхалу. Але цяпер, калі тэатр, нарэшце, адкрыўся пасля задоўжанага рамонту (так запознена сезон тут, здаецца, не адкрывалі ніколі) і новы спектакль сапраўды ўвайшоў у належнае рэчышча, аказваецца, што напісаць простую рэцэнзію ўжо недастаткова. Трэба яшчэ штосьці тлумачыць, высвятляць, уступаць у палеміку і рабіць усё гэта так, каб не распаляць унутрытэатральныя жарсці.

Напэўна, я здзіўлю паважанага апанента, калі паведамлю, што бачыла самую першую самастойную рэжысёрскую работу Б. Лагоды – яго дыпломны спектакль "Залёты" (паводле В. Дуніна-Марцінкевіча), пазначаны як мюзікл. Тое было яшчэ відовішча, скажу я вам! Пастаноўку ажыццявілі ў Гродзенскім драматычным тэатры, і я разам з прадстаўнікамі Міністэрства культуры ды Саюза тэатральных дзеячаў была эапрошана ацаніць гэту працу.

Ну, і ацаніла.

Гэта была слоўная рэцэнзія, выказаная падчас абмеркавання. У выніку я была ўпэўнена, што ў асобе Б. Лагоды прыдбала сабе лютага ворага. Праўда, сам ён сустракаў мае крытычная нападкі з нейкай нават спачувальнай усмешкай: маўляў, давай-давай, гавары, мілая, уся твая балбатня для мяне – як насмарк для нябожчыка... Згадзіцеся, гэта не давала Б. Лагоду падстаў запісвацца ў мае добразычліўцы і тым больш – ангажаваць як крытыка на стварэнне "заказных" рэцэнэій.

Такім чынам, я не прадстаўляю інтарэсы Б. Лагоды, які за мінулыя 10 гадоў у пошуках працы павандраваў па былым Саюзе, перш чым уехаў у Мінск "на белым кані". За некалькі гадоў на пасадзе галоўнага рэжысёра і мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі ён і сапраўды перасварыў артыстаў, давёўшы да крайнасцяў вайну нерваў, пра якую пішаце Вы. Не робіць яму гонару і тое, што сваю незадаволенасць тымі ці іншымі акцёрамі ён, не саромеючыся, выказвае прылюдна – ці то прэс-канферэнцыя пасля прэм'еры, ці то нататка ў друку.

А вось Вы, шаноўны апанент, з такой руплівасцю апісваеце дэталі агіднага ўнутрытэатральнага канфлікту нібыта прадстаўляеце бок, процілеглы галоўнаму рэжысёру. Можа, Вам хацелася "адзначыцца" з дапамогай скандальнага матэрыялу, заснаванага на "смажаных" фактах? Але, здаецца, калі ўжо ўмешваюцца ў гэткія канфлікты людзі нашай з Вамі прафесіі, яны павінны захоўваць максімальную аб'ектыўнасць, – прынамсі, абавязаны даць магчымасць выказацца абодвум бакам, а не правакаваць чарговыя выбухі эмоцый сваімі публікацыямі з фразамі, кшталту: "фактычна каля 90% асабовага складу тэатра музкамедыі ў той ці іншай ступені прад'яўляюць прэтэнзіі да свайго мастацкага кіраўніка".

Тым больш нельга мяшаць у адну кучу прэтэнзіі да чалавечых якасцяў і высновы наконт прафесійных здольнасцяў, спасылаючыся на меркаванні нейкіх міфічных "спецыялістаў", якія лічаць спектакль Б. Лагоды "Цалуй мяне, Кэт!" правальным.

На маю ж думку, за апошнія гады – гэта адзін з найбольш удалых спектакляў тэатра, якія цяпер рэдка з'яўляюцца тут. Дзякуючы дакладнаму выбару акцёраў глядач атрымаў выдатны падарунак. Магчыма, відовішча крыху зацягнутае, і ад некаторых сюжэтных калізій можка было б без цяжкасцяў пазбавіцца, – тады б яно набыло неабходны тэмпарытм, асабліва ў 1-й дзеі (дарэчы, аналагічны недахоп уласцівы і дзвюм першым мінскім пастаноўкам Б. Лагоды – "Капелюшу Напалеона" і "Цыганскаму барону"). Ды ўсё ж гэты мюзікл глядзіш з вялікай цікавасцю і неадрыўнай увагай.

Як можна не заўважаць цудоўныя акцёрскія работы! Упершыню за шмат гадоў сваёй творчай практыкі на сцэне тэатра музычнай камедыі акцёр характарнага амплуа А. Касцецкі атрымаў ролю першага плана, і дэбют такога маштабу варты самых цёплых слоў. Ён іграе ролю рэжысёра Фрэда Грэхема, які ставіць п'есу У. Шэкспіра "Утаймаванне свавольніцы". Ролю Кэт мусіць стварыць былая жонка рэжысёра Ванеса (І. Шыцікава), па характару не горшая за шэкспіраўскую гераіню. Пры ўсёй трупе яна абражае Фрэда, сабатуе рэпетыцыі.. Герой жа А. Касцецкага ўсё гэта мужна трывае. Па-першае, бо апантаны тэатрам і не ўяўляе жыцця без водару куліс, без рэпетыцыйнай працы, без сваіх акцёраў – такіх жа як сам, бяссрэбранікаў. Ну, а па-другое, Грэхем усё яшчэ закаханы ў Ванесу, а яна ў яго. Але тэатральныя інтрыгі перашкаджаюць ім працягнуць адно аднаму рукі (о, гэтыя шматсэнсоўныя паралелі! Але чамусьці толькі на сцэне прыміраюцца рэжысёр і ягоныя акцёры, а вось у жыцці...). Свайго героя А. Касцецкі ўвасабляе натхнёна, шчыра, ён літаральна пражывае ролю, аддаючыся ёй цалкам.

А Ванеса ў выкананні I. Шыцікавай! Як бы каму тое ні было прыкра, а жонка галоўнага рэжысёра Б. Лагоды – вельмі прыгожая жанчына і адораная актрыса. I ў спектаклі "Цалуй мяне, Кэт!" зачароўвае сваёй пластычнасцю, уменнем дакладна расстаўляць неабходныя акцэнты, а таксама цудоўна таньчыць і спяваць. У гэтай пастаноўцы I. Шыцікава – сапраўдная зорка, і той, хто гэтага стараецца не бачыць, проста хлусіць сабе. А з якім захапленнем я назіраю за працай В. Мінгалёва (Білі Келхоўн – Лючэнца)! У сваіх невялічкіх ролях акцёр проста непараўнальны. Тое ж самае можна зазначыць і наконт яго старэйшага калегі В. Бажэнава (Гары Трэвар – Бапціста). Гэтым акцёрам даручаны, па сутнасці, ролі другога плана, нават эпізадычныя, але як ярка яны ў іх раскрываюцца! А "крымінальны дуэт" у асобах Г. Казлова і В. Сердзюкова! Кожны іх выхад у "парным канферансе" выклікае шчырыя ўсмешкі і апладысменты слухачоў – настолькі адточаныя іх сцэны, настолькі адмысловы танец, настолькі дасканала валодаюць акцёры сваёй прафесіяй!

Дарэчы, знаны балетмайстар Г. Абайдулаў сваю місію выканаў на 100 і нават болей працэнтаў. Ён ажывіў спектакль, удыхнуў у яго чараўніцтва танца, пластыкі, жэсту. Артысты і дагэтуль успамінаюць працу з Г. Абайдулавым як моманты найвышэйшай асалоды, бо гэтая праца падаравала ім сапраўдныя адкрыцці ў іх універсальнай прафесіі.

Дык што ж такога "правальнага" ўбачылі "многія спецыялісты" ў "...Кэт"? Можа, касцюмы, якія прыдумала сама I. Шыцікава? А чым яны, прабачце, дрэнныя? Ну, умее актрыса мадэляваць адзенне, разбіраецца ў модзе. Ці камусьці проста не даюць спакою памеры яе ганарараў?

Безумоўна ж, як і кожны спектакль, мюзікл "Цалуй мяне, Кэт!" мае свае недахопы. Ёсць відавочныя недапрацоўкі ў аркестры (дырыжор – А. Сасноўскі), ёсць відавочныя расцягнутасці. Ёсць, нарэшце, з дазволу сказаць, "дэкарацыі". У рэцэнзіі на адну з папярэдніх пастановак Б. Лагоды, дзе мастаком таксама быў Я. Ждан, я ўжыла ў дачыненні да сцэнаграфіі выраз "анучы з прэтэнзіяй". У "ЛіМе" мяне далікатна паправілі, замяніўшы слова "анучы" словам "тканіны". Паглядзеўшы "...Кэт", я ўсё ж настойваю на сваім. Толькі на гэты раз "дэкарацыі" нават без прэтэнзіі. Дзякуй толькі, што іх нямнога, і гэта вельмі добра. Дый спектакль літаральна выратоўвае тое, што артысты іграюць "тэатр у тэатры", і аголеныя кулісы ўспрымаюцца зусім натуральна.

А ці бачылі Вы, спадар Карней, як спектакль заканчваецца, як яго прымаюць гледачы? Праўда, я зазвычай сцвярджаю, што апладысменты публікі пасля спектакля далёка не заўсёды сведчаць пра яго якасць. На жаль, у жанру аперэты глядач непераборлівы і "купляецца" часам на вельмі нізкапробную прадукцыю. Але бяруся Вас запэўніць, што "...Кэт" да такога кшталту прадукцыі не адносіцца. Пры ўсіх недахопах гэты спектакль напоўнены жывымі характарамі, асэнсаваным зместам. I публіка дзякуе артыстам такімі ж шчырымі, а, галоўнае, асэнсаванымі апладысментамі. Сярод гледачоў вельмі шмат моладзі, і гэта пра многае гаворыць. Артыстам крычаць "брава" і ведаюць, чаму і за што. I я крычала ім "брава" і апладзіравала ад душы.

I мяне як гледача зусім не хвалюе акцёрская кухня. Але Вы ў сваім артыкуле старанна выварочваеце "другі бок" тэатральнага жыцця, і гэта адмыслова перакрэслівае зусім не шараговую працу, у якой задзейнічана больш за сотню чалавек! Усе гэтыя людзі разлічваюць на прафесійную і абгрунтаваную ацэнку сваёй працы без спасылак на чыесьці "меркаванні". На жаль, Вас не цікавіць тое, што адбываецца на сцэне. Ну, а мне, напрыклад, брыдка даведвацца, што артысты, зняўшы касцюмы і змыўшы тэатральны грым, пачынаюць крэмзаць адно на аднаго даносы ды ананімкі, што ўсе там адно аднаго ненавідзяць, што ў тэатры "квітнеюць п'янства і хамства". Брыдка – бо гэта мяне не павінна датычыцца. Я не хачу ўсяго гэтага ведаць. Гэта не мая справа.

Мне брыдка яшчэ таму, што журналіста добра скарысталі як зброю ў барацьбе за месца пад сонцам. Аднабаковыя артыкулы толькі падліваюць масла ў агонь. Але гэта, здаецца, мала хвалюе майго апанента: "маўр зрабіў сваю справу" і больш пра яго ў гэтым тэатры наўрад ці пачуюць. Бо сам спадар Карней на пачатку артыкула ўводзіць апісанне тэатральнага канфлікту ў неабходны кантэкст: "У стане ціхай вайны знаходзяцца кіношнікі "Беларусьфільма". Ідзе высвятленне адносінаў у сценах філармоніі. З цяжкасцю залізваюць раны інертныя члены Саюза пісьменнікаў. Калоцяць паветра ўзаемнымі папрокамі "Песняры"..."

Якая дзіўная дасведчанасць і якое шырокае поле дзейнасці для Вас, спадар Карней! Дарэчы, магу падкінуць Вам пару-тройку падобных "сюжэтаў". Але наступным разам, калі будзеце пісаць пра ўсялякія канфлікты ў творчых калектывах, выказвайце і сваё меркаванне, а не даверліва спявайце з чужога голасу. Вядома ж, фальш – паняцце не толькі музычнае.

Вольга БРЫЛОН, 
музычны крытык, член Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі. 
Літаратура і мастацтва. – 1999. – 15 студз. – С. 10–11.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: