Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пра зацікаўленасць сапраўдную і ўяўную (1992 г., Мастацтва)

Пра зацікаўленасць сапраўдную і ўяўную (1992 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПРА ЗАЦІКАЎЛЕНАСЦЬ САПРАЎДНУЮ І ЎЯЎНУЮ

Дзіцячы музычны тэатр-студыя "Казка" пачынае другі сезон. Малады калектыў пакуль што знайшоў прытулак пад дахам Тэатра аперэты, іграюць у ім таксама артысты аперэты. I дзеці. Для іх, уласна кажучы, тэатр і ствараўся намаганьнямі дырыжора Глеба Аляксандрава, які стаў яго мастацкім кіраўніком.

У першым сезоне (1991-92 гт.) адбыліся тры прэм'еры – "Асьцярожна! Баба-Яга!", "Гісторыя Кая і Герды" і "Чараўнік". Пра апошні сьпектакль з пафасам пісала ў мінулым нумары "Мастацтва" кампазітар Л. Шлег. Я не падзяляю яе хвалебных ацэнак гэтага сьпектакля, у стварэньні якога яна, відаць, сама прымала непасрэдны ўдзел, бо зьяўляецца выкладчыкам класа сачыненьня музыкі адной з школ-удзельніц. Я не падзяляю яе нястрыманага захапленьня дзейнасьцю тэатра наогул, бо, на мой погляд, гэты тэатр пакуль што не зьдзяйсьняе свайго прызначэньня – служыць дзецям – і таму не апраўдвае тых спадзяваньняў, зь якімі было зьвязана яго зьяўленьне. Але, каб рабіць нейкія агульныя высновы, трэба казаць пра кожны сьпектакль па-асобку. Такім чынам,

"АСЬЦЯРОЖНА! БАБА-ЯГА!", або ПЕРШЫ БЛІН – КАМЯКОМ

Блін атрымаўся куртаты і нязграбны, таму што быў сьпечаны зь няякаснага цеста (музыка В. Плешака, лібрэта Ю. Аляксандрава). Сказаць, што гэты сьпектакль дрэнны, – значыць не сказаць нічога. Гэта жахлівае відовішча, якое не вытрымлівае аніякай крытыкі. Мне шкада бедных дзяцей, іх бацькоў, якіх прывабіла назва. Ад пачатку да канца ўсё ў ім – ХАЛТУРА, як справядліва заўважыла Н. Бунцэвіч у сваёй рэцэнзіі "Осторожно: халтура!" , хаця гэта слова, бадай, занадта мяккае. Думаю, што бацькі, якія пачулі дзіцячыя словы: "Нашто вы мяне сюды прывялі?!" – наўрад ці захочуць паўтарыць візіт у Дзіцячы музычны тэатр.

Я не была на першай прэм'еры, калі перад пачаткам сьпектакля было ўрачыста абвешчана аб адкрыцьці новага тэатра (3 лістапада 1991 г.). Мне давялося пабачыць "Бабу-Ягу" крыху пазьней. Праграмак не прадавалі. Таму даведацца, хто аўтар музыкі, хто рэжысёр, хто дырыжор і ў рэшце рэшт, што за тэатр прадстаўляе "Бабу-Ягу", 6ыло немагчыма. Дарэчы, большасьць гледачоў выходзілі пасля сьпектакля, цьвёрда ўпэўненыя, што "Баба-Яга" належыць Тэатру музкамедыі, а не Дзіцячаму музычнаму, пра існаваньне якога яны й не падазраюць, бо ніякай дадатковай інфармацыі ў тэатры няма. Заўважу, што адміністрацыя Тэатра музычнай камедыі забараніла выкарыстоўваць назву "Асьцярожна! Баба-Яга!" ў сваіх афішах.

Можна толькі паспачуваць акцёрам В. Шабуню (Баба-Яга), В. Міцінай (Зайчыха), заслужанаму артысту Расіі А. Кузьміну (Лясун), бо ім давялося прымаць удзел у гэтым ганебным відовішчы. Яны сыгралі свае ролі як мае быць; перш за ўсё гэта датычыць В. Шабуні, на якім трымаецца ўвесь сьпектакль. Някепска выглядалі на сцэне і дзеці, якія сьпецыяльна для гэтай прэм'еры былі запрошаны зь Дзіцячага тэатра-студыі пры ДАВТе. Але нельга ўдыхнуць жыцьцё ў мёртвае цела. Якасьць сьпектакля ад ігры артыстаў не палепшылася і ўзровень ня ўзьняўся вышэй нулявой адзнакі.

У казцы, як вядома, заўсёды бываюць героі добрыя і злыя. Баба-Яга належыць да апошніх. Але ў лібрэта Ю. Александрава гэта вельмі прыемная, бяскрыўдная істота, якая займаецца хатняй гаспадаркай, усялякімі саленьнямі, варэньнямі і сябруе з кветачкамі й грыбочкамі. У адзін цудоўны момант да яе прабіраецца Зайчыха са сваімі зайчанятамі і зьядае ўсё варэньне. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык Зайчыха крадзе. Каб правучыць яе, Баба-Яга заварожвае зайчанят, і тыя засынаюць вечным сном. Вось тут і пачынаюцца ўціск і ганеньні на Бабу-Ягу. Зайчыха і Лясун апалчаюцца супраць яе, беднай, і спрабуюць пазбавіць законна займаемага жытла, г. зн. хаткі на курыных ножках. У рэшце рэшт Баба-Яга нечакана ўсьведамляе сваю вінаватасьць (?), вызваляе ад чараў зайчанят і абяцае больш не рабіць зла (?).

Ці ня праўда, дзіўны сюжэт? I хто ж усё-такі мае рацыю? Баба-Яга, якая "пацярпела" і "высакародна" помсьціць, ці Зайчыха-зладзейка? Чаму сьпектакль мае назву "Асьцярожна! Баба-Яга!"? Хто станоўчы герой, а хто адмоўны? На гэтыя й іншыя пытаньні сьпектакль не адказвае. І калі я, дарослы чалавек, не разумею, дык што ўжо казаць пра дзяцей! Вось і вучні 4-га "А" класа СШ № 152, якія паглядзелі сьпектакль, былі відавочна азадачаныя. А яшчэ яны ў адзін голас сказалі, што сьпектакль атрымаўся сумны й нецікавы.

Я сустрэлася зь дзецьмі ў іх школе. У гэтым мне дапамаглі настаўніцы СШ № 152 I. Заўгародняя і Д. Далімаева, якія таксама глядзелі "Бабу-Ягу".

– Калі мы выйшлі з тэатра, дык ня ведалі нават, пра што гаварыць, – сказала Д. Далімаева. – У гэтага сьпектакля няма ніякай мэты, бо ўсе героі там існуюць паасобку, іх учынкі бяссэнсоўныя. I мае дзеці – ці не ўпяршыню! – выказаліся аднадушна: ім сьпектакль не спадабаўся. Незразумела, нашто быў патрэбны дырыжор, які махаў палачкай перад пустой аркестравай ямай. Бо ўвесь сьпектакль ішоў пад фанаграму! I ў дзяцей увесь час узьнікала пытаньне: "А што той дзядзька робіць?". Палова маіх вучняў у канцы сьпектакля задрамала. I гэта ня жарт, некалькі чалавек мне давялося пабудзіць, каб ісьці апранацца.

Прыкладна тое-ж, ды яшчэ больш рэзка сказала й завуч І. Заўгародняя. Але я заўважыла, што абедзьве настаўніцы гаварылі пра "Бабу-Ягу" як пра сьпектакль менавіта Тэатра музычнай камедыі. I тады я спытала, ці ведалі яны, што глядзелі прадстаўленьне нядаўна створанага Дзіцячага музычнага тэатра.

– Я пра гэты тэатр нічога ня чула, – адказала І. Заўгародняя. – Да нас прыйшоў распаўсюджвальнік зь білетамі на "Бабу-Ягу" і рэкамендаваў яе як сьпектакль Тэатра музычнай камедыі. Дый на білетах таксама напісана: "Тэатр музычнай камедыі". Перад пачаткам сьпектакля пра Дзіцячы музычны тэатр ніхто нічога не гаварыў, пасьля – таксама. А наогул, склалася ўражаньне, што мы былі нікому не патрэбныя ў гэтым тэатры. Напрыклад, у глядзельнай зале не было нават білецёраў. I мы доўга шукалі свае месцы...

Каментарыі, як кажуць, залішнія.

Вось так адкрыўся Дзіцячы музычны тэатр. Гара нарадзіла мыш, няспрытную і бездапаможную. Дык ці варта было ламаць коп'і ў спрэчках пра неабходнасьць стварэньня тэатра, каб зьявіўся гэты нікчэмны "твор"? Незразумела, з чым быў зьвязаны выбар "Бабы-Ягі", бо спачатку ў Г. Аляксандрава былі іншыя планы: прэм'ерай тэатра магла-б стаць работа беларускага кампазітара С. Бельцюкова "Драўляны рыцар". Але, калі гэты твор быў напісаны, Г. Аляксандраў адмовіўся ад яго на карысьць "Бабы-Ягі".

Такім чынам, нічога добрага й нічога новага сваёй прэм'ерай Дзіцячы музычны тэатр не сказаў. Але глыбокае расчараваньне зьмянілася пачуцьцём радасьці і надзеі, калі зьявіўся другі сьпектакль –

"ГІСТОРЫЯ КАЯ I ГЕРДЫ", ці ПРОСТА ДОБРЫ СЬПЕКТАКЛЬ.

Ён і сапраўды добры. I ня можа быць іншым, бо С. Баневіч – добры чалавек і добры кампазітар. Яго дзіцячая опера паводле казкі Г.X. Андэрсена прасякнута сьвятлом дабрыні і каханьня. Цудоўная музыка кампазітара, здольная абудзіць цёплыя пачуцьці нават у самым жорсткім і халодным сэрцы. А паколькі маленькі глядач прыходзіць у Тэатр заўсёды з адкрытым сэрцам, дык пад узьдзеяньнем музыкі ён адразу-ж захапляецца гісторыяй маленькага хлопчыка Кая і адважнай Герды.

Колькі шчырай зацікаўленасьці дзецьмі адчуваецца ў гэтым сьпектаклі! Колькі ўкладзена ў яго працы! Дарослыя аказаліся сапраўды шчодрымі, зрабіўшы дзецям такі шыкоўны падарунак. Якія прыгожыя ў гэтым сьпектаклі касьцюмы, якія маляўнічыя дэкарацыі (мастак – В. Окунеў)! Як хораша ён пастаўлены (рэжысёр – Ю Аляксандраў)! Як добра, нарэшце, іграюць артысты! Думаю, што роля Кая – адна зь лепшых роляў у А. Арцем'ева. Прызнацца, я была прыемна зьдзіўлена яго ігрой і сьпевамі. Наогул асэнсаванасьцю сцэнічных паводзін, бо яго акцёрскія работы апошніх гадоў часьцей за ўсё не пераконвалі. Але выкананьне ім ролі Кая заслугоўвае самай высокай адзнакі.

Пэўна, сам Андэрсен выказаў-бы шчырую радасьць, пабачыўшы ў ролі Герды нядаўнюю выпускніцу Белдзяжкансерваторыі Л. Лют. Гэта маладая актрыса нібыта выпраменьвае абаяльнасьць дзяцінства. Л. Лют валодае дзівосным голасам і выдатнай дыкцыяй. Яе Герда атрымалася кранальнай і па-дзіцячаму шчырай. Наогул, рэжысёр вельмі дакладна ўгадаў магчымасьці ўсіх артыстаў, занятых у "Кае і Гердзе", і ў гэтым – зарука посьпеху пастаноўкі. Каларытная і сакавітая атрымалася Атаманша ў заслужаннага артыста Украіны А. Ранцанца; прывабны вобраз хвацкай маленькай разбойніцы стварае В. Міціна. Дзецям вельмі падабаецца і халодная прыгажосьць Сьнежнай Каралевы І. Літвін), яе пышны беласьнежны ўбор і нібыта пакрытыя сярэбраным інеем валасы, убраныя ў дзіўную прычоску. Сьнежная Каралева зьяўляецца заўсёды нечакана. Вось зь віхурай праносіцца недзе пад каласьнікамі, а празь некалькі імгненьняў зьяўляецца ў глядзельнай зале. На жаль, голас I. Літвін мяккі, невялікі па аб'ёму, і таму яе Каралеве не хапае ўнутранай сілы, халоднай велічнасьці. Але, нягледзячы на гэта, кожнае зьяўленьне Сьнежнай Каралевы выклікае ў зале буру эмоцый.

Ну, а зараз я паспрабую паглядзець на гэты сьпектакль зь іншага боку, як у зробленае злым Тролем люстэрка, у якім усё добрае і цудоўнае зьнікала, а ўсё кепскае выступала наперад.

Здаецца, дарослыя так захоплены тым, што яны робяць на сцэне ці ў аркестравай яме, што ў нейкі момант дзецям робіцца нудна, сумна. Так, "Кай і Герда" зроблены зь любоўю да маленькага гледача, але гэтая "любоў" адпаведна разьвіцьцю падзей робіцца ўсё больш надакучліва назойлівай, і хочацца каб усё хутчэй скончылася. Сьпектаклю не стае імклівасьці, дынамікі, першы акт перагружаны непатрэбнай 3-яй карцінай, якая толькі зьніжае глядацкую цікавасьць. У канцы 2-ой карціны гучыць дуэт Кая і Сьнежнай Каралевы. І вось ужо Кай, зачараваны яе ўладай, кідае свой дом, Герду, бабулю і бяжыць наўздагон Сьнежнай Каралеве ў чароўную Лапландыю. Гэта сапраўды оперная сцэна. Вось тут варта было-б спыніцца і зрабіць антракт. Але 2-ую карціну працягвае марудная інтэрлюдыя: сваю песьню сьпявае Ліхтаршчык (У. Барухін). Слухачам няцікава (хоць сьпявае ён добра і пранікнёна), бо яго песьня ўстаўная, разьлічаная на тое, каб у гэты час рабочыя пасьпелі зьмяніць дэкарацыі. Бяру на сябе сьмеласьць сьцьвярджаць, што У. Барухіну ня вельмі прыемна ўвесь час запаўняць сабой паўзы і сьпяваць пры пастаянным шуме глядзельнай залы. Нават сам Г. Аляксандраў у час дырыжыраваньня паварочваецца да залы і робіць знакі, каб дзеці супакоіліся. Гэта вельмі істотны рэжысёрскі пралік, закладзены, праўда, у самой партытуры С. Баневіча. Але рэжысёр, на маю думку, мог-бы паспрачацца з аўтарскай версіяй на карысьць пастановачнага выніку.

Што датычыць 3-яй карціны першай дзеі, дык зь яе глядач не даведваецца нічога новага. Выяўляецца, што ў канцы 2-ой карціны Кай пабег не ў Лапландыю, а ўсяго толькі на шматлюдную вуліцу, дзе зноў сустрэўся са Сьнежнай Каралевай, але на гэты раз яна й сапраўды павезла яго з сабой. Здаецца, гэта карціна патрэбная толькі дзеля таго, каб вывесці ца сцэну хор і апраўдаць яго існаваньне. Гледзячы ў крывое люстэрка злога Троля, думаеш пра тое, як мала фарбаў у ігры аркестра, як аднастайна ён іграе і як зьнікае прыгажосьць чароўнай музыкі ў дрэнным выкананьні!

Але прэч крывое люстэрка!

Нягледзячы ні на што, я здымаю капялюш перад усімі стваральнікамі гэтага сьпектакля, якія вывелі на сцэну оперу – жанр, па-першае, рэдкі, а па-другое – вельмі складаны. Дальбог, услед за такой прэм'ерай варта было забыць недарэчную "Ягу" (якую Л. Шлег чамусьці таксама называе операй) і чакаць ад Дзіцячага музычнага новых прыемных адкрыцьцяў! Здавалася, ён цалкам рэабілітаваў сябе. Але вось зьявіўся трэці спектакль першага сезона – "Чараўнік".

"ЧАРАЎНІК", ці ДУ Ю СПІК ІНГЛІШ?

Перад пачаткам сьпектакля на сцэне, як цень бацькі Гамлета, зьявіўся змрочны Г. Аляксандраў, які трымаў перад сабой афішу.

– Дарагія рабяты, – сказаў ён сурова, – сёньня вы пабачыце сьпектакль "Чараўнік". Яго музыку разам з анлійскім кампазітарам Рансуінкам стварылі вучні мінскіх школ. Я назаву імёны выкладчыкаў, якія ім дапамагалі.

Далей ішоў падрабязны пералік імёнаў і прозьвішчаў, якія Г. Аляксандраў старанна счытваў зь мятай афішы, не прапусьціўшы аніводнага.

Але ці можна так пачынаць дзіцячы сьпектакль?! Дзеці чакаюць Чараўніка, а іх – бах па галаве доўгім сьпіскам незнаёмых прозьвішчаў! Па-мойму, гэта называецца сячы сук, на якім сядзіш. Той, каму патрэбна было прачытаць імёны стваральнікаў сьпектакля, мог гэта зрабіць, набыўшы праграмку (дзякуй Богу, іх, нарэшце, пачалі прадаваць). Наогул, зь дзецьмі перад пачаткам сьпектакля трэба размаўляць зусім не пра тое і ня так, і Г. Аляксандраў гэта ведае лепш за ўсіх. На жаль, не знайшлося ў ініцыятара і натхняльніка Дзіцячага музычнага тэатра добрых і шчырых слоў для маленькіх гледачоў.

...Некалькі гадоў назад сьціплы малавядомы англійскі кампазітар Дарэл Рансуінк задумаў напісаць твор "Чараўнік", у якім разам зь ім музыку маглі-б ствараць і дзеці, якія адначасова ігралі й пелі-б на сцэне ў час сьпектакля. Д. Рансуінк натхніўся ідэяй далучэньня дзяцей да кампазітарскай творчасьці, абуджэньня іх фантазіі. Быў зроблены агульны сцэнарны план, сам Д. Рансуінк напісаў пачатак і фінал твора, а таксама маленькія інтэрлюдыі паміж карцінамі (дарэчы, вельмі невыразная музыка, за выключэньнем фінальнага хору). Усё астатняе належала зрабіць дзецям. Яны з дапамогай дарослых сваю задачу выканалі, і адбылася прэм'ера.

Мне зразумелая радасьць дзяцей, многія зь якіх ня толькі ўпершыню далучыліся да стварэньня музыкі, але мелі магчымасьць выконваць яе на сапраўднай сцэне. Яшчэ больш зразумелае шчасьце іх бацькоў. З гэтым аргументам нельга спрачацца. Аднак менавіта таму Д. Рансуінк вырашыў ашчасьлівіць такім чынам як мага больш дзяцей і іх бацькоў.

У адной толькі Англіі былі пастаўлены чатыры "Чараўнікі", але і гэтага кампазітару здалося мала. I вось ужо Д. Рансуінк у Санкт-Пецярбурзе. Як здагадваецца чытач, пяты "Чараўнік" зьявіўся менавіта там. Ну, а ад Пецярбурга да Менска вельмі блізка. Г. Аляксандраў падхапіў ідэю стварэньня сьпектакля, і вось – шосты "Чараўнік".

У гэтым сьпектаклі ўдзельнічае амаль 200 дзяцей з розных школ Менска, у тым ліку 170-ай, дзе выкладае ў класе сачыненьня музыкі Л. Шлег, а таксама дзеці самога тэтра-студыі "Казка". Усе яны, пэўна, працавалі над стварэньнем сьпектакля з асалодай і вялікай цікавасьцю. I яны, відаць, таксама шчасьлівыя, як і іх равесьнікі, якім было даверана пісаць і выконваць сваю музыку ў Англіі ці ў Пецярбурзе. Задаволеныя і іх бацькі, якія глядзяць сьпектакль з трапятаньнем сэрца, баючыся хаця-б на хвіліначку адарваць вочы ад сцэны.

Але ёсьць і іншыя бацькі іншых дзяцей, якія проста прыйшлі глядзець незнаёмы сьпектакль "Чараўнік". I вельмі хутка менавіта такім дзецям і іх бацькам робіцца зразумела, што ўдзельнікі сьпектакля зусім ня цікавяцца імі, гледачамі, а ім у сваю чаргу, няцікава сачыць за падзеямі, што адбываюцца на сцэне.

У сьпектаклі 6 карцін. Вучні кожнай з школ стварылі па адной зь іх, а ўсе разам дзеці знаходзяцца на сцэне толькі ў пачатку і ў канцы сьпектакля. У Пралозе і Фінале яны сьпяваюць на англійскай мове. Увесь астатні тэкст – беларускі.

Сюжэт сьпектакля даволі немудрагелісты. Дзеці спачуваюць свайму настаўніку музыкі містэру Гандольфі (гэтую ролю выконвае адзіны прафесійны акцёр, які ўдзельнічае ў сьпектаклі, – заслужаны артыст Беларусі Г. Казлоў), таму што ў дзень нараджэньня яго пакінула сяброўка, не сьпякла нават сьвяточнага пірага. I тады дзеці вырашаюць самі сьпячы пірог, але для гэтага патрэбная пудра, ягады, сьвечкі, прыгожы ручнік, літары для надпісу "З днём нараджэнтня" і чароўны капялюш, каб містэр Гандольфі стаў сапраўдным чараўніком. Пошук гэтых шасьці рэчаў складае сутнасьць кожнай з карцін.

Вось, уласна кажучы, усё. Ідэя твора добрая. Але мастацкі вынік – сьпектакль тэатра-студыі "Казка" – на жаль, зусім не задавальняе.

Па-першае, дзеці, якія іграюць у сьпектаклі, ужо не маленькія, некаторым зь іх наогул па 15–16 год, тады як сюжэт разьлічаны на зусім маленькіх. "Гульня ў дзяцінства" не атрымліваецца ў большасці дзяцей менавіта таму, што яны даўно ўжо перарасьлі прапанаваны ім сюжэт.

Па-другое. З майго боку было-б недарэчнасьцю прад'яўляць дзецям прэтэнзіі за прымітыўна напісаную музыку. На тое яны і дзеці, каб вучыцца яе ствараць. Аднак, калі-б "Чараўнік" быў пастаўлены ў гуртку самадзейнасьці, дык варта было-б захапляцца юнымі кампазітарамі. Сцэна-ж Тэатра музычнай камедыі прад'яўляе занадта вялікі рахунак да таго, што на ёй ставіцца і гучыць. Эксьперыментаваць можна ў вучэбным класе або на самадзейнай сцэне. Прафесійная гэтага ня церпіць. Таму падобныя эксьперыменты тут загадзя асуджаны на правал. Тое, што зрабілі дзеці ў гэтым сьпектаклі, можа быць, цікава з навуковага, музычнага, педагагічнага пункту гледжаньня. Але тэатр жыве па сваіх законах! Тут галоўнае – зацікавіць, натхніць, уразіць. Аднак ні першага, ні другога, ні трэцяга ў "Чараўніку" не адбываецца. Таму выснова: дзіцячай творчасьцю нельга злоўжываць. Яна дапушчальная ў разумных межах, як элемент цэлага, але не як само цэлае. I калі тэатр-студыя "Казка" ня хоча канчаткова страціць сваіх гледачоў і хаця-б крыху прыслухоўваецца да іх меркаваньняў, дык мае словы ня будуць успрыняты як крамола.

У час сьпектакля я вельмі часта згадвала прыказку "Галота на выдумкі хітрая", маючы на ўвазе спробы мастака У. Жданава хаця-б як-небудзь яго аформіць. Відаць, пастаноўка "Кая і Герды" настолькі спусташыла казну маладога тэатра, што ў "Чараўніку" мастаку давялося працаваць згодна яшчэ адной прыказцы: "Са сьвету па нітцы – голаму кашуля". Так, у "Чараўніку" выкарыстаны дэкарацыі і аксесуары сьпектакляў "Сірано", "Сільва", "Мільянерка", "Гісторыя Кая і Герды", "Стойкі алавяны салдацік"... Напэўна, мастак зрабіў усё магчымае. Аднак узьнікае пытаньне да кіраўніцтва тэатра: нашто "гнаць вал", загадзя не разьлічваючы фінансавыя сродкі? Бо такзваны рэшткавы прынцып яшчэ ніколі да добрых вынікаў ня прыводзіў. Зразумела, сьціпласьць сцэнічнага афармленьня далёка не заўсёды атаясамліваецца зь беднасьцю зьмястоўнага боку сьпектакля. Але паколькі ў "Чараўніку" апошні не вызначаецца асаблівым сэнсам, дык сьціплыя дэкарацыі толькі падкрэсьліваюць яго недахопы, даюць падставу думаць пра тое, што ён быў зроблены сьпехам, фармальна. Магу сабе ўявіць, які гнеў і абурэньне выклічуць гэтыя словы ў тых, хто працаваў над сьпектаклем. Гэта – іх роднае дзецішча, і яны, пэўна, будуць аспрэчваць кожнае маё слова. Але я працягваю сьцьвярджаць, што "Чараўнік" – няўдалы эксьперымент, без якога можна было-б абысьціся, што гэта цалкам безадрасны сьпектакль, няцікавы ні дарослым, ні дзецям.

Што датычыць яго фальклорных якасьцяў... Зразумела, беларускі "Чараўнік" абавязкова павінен вылучацца сярод іншых нацыянальным каларытам, і прысутнасьць беларускіх народных песень у сьпектаклі неабходпа. Іх у "Чараўніку" зашмат. Тут і "Купалінка", і "Чаму-ж мне ня пець", і "Саўка ды Грышка", і "Перапёлачка", і "Жавароначкі, прыляціце", тут і танцы "Лявоніха", "Полька-трасуха", тут і беларускія прымаўкі і яшчэ шмат іншага са скарбніцы нацыянальнага фальклору, Але тое, што сьпяваюць і танцуюць дзеці, ня ёсьць сапраўдны фальклор. Гэта псеўдафальклор, адлакіраваны, прылізаны і пададзены, як кажуць, у "экспартным" варыяньце. Акрамя таго, празьмернасьць, зь якой акцэнтуецца беларускі элемент, напэўна, мае ня толькі патрыятычныя, але і куды больш меркантыльныя мэты: спадабацца "заграніцы", прыдобрыцца да яе, кінуцца ў вочы. Ах, як чульліва спалучаюцца беларуская і англійская мовы ў вуснах дзяцей! Ах, як замілавана гучьшь зварот "містэр Дарэл, о'кей?" на фоне беларускіх народных песень! Ах, як пранікнёна і зь якім мілым акцэнтам сьпяваюць дзеці славутую англійскую песьню, прысьвечаную ўсім імяніньнікам "Happy Birthday to you"! Ах! Ах! Ах! Але сапраўдным "апафігеем" сьпектакля можна лічыць зьяўленьне сурова-велічнай "мікрахвалевай" печкі, унутры якой, нарэшце, і ўзьнікае гіганцкі пірог. Са зьяўленьнем "іхняй" печкі ўсё адразу-ж становіцца о'кей і наступае ўсеагульны хэпі энд. Містэр Гандольфі ператвараецца ў сапраўднага Чараўніка, а глядач ці слухач глытае, нарэшце, апошнюю порцыю англійскага тэксту. Экск'юз мі, вядома, але міжволі зноў узьнікае пытаньне: для каго гэты сьпектакль? Можа, для той далёкай заходняй краіны, дзе жыве Д. Рансуінк і дзе наша мова, нашы танцы і песні ўспрымаюцца як экзотыка?..

I апошняе. "Чараўнік" – гэта ня сьпектакль у традыцыйным разуменьні гэтага слова і ўжо тым больш ня "буйны оперны твор". як настойліва сьцьвярджае Л. Шлег (наогул, яе жанравыя характарыстыкі сьпектакляў тэатра "Казкі" адначасова і зьдзіўляюць, і выклікаюць усьмешку). Гэта, хутчэй за ўсё, нейкае відовішча, якое арганізаваў рэжысёр В. Цюпа. Ён сумленна зрабіў сваю справу, і дзякуючы менавіта яму "Чараўнік" набыў нейкую цэласнасьць і сэнс. У "Чараўніку" адчуваецца пэўны ўнутраны рытм, які падтрымлівае разьвіцьцё дзеі ад пачатку да канца. Але, нягледзячы на намаганьні В. Цюпы, хормайстра Т. Гулінай, наогул усіх дарослых, якія дапамагалі дзецям ставіць "Чараўніка", ён пакідае пачуцьцё неўразумеласьці і схільнасць да невясёлых разважаньняў.

Па-першае. Колькасьць пастановак тэатра "Казка" відавочна пераважвае іх якасьць. Як тут ня ўспомніць вядомае прыслоўе: "Лепш менш, ды лепш". Адзін добры сьпектакль на два дрэнных – суадносіны малапрымальныя. У выбары сьпектакляў для пастановак адчуваецца пасьпешнасьць, непрадуманасьць, адсутнічаюць дакладныя крытэрыі адбору (маю на ўвазе "Бабу-Ягу" і "Чараўніка").

Па-другое. Амаль усе сьпектаклі Дзіцячага музычнага тэатра бязадрасныя. Яны зьвяртаюцца да дзяцей увогуле, таму ня ўспрымаюцца кожным паасобку. Яны не прымеркаваныя да ўзросту дзяцей, да псіхалогіі дзіцячага ўспрыманьня. Яны ня ўлічваюць таго, што дзіцячая аўдыторыя строга дыферэнцыруецца і да кожнай узроставай групы патрэбны свой, асаблівы падыход. Тое, што цікава маленькім, зусім ня цікава старэйшым, і наадварот. Было-б някепска, калі-б у тэатры ўсё-такі кожны раз думалі пра гэта. А ўжо потым адміністратары, якія прыходзяць у школы, маглі-б весьці канкрэтную размову з настаўнікамі пра тое, менавіта якім дзецям варта глядзець той або іншы сьпектакль. Наогул, мэтанакіраваная работа з гледачом у тэатры, наколькі я разумею, не вядзецца. Яму востра не хапае музычнага гіда, які-б ня толькі даходліва, захапляльна і артыстычна расказваў маленькім гледачам пра музычны тэатр, музычныя інструменты і г. д., але сустракаў-бы іх ля самага ўвахода, праводзіў у глядзельную залу, суправаджаў у антрактах. Гэта з посьпехам могуць рабіць і самі артысты. I гэта работа ня можа быць разавай, яна павінна праводзіцца пасьлядоўна і грунтоўна.

Па-трэцяе. Лічу недапушчальным выкарыстаньне ў сталічным тэатры фанаграмы ў якасьці музычнага суправаджэньня. Не для гэтага ён быў створаны. Ды й наогул, у музычным тэатры павінна гучаць жывая і толькі жывая музыка, а калі гэтага няма, то такі тэатр можна назваць непрафесійным і самадзейным. Сьпектакль "Асьцярожа! Баба-Яга!" дэманструе гэта больш красамоўна, чым усялякія словы.

I апошняе. У дзейнасьці тэатра назіраецца ўстойлівая пагарда да беларускіх кампазітараў. Ці патрэбны быў сваім "Чараўніком" заморскі госьць Д. Рансуінк, калі ў Менску таксама працуюць кампазітары, якія вельмі даўно займаюцца падобнай справай і робяць гэта больш пасьпяхова? Дык можа ў іх і атрымалася-б лепш? I не было-б помпы, якая суправаджала "Чараўніка", а быў-бы добры, плённы вынік. А замест бяздарнай "Бабы-Ягі" мог зьявіцца цікавы сьпектакль на музыку С. Бельцюкова. Шкада, што тэатр сьвядома недаацэньвае магчымасьці беларускіх аўтараў.

Ну, вось і ўсё. Шчыра кажучы, для мяня асабліва пакутна, што больш прывабная і зразумелая дзейнасьць Дзіцячага тэатра-студыі пры ДАВТе, у якім ідзе спакойная, асэнсаваная праца і ў якім зацікаўленасьць дзецьмі сапраўдная.

Вольга БРЫЛОН.
Мастацтва. – 1992. – № 10. – С. 12–16.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: