Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пра зухаватых гусараў і чароўных дам (Вольга Нікалаеўская, "Літаратура і мастацтва", 15.06.2012)

Пра зухаватых гусараў і чароўных дам (Вольга Нікалаеўская, "Літаратура і мастацтва", 15.06.2012)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПРА ЗУХАВАТЫХ ГУСАРАЎ І ЧАРОЎНЫХ ДАМ

12-165a Колькі дасціпных анекдотаў ходзіць пра паручніка Ржэўскага — зухаватага гусара і ўлюбёнцу жанчын! Але якім насамрэч быў гэты легендарны персанаж? "Гуляка, весялун ды балбатун", — скажаце вы. І памыліцеся! Гэтаму цяжка даць веры, але Ржэўскі зусім не такі, якім яго ўяўляюць многія.

Якая ж "Сапраўдная гісторыя паручніка Ржэўскага"? Чарговая прэм’ера Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, якая адбудзецца 8 і 9 ліпеня, адкрые ўсю праўду пра героя жартаў ды пагалосак. Ставіць гусарскі вадэвіль "Сапраўдная гісторыя паручніка Ржэўскага" галоўны рэжысёр тэатра Сусана Цырук.

— Сусана Юр’еўна, п’еса пра паручніка Ржэўскага, напісаная расійскімі аўтарамі Алегам Соладам, Андрэем Максімкавым ды Ігарам Бедныхам, трапіла ў наш музычны тэатр не так даўно. І адразу ж была ўключана ў план пастановак на бліжэйшы час. Гэтак бывае рэдка, куды часцей аўтары гадамі чакаюць, каб іх твор быў пастаўлены. А тут усе загарэліся ідэяй і кінуліся яе ўвасабляць! Пэўна, матэрыял спадабаўся "з першага погляду"?

— Так! Аўтары даслалі п’есу па электроннай пошце дырэктару нашага тэатра, Аляксандру Пятровічу. Ён прачытаў тэкст з вялікай цікавасцю і прапанаваў не марнуючы час узяцца за працу. Да таго ж, п’еса цудоўна раскладваецца на калектыў: з размеркаваннем на ролі ў мяне не было ніякіх праблем. Адразу вызначылася, што Ржэўскага будзе выконваць наш малады артыст Алег Прохараў, а карнета Абаленскага — Віктар Цыркуновіч. На ролю маці Ржэўскага мы запрасілі народную артыстку Беларусі Наталлю Гайду. Спецыяльна для яе персанажа дапісвалася любоўная лінія, якой у першапачатковым сюжэце не было. Мы папрасілі аўтараў прыдумаць рамантычную гісторыю для маці Ржэўскага і Базарава (бацькі каханай паручніка — Наталі) і стварыць сольны музычны нумар для Наталлі Гайды. Кампазітар Уладзімір Баскін адгукнуўся на нашу просьбу з вялікім задавальненнем. Ён пазнаёміўся з Наталляй Віктараўнай, усклікнуў: "Я усё зразумеў!" — і праз два дні ў нас ужо быў цудоўны раманс і тонка прапісаная лірычная лінія для гэтых персанажаў. І наогул, герояў "Сапраўднай гісторыі паручніка Ржэўскага" аб’ядноўвае тое, што ўсе яны мараць пра каханне. Толькі каханне кожны разумее па-свойму. Але ў выніку ўсе знаходзяць сваё шчасце. Яшчэ вельмі прыемна тое, што ўсе дамы ў гэтым спектаклі — чароўныя і абаяльныя. А мужчыны — мужныя ў самым лепшым сэнсе гэтага слова. Іх можна кахаць, захапляцца імі, дараваць ім маленькія недахопы.

— Ці ёсць у вас у гэтым спектаклі ўлюбёны персанаж?

— Напэўна, не. П’еса напісаная настолькі добра, што немагчыма камусьці з яе герояў аддаць перавагу. Усе яны раўназначныя, і ў спектаклі не будзе другасных роляў. Я сказала б, што для кожнага з артыстаў гэтая прэм’ера стане бенефіснай. Да таго ж, ім самім вельмі падабаецца матэрыял, таму рэпетыцыі праходзяць з добрым настроем і ў атмасферы весялосці.

— Матэрыял сапраўды вельмі цікавы. Гэта цудоўная камедыя становішчаў, з дасціпнымі дыялогамі, дынамічным сюжэтам і хітовай музыкай расійскага кампазітара Уладзіміра Баскіна.

— Дарэчы, п’еса даволі гуллівая, з мноствам падтэкстаў. Але тут я хацела б зняць капялюш перад аўтарамі: нават пры некаторай двухсэнсоўнасці пэўных тэкстаў, яны добра трымаюць ватэрлінію і не апускаюцца да пошласці. Рамантычныя сцэны чаргуюцца з востракамічнымі, а ў выніку — лёгкі займальны сюжэт. У спектаклі мы пастараемся адпавядаць аўтарскай задуме. А яшчэ ў такім выдатным ігравым матэрыяле важна захаваць баланс цвёрдай рэжысуры з добра падрыхтаванай акцёрскай імправізацыяй.

— Як бы вызначылі вы асноўны пасыл новага спектакля?

— Радасць! Я хачу, каб людзі выходзілі з глядзельнай залы са шчаслівымі ўсмешкамі на тварах. "Сапраўдная гісторыя паручніка Ржэўскага" атрымаецца цалкам пазітыўнай, а што датычыць фабулы спектакля, дык яна будзе проста нечаканая для гледачоў.

Вольга НІКАЛАЕЎСКАЯ.
Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ.
Літаратура і мастацтва. – 2012. – 15 чэрв. – С. 19.

На здымку: артысты Віктар Цыркуновіч і Алег Прохараў у вобразах Абаленскага і паручніка Ржэўскага.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: