« Назад
Шчасця многа не бывае?
Суботнім вечарам 25 студзеня, калі грамадскасць традыцыйна адзначала Таццянін дзень, Дзень студэнта і, сёлета, яшчэ і кітайскі новы год, а яўрэі — шабат, артысты і супрацоўнікі Музычнага тэатра не адпачывалі. У іх было сваё свята — прэм’ера мюзікла расійскага кампазітара-класіка Веніяміна Баснера. Дык якое ж "Яўрэйскае шчасце"?
Закранутая ў спектаклі гісторыя становіцца быццам працягам яшчэ аднаго мюзікла ў рэпертуары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра — "Шалом алейхем! Мір вам, людзі!" знанага беларускага кампазітара Алега Хадоскі. Там фіналам была вымушаная эміграцыя яўрэйскай сям’і з дарэвалюцыйнай Расіі ў Амерыку. Тут — жыццё яўрэяў на беднай нью-ёркскай вуліцы Піт у 1920-я. У аснову быў пакладзены шмат у чым аўтабіяграфічны раман Давіда Фрыдмана "Мендэль Маранц". Напісаны ў 1925-м, ён адразу патрапіў у Савецкі Саюз, быў перакладзены на рускую мову, надрукаваны, інсцэніраваны і… на доўгі час забыты. Мюзікл з’явіўся ў 1994-м і стаў апошнім буйным творам Баснера, больш вядомага па сваіх ваенных песнях. Дарэчы, сусветная прэм’ера 1996-га прайшла ў арганізаваным кампазітарам тэатры і пры ўдзеле аўтара, які іграў на скрыпцы. Пазней па тым жа рамане быў напісаны і пастаўлены яшчэ адзін мюзікл — "Пол-Нью-Йорка мне теперь родня" Уладзіміра Шаінскага.
Рэжысёр Міхаіл Кавальчык пазнаёміўся з творам Веніяміна Баснера яшчэ ў 1990-я, калі кіраваў Стаўрапольскім тэатрам аперэты. Але там ішоў "Скрыпач на даху", і яшчэ адзін спектакль уяўляўся залішнім. Летась, запрошаны паставіць у Пяцігорску "Марыцу", Міхаіл Станіслававіч вярнуўся да таго пытання — і прывёз у Мінск клавір.
Музыка — яркая, запамінальная, сучасная і вельмі "маладая". Утрымлівае, як і павінна быць у сапраўдным мюзікле, не толькі песенна-танцавальныя нумары, але і ансамблі, разгорнутыя сцэны. Лібрэта пярэсціць адметным гумарам, асабліва многа трапных адказаў на пытанне: "Што такое жонка?" Сам зварот да гэтага твора — вялікая ўдача для тэатра. Увасабленне таксама можна назваць творчым поспехам.
Ашчадная аркестроўка, зробленая галоўным дырыжорам Юрыем Галясам з улікам асаблівасцяў нашага тэатра,уважлівасць і шчырая музычнасць інструменталістаў, умелае выкарыстанне гарнітуры дазваляюць спевакам не фарсіраваць гук. Выканаўцы галоўных роляў танчаць больш, чым занятыя ў спектаклі артысты балета. Ды як заўзята, стыльна яны гэта робяць! Балетмайстар Юлія Міхайлава, маючы за плячыма замежныя стажыроўкі, выкшталцона з’яднала нацыянальную яўрэйскую пластыку з джазавай і, да ўсяго, знайшла для кожнага з салістаў тыя рухі, што дазваляюць натуральна, а не змушана, пачуваць сябе на сцэне. Асабліва вылучаецца пачатковы дуэт Мендэля і Зельды, аздоблены такімі сучаснымі прыёмамі, як танцы седзячы, праца з тканінай.
Сцэнаграфія Андрэя Меранкова спалучае металічныя канструкцыі гарадскіх лесвіц-пераходаў, што нагадваюць атмасферу вакзала, і кавалачак хатняга інтэр’ера з канапай, змешчаны быццам на нейкім нахіленым плоце — пасярод не столькі вуліцы, колькі бурлівай ракі жыцця. Разам з відэа на задніку гэта забяспечвае імклівую змену карцін, спрыяе добраму тэмпарытму, як нельга лепей адпавядае асаблівай кінематаграфічнасці мюзікла, дзе пераважае мантажнасць, а не паслядоўнасць драматургічнага разгорту. А вось на сцэнічных строях, здаецца, вырашылі сэканоміць, бо частка іх — новыя, астатнія ж, як гаворыцца ў такіх выпадках, на падборы. І гэта адразу кідаецца ў вочы, бо парушае агульную вытрыманасць стылю.
На жаль, тыя ж стылёвыя неадпаведнасці, памножаныя на розную якасць гуку, узнікаюць з-за дададзеных да арыгінальнай музыкі фрагментаў у запісе. Дый сама сцэна з грампласцінкай, дзе на фоне закаханых сужэнцаў, што стаяць у абдымку, кружыцца балетная пара, становіцца "спасылкай" да ўлюбёных прыёмаў мінулых дзесяцігоддзяў.
Поспех спектаклю забяспечваюць добрыя артысты. Віктар Цыркуновіч, Яўген Ермакоў, Сяргей Кілеса выглядаюць ну проста прыроджанымі тыпажамі, кожны складае адметны характар свайго персанажа, не паўтараючы іншых. Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова малюе сваю Сару чалавекам новай генерацыі, лепей прыстасаванай да амерыканскіх рэалій з іх фемінісцкім адценнем. Мікалай Русецкі надае няўпэўненаму, закамплексаванаму Оскару адкрыта камічныя рысы. Ды ўсё ж самай, бадай, складанай па ўвасабленні гераіняй застаецца Зельда. Кацярына Дзегцярова з усёй адказнасцю паставілася да працы над вобразам, але крыху перастаралася, месцамі надта рупліва капіруючы праславутую "цёцю Соню" Клары Новікавай. Музыкант і адначасова апавядальнік у выкананні Дзяніса Нямцова атрымліваецца і ўдзельнікам падзей, і,
разам з тым, кімсьці накшталт медыума, які злучае мары з іх увасабленнем — хай і не заўсёды такім, на якое разлічвалася.
А ўвесь спектакль, акрамя ўласна эстэтычнай асалоды і прымудрона смешных эпізодаў, вабіць спробай не звыклага паказу, а больш глыбокага асэнсавання. Гэткім мэсэджам, агульным пасылам, скіраваным на гледача, становіцца пачуццё ўсеабдымнай любові — адно да аднаго, да прыроднага і чалавечага асяроддзя, да ўсіх сяброў і блізкіх. І, нарэшце, да дзяцей, якія ў спектаклі ўзрастаюць ад "кветак жыцця" да ягонага сэнсу.
На здымках: сцэны са спектакля.
Фота Сяргея ЧЫГІРА
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
"Культура". - 2020. - 1-8 лют.
|