« Назад Каб не прамахнуцца... Бяспройгрышны варыянт — прапанаваць дзецям (а галоўнае, іх бацькам, якія паклапоцяцца пра квіткі) добра "раскручаную" казку. Гэткую казачную класіку. Але, вядома, на новы лад. І што атрымалася? (Заканчэнне. Пачатак у № 2) Два па кошце аднаго Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр падрыхтаваў да свята адразу два дзіцячыя спектаклі — пра Ямелю з чароўным Шчупаком і пра дамавёнка Кузю з яго не менш легендарным сябрам Нафаням. Перагукаліся і назвы, бо пачыналіся са слоў "Навагоднія прыгоды…" А вось самі музычныя казкі аказаліся вельмі рознымі — па ўсіх параметрах. "Навагоднія прыгоды Ямелі" можна назваць, у некаторай меры, гэткім сямейна-сяброўскім праектам са сваімі традыцыямі. Музыку напісала Гельсят Шайдулава, з якой у нашага тэатра даўно ўсталяваліся творчыя сувязі: балет "Клеапатра", дзіцячыя мюзіклы "Прыгоды Кая і Герды", "Чароўны сон Папялушкі", якія рыхтаваліся да навагодніх святаў у мінулыя гады, таксама належаць ёй. А рэжысёр Настасся Сілаева — яе дачка. Калі праводзіўся б конкурс на лепшую ацэнку новага спектакля, варта было б прыслухацца да хлопчыка, што сядзеў у мяне за спінай. На пытанне сваёй маці, што яму спадабалася болей, ён без залішніх разваг сказаў, як адрэзаў: "Шторкі". І патлумачыў: "Яны самі і рассоўваліся, і зацягваліся — без усялякага Шчупака і загадаў". Калі галоўным цудам успрымаецца менавіта завеса, прычым у спектаклі, пабудаваным на чараўніцтвах, дык гэта пра многае гаворыць. І найперш, пра недахоп рэжысёрскай фантазіі. Музыка пабудавана на клішэ. Ямеля і яго атачэнне малююцца праз псеўдафальклорныя матывы, распаўсюджаныя ў расійскай папсе. Баба Яга — праз рок-стылістыку, якая пры такім раскладзе становіцца сімвалам чагосьці заганнага, але выклікае ў зале першыя апладысменты, як таго і належала чакаць. Хіба што пошукі чароўнага каменя Радамарына (а гэта ключавы сюжэтны паварот, зафіксаваны ў назве той рэдакцыі спектакля, што будзе ў рэпертуары тэатра з сакавіка) лагічна прыводзяць да высновы: каханне мацнейшае за любое чараўніцтва, а лепшыя цуды ствараюцца ўласнымі рукамі. У апошнім пераконваюць "Навагоднія прыгоды дамавёнка Кузі" — цалкам беларускае стварэнне (за выключэннем самой сюжэтнай канвы, пазычанай з вядомага мульціка). Музыка нашага маладога прафесійнага кампазітара Паўла Шведава — даволі яркая, стылёва вытрыманая, цікавая нешараговымі ходамі. Лібрэта стварыла рэжысёр Валерыя Чыгілейчык — нядаўняя выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў. Перасоўныя канструкцыі паварочваюцца рознымі бакамі і тым самым хутка змяняюць месца дзеяння (мастак — Андрэй Меранкоў). Дый сама дзея развіваецца імкліва, артысты іграюць з тым запалам, што беспамылкова выдае іх уласную прыязнасць да прэм’еры. У адноўленым выглядзе, без прывязаных да свята спасылак (і, што вельмі важна, з аркестрам, а не пад фанаграму "мінус 1") спектакль вернецца ў афішу ў другой палове лютага — не прапусціце! Дарэчы, спроба падзяліць заяўленую аднаактоўку на дзве дзеі сябе цалкам, на мой погляд, апраўдала. Маладзёжны тэатр эстрады таксама рыхтаваў два новыя спектаклі, а таксама прадаставіў сцэну для аўтарскага беларускамоўнага праекта Рамана Арлова "Як літара Ў уратавала Каляды". Спектаклі атрымаліся цалкам рознымі, ішлі на розных пляцоўках: да стацыянарнай сцэны дадалася прастора былога Белэкспа, скарыстаная для квэст-шоу "У гасцях у казкі". Цудоўная ідэя спалучыць звыклыя карагоды пад ёлачкай з элементамі дыскатэкі, квэста, імерсіўнага тэатра і іншых модных форм раз-пораз скатвалася да традыцыйных прыёмаў масавікоў-забаўнікаў. Маючы гарнітуру, артысты ўсё роўна ўвесь час узмацнялі гук крыкам, а гэта ніяк не спрыяла атмасферы. Дзеці добра наскакаліся, але змест казачнай гісторыі, пэўна, уцямілі не ўсе. І справа не толькі ў непрыстасаванай акустыцы, дзе гук лётае, бы ў гулкай спартзале, але і ў невыразных строях смайлікаў, якія былі галоўнымі дзейнымі асобамі. Дый назва спектакля настройвала хутчэй на гэткую віктарыну па хрэстаматыйна вядомых казках, а не на вандроўку па Смайлалэндзе. А вось другая прэм’ера Тэатра эстрады — "Навагодняя СМСка" — аказалася сапраўднай каляднай гісторыяй. Маленькая выхаванка дзіцячага дома не верыць у Дзеда Мароза і дасылае яму пра тое СМСку, але паверыць у цуды ўсё ж давядзецца. Амаль бессюжэтная дзея скрозь прасякнута дабрынёй. І ціхім (між іншым, не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе), без аніякіх кідкіх "транспарантаў", вельмі і вельмі шчырым заклікам рабіць дабрачынныя справы. Гэта менавіта тая казка, якіх нам апошнім часам не хапае: без зласлівых, вераломных ворагаў, якія хочуць сапсаваць свята, затое з барацьбой унутры сябе, бо менавіта яна звычайна не дазваляе чалавеку быць напоўніцу шчаслівым. На мяжы традыцыйна-сучаснага ТЮГ заінтрыгаваў ужо назвай — "#Навагодняе_прадстаўленне ў стылі Story Instagram". Насамрэч усё аказалася куды больш простым: Баба-Яга і Лешы завалодваюць чароўным посахам каб пераблытаць поры года, але Белачка і Зайчык разам з маленькімі гледачамі ўсё выпраўляюць. Праўда, Белачка ў п’есе — руплівая, у спектаклі ж — стаіць, бы статуя. Зайчык — неаадварот, крыху гультаяваты, а выбрыквае, бы артыст балета. Ягуся з замашкамі дурненькай бландынкі любіць рабіць сэлфі, выкладвае іх у сацыяльныя сеткі (усё гэта мы бачым на экране з відэавыявамі) і чакае лайкаў. Навошта? Каб пазбавіцца адзіноты. А Лешы і ўвогуле аказваецца спагадлівай, ды слабай духам істотай, таму і падпадае пад уздзеянне сяброўкі. Такі адносны падзел герояў на станоўчых і адмоўных прывучае бачыць у кожным з іх розныя рысы, як звычайна і здараецца ў жыцці. Спектакль быў створаны паводле аўтарскай п’есы яго рэжысёраў — Ягора Невяровіча і Яўгеніі Давідзенка, якія апошнім часам шмат працуюць з Цэнтрам беларускай драматургіі (акурат учора, да прыкладу, там адбылася чытка п’есы Паўла Пражко "Жыццё ўдалося", ажыццёўленая Яўгеніяй Давідзенка). Гэткая "праверка дзецьмі" заўсёды больш складаная. Не пазбаўленая некаторых хібаў, Story Instagram стала іх практыкай у тэатры. Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр спыніўся на бяспройгрышнай "Папялушцы", але ўзяў за аснову п’есу Яўгена Жураўкіна — колішняга выпускніка нашай Акадэміі мастацтваў, які ўжо дваццаць гадоў жыве і працуе ў Севастопалі. Сем гадоў таму яна ставілася ў Сучасным мастацкім тэатры, а напісана і ўвогуле была ў Мінску. Спектакль вабіць адметнымі сцэнічнымі строямі Вікторыі Ця-Сен. Дзеці радасна рэагуюць на двух блазнаў, якія і распавядаюць гэту казку, і трапляюць у яе. Але колькі можна ўтрыраваць парадыйныя паводзіны Мачахі і Сёстраў? Дый Папялушка выглядае не столькі добрай, колькі жудасна прыгнечанай. І гэта станоўчая гераіня? Ці можна паверыць яе пераўвасабленню ў прынцэсу? Для дарослых той жа Маладзёжны прапанаваў "амаль камедыю" па п’есе расійскага тэатральнага педагога Радзівона Аўчыннікава "З надыходзячым!" Прызначаная для знаных кіназорак, яна можа трымацца выключна на цікавасці гледачоў да пэўных артыстаў. І на шалёнай энергетыцы апошніх. Бо ў астатнім — гэта бясконцыя дыялогі-спрэчкі пра ўсё на свеце, крыху адцененыя з’яўленнем шматлікіх эпізадычных персанажаў. Асабіста мне не зразумела, навошта было ставіць гэта ў нас, хай і ў скарочанай версіі? Хіба каб зрабіць касу з дапамогай прыцягальнай назвы: усе паказы былі аншлагавымі. Але наўрад ці прыбытак ад квіткоў пакрые выдаткі. Сцэнаграфія Андрэя Меранкова далёка не танная ў грашовым вымярэнні — і пры гэтым практычна "не працуе". Два ліфты, два вялізныя празрыстыя цыліндры, што падвешаны зверху і змяняюць колер, бы штосьці інфернальнае, перагукаюцца па сэнсу з "Атэлем двух сусветаў". І настройвае на філасофска-"касмічнае", з адценнем прыпавесці рашэнне побытавай, па сутнасці, гісторыі: на лесвічнай клетцы нечакана для сябе сустракаюцца двое аднакурснікаў з тэатральнага. Але рэжысёр Андрэй Гузій пакідае спектакль у рэалістычна побытавых рамках — і гэта выклікае недавер да ўсёй дзеі, дзе канцы з канцамі не сыходзяцца. Таленавіты Яўген Іўковіч цягам усяго спектакля вымаўляе тэкст на павышаных інтанацыях і крыку. Так, ён іграе даволі абмежаванага, вечна незадаволенага акцёра, што растраціў свой дар. Але чаму ў той жа манеры гучаць і асабістыя прамовы героя — каб паказаць, што ён не можа быць шчырым? Калі хто і стварыў папраўдзе святочны настрой, дык гэта Чарнігаўскі музычна-драматычны тэатр імя Т. Шаўчэнкі, паказаўшы "Ноч на Каляды" ў рамках гастрольнага фэсту "Гогаль на Каляды". Пры ўсёй прастаце, але трапнасці сцэнаграфіі з "чорным кабінетам" у аснове, музычная камедыя з дыялогамі Міхала Старыцкага выпраменьвала ўсе адценні нацыянальнага характару, ззяла вынаходлівасцю, паралелямі з сучаснасцю, тонкай іроніяй і любоўю (пастаноўка, мастацкае і музычнае афармленне — мастацкага кіраўніка і галоўнага рэжысёра тэатра Андрэя Бакірава). Пераклад з украінскай не патрабаваўся. Зайздрасць брала, што ў нас пакуль няма такога ж "скрозь беларускага" святочнага спектакля з нашымі калядкамі. Канцэрты — з’яўляюцца. І ў філармоніі, і на прыватных сцэнах. Абрады — жывуць. Можа, дойдуць калядоўшчыкі і да нашай тэатральнай прасторы? Наспеў час ставіць не толькі навагоднія прыгоды, але і "Каляды па-беларуску". Больш за стагоддзе таму гэту справу пачынаў тэатр Ігната Буйніцкага. Сёння тыя пачынанні могуць выйсці на новы ўзровень. І "Літарай Ў" тут не абыйсціся. Фота прадастаўлены тэатрам Надзея БУНЦЭВІЧ |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by