« Назад СПАДАРОЖНАГА ВЕТРУ!
Тэатр музычнай камедыі ў Мінску рыхтуецца да адкрыццяЗа адзін вечар і адну раніцу, якія я правяла ў зале, фае і калідорах тэатра музычнай камедыі, які арганізоўваецца ў Мінску, мне давялося пагаварыць з мнгоімі артыстамі, тэхнічнымі работнікамі, рэжысёрамі. Я не выбірала сваіх субяседнікаў, а гутарыла з тымі, хто быў побач. І ўсе яны сцвярджалі адно: "Тэатру быць!" – Тэатру быць! Паверце майму вопыту, майму воку, майму вуху, – гаворыць старшы машыніст сцэны Мікалай Варанцоў. Я невыпадкова спасылаюся на яго думку. Мікалай Мікалаевіч – чалавек, як кажуць, на тэатры не новы. Яму даводзілася працаваць у многіх калектвах, шмат бачыць. – Працаваць цікава, калі ты сам кладзеш першы, запаветны камень у пабудову, – гэта захапляе. Таму я адмовіўся ад большага акладу ў філармоніі, успомніў аб пачыне Валянціны Гаганавай і перайшоў сюды, – жартуе габаіст Уладзімір Мардас. – Аркестр у нас малады. Сярэдні ўзрост музыкантаў, бадай, 25-26 гадоў. І амаль ўсе – выхаванцы нашай кансерваторыі. Ёсць сярод аркестрантаў і масквічы, і музыканты іншых гарадоў. Думаю, сыграемся! Сяджу ў зале на рэпетыцыі, гляджу на артыстаў хору, балета, салістаў, якія запоўнілі амаль што ўсю сцэну, і думаю над словамі Валодзі: сыграемся… Як цяжка, неверагодна цяжка арганіаваць спектакль! Дырыжор, хормайстар, балетмайстар, рэжысёр – усе ў "справе". Гранічнае напружанне. Загучаў аркестр. Уступіў хор. Не, нешта не так. Хормайстар Нэла Сяргееўна Андросава перапыняе рэпетыцыю. Рэжысёр Аляксандр Сяргеевіч Барсягян бяжыць на сцэну. Адлегласці, якія ён "набягае" на рэпетыцыі, бадай, вымяраюцца кіламетрамі. – Стоп! Стоп! Ціха, не размаўляць! – крычыць ён, хоць на сцэне і ў зале ідэальная цішыня. Яго можна зразумець: яму хочацца звышзасяроджанасці ў такія напружаныя хвіліны. А вось ужо і балет з'явіўся. Малады яшчэ балет. Учарашнія выпускнікі Мінскага харэаграфічнага вучылішча. Артысты зусім няўпэўнена адчуваюць сябе на сцэне: хвалююцца і робяць не так, як трэба, і, канечне ж, гарачацца, і хочуць выглядаць дарослымі, сталымі. Ой, як многа вучыцца ім яшчэ давядзецца! Ой, як многа!.. Дасведчаны тэатрал можа ўсміхнуцца: маўляў, не яны першыя, не яны апошнія ставяць аперэту, няма чаго панікаваць. Так, гэта правільна. Але адна справа – ставіць спектакль ва ўжо сыграным калектыве, дзе вядомы характар кожнага акцёра, яго схільнасці, дзе нават па ледзь прыкметным руху здагадваюцца, які ў артыста настрой, дзе па тым, як сёння трубач "вывеў" першую ноту, можна дакладна сказаць, як ён сябе адчувае, і г. д. і да т. п. А тут, калі нават не ўсе імёны запомніліся, калі знаёмства толькі-толькі наладжваецца, – тут, канечне, цяжка. Да адкрыцця тэатра засталося менш як два месяцы. Рэпеціруецца аперэта І. Дунаеўскага "Вольны вецер". Ужо закончана работа над кальманаўскай "Фіялкай Манмартра". На чарзе – аперэта Ю. Семянякі "Спявае "Жаваранак". "Нет капитала, ну так что же, раз вы друг другу под душе", – спявае хор. Я ўладкавалася ў куточку сцэны, дзе стаіць раяль. Адсюль добра чуваць і відаць таксама, толькі ракурс незвычайны – збоку. Тут я не адна. Віктар Бажэнаў, які як я даведалася потым, іграе ў гэтым спектаклі гаспадара карчмы, таксама прыладзіўся ля раяля. Зараз ён у палоне таго, што адбываецца на сцэне. Асабліва яго ўвагу прыцягвае выканаўца ролі Янгі – Уладзімір Тытэнка. Ён нават спявае разам з ім. Спявае і выразна жэстыкулюе. Напэўна, ведае, што адсюль на сцэне і ў зале яго не пачуюць. Віктар у гэтым годзе закончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве. Яго запрасілі ў Мінск у новы тэатр, і ён з радасцю прыехаў, хоць раней у Беларусі не бываў. А вось другі выканаўца ролі гаспадара карчмы – Якаў Яўна – мінчанін. Тут закончыў 12-ю школу, музычнае вучылішча, потым быў інстытут Гнесіных, і вось ён зноў дома. Якаў вельмі рады, што ўсё так здорава атрымалася. "Что поет вольный народ? Песню о вольном ветре…" Музыка І. Дунаеўскага і праз гады прыцягвае і хвалюе. Ды і змест п'есы – барацьба народа за сваё вызваленне, за свабоду – як заўсёды, актуальны. – Яшчэ некалькі гадоў таму ў рэпертуары музычных тэатраў асноўнае месца займала так званая "неавенская" традыцыйная аперэта, – гаворыць Аляксандр Сяргеевіч Барсягян. – Але зараз яна саступае месца сучаснай аперэце, нараджэнне якой звязана з імёнамі такіх кампазітараў, як Ц. Хрэннікаў, В. Мурадэлі, А. Пятроў. Для яе характэрна расшырэнне тэматыкі, яна спрабуе ставіць і вырашаць сур'ёзныя актуальныя праблемы, шырока выкарыстоўваючы дасягненні кіно і драматычнага тэатра. Вялікую папулярнасць набылі і мюзіклы, напрыклад, такія, як "Мая цудоўная лэдзі", "Чалавек з Ламанча", фанвізінскі "Недаростак" і іншыя. Пакуль што цяжка сказаць, па якім шляху пойдзе наш мінскі тэатр. Гэта залежыць ад многага: і які рэжысёр узначаліць тэатр, і як канчаткова складзецца трупа, і ад гледачоў, бо, як гаварыў У. Меерхольд, "тэатр будуецца не толькі тымі, хто працуе на сцэне, хай нават таленавіта, тэатр ствараецца яшчэ і воляй глядзельнай залы". Застаецца толькі цярпліва чакаць. І спадзявацца. Спадзявацца, што будзе цікавы, яркі, тэатр, не падобны ні на адзін з ужо існуючых. Са сваім своеасаблівым рэпертуарам. Для тэатра ўжо зараз пішуць свае новыя творы кампазітары Я. Глебаў, Г. Вагнер, Д. Смольскі, яны звярнуліся і да "некранутых" аперэтай твораў – "Тарас на Парнасе", "Пінская шляхта", "Несцерка"… – Мы, канечне, марым аб яркай цікавай рэжысуры, – гаворыць заслужаная артыстка РСФСР Ніна Равінская. – Са свайго вопыту магу сказаць, што без сапраўднага, творча мыслячага, маладога (справа, канечне, не ва ўзросце) рэжысёра-мастака тэатр асуджаны на нікчэмнае існаванне. Хочацца, каб да нас хадзіла не публіка, якая захапляецца легкаважкім жанрам, а сур'ёзны глядач са сваімі пытаннямі і трывогамі… Рэпетыцыя працягваецца. Сёння Стэлу спявае Алена Тытэнка. А другая Стэла – Наталля Гайда – зараз у зале. У перапынку яна мне расказала, што блізкія сябры не раілі ёй ісці ў аперэту. Асабліва муж – саліст оперы. Ды яна і сама працавала ў оперы. "Опера – гэта сур'ёзна, гэта сапраўднае мастацтва", – пераконвалі яе. А Наталля не паслухалася. – У мяне такі характар: я і спяваць люблю, і танцаваць, і драматургічнае мастацтва мне па душы, – гаворыць Наташа. – Не, аперэта – гэта сур'ёзна, гэта мой лёс… Быццам згаварыліся артысты. Многія паўтаралі мне гэтую фразу: "Аперэта – мой лёс". Дарэчы, нічога дзіўнага. У тэатр прыйшлі працаваць маладыя і ўлюбёныя. Пакуль хор яшчэ і яшчэ раз задае пытанне: "Стэла, што з табой?", я падымаюся ў кабінет – маленькі, чысценькі кабінет, які пахне свежай фарбай. Так, я забылася сказаць, што тэатр будзе часова працаваць у памяшканні клуба імя Дзяржынскага. Зразумела, "часовая прапіска" – далёка не лепшы варыянт для тэатра. Памяшканне, дзе выступаць такой трупе, нязручнае, а рэпетыцыйная зала наогул цесная. Зрэшты, балету наогул няма месца, і для яго даводзіцца здымаць памяшканне ў Зялёным Лузе. Але і гэта яшчэ не ўсё. У розных месцах горада размешчаны і цэхі. Так, сталярны, напрыклад, прытуліла 26-я школа (дзякуй богу, школы цяпер будуюць прасторныя); пашывачны цэх наогул не могуць укамплектаваць, таму што вельмі нізкія стаўкі, амаль што ў два разы ніжэй, чым у камбінаце БТА, а работа адказная, трэба адзець усіх – ад жабракоў да караля. Не жартачкі… Я крышачку адхілілася ад асноўнай размовы, таму што ў кабінеце (я зайшла туды, каб паглядзець макет дэкарацый "Вольнага ветру", якія зрабіў мастак А. Аруцюнян) да мяне падышоў Уладзімір Лаўрэнцевіч Кучар – загадчык пастановачнай часткі і расказаў пра гэта. Пастановачная частка ў тэатры – гэта той махавік, які прыводзіць у рух дзесяткі маленькіх шасцяронак… Цяжкавата на першых парах, але ў пачатку заўсёды цяжка, і тут ніхто не скардзіцца, усе вераць, што пройдзе некалькі гадоў – і вырасце ў Мінску дом, дзівосны дом, незвычайны дом. Гэта і будзе тэатр аперэты. Я гляджу на дэкарацыі – гэта палуба карабля, на якой разгорнуцца падзеі. Я гляджу на дэкарацыі, чую галасы выканаўцаў, якія далятаюць знізу, бачу будучы спектакль… Спадарожнага ветру! Ірына ПІСЬМЕННАЯ. Літаратура і мастацтва. – 1970. – 30 кастр. |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by