« Назад Ператворым канцэрт у спектакль! Салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Лідзія Кузьміцкая і піяністка Алена Аляксеева, якая выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, даўно стварылі творчы тандэм, добра вядомы аматарам класікі. Штогод яны то ўдвух, то разам са студэнтамі рыхтуюць чарговае тэатралізаванае выступленне, ахопліваючы самыя розныя сцэнічныя пляцоўкі. Гэтым разам чуйнымі канцэртмайстрамі выступалі выхаванцы класа А.Аляксеевай, а імпрэза была прымеркавана да 180-годдзя рускага кампазітара М.Мусаргскага. Раней былі і моцартаўская праграма, аздобленая ліставаннем кампазітара, і монаопера Ф.Пуленка "Чалавечы голас", і шматлікія іншыя прыемныя неспадзяванкі. Дый у творчасці М.Мусаргскага выбар быў спынены на кантрасных вакальных цыклах, своеасаблівая "арка" паміж якімі ўтварыла філасофскі разгорт чалавечага жыцця — ад дзяцінства да шматаблічнай смерці. Астатнія творы таксама былі ўпісаны ў гэтую тэматычную канву: невыпадкова ў якасці прэамбулы прагучаў раманс "Горними тихо летела душа небесами…", які быццам "закальцаваў" адлёт душы ў час смерці з новым нараджэннем. Банцік, гарэзлівыя "хвосцікі" з валасоў, кароткія штонікі — артыстка паўстала перад намі гераіняй вакальнага цыкла "Дзіцячая". А як змяніўся яе голас! І працягваў набываць усё новыя адценні ў залежнасці ад зместу, бо ў другой частцы цыкла аповед вёўся ад імя нянюшкі. Гэта, мабыць, і ёсць самае галоўнае ў музычных пераўвасабленнях — абмалёўка персанажаў не толькі візуальна, а найперш уласна гукавымі фарбамі. Што ж да знешніх паводзін, дык па завяршэнні дзіцячага цыкла артыстка не сышла ў кулісы, як прымадонна, а… паскакала разам са студэнткай-канцэртмайстрам. Ды так спрытна і весела, быццам куды маладзейшая за дзяўчыну. Дадам, што "Дзіцячая" ў выкананні Лідзіі Кузьміцкай ужо неяк упрыгожвала яе філарманічны сольнік. Але гэта было крыху іншае выкананне. І тое, што з кожным чарговым выхадам на сцэну спявачка працягвае скараць усё больш глыбокія пласты спасціжэння кампазітарскай задумы, сведчыць пра яе папраўдзе сур’ёзнае стаўленне да прафесіі, якое не вычэрпваецца афішай тэатра, а ахоплівае вяршыні вакальнага рэпертуару сусветнай класікі. Пры ўсёй размаітасці частак другога цыкла М.Мусаргскага — "Песні і скокі смерці", на першы план выйшлі расстаўленыя ў ім асацыятыўныя і філасофскія акцэнты. Лёгкая белая тканіна ў руках салісткі, бы тая вучылася на артыстку тэатра лялек, паўставала дзіцём, вэлюмам, ваенным сцягам, саванам — пахавальным і снежным. Уражанне ўзмацнялі дадатковыя светлавыя эфекты, канчаткова ператварыўшы канцэрт у монаспектакль. У кульмінацыі цыкла было папраўдзе страшна, настолькі дакладна спявачка змагла данесці маштабы смяротных нягодаў. У фінале ж замерла, стаўшы быццам скульптурнай выявай багіні Нікі і сімвалізуючы перамогу духа над любымі катаклізмамі. А "на біс" накінула на плечы хустку з пярэстымі кветкамі — прыроджаная гераіня каларытнага "Сарочынскага кірмашу". Раптам падумалася: ну чаму гэта опера ў нас не ідзе? Дарэчы, у тым жа Музычным тэатры гэта магло б быць выдатным папаўненнем рэпертуару і школай для спевакоў. А пакуль — спектаклямі становяцца канцэрты, і гэта адна з найбольш перспектыўных тэндэнцый часу. Добра, калі артысты тое адчуваюць. Надзея БУНЦЭВІЧ |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by