Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У добры час! (1971 г., Мінcкая праўда)

У добры час! (1971 г., Мінcкая праўда)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У ДОБРЫ ЧАС!

Сёння – адкрыццё Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР 

Месца нараджэння? Мінск.

Узрост? Толькі нарадзіўся. Свой першы тэатральны сезон пачынаю сёння.

Члены сям’і? Акцёры, салісты, музыканты і інш.

Чым багаты? Сучаснасцю!

Прыхільнікі? Усе, хто любіць музыку.

Дэвіз? Пошук! 

Не будзем інтрыгаваць чытача. Так можа выглядаць анкета новага тэатра музычнай камедыі, які сёння ў клубе імя Дзяржынскага парадуе мінчан і іх гасцей сваім першым выступленнем. 

– Наш дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР, – паведамляе галоўны дырыжор заслужаны артыст БССР Пётр Міхайлавіч Кірыльчанка, – пачынае свой рэпертуар аперэтай заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Ю. Семенякі "Спявае "Жаваранак". Напісала п’есу Н. Калаптур, вершы – П. Харкова. Гэта твор аб партызанах, падпольшчыках, аб іх нялёгкай барацьбе з ворагам, адданасці Радзіме. "Жаваранак" – падпольная клічка нашай разведчыцы. 

З якім захапленнем развучваецца аперэта І. Дунаеўскага "Вольны вецер". Музыка гэтага кампазітара праз гады працягвае хваляваць. Ды і змест яе – таксама барацьба народа за сваё вызваленне. Такая тэма заўсёды будзе актуальнай. Не забыта і класіка. З кальманаўскай "Фіялкай Манмартра" можна хоць сёння выходзіць на сцэну. 

У тэатры музычнай камедыі прагучаць новыя творы кампазітараў Я. Глебава, Г. Вагнера, Д. Смольскага, якія ахвотна пішуць для яго музыку. 

Мы, напэўна, не раз станем сведкамі, калі яшчэ на падыходзе да тэатра нехта будзе пытаць: 

– У вас няма лішняга білета? 

А "ісці" ў той дзень будзе "Тарас на Парнасе" ці "Пінская шляхта". Даўно беларусы (ды ці толькі яны) чакаюць гэтых цікавых, пакуль што незаслужана абыдзеных аперэтай твораў. Вядомая беларуская камедыя "Несцерка" шмат гадоў не сыходзіць са сцэны тэатраў рэспублікі. А цяпер яна прыйдзе і ў аперэту. Драматургі Віталь і Артур Вольскія працуюць над лібрэта, а музыку піша кампазітар Дзмітрый Смольскі. Многімі і іншымі навінкамі папоўніцца рэпертуар новага тэатра. 

Дзіця зрабіла свой першы крок. На ўсё жыццё ў памяці яго бацькоў будзе гэты дзень. Нешта падобнае адбываецца і ў тэатра, які робіць свой першы выхад на сцэну. Хто яны, каму пашчасціць сказаць: 

– А памятаеш, на першым спектаклі? 

Артыст Якаў Яўна. Захапляючыся яго ігрой, настаўнікі мінскай школы № 12 з гонарам адзначаць: 

– Наш былы вучань! 

– І наш, – з непрытоенай радасцю прызнаюцца выкладчыкі музычнага вучылішча. 

А калі здарыцца, што на першым спектаклі будуць масквічы, нехта, можа, зазначыць: 

– Глядзі. Выканаўца ролі гаспадара карчмы – выпуснік інстытута Гнесіных. 

– І не дзіўна. Ён жа аб тэатры музычнай камедыі ў сваім родным Мінску марыў яшчэ з першага курса, – скажа знаёмы масквіча. 

Пасля сканчэння Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва ў Маскве прыехаў у тэатр музычнай камедыі Віктар Бажэнаў. А маладыя артысткі Вікторыя Мазур і Ніна Яновіч, якім даручаны першыя ролі, яшчэ пакуль што студэнткі пятага курса Белдзяржкансерваторыі. Малады і аркестр у тэатры. Падлічана, што сярэдні ўзрост музыкантаў 25-26 гадоў. Тут многія выпуснікі нашай кансерваторыі. Прыйшлі ў тэатр і людзі са званнем заслужаных – В.І. Ажарэльеў, В.Р. Шаўкалюк, Д.І. Іванова, Е.П. Мацісава, Н.А. Рывінская {Равінская}, якая сыграла ўжо каля пяцідзесяці вядучых партый у аперэтах савецкіх і замежных аўтараў. 

Добрага шляху табе, Тэатр аперэты! Ёсць нешта сімвалічнае ў тым што на тваіх першых афішах "Вольны вецер" І. Дунаеўскага. Дык няхай жа гэты вецер будзе спадарожным, няхай на яго крылах нясецца ўдалячынь гадоў узнёсласць, высокая творчасць, радасць, якую можа прынесці людзям музыка. 

У. ВЕРАСКОЎ. 
Мінcкая праўда. – 1971. – 17 студз.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: