Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/З днём нараджэння! (1971 г., Літаратура і мастацтва)

З днём нараджэння! (1971 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

З ДНЁМ НАРАДЖЭННЯ!

17 студзеня адкрыўся Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР

У гэты дзень вялікі натоўп цясніўся ля дзвярэй клуба імя Дзяржынскага. Яшчэ на праспекце чуліся пытанні: 

– Няма лішняга білеціка? 

Лішніх не было. Тыя, каму пашанцавала дастаць білеты, спяшаліся да ярка асветленага ўваходу ў радасным настроі, бо прэм’ера – заўсёды свята, а такая – удвая: першы спектакль новага тэатра. 

І канечне ж, у такі ўрачысты вечар калектыў тэатра паказаў гледачам не толькі абяцаную прэм’еру. Пасля прывітальнага слова міністра культуры БССР М. Мінковіча адбыўся парад-пралог, у якім была прадстаўлена ўся трупа тэатра. Прадстаўлена з гумарам і выдумкай, з песнямі і танцамі, як і патрабуецца ў тэатры аперэты. Гэта быў яшчэ адзін маленькі спектакль, у якім дружна ігралі мастакі, артысты і паэты з "Фіялкі Манмартра" І. Кальмана, хвацкія маракі з "Вольнага ветру" І. Дунаеўскага і персанажы гераічнай камедыі Ю. Семянякі "Спявае "Жаваранак". 

Нарэшце пачаўся спектакль. На сцэне – зеленавата-сіні паўзмрок летняга вечара. 

Задушэўна спяваюць дзяўчаты. Яны яшчэ не ведаюць, што гэта іх апошні мірны вечар... Потым будзе вайна, і ў ціхі гарадок над Бярэзінай прыйдуць фашысты, будуць забіваць, гвалціць, рабаваць, а ў вольны час піраваць і забаўляцца. 

Чароўная спявачка казіно фройляйн Ірэн родам з тутэйшых мясцін. Яна па-нямецку пунктуальная. Кожны свой канцэрт пачынае роўна ў восем гадзін песняй пра жаваранка. Нямецкія афіцэры, якія апладзіруць ёй, не здагадваюцца, што гэтая песня перадаецца ў эфір як пазыўныя адважнай падпольшчыцы... 

Уважліва сочыць публіка за першымі крокамі акцёраў (для многіх з іх гэта сапраўды першыя крокі на сцэне), апладыментамі праводзіць кожны ўдалы нумар. У антрактах ідзе ажыўлёны абмен думкамі. 

Сярод гледачоў – многа дзеячоў культуры, мастацтва, літаратуры. Мы папрасілі некаторых з іх падзяліцца сваімі ўражаннямі з чытачамі "Літаратуры і мастацтва". 

Ларыса АЛЕКСАНДРОЎСКАЯ, народная артыстка СССР. 

– З’яўленне новага тэатра – гэта падзея сапраўды хвалюючая і значная ў нашым жыцці. Прыемна, што тэатр адкрыў свой першы сезон гераічнай камедыяй з нацыянальнага рэпертуару. 

Ад сённяшняга спектакля я атрымала вялікую асалоду. Добрая музыка, добрая пастаноўка, ёсць нямала здольных акцёраў. Пакуль цяжка меркаваць аб усіх, але ўжо можна вылучыць Наталлю Гайду (Ірына), Віла Бурцава (Дзмітрый), Уладзіміра Дзёгцева (штурмбанфюрэр Гофман), Уладзіміра Цітэнку (Віктор дэ Моль). 

Мяне асабліва ўразіў узрост пераважнай большасці артыстаў. Выходзяць на сцэну зусім маладзенькія хлопцы і дзяўчаты, іграюць, танцуюць і спяваюць так шчыра, з такім захапленнем... Я хачу пажадаць маім юным калегам, каб, набываючы вопыт, яны не гублялі гэтага запалу, гэтай шчырасці. 

Мікола ТКАЧОЎ, пісьменнік. 

– Я вялікі прыхільнік музыкі Юрыя Семянякі – кампазітара яркага меладычнага даравання. Зусім нядаўна я з задавальненнем пазнаёміўся з яго новай операй "Зорка Венера". І вось – зноў прэм’ера. Зноў бяруць нас у палон яго цудоўныя напеўныя мелодыі... 

Музычная камедыя – жанр у беларускім мастацтве амаль не распрацаваны. Будзем спадзявацца, што адкрыццё тэатра дасць штуршок для паспяховага развіцця гэтага жанру. 

Віктар ВУЯЧЫЧ, лаўрэат Міжнароднага і Усесаюзнага конкурсаў артыстаў эстрады. 

– Я так хвалююся сёння, нібы сам выступаю на сцэне. Таму што ўяўляю, колькі працы, нерваў, натхнення ўкладаюць артысты ў такі спектакль – першы ў жыцці тэатра. Мне здаецца, сёння яны дабіліся кантакту з глядзельнай залай, яе шчырай сімпатыі. 

Хоць у спектаклі яшчэ далёка не ўсё бездакорна, першае знаёмства з тэатрам радуе. Ёсць добрыя галасы, ёсць цікавыя акцёры камедыйнага плана. Магутнае гучанне хору нават здзіўляе – у ім зусім нямнога ўдзельнікаў. Адразу адчуваецца рука здольнага хормайстра Нэлы Андросавай. 

Удала, мне здаецца, выбрана выканаўца галоўнай ролі Наталля Гайда. Яна сцэнічная, абаяльная, ну, і галоўнае, добра спявае. Па-мойму, публіка паспела ўжо яе палюбіць. 

Мінск зараз мае і сваю аперэту. А горад наш славіцца сваімі мастацкімі калектывамі. Думаю, гэта да многага абавязвае і новы тэатр. 

Юрый ЛОГІНАЎ, саліст аркестра тэатра оперы і балета БССР. 

– Мне вельмі прыемна адзначыць, што аркестр гучаў сёння добра. Адчуваецца, што многа і настойліва працаваў з маладым калектывам дырыжор Пётр Кірыльчанка. Асабліва ўдаліся аркестру сольныя эпізоды – "Полька", "Пасадобль", "Танга". Віншую калег з першым поспехам! 

Анатоль ДЗЯЛЕНДЗІК, пісьменнік. 

– Мае добрыя словы – у адрас мастака Александра Краўчука і балетмайстра Эдмунда Піно. Спектакль аформлены з густам, па-сучаснаму лаканічна, на добрым прафесійным узроўні. А Эдмунд Піно парадаваў гледача цікавай пастаноўкай харэаграфічных нумароў. Адчуваецца, што балетмайстар ведае і любіць аперэту. 

Добрая рэжысёрская работа (пастаноўшчык Уладзімір Ажарэльеў). Работа нялёгкая, бо, на мой погляд, да лібрэта можна прад’явіць сур’ёзныя прэтэнзіі. Але пра гэта хай скажуць сваё слова рэцэнзенты. 

Мне ж сёння хочацца вітаць малады калектыў. Чакаем новых сустрэч. 

***

...Партызаны вызваляюць з рук ворагаў асуджаную на смерць Ірыну. Гучыць урачысты фінал – у гарадок над Бярэзінай уступаюць савецкія часці. 

Доўга не сціхаюць апладысменты, яшчэ і яшчэ раз выклікаюць гледачы артыстаў і стваральнікаў спектакля. І раптам за заслонай – гучнае "Ура!". Артысты, не стрымаўшы радасці, кідаюцца ў абдымкі адзін да аднаго, вітаюць рэжысёра, аўтараў... 

З днём нараджэння, юны тэатр! 

Шчаслівай дарогі! 

Святлана КЛІМКОВІЧ.
Літаратура і мастацтва. – 1971. – 22 студз. 



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: