Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Мы – з тэатра аперэты (1971 г., Чырвоная змена)

Мы – з тэатра аперэты (1971 г., Чырвоная змена)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МЫ З ТЭАТРА АПЕРЭТЫ

Мінчане даўно марылі пра сваю аперэту. У такім тэатральным горадзе, як Мінск, аматараў гэтага жанра нямала, асабліва сярод моладзі. І вось мары, нарэшце здзейсніліся. Мы ўбачылі новы твор заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, кампазітара Юрыя Семянякі "Пяе жаваранак" (тэкст Н. Калаптур, вершы П. Харкова). Жанр – гераічная музычная камедыя. Зразумела, артысты і ўвесь калектыў тэатра хваляваліся. 

Падзеі спектакля разгортваюцця ў даваенны час і ў гады вайны. Галоўная гераіня Ірына марыла пра кар'еру спявачкі, але вайна перакрэсліла ян планы. І яна стала разведчыцай. Пра 6арацьбу Ірыны і яе сяброў-партызан з лютым ворагам расказвае музычная камедыя Юрыя Семянякі. Гледача па-сапраўднаму хвалюе вобраз разведчыцы Ірыны ў таленавітым выканні спявачкі Н. Гайды. Артыстка мае добры голас (каларатурнае сапрана). Дарэчы, яна прыйшла ў тэатр з Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Н. Гайда не толькі хораша спявае, але і вельмі эмацыянальна і дакладна іграе, як драматычная актрыса. Вобразы, створаныя ёю ў спектаклях "Пяе жаваранак" (Ірына), "Вольны вецер" (Стэла), запамінаюцца. 

Не раз выклікаў апладысменты і смех глядзельнай залы заслужаны артыст КАССР Ул. Ажарэльеў. Ён выконваў ролю дзеда-партызана Пятра Бусла. Знешне прасцецкі, але разумны і нават хітраваты Пятро Бусел выклікае любоў гледача сваёй адкрытай нянавісцю да ворага, гумарам і трапнымі жартамі. 

Хочацца адзначыць і артыстаў, якія выконвалі ролі адмоўных персанажаў. У шаржыраваным плане паказваюць гітлераўцаў артысты А. Прыходзька (маёр Вілі фон Вітэнберг) і А. Цітэнка (фрау Катарына). Дарэчы, і немалады ўжо акцёр А. Прыходзька і маладыя акцёры муж і жонка Алена і Уладзімір Цітэнкі добра танцуюць і спяваюць. Як вядома, спевы і танец – адны з самых галоўных сродкаў выразнасці акцёра музычнай камедыі. 

У спектаклі "Пяе жаваранак" ёсць такая невялічкая эпізадычная сцэнка. Два фашысцкія салдаты – яфрэйтар (малады артыст, выхаванец вучылішча імя Гнесіных Сяргей Шчапаў) і салдат (артыст В. Барсукоў) увальваюцца ў хату да дзеда Пятра Бусла. Жонка дзеда (заслужаная артыстка БССР Е.П. Мацісава), баючыся, каб фашысты не пачалі вобыску (яна схавала двух хлопцаў-партызан), частуе ворагаў самагонам і салам. Тыя з прагнасцю накідваюцца на гарэлку і ежу, а потым пачынаецца танец п'яных фашыстаў. Артысты Шчапаў і Барсукоў з сапраўдным аперэтачным бляскам, прафесійным умельствам выканалі гэты эпізод. Уся сцэнка зроблена з добрым пачуццём гумару, вельмі энергічна і весела. Гледачы ўзнагародзілі выканаўцаў апладысментамі. 

Самай шчырай пахвалы заслугоўвае музыка спектакля "Пяе жаваранак", створаная кампазітарам Ю. Семянякам. Меладычная, прасякнутая беларускімі народнымі матывамі, нейкая празрыста-пяшчотная і светлая, яна стала адной з самых вялікіх дадатных якасцей спектакля. 

Некалькі слоў пра мастацкае афармленне. Як вядома, у рэпертуары тэатра пакуль што тры п'есы: "Пяе жаваранак", "Фіялка Манмартра", "Вольны вецер". Усе спектаклі афармлялі розныя мастакі: "Пяе жаваранак" – А.А. Краўчук, "Фіялку Манмартра" – галоўны мастак тэатра А.I. Марозаў, "Вольны вецер" – маскоўскі мастак О.П. Аруцюнян. I хаця магчымасці сцэны клуба імя Дзяржынскага не даюць па-сапраўднаму разгарнуцца здольнасцям мастакоў і дэкаратараў, можна цвёрда сказаць, што спектаклі аформлены з густам, у сучасным лаканічным стылі, фарбы і ўся манера афармлення кожнай пастаноўкі вынікаюць з яе стылістыкі, з яе вобразнага строю. Адчуваецца, што мастакі тонка разумеюць звышмэту спектакля і ў сувязі з гэтым рашаюць свае мастацкія праблемы. Вось, напрыклад, спектакль "Пяе жаваранак". У пачатку дзеяння мы бачым сціплы беларускі пейзаж: на схіле пагорка калгасныя хаты, пафарбаваныя ў розны колер. Перад імі некалькі бярозак. Вось і ўсё. Заслона чорнага колеру. I гэта апраўдана. Бо фашысцкая навала, як чорная ноч, апусцілася на нашу зямлю. 

Касцюмы таксама выкананы з густам. Асабліва ўражвае сваёй прыгажосцю і вытанчанасцю вопратка персанажаў аперэты Кальмана "Фіялка Манмартра". Здаецца, што тут мастак не шкадаваў нічога, каб героі спектакля выглядалі, як сапраўдныя парыжане, апранутыя па модзе канца XIX стагоддзя. 

Якія адкрыцці новых цікавых акцёрскіх індывідуальнасцей падрыхтавалі нам спектаклі "Фіялка Манмартра" і "Вольны вецер"? Хто не ведае гэтых дзвюх аперэт? Гэта класіка: сусветная і савецкая. Мелодыі Кальмана і Дунаеўскага так добра вядомы нам, што здаецца, быццам яны жылі заўсёды. 

Рэжысёр "Фіялкі Манмартра" Вацлава Янаўна Вярбоўская расказала: "Чаму мы выбралі для пастаноўкі "Фіялку Манмартра"? Ды, відаць, таму, што гэта адна з самых складаных класічных аперэт. Ну, і мы вырашылі, – усміхаецца Вацлава Янаўна, – як кажуць, калі падаць з каня, дык з вялікага. 

Група ў нас падабралася маладая, да работы прагная. Тут і выпускнікі Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва, вучылішча імя Гнесіных, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, Мінскага музычнага вучылішча... Акцёры старэйшага пакалення прыехалі да нас з розных гарадоў – Бабруйска, Магілёва, Кемерава, Іванава... Моладзі ёсць у каго павучыцца. Гэта – заслужаныя артысты БССР Д.I. Іванова, Е.П. Мацісава, В.Р. Шаўкалюк, заслужаныя артысты РСФСР Н.А. Равінская і У.А. Дзёгцеў, заслужаны артыст КАССР У.I. Ажарэльеў, артысты Ю.В. Лазоўскі, А.А. Прыходзька, В.Г. Фаменка... 

Сваёй заслугай у пастаноўцы "Фіялкі Манмартра" мы лічым тое, што ўзнавілі спектакль такім, якім ён быў зроблены ў арыгінале. Без усялякіх скарачэнняў. Для нас быў напісапы новы тэкст аперэты маскоўскімі драматургамі С. Балоціным і Т. Сікорскім". 

В. Вярбоўская таксама малады яшчэ рэжысёр. У 1966 годзе яна скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут. Вучылася на вакальным факультэце Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, потым тры гады стажыраваляся ў Маскоўскай аперэце. 

Аперэта – такі жанр, у якім выканаўца заўсёды павінен быць, як кажуць, маладым душой, Ну, а калі ён яшчэ і па гадах мадады, то гэта, ўдвая прыемней. Варта паглядзець на Мадлен у "Фіялцы Манмартра", якую выконвае маладая актрыса Ніна Белавусава. Маладосць, абаяльнасць, прыродны тэмперамент, імклівы і пластычны рух, бездакорны танец, добры голас. Прымадонна іграе "прымадонну". Усе гэтыя якасці маладой актрысы міжволі чаруюць гледача. 

Я сустрэўся з Нінай Белавусавай за кулісамі, у вольны ад работы ў тэатры дзень. Стройная, падобная на балерыну. Крыху саромеецца і нешматслоўна адказвае на пытанні: 

– Скончыла Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва і харэаграфічнае вучылішча. Узрост? 24 гады. Канчала курс, дзе кіраўніком галоўны рэжысёр Вялікага тэатра СССР I.М. Туманаў. Запрашалі ў Ленінградскі мюзік-хол, у філармонію, але сама выбрала Мінск. I не шкадую. Мінская публіка спадабалася. Патрабавальная, але добразычлівая. 

Першыя ролі Ніны Белавусавай: Мадлен – у "Фіялцы Манмартра" і Пепіта – у "Вольным ветры". Ролі даволі складаныя, асабліва Мадлен. Але Ніна добра справілася з імі. У яе ёсць усё для сапраўднай актрысы аперэты. 

Выканаўца ролі Марселя з аперэты "Фіялка Манмартра" Якаў Яўна лічыць, што яму вельмі пашанцавала: 

– Мяркуйце самі, мне пашчасціла пасля вучылішча імя Гнесіных трапіць у новы тэатр, які адчыніў свае дзверы ў маім родным горадзе. Ведаеце, – хвалюецца малады акцёр, – тут, у Мінску, я яшчэ школьнікам марыў аб вялікім мастацтве. Спачатку вучыўся ў Мінскай музычнай школе па класу баяна, потым у музычным вучылішчы. Удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, займаўся ў розных гуртках. Ну, а потым пацягнула да сябе музычная камедыя. Вырашыў стаць артыстам аперэты. І трэба ж такое шчасце – зноў у Мінску... 

Якаву Яўна ўсяго 23 гады. Яго першая роля – кампазітар Марсель у "Фіялцы Манмартра". Для маладога акцёра – гэта вялікая ўдача і вялікае шчасце. 

Творчая моладзь тэатра... Спіс роляў у кожнага з маладых яшчэ невялікі: дзве-тры ролі. I гэта зразумела, іх творчая біяграфія, як і біяграфія тэатра, толькі пачынаецца. Хочацца праводзіць маладых артыстаў, як і ўвесь творчы калектыў тэатра, у шлях па цярністых дарогах мастацтва шчырым, добразычлівым пажаданнем: "Хай натхненне і творчы пошук ніколі не пакідаюць вас, дарагія сябры!". 

І. ЕСАКОЎ. 
Чырвоная змена. – 1971. – 17 лют.

 



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: