« Назад
І ЗАЎСЁДЫ МАЛАДАЯ...
"Баядэра" І. Кальмана ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР
Дваццаць трэцяга снежня 1921 года рэспектабельная венская публіка запоўніла глядзельную залу Карл-тэатра. У гэты вечар на афішы значылася прэм’ера новай аперэты. Публіка ішла тады "на імя": яна верыла Імрэ Кальману... З таго вечара мінула 50 гадоў, і са сцэны "Баядэра" не сыходзіць. Здаецца, ведаем яе мелодыі, як кажуць, "удоўж і ўпоперак". Таму на мінскую прэм’еру многія з гледачоў ідуць з пэўнай насцярожанасцю: ці ўспрымецца спектакль як твор свежы і арыгінальны. З першых тактаў музыкі і асабліва пасля таго, як пачуеш голас Адэты Дарымонт, партыю якой спявае Н. Гайда, цябе захапляе гэтая простая гісторыя і чароўны музычны свет.
Радуе Н. Гайда не толькі тым, што спявае ад душы і ўдумліва, раскрываючы духоўныя пакуты і тэмперамент гераіні, – яна стварае пераканаўчы сцэнічны вобраз. У чыста драматычных эпізодах яе Адэце Дарымонт верыш: яна ведае цану славы. За яе тэатральнымі поспехамі ўгадваецца напружанне душэўных сіл. І адвечная тэма аперэты – расстанне жанчыны з каханым – набывае ў выкананні Н. Гайды нешта па-сённяшняму непасрэднае, бо драма сэрца заўжды застаецца драмай, здольнай узрушыць нас і адчуць нібы ўпершыню хараство светлага пачуцця. Па ролі гераіня Н. Гайды таксама актрыса, і мы апладзіруем выканаўцы за яе ўменне быць аднолькава яркай і ў спевах, і ў танцах. Ды і гаворыць на сцэне Н. Гайда з паглыбленнем у тэкст, хай сабе часам і вельмі наіўны па драматургічных якасцях.
У артыста Ю. Летава атрымаўся добры Раджамі-дыпламат. Вядомы "ўсяму Парыжу", ён мае свой гонар і ўмее пастаяць за сябе, сына Усходу. Але трэба ж такому здарыцца – Раджамі нечакана пакахаў вядомую Баядэру, Адэту Дарымонт. І нічога не можа зрабіць з сабой – каханне мацнейшае. Ён ідзе нават на рызыку – быць адвергнутым на радзіме, страціўшы каханне, хоча выехаць з Парыжа, кінуць любімую справу. Такім і іграе яго Ю. Летаў. І хоць ён і тут не зусім "вылечваецца" ад недахопу, аб якім ужо пісала газета ў рэцэнзіі на спектакль "Халопка" (для яго вакал важнейшы за сцэнічныя паводзіны), усё ж тут гэты разрыў адчуваецца намнога менш.
Калі гаварыць аб акцёрскіх удачах, трэба адзначыць і А. Прыходзьку ў ролі Філіпа. Ён іграе весела, падкрэслівае камічныя рысы свайго героя. Нядрэнна "спраўляецца" са сваімі абавязкамі" і хор. Ён – удзельнік дзеяння і стварае вобраз Парыжа, "вясёлага гарадка", гарадка рэстаранаў і забаў.
Магчыма, музыказнаўцы заўважылі б у выкананні многіх арый нейкія недахопы. Мне ж кінуліся ў вочы чыста "тэхнічныя" рэчы. Перш за ўсё – гэта дысцыпліна кардэбалета і аркестра. Можа, іншыя спектаклі праходзяць і інакш, але ў гэту нядзелю нехта, відаць, рассмяшыў танцоўшчыц, і яны ледзь стрымліваліся, каб не пакаціцца са смеху. У аркестры некалькі разоў нешта з шумам упала. А глядач заўважае такія дробязі, яны ўплываюць на агульнае ўражанне ад спектакля. І яшчэ аб адным. Мне здаецца, што дэкарацыі на працягу трох актаў трэба ўсё-такі мяняць больш. Адны і тыя ж вялікія вокны ў тэатры Пімпрынеці, у пасольстве і на вакзале... Мяняюцца толькі маленькія дэталі. Канечне, для "вандроўнага" тэатра, як наш тэатр музкамедыі, у якога няма сваёй пастаяннай базы, такая "уніфікацыя", магчыма і апраўданая. Але ўсё-такі – у пасольстве ўсходняй дзяржавы чакаеш нейкай раскошы, а ў прывакзальным бары – "вакзальнай" абстаноўкі. Думаю, такія недахопы ліквідаваць вельмі лёгка. Спектакль ад гэтага толькі выйграе.
Юрый ШЫКЛО, інжынер-праграміст. Літаратура і мастацтва. – 1971. – 17 снеж.
|