« Назад
ПЕРШЫЯ ЎРАЖАННІ
У нас у гасцях малады творчы калектыў – Беларускі тэатр музычнай камедыі. Рэпертуар, прапанаваны гомельскаму гледачу, радуе сваёй разнастайнасцю. Тут адлюстраваны розныя эпохі, творы розных стыляў. I сучаснасць на аперэтачнай сцэне – як гэта важна!
Аперэта беларускага кампазітара Ю. Семянякі пераносіць нас у цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Кампазітары Беларусі не ўпершыню звяртаюцца да гэтай тэмы. Аперэта Ю. Семянякі "Пяе Жаўранак" расказвае пра цяжкі лёс савецкай разведчыцы, дзяўчыны-беларускі. Сучаснасць на сцэне – гэта заўсёды каштоўна, тым больш што спектакль нацыянальны і музыка яго заслугоўвае ўсялякай увагі.
Але прыкрыя дробязі ў пастаноўцы (рэжысёр В. Ажэрэльеў) перашкаджалі слухаць аперэту.
Так, партызаны ў студзені, у цяжкіх зімовых умовах выглядалі па-тэатральнаму, а дзяўчаты ў хусцінках – проста па-святочнаму. Артысты балета былі апрануты ва уніформу. Гэтым яны вельмі выдзяляліся з агульнай масы народа, парушаючы праўдзівасць сітуацыі. Нястройна гучаў хор.
Хочацца верыць, што спектакль "Пяе Жаўранак" будзе ўдасканальвацца і знаходзіцца ў коле пільнай увагі кіраўнікоў тэатра, тым больш, што недахопы спектакля лёгка ліквідаваць.
"Халопка" Н. {М.} Стрэльнікава – адна з першых савецкіх аперэт. Мы слухалі прэм'еру спектакля нашых мінскіх сяброў.
Уваходзячы ў залу, усе гледачы адразу звярталі ўвагу на незвычайнае афармленне сцэны. Спектакль яшчэ не пачаўся, але мы ўжо сталі яго непасрэднымі ўдзельнікамі: вялікая афіша, напісаная старадаўнім рускім шрыфтом, апавяшчае аб тым, што сёння будзе "прадстаўлена" на сцэне. Міжволі пранікаешся атмасферай спектакля, пераносішся ў мінулы век.
Хочацца адзначыць работу А. Марозава і А. Янко. Спектакль аформлен імі з густам. Добры рытм, багатыя, арыгінальныя касцюмы – усё гэта "іграе" на спектакль.
Выкананыя артыстамі Ю. Лазоўскім, В. Сердзюковым, Е. Мацісавай "характэрныя" партыі графа Кутайсава, Елпідзіфора і старой мяшчанкі выгадна адрозніваюцца ад лірычных партый тым, што, застаючыся вакалістамі, акцёры не забываюпь аб стварэнні драматычнага вобразу. Галоўны ж герой аперэты Андрэй Туманскі (артыст Ю. Летаў) – вобраз па лібрэта шчыры, глыбока чуллівы – прадстаў перад намі чалавекам, які любуецца сабой, жыве па-за спектаклем. Не заўсёды чыста і свабодна гучыць у яго верхні рэгістр.
Гераіня – актрыса прыдворнага тэатра Батманава (артыстка Н. Гайда) нясе вобраз вельмі лірычны, а яе хацелася б бачыць у лірыка-драматычным плане, асабліва ў сцэне вяселля. Але вонкавы выгляд, манеры, добрая вакальная форма вабяць да яе і прымушаюць верыць яе ігры.
Заслугоўвае цёплых слоў работа балетмайстара, народнага артыста БССР С. Дрэчына.
Асноўная асаблівасць аперэтачнага спектакля – свабоднае чаргаванне размовы, спеваў, музыкі. Значыць, аркестр у аперэце адыгрывае адну з галоўных ролей. Безумоўна, аркестр Беларускага тэатра музычнай камедыі спраўляецца са сваёй задачай, хаця не ўвесь састаў іграе на аднолькавым творчым узроўні. Яўна мацней выглядае струнная група. Хочацца думаць, што аркестр і дырыжор заслужаны артыст БССР П. Кірыльчанка не лічаць свой састаў аркестрам, які выконвае толькі акампаніятарскія функцыі. Пры жаданні і актыўнай рабоце аркестр у аперэце можа стаць выдатным прапагандыстам музыкі і прывіваць слухачам добры густ у такім складаным жанры, як аперэта, дзе пачуццё творчай меры – вострая грань паміж сапраўдным мастацтвам лёгкага жанру і "балаганшчынай".
Гамяльчане шчыра рады бачыць у сябе ў гасцях малады беларускі калектыў. Мы жадаем тэатру ад імя ўсіх гледачоў творчага росту, поспехаў, пошукаў уласнага стылю і ўласнага вобліку.
А. АПАНАСАВА, С. УДАВІЧЭНКА. Гомельская праўда. – 1971. – 19 чэрв.
|