Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Мілагучная песня Жаваранка (1971 г., Звязда)

Мілагучная песня Жаваранка (1971 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МІЛАГУЧНАЯ ПЕСНЯ ЖАВАРАНКА

Самы малады тэатр рэспублікі – Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР – пачаў сваё творчае жыццё паказам спектакля "Спявае Жаваранак". З вялікай цікавасцю ставяцца мінчане да гэтай тэатральнай прэм'еры: у антрактах і пасля сканчэння спектакля вядуцца спрэчкі і размовы пра вартасці або недахопы пачутага – убачанага. I часцей за ўсё ў гэтых дыскусіях чуеш словы пахвалы ў адрас аўтара музыкі – заслужанага дзеяча мастацтва БССР, кампазітара Ю. Семянякі, які здолеў сілай свайго таленту ў многім нейтралізаваць мастацкія, драматургічныя пралікі п'есы Н. Калаптур і вершаў П. Харкова, што пакладзены ў аснову гераічнай музычнай камедыі "Спявае Жаваранак". 

Дарэчы, аб праліках драматурга і паэта. Ніякіх супярэчнасцей не выклікае вызначэнне жанру твора як гераічнай камедыі. Тое, што сучасныя тэатры музычнай камедыі ўзбагачаюць свой рэпертуар спецыфічным вырашэннем гераічных падзей нашага жыцця, трэба толькі вітаць. Нездарма ж у суровыя дні Вялікай Айчыннай вайны на ўзбраенні воінаў і партызан заўсёды былі песня, танец, гумар, сатыра, трапная прымаўка і г. д. I канкрэтныя недахопы п'есы "Спявае Жаваранак" не ў тым, што тут "пераблыталася" гераічна-ўзнёслае з жартам, весялосцю: у жыцці так бывае даволі часта. Але мастацкі твор патрабуе пэўных суадносін між такімі кампанентамі, правільнай расстаноўкі акцэнтаў, раскрыцця кульмінацый тых ці іншых падзей, развіцця вобразаў герояў, яркай мовы, пры дапамозе якой яны выказваюць свае думкі. На жаль, у гэтых адносінах п'еса не зусім задавальняе. 

Я не буду спыняцца на тым, што не варта пачынаць знаёмства слухача з Пятром Буслам – адным з герояў п'есы – з яго выразу "ядрона корань", што непісьменна гаварыць "іскры ў вачах" замест "з вачэй" (расказ Пятра пра вяселле з Макрынай), што бессэнсоўны выраз "жаваранак – птушка незямная" ў арыі-песні Ірыны. Такіх моўных недарэчнасцей у п'есе і вершах шмат, але яны знікнуць, бо зараз тэатр робіць мастацкі пераклад тэкстаў з рускай на беларускую мову. Горш тое, што гітлераўскі лагер акрэслены больш ярка, чым партызанскі. Усе гэтыя гофманы, вітэнбергі, молі, катарыны значна больш дзейсныя, актыўныя, чым Бусел, Макрына, Яўсей, Дзмітрый... 

Не хапае лаканізму і ўнутранай напружанасці ў першай дзеі п'есы. Тут адчуваецца расцягнутасць падзей да карціны раптоўнага прыходу фашыстаў у мірны горад. Драматургічна больш яркая і пераканаўчая другая дзея, дзе аўтар п'есы ўдала сутыкае прадстаўнікоў абодвух лагераў і паказвае, што праўда, высакароднасць, ідэйнасць – аснова ўсіх подзвігаў партызан у імя Радзімы. Але пасля вельмі хвалюючага і пераканальнага тут ужо няма патрэбы ў яшчэ адной дзеі. Усё тое, што адбываецца пасля антракту: размова гестапаўца з "варажбіткай" – пераапранутым Пятром, уцёкі немцаў, прыход савецкіх воінаў – ніяк не ўплывае на драматургічнае разгортванне спектакля. Тут дзейнічае толькі прынцып "усё добра, што добра канчаецца". Безумоўна, прыемна, што Ірына з сяброўкай не загінулі, але ці ўзбагачае гэта адчуванне праўды – жыццёвай і сцэнічнай! 

У чым жа поспех кампазітара? Першая песня, што гучыць у харавым пралогу, прымушае нас сваім пругкім рытмам, складам мелодыі чакаць нейкіх яркіх, хвалюючых падзей. Такую музычную "заяўку" Ю. Семяняка дае нездарма – на гэтай тэме будуецца раскрыццё ўсіх гераічных падзей музычнай камедыі, яна дае магчымасць шматбаковага развіцця, чым аўтар вельмі ўдала карыстаецца на працягу многіх эпізодаў. 

Другі, лірычны пачатак твора закладзены ў арыі-песні Ірыны. Гэты меладычны вобраз – вельмі шчыры, пластычны і добра запамінальны – таксама з'яўляецца лейттэмай твора і набывае пэўнае развіццё ў розных сцэнах камедыі. 

Такім чынам, музычная драматургія спектакля будуецца на дзвюх тэмах, што звязаны з паказам савецкага асяроддзя, і на менш цікавай тэме, дзе паказан фашысцкі лагер. Але не толькі яны складаюць музычную тканіну твора. Яркія па мелодыі і па выкарыстанню харавой фактуры "Школьная-развітальная", вакаліз у сцэне варожага нашэсця, ярка характэрныя куплеты дэ Моля, Слаўкі, Кэт, шматлікія рэчытатыўныя эпізоды, вельмі ўдалыя па музыцы ўсе танцавальныя нумары, асабліва беларуская полька, дзе спалучаны "Янка" і "Перапёлачка". Можна прывесці яшчэ іншыя прыклады музычных узораў, дзе поспех напаткаў кампазітара. I калі яшчэ нельга гаварыць, што ён у сваёй музычнай камедыі смела пайшоў па шляху пошукаў новага раскрыцця магчымасцей жанру музычнай камедыі наогул, дык аўтар праявіў вернасць яе добрым традыцыям і ўзбагаціў музыку беларускім меласам. 

Як вядома, поспех любога твора вырашаюць не толькі аўтары, але і выканаўцы. I тут нельга не сказаць, што там, дзе апошніх падтрымлівала музыка, здабыткі былі вышэй, чым у выпадках, калі артысты заставаліся адзін на адзін з п'есай. Наогул, музычны бок спектакля "Спявае Жаваранак" на значнай вышыні (дырыжор П. Кірыльчанка, хормайстар Н. Андросава). Аркестр гучыць вельмі зладжана, "паўнакроўна", нідзе не заглушае салістаў і хору, уладае гнуткай нюансіроўкай, добра, чула акампануе. Вельмі чыста спявае хор, шматбакова выкарыстаны кампазітарам у розных змешаных і аднародных спалучэннях галасоў. 

Сапраўды ўпрыгожвае спектакль Н. Гайда – Ірына. Артыстка выдатна валодае голасам, вельмі шчыра і тэмпераментна ўвасабляе вобраз савецкай актрысы-падпольшчыцы, якая ўладкоўваецца на працу ў фашысцкае кабарэ, каб знаёміцца з гітлераўскімі афіцэрамі і атрымліваць ад іх патрэбныя савецкаму камандаванню звесткі. Выдатна праводзіць Н. Гайда сваю першую сцэну, калі праходзіць з групай гітлераўцаў і выконвае арыю "О, горад, горад мой", яшчэ больш яркія сцэны другой дзеі, дзе артыстка спявае песню пра жаваранка – умоўны сігнал для падпольнай групы, або гаворыць фашыстам, што яна іх ашуквала і не жадае ад гвалтаўнікоў ніякай літасці. Тонка праводзіць Н. Гайда ўсе ансамблі з Вітэнбергам, Гофманам, Дзмітрам, Буслам і Макрынай. 

Добрым голасам валодае К. Лосеў – Дзмітры. Удала выконвае ён арыю "Зразумець мяне" (1-я дзея), дзе гаворыць пра свае пачуцці да Ірыны, якая знаходзіцца дзесьці на гастролях з тэатрам. Не менш паспяхова праводзіць ён сцэну з гераіняй, калі абодва сустракаюцца на падпольнай кватэры Бусла (дуэт "Я не бачыў даўно тваіх ласкавых вачэй"). Але, наогул, партыя Дзмітра – кіраўніка партызанскага атрада – не мае ў п'есе патрэбнага развіцця, таму зрабіць выканаўцу нешта вельмі ўражлівае амаль немагчыма. 

Дзве другія пары цэнтральных персанажаў твора – прадстаўнікоў савецкага асяроддзя ў спектаклі – рабочы-пенсіянер Бусел і ягоная жонка Макрына, а таксама іх унучка – выпускніца дзесяцігодкі Сашка і яе жаніх Слаўка. Калі Е. Мацісава ў ролі Макрыны не выклікае ніякіх дакораў, наадварот, прываблівае мастацкай стрыманасцю ў абмалёўцы вобраза сваёй гераіні, дык В. {У.}Ажарэльеў – Бусел вельмі наўмысны ў сваіх паводзінах і часам, на жаль, безгустоўны. Прычым, вінаваціць тут каго іншага не даводзіцца, бо выканаўца адначасова і пастаноўшчык спектакля. 

У многім мала дзейныя ў спектаклі ролі Сашкі і Слаўкі (артысты Р. Курлыкова і В. Бажэнаў), але гэта ўжо загана п'есы, чаго вельмі шкада, бо вакальна-сцэнічныя здольнасці маладых выканаўцаў добра адпавядаюць іх героям. Удала праводзіць Р. Курлыкова фінальную сцэну другой дзеі, дуэт з Сашкам у першай. На жаль, яшчэ менш, чым пра гэтых выканаўцаў, можна гаварыць пра астатніх прадстаўнікоў савецкай моладзі і партызан у спектаклі, пра Яўсея (В. Шаўкалюк), Эдзіка (Я. Яўна) і іншых. Іх вобразы ледзь акрэслены ў п'есе і амаль не знайшлі адлюстравання ў пастаноўцы. 

Сярод паспяховых сцэнічных увасабленняў прадстаўнікоў гітлераўцаў і іх прыхвасняў трэба адзначыць яркае правядзенне партыі Вітэнберга артыстам А. Прыходзькам, фрау Катарыны і Віктора дэ Моля артыстамі Е. і В. Ціценка. Калі першы з іх вельмі тонка абмалёўвае вобраз закаханага фашыста, які захапляецца сваімі чулымі адносінамі да артысткі, дык астатнія двое арганічна пераканаўчыя ў паказе духоўнай спустошанасці і садызму сваіх герояў: правакатара і гаспадыні публічнага дома для немцаў, куды накіроўваюць паланянак з часова захопленых гарадоў. 

Гаворачы пра здабыткі прэм'еры "Спявае Жаваранак", нельга не сказаць зноў, што там, дзе драматургія твора ўдалая, – рэжысёрскае вырашэнне спектакля цікавейшае. Гэта датычыць усёй другой дзеі, другой карціны першай, дзе цудоўна падкрэслена танцавальнымі рухамі фашысцкая бяздушная хада. Дарэчы, танцавальныя эпізоды ў спектаклі ва ўсіх выпадках іх ужывання на значнай мастацкай вышыні. 

Нягледзячы на недахопы твора і некаторых сцэнічных увасабленняў у спектаклі, наш "жаваранак" праспяваў мілагучную ўражлівую песню. Будзем чакаць новых здабыткаў на сцэне маладога тэатра. 

І. НІСНЕВІЧ.
Звязда. – 1971. – 28 лют.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: