« Назад
ПАРТЫТУРА І СПЕКТАКЛЬ
"Халопка" на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР
Аперэтай "Халопка" сёння ў Мінску на сваім стацыянары адкрывае другі сезон Беларускі тэатр музычнай камедыі. Апошняя прэм’ера мінулага тэатральнага года, гэты спектакль добра прымаўся гледачамі Гомеля, іншых гарадоў Беларусі ў час летніх гастроляў маладога калектыву.
Аўтару гэтых радкоў давялося пазнаёміцца з прачытаннем партытуры "Халопкі" Дзяржаўным тэатрам музычнай камедыі БССР у час гомельскіх гастроляў калектыву. Не засяроджваючы ўвагі чытачоў на асобных дэталях выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў спектакля, спыняюся на тым, што шчыра вабіць у пастаноўцы аперэты на нашай сцэне або выклікае жаданне спрачацца з яе аўтарамі.
Добра ўжо тое, што тэатр імкнецца ўбачыць падзеі твора "сваімі вачыма". Так, напрыклад, своеасабліва вырашаецца пралог спектакля, у якім асуджаецца прыгонніцтва. Вершы Радзішчава, што гучаць на фоне званоў-заклікаў, вельмі ўражлівыя, хоць і ўведзены ў п’есу адвольна. Можна пагадзіцца і з тым, што радзішчаўскія вольналюбівыя радкі гучаць у некаторых іншых эпізодах першай дзеі, калі яны звязаны з сутыкненнем чалавечай годнасці прыгонных і лакейскай угодлівасці Елпідзіфора – камердынера графа Кутайсава. Праўда, такое дапаўненне тэксту п’есы часам "фарсіруе" і без таго зразумелую высокую грамадзянскую пазіцыю пастаноўшчыкаў спектакля: ці можна не асудзіць прыгон?
Ідучы па шляху пэўнай дынамізацыі падзей "Халопкі", тэатр дазволіў сабе дапоўніць склад дзейных асоб яшчэ адным вобразам – гусара Дзянісава, сябра князя Мікіты Батурына. Няма падстаў для дыскусіі аб мэтазгоднасці рэдакцыйна-пастановачных змен і там, дзе аўтары спектакля (рэжысёр В. Вярбоўская, дырыжор П. Кірыльчанка, мастак А. Марозаў, балетмайстар С. Дрэчын, хормайстар Н. Андросава) пераставілі месцамі некаторыя эпізоды першай дзеі "Халопкі" або зрабілі купюры. Але ёсць у вырашэнні аперэты на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР і тое, з чым, на маю думку, нельга пагадзіцца. Гаворка ідзе пра трансфарміраванне французскай артысткі Леблан у актрысу рускага прыдворнага тэатра Батманаву і гаспадыні атэля фраў Крошке – у старую мяшчанку Фёклу Пятроўну.
Справа не ў тым нават, што ў абодвух выпадках адбыліся страты яркага і вельмі спецыфічнага ("іншаземнага" па мысленні, па будове фраз, вымаўленні слоў, інтанацыях) тэкставага матэрыялу і замена яго зусім іншым па характары, змесце і форме падачы. Парушаецца логіка ўзаемаадносін паміж графам Кутайсавым і іншаземнай артысткай, якую нават гэты царскі сатрап не мог зрабіць сваёй каханкай менавіта таму, што яна падданая іншай дзяржавы. Атэль фраў Крошке, паводле партытуры Стрэльнікава, вабіў усіх, бо быў на граніцы з Расіяй. Тут Андрэй мог зрабіць захады, каб вызваліць Віялету, якая, стаўшы яго жонкай, стала адначасова і прыгоннай Кутайсава. Тут і Кутайсаў пасля забойства Паўла і чакае вырашэння свайго лёсу ад новага рускага імператара. Сустрэча ж герояў у тракціры Фёклы Пятроўны зусім незразумелая і неабгрунтаваная.
Мне здаецца, што не было мастацкай неабходнасці дапаўняць фінал новымі вершаванымі радкамі Радзішчава. Пасля ўсім вядомага апошняга нумара пра бразготкі тут гэтае дапаўненне "не гучыць", яно ўспрымаецца як непатрэбная мараль слухачам.
Аднак нельга не адзначыць, што спектакль на нашай сцэне атрымаўся дзейсным і пазбаўленым штучных мізансцэн, таннага густу, пустога камікавання (за выключэннем некаторых эпізодаў у фінале). У гэтым адчуваецца перш за ўсё рэжысёрская вынаходлівасць В. Вярбоўскай, яе імкненне пазбавіцца ад існуючых яшчэ, на жаль, аперэтачных штампаў. Асабліва трэба падкрэсліць поспех рэжысуры ў складаных масавых сцэнах першай і другой дзей, дзе пастаноўшчыку спектакля добра дапамагае эфектнымі танцавальнымі эпізодамі балетмайстар. Вялікага драматычнага напружання падзей дасягае В. Вярбоўская ўражлівым рэжысёрскім вырашэннем фінальнай сцэны ўяўнага вяселля Андрэя і Віялеты.
Да творчых здабыткаў аўтараў спектакля трэба аднесці і гучанне харавых эпізодаў і мастацкае афармленне пастаноўкі.
Больш дакораў выклікае музычны бок прэм’еры "Халопкі", хоць і не ўсё тут залежыць ад дырыжора. Так, напрыклад, пры яўнай дыспрапорцыі ў аркестры тэатра колькасці артыстаў струннай і астатніх груп, бадай, немагчыма дасягнуць гукавой раўнавагі ў акампанементах і складаных сольных інструментальных эпізодах партытуры. Разам з тым, музычны кіраўнік пастаноўкі не дабіўся той неўтрапёнасці гучанняў, выдатнай рытмічнасці, яркай змены тэмпаў, агульнай маштабнасці ўвасаблення партытуры, на якія ўвесь час аўтар твора звяртае ўвагу дырыжораў. Адсюль і паспешлівасць у выкананні ўверцюры або першага эпізода сцэны ў палацы Кутайсава, і занадта шпаркія тэмпы ў жаночых карагодах, і замаруджанасць, зніжэнне тонусу ў тых мізансцэнах, дзе размова герояў вядзецца на аркестравым фоне...
Як і ў іншых спектаклях тэатра музычнай камедыі, з якімі мне давялося знаёміцца, самае яркае ўражанне пакідае Н. Гайда – Віялета. У артысткі прыгожы голас, які яна выкарыстоўвае з неабходным для складанай партыі майстэрствам. Яна вельмі прывабная, музычная, лёгка рухаецца.
Цікавы і пераканаўчы вобраз Кутайсава, створаны ў спектаклі Ю. Лазоўскім. Яго цырульнік-саноўнік цалкам адпавядае вобразу хітрага і страшэннага імператарскага фаварыта. Таленавіта і дасканала праводзіць артыст мізансцэны з Елпідзіфорам – камердынерам Кутайсава (В. Сердзюкоў) перад люстрам, а таксам эпізоды на вяселлі Андрэя Туманскага і ў пачатку трэцяй дзеі (пошук прытулку пасля ўцёкаў з Расіі).
Да ліку тых выканаўцаў, чыё майстэрства ўзбагачае спектакль, трэба аднесці таксама К. Лосева (князь Мікіта Батурын), В. Фаменку (прыгонны Мітрусь Нічыпарэнка), Л. Мацісаву (Фёкла Пятроўна). Першы з артыстаў удала малюе вобраз гусара-рубакі, які любіць заляцацца, быць душой вясёлай кампаніі, разам з тым ён не пазбаўлены шчырасці і ўмее абурацца нягодніцтвам. Асабліва ярка абмалёўвае К. Лосеў свайго героя ў сцэнах гусарскага застолля сярод цыган.
Не вельмі разгорнутую партыю Мітруся непасрэдна і музычна праводзіць артыст В. Фаменка. Мастацкі такт і густ праяўляе і выканаўца партыі Фёклы. Створаны Л. Мацісавай гратэскавы вобраз нідзе не выглядае дакучлівым.
Вобраз Андрэя Туманскага – зводнага брата Мікіты (сына прыгоннай, якому бацька-князь не паспеў даць вольную) – адзін з самых складаных у аперэце. Выканаўцу гэтай партыі ў спектаклі не хапае інтанацыйнай чысціні спеваў. Артыст не раскрывае духоўнага багацця свайго героя. Нават там, дзе выкананне партыі Ю. Летавым не пазбаўлена тэмпераменту і голас артыста гучыць прыгожа, адчуваецца пэўны разрыў паміж спяваннем і сцэнічнай абыякавасцю яго паводзін. Вакал робіцца нібы самамэтай, а не сродкам раскрыцця душэўнага стану, адносін да партнёраў і мізансцэн наогул.
Думкі, якія тут выказаны наконт прачытання партытуры "Халопкі" стваральнікамі спектакля на беларускай сцэне, безумоўна, не бясспрэчныя і не ахопліваюць усіх здабыткаў і недахопаў новай пастаноўкі. Але відавочна, што тэатр імкнецца да творчых пошукаў і на гэтым цяжкім шляху мае пэўны плён.
І. НІСНЕВІЧ. Літаратура і мастацтва. – 1971. – 10 верас.
|