« Назад
КАЛІ ЎЗЯТЫ РАЗГОН
Праз паўтара года пасля адкрыцця тэатра музкамедыі БССР
Пасля таго, як Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР увогуле "аформіўся", калі грамадскасць адчула пэўныя тэндэнцыі развіцця і пэўныя характэрныя недахопы, задаеш пытанне: як да працы тэатра ставіцца глядач, ці задаволены ён сённяшнім творчым плёнам калектыву?
Я ў дадзеным выпадку – глядач. Скажу шчыра: спектаклі мяне парадавалі. Спадабаўся вядучы склад артыстаў.
У аперэтачным тэатры, як і ў тэатры іншых жанраў, самая каштоўная якасць – майстэрства і добры густ акцёраў. Зразумела, яшчэ не ўсе артысты і музыканты адпавядаюць патрабаванням сталічнага тэатра. Аднак, ужо цяперашні ансамбль падкупляе сваёй маладосцю, адухоўленасцю, культурай сцэнічных паводзін. У некаторых тэатрах артысты размаўляюць на сцэне не так, як у жыцці, і не па "законах" драматычнай сцэны, а "па-аперэтачнаму" – з прыкрымі штампамі, вульгарна падкрэсліваючы "смешнае" або "трагічнае". У гэтым тэатры такія недахопы ўласцівыя нямногім артыстам. На добрай вышыні афарміцельская культура спектакляў. З самага пачатку, як мне здаецца, вызначылася правільная рэпертуарная лінія. У дзевяці спектаклях, выпушчаных менш чым за два сезоны, творы савецкай аперэты складаюць пераважную большасць. Ствараецца і нацыянальны рэпертуар – пастаўлены "Спявае "Жаваранак" Ю. Семянякі, "Рэпартаж з пекла" Я. Глебава. Ідуць "Вольны вецер" І. Дунаеўскага, "Халопка" М. Стрэльнікава, "Каўказская пляменніца" Р. Гаджыева, "Увага, здымка!" А. Эшпая. За гэты ж час выпушчаны тры класічныя аперэты – "Баядэра", "Сільва" і "Фіялка Манмартра" І. Кальмана. Тэатр у кожным новым сезоне намячае выпускаць не менш адной нацыянальнай аперэты. Ужо вядзецца работа над стварэннем аперэты "Паўлінка" па камедыі Янкі Купалы і ёсць намер даць аперэтачную версію "Несцеркі" В. Вольскага.
Доўгі час пасля адкрыцця ў тэатры не было галоўнага рэжысёра. Толькі сёлета ў канцы мая на гэту пасаду запрасілі Э. Корсакава. Да гэтага ж дзевяць спектакляў у тэатры за два сезоны паставілі сем розных рэжысёраў! Гэта не магло не адбіцца на стылявых рысах спектакляў і на ўзроўні выканання роляў. Добра, што пераважная большасць гэтых "разавых" рэжысёраў аказаліся кваліфікаванымі. І яны выпусцілі ў асноўным добрыя спектаклі. У маю задачу не ўваходзіць падрабязнае рэцэнзаванне спектакляў, таму што асобныя рэцэнзіі ўжо з'яўляліся ў друку.
На маю думку, з сённяшняга рэпертуару толькі два спектаклі не могуць задаволіць патрабавальнага гледача. "Баядэра", якую паставіў артыст В. Шаўкалюк, атрымалася вельмі ж традыцыйнай, а спектакль "Увага, здымка!", падрыхтаваны горкаўскім рэжысёрам А. Даўгаполавым, пазбаўлены, на жаль, выразнай мастацкай задумы. Да гэтага можна было б яшчэ дадаць, што ў наогул удалым спектаклі "Каўказская пляменніца", які паставіў рэжысёр з Азербайджана М. Кларысаў, чамусьці ні ў знешнім выглядзе акцёраў, ні ў манеры іх выканання не адчуваецца нацыянальнага каларыту (выключэнне ў гэтым сэнсе, бадай, толькі адзін артыст В. Шаўкалюк).
Большасць творчых работнікаў падабраны з мясцовых кадраў. Вось тры мінскія дырыжоры – П. Кірыльчанка, Э. Арашкевіч і Г. Хананьеў. Няхай у іх пакуль што мала дырыжорскага вопыту ў спецыфічным жанры аперэты – гэта прыйдзе з часам. Але сам факт смелага вылучэння мясцовых дырыжорыў радуе. На пасады галоўнага хормайстра і хормайстра запрошаны Н. Андросава і Г. Палянкова. У тэатры працуе з самага пачатку малады рэжысёр, выпускнік Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута В. Вярбоўская – работнік, безумоўна, здольны, цікавы. На пасаду галоўнага мастака быў запрошаны з Брэста А. Марозаў, мастак творча цікавы і з добрым густам. Усяляк трэба вітаць запрашэнне на асобныя пастаноўкі мастакоў Л. Грыгар'янца і Я. Чамадурава, якія маюць багаты вопыт работы ў оперы і драме.
У трупе салістаў ёсць нямала акцёраў. На жаль, мне не ўдалося ўбачыць у прагледжаных спектаклях усіх артыстаў. Спынюся толькі на тых, якія здаліся мне цікавымі па творчых якасцях: Н. Гайда, Н. Белавусава і В. Мазур ("гераіні"), К. Лосеў і М. Смаршкоў ("героі"), Л. Зубцова і С. Муратава ("субрэткі"), В. Фаменка ("прасцяк"), Ю. Лазоўскі, В. Шаўкалюк, Л. Мацісава (характарна-камедыйнае амплуа), характарныя артысты Н. Равінская, С. Бажэнава, А. Крайнікава, Р. Курлыкова, С. Шчапаў і іншыя.
Я карыстаюся старымі тэрмінамі акцёрскіх "амплуа". Што ж, мабыць, аперэта без такіх вызначэнняў, прынамсі ў прафесійных размовах, абысціся не можа.
У трупе не хапае вядучага коміка і каскаднай артысткі. Каб завяршыць фарміраванне, неабходна запрасіць яшчэ дзвюх вядучых гераінь, камічную "старую" і вядучага "прасцяка".
У асобных артыстаў не заўсёды ў парадку з вакалам і дыкцыяй, няма дастатковага ўмення ў падачы тэксту. Улічваючы маладосць асноўнай часткі гэтага калектыву, необходна, вядома, удасканальваць артыстаў па лініі акцёрскага майстэрства. Гэта справа рэжысуры. Але варта, відаць, і спецыяльна запрасіць педагогаў па вакале і культуры мовы, якія кансультавалі б артыстаў не толькі перад выпускам новых спектакляў, а і давалі б ім парады перыядычна, так сказаць, у рабочым парадку. Гэта дапаможа павысіць майстэрства і асобных артыстаў, і ўсяго калектыву.
У аперэту мы ходзім не толькі на новыя спектаклі, але, як кажуць, і на любімых артыстаў. "Любімыя" ж часта даюць сабе палёгу – іграюць без унутранага кантакту з партнёрамі, парушаюць рэжысёрскі малюнак, "адхіляюцца" ад тэксту. Добра было б, каб калектыў беларускай аперэты не хварэў на "прэм'ерства", спаганяў з вінаватых за адступленне ад тэксту, за недаацэнку вакалу, за штучнае "выцісканне" смеху ў гледача…
Масавыя творчыя калетывы таксама падабраны пераважна з мясцовых кадраў. А гэта важна, бо спрыяе фарміраванню сталай трупы – хору, аркестра, балета.
Найбольш стабільнае становішча ў балеце. У штатах прадугледжаны даволі вялікі склад: 32 артысты. Пакуль што застаюцца двевяць нявыкарыстаных вакансій.
Трэба сказаць, што ў харэаграфіі спектакляў, аўтарам якіх бывае галоўны балетмайстар Л. Травінін, не адчуваеш сапраўды творчай выдумкі, вынаходлівасці, фантазіі. У тых яго работах, што мінчане бачылі, многае зроблена стэрэатыпна. Магчыма, гэта спрэчна, але пакуль што не зусім упэўнена выступаюць нават вядучя салісты. Трэба спадзявацца, што Л. Травінін яшчэ "раскрыўся" як харэограф не поўнасцю, што умацаваўшы калектыў яркімі салістамі, ён здолее больш арыгінальна весці харэаграфічную трупу да поспехаў. Хочацца прад'явіць прэтэнзіі і да балетмайстра-рэпецітара А. Панчанкі. Не заўсёды выразна і адшліфавана выконваюцца танцавальныя нумары. Ці прад'яўляецца прафесійная патрабавальнасць да артыстаў балета? Здаецца, што і ў педагагічным напрамку яшчэ трэба многае зрабіць…
Цяпер пра аркестр. Склад аркестра даволі розны па кваліфікацыі. Ва ўсякім выпадку, па свайму майстэртству ён пакуль што яшчэ не даведзены да ўзроўню аркестра сталічнага музычнага тэатра. Калі я гаварыў пра гэта з галоўным дырыжорам П. Кірыльчанкам, ён спасылаўся на тыя арганізацыйныя і вытворчыя прычыны, якія замінаюць выхаванню музыкантаў. Пра гэта ён сам напісаў у нататках "Па той бок куліс" ("ЛІМ", 16 чэрвеня г. г.).Аб'ектыўна ўсё сказанае ім здаецца правільным. Ды толькі і самі дырыжоры павінны прад'яўляць больш патрабаванняў да сябе і да аркестра. Нельга дараваць салістам разыходжанняў з аркестрам. А гэта часта заўважаецца ў спектаклях (тут ужо аркестравая яма ні пры чым). Многае залежыць і ад кваліфікацыі музыкнтаў.
Трэба ў тэатры мець добрых канцэртмайстраў – піяністаў, якія развучвалі б з артыстамі вакальныя партыі і даводзілі іх гучанне да ўзроўню оперных спевакоў. Тады павысіцца вакальная культура ў тэатры.
Найбольш цяжкае становішча склалася з хорам. Пры наяўнасці 35 штатных адзінак запоўнена ўсяго толькі 10-15. Астатнія выступаюць "на разавых". Хор зусім бездапаможны ў сцэнічных адносінах. Трымае сябе на сцэне статычна і не адчувае сябе ў атмасферы дзеяння п'есы. Слаба пастаўлена і вакальная частка. Канечне, пры такіх умовах і рэжысёры і хормайстры трапляюць у складанае становішча.
Можна ж і ў студыйным парадку наладзіць заняткі па акцёрскім майстэрстве, вакале і руху са "статыстамі" з хору. Толькі тады яны стануць дзейнічаць у жывой плыні спектакля. Хочацца адзначыць, што, нягледзячы на цяжкія ўмовы, у якія пастаўлены работнікі мастацка-тэхнічных цэхаў тэатра, афармленне і касцюмы выглядаюць на сцэне прыгожа і акуратна. Гэта вялікая заслуга загадчыка пастановачнай часткі У. Кучара. А колькі вынаходлівасці ў работах мастака-грымёра Ю. Рабровай, якая рыхтуе парыкі! Майстар па касцюмах З. Палівода дабіваецца добрага выканання і захавання касцюмаў…
Для таго, каб Дзяржаўны тэатр музкамедыі БССР стаў сапраўды рэспубліканскім па значэнні тэатрам, яму трэба стварыць добрую вытворчую базу з памяшканнямі для артыстаў і аркестра, а таксама складамі для дэкарацый, касцюмаў і рэквізіту. Атрымаўшы такое падспор'е, калектыў тэатра можа з часам выйсці ў лепшыя аперэтачныя тэатры краіны.
А. ГАНТМАН. Літаратура і мастацтва. – 1972. – 21 ліп.
|