« Назад
ПА ТОЙ БОК КУЛІС
Заганы спектакля бачны адразу і многім, прычыны недахопаў адкрываюцца спакваля. Прычыны гэтыя, на першы погляд, і не маюць як быццам непасрэднай сувязі з канкрэтнымі хібамі спектакляў, але пры больш пільным позірку аказваецца, што сувязь не такая ўжо і апасродкавая. Вось аб некаторых з гэтых прычын, што выкліканы шмат у чым цяжкасцямі росту, і хацелася б пагаварыць. Цяжкасці, што напаткалі Беларускі тэатр музычнай камедыі, можа, і даравальныя для тэатра, які існуе крыху больш года, аднак ад гэтага яны не менш адчувальныя.
Асноўны напрамак тэатра пакуль што яшчэ не вызначаны. Ёсць ужо нямала пастановак, больш ці менш удалых, ёсць рэцэнзіі на іх, часам і адмоўныя, ёсць спробы зрабіць нешта сваё, нацыянальнае, – у рэпертуары тэатра "Пяе "Жаваранак" Ю. Семянякі і "Рэпартаж з пекла" Я. Глебава. Ёсць здольныя акцёры, якіх палюбілі ўжо глядач і крытыка. Але да гэтага часу не было галоўнага рэжысёра – спектаклі ставілі прыезджыя пастаноўшчыкі. Хай сабе і прафесійна падрыхтаваныя і з наяўнай індывідуальнасцю, а ўсё ж наездамі, кожны сваё. Свайго рэжысёра, які б урэшце рэшт змог акрэсліць творчы шлях калектыву, знайсці своеасаблівы почырк, не было. Адсюль стракатасць, нават эклектычнасць, няроўнасць спектакляў, якія часта застаюцца "беспрытульнымі" пасля ад'езду чарговага пастаноўшчыка...
Трупа поўнасцю не ўкамплектавана. Больш за ўсё пашанцавала балету. Выпускнікі харэаграфічнага вучылішча склалі ўдалую балетную групу, ёсць ужо сталы харэограф Л. Травінін. Але ў аркестры 33 чалавекі, замест 42. Няма прадугледжаных штатам 30 чалавек ў хоры. Няма акцёраў на амплуа героя і гераіні. Наталля Гайда – вельмі здольная актрыса. Але вядучая артыстка такога ўзроўню на такім амплуа, на маю думку, у трупе пакуль што адна. А знайсці акцёраў на амплуа герояў аперэты – як няпроста!
Тое, што так прыцягвала у свой час да гэтага жанру такіх вядомых майстроў, як Таіраў і Неміровіч-Данчанка – сінтэтычнасць, магчымасці пластычнага малюнку, абумоўленага метра-рытмічнай асновай музыкі, спалучэння драматычнага дзеяння з вакалам – робіць складанай задачу выхавання артыстаў аперэты наогул. Адразу ўсё – і голас, і музычная культура, і пластыка, і танцавальнасць, і той акцёрскі і чалавечы "шарм", без якога нельга ўявіць сабе выканаўцаў галоўных роляў на сцэне аперэты... А адразу такое не знойдзеш. I ў гэты акцёрскі "шарм" уваходзіць той самы кампанент, пра які звычайна саромеюцца гаварыць, – прывабная знешнасць, прыдатная, як кажуць, "фактура". Аперэту ж глядач ходзіць не толькі слухаць, а і глядзець, і ніякімі музычнымі руладамі не прымусіш паверыць, што выканаўца гераіні – прыгажуня, калі яна не такая.
I яшчэ – ці так ужо бясспрэчна арыентавацца толькі на моладзь? Без кваліфікаваных майстроў не абысціся.
Праўда, у тых умовах, у якіх цяпер даводзіцца працаваць, прыходзіцца разлічваць на "атлетычна" падрыхтаваную моладзь. Аркестр тэатра як быццам спецыяльна выпрабоўваецца на вытрымку: у клубе імя Дзяржынскага аркестравая яма нагадвае качагарку, напальваецца ад труб ацяплення, што праходзіць тут, да 30-35 градусаў гарачыні, у акруговым жа Доме афіцэраў – узімку гуляе вольны вецер. Добра, што нашых аркестрантаў не бачыць уся глядзельная зала (толькі ложы): захаваць нам акадэмічна-канцэртны выгляд немагчыма: нярэдка прыходзіцца скідваць фракі або, наадварот, без паліто не абысціся. Аркестранты яшчэ прызвычаіліся, а інструменты такой адаптацыі прайсці не могуць: літаўры пасля кожнага спектакля даводзіцца выцягваць – калі пакінуць іх на суткі ў аркестровай яме, скура лопне. Не ідзе на карысць і вымушаная цяганіна інструментаў у Дом афіцэраў на кожную суботу і нядзелю: адзін з самых чулых інструментаў, арфа, выходзіць са строю. Няма месца дэкарацыям, няма куды падзецца з касцюмамі.
Музыкантам тэатра аперэты наогул хутка прыйдзецца практыкавацца ў акрабатыцы – флейтысты не бачаць дырыжора, знаходзячыся ў звычайных позах. Праўда, дырыжоры спрабуюць выправіць становішча – дырыжыруюць... седзячы. Анекдатычна, але што рабіць?
Такіх "што рабіць" зусім не творчага характару – шмат. Што рабіць – калі два дні ў арандуемым намі клубе імя Дзяржынскага зрываюцца рэпетыцыі? Што рабіць – калі афіцыйна для рэпетыцый аддадзены тэатру тры класы, але адзін з іх рэгулярна бывае заняты? Што рабіць – калі балету няма дзе займацца штодзённым трэнінгам? Што рабіць – калі аркестранты займаюцца ў пакоі, дзе глохнуць ад гукаў? (Па правілах рэпетыцыі павінны ісці толькі ў аркестравай яме – але ж яна каля сцэны, якая з-за адсутнасці класаў бывае заўсёды занята).
Дасведчаныя ў творчай дысцыпліне людзі кажуць, што ў чалавека заўсёды павінен быць рэзерв: у вучобе, у спорце, у працы – пасля зробленага яшчэ крышачку павінна заставацца "на запас". А вось у артыстаў нашага тэатра музкамедыі рэзерв гэты зведзены да мінімуму. Штодзённая занятасць, спектаклі адначасова на дзвюх сцэнах плюс яшчэ выязныя не даюць магчымасці ўдзельнікам маладога калектыву належным чынам папрацаваць над сабой, над сваёй музычнай культурай, культурай мовы... Занятасць і адсутнасць памяшкання перашкаджаюць зрабіць рабочы прагон перад спектаклем: калі спектакль ідзе два разы ў месяц, трэба ж узнавіць патрэбную танальнасць гучання, тэмп, зладжанасць гучання вакалу і аркестра, удакладніць мізансцэніроўку. Перад рэпетыцыяй аркестру трэба гадзіну ўдзяляць штрыхавой тэхніцы, стройатацыі і г. д. Гэтую гадзіну пры ўсёй занятасці можна было б і знайсці, але дзе займацца неабходнай "размінкай"?
Да маладога тэатра грамадскасць падыходзіць без скідак, прад'яўляе строгія патрабаванні. Справядліва. Але справядлівыя, відаць, і патрабаванні калектыву тэатра. Патрэбна належнае памяшканне, патрэбны кадры.
Праўда, можа быць і памяшканне, і рэжысёр, а сапраўднага тэатра не будзе, як, напрыклад, перад мастаком могуць быць пэндзаль, фарбы, палатно, а карціны не атрымаюцца. Але ж без гэтых неабходных прадметаў і самы таленавіты мастак не створыць нічога вартага.
П. КІРЫЛЬЧАНКА, заслужаны артыст БССР, галоўны дырыжор Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Літаратура і мастацтва. – 1972. – 16 чэрв.
|