Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Што шукаем і што знаходзім (1972 г., Літаратура і мастацтва)

Што шукаем і што знаходзім (1972 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ШТО ШУКАЕМ І ШТО ЗНАХОДЗІМ

Прэм'ера "Сільвы" ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР 

Цікавы факт: у XVIII-XIX стагоддзях у Аўстрыі і Германіі сто восемдзесят князёў, шэсцьсот графаў, тры тысячы баронаў былі жанаты на актрысах, спявачках або танцоўшчыцах розных кабарэ, вар'етэ, эстрадных атракцыёнаў, вакол якіх групавалася "залатая моладзь". І разам з тым ішла ханжаская барацьба за чысціню роду, фанабэрыстая знаць імкнулася не дапусціць у сваё асяроддзе "нізкіх" па паходжанні. 

Ці ўсе яны выходзілі замуж за арыстакратаў – гэтыя, часам таленавітыя і прыгожыя артысткі з Вены, Будапешта, Мішкальца, іншых гарадоў былой Аўстра-Венгерскай імперыі? Безумоўна, не, але было рознае ў "няроўных" шлюбах – і шчырае каханне, і адкрыты матэрыяльны разлік, і выпадак, і розныя іншыя адценні чалавечых узаемаадносін. І наўрад ці быў у венгерскага кампазітара Імрэ Кальмана намер у бліскучай аперэце "Княгіня чардаша" ("Сільва") раскрыць і асудзіць нейкую трагедыю сацыяльнай няроўнасці дзяўчыны з народа, якая нарадзілася недзе на "казіным балоце", і наследніка вядомага князя Леапольда фон Ліперт-Вейлерсхайма, лейтэнанта Эдвіна. Гісторыя кахання Сільвы і Эдвіна – адна з тых, пра якія гавораць статыстычныя дадзеныя, што мы прывялі ў пачатку. І кампазітар разам са сваімі лібрэтыстамі Леа Штэйнам і Бэла Іенбахам смяяліся і здзекваліся з пустых марнатраўцаў жыцця з вышэйшага свету, якія нават у цяжкія для народа і краіны дні сусветнай вайны (твор быў пастаўлен 17 лістапада 1915 года) аддавалі ўвесь час і душэўныя сілы любоўным перыпетыям. Вайсковец Эдвін нават і не думае з'явіцца ў армейскую часць, заляцаецца спачатку да Сільвы, потым да графіні Стасі, і нарэшце ўсё ж аддае сваё сэрца і руку княгіні чардаша. 

Навошта ж спатрэбіўся аўтару гэтых радкоў такі працяглы ўступ? Ён тлумачыць у пэўнай ступені прычыну незадавальнення спектаклем "Сільва" на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. 

Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля В. Вярбоўская – дапытлівы мастак. Яна, мяркуючы па ранейшых яе пастаноўках у гэтым жа тэатры, не любіць ісці па пратораных сцежках, шукае ў вядомых творах новыя ракурсы і адценні. Такая яе рэжысура, напрыклад, у спектаклях "Халопка" і "Фіялка Манмартра". 

Але кожны, хто ў мастацтве шукае, павінен ведаць, што ён вядзе творчы пошук. На нашу думку, не было патрэбы рабіць падкрэслена сацыялагічны акцэнт на біяграфіі Сільвы і апраўдваць любоўныя калізіі між ёю і Эдвінам адданасцю артысткі "казінаму балоту", дзе яна нарадзілася. Па-першае, арганічным гэты акцэнт у творы І. Кальмана стаць не мог, тым больш, што ў аўтараў аперэты Эдвін і Сільва шчасліва, нават ідылічна перамагаюць усе перашкоды для шлюбу. Па-другое, такі "дадатак" да музыкі аперэты празмерна сур'ёзны, грувасткі, цяжкі. Каб з'явілася падтрымка такой канцэпцыі, у тэкст "Сільвы" ўведзены сацыяльна насычаныя па змесце вершы... Пецёфі. Рэжысёр карыстаецца імі, але яны не выратоўваюць становішча. Больш таго – часам гэтыя вершы дыскрэдытуюцца спецыфічна аперэтачнымі паводзінамі тых выканаўцаў, якія іх старанна рэцытуюць (напрыклад, у сцэне Ангільты і Феры ў апошнім акце спектакля). 

Такое ж рэжысёрскае падкрэсліванне вернасці Сільвы свайму сацыяльнаму паходжанню і дэмакратычным поглядам мяняе характар сцэны развітання Сільвы з наведвальнікамі начнога кабарэ ў Будапешце (пачатак спектакля ў І. Кальмана). У спектаклі гэта адбываецца немаведама дзе, у асяроддзі прыгожа апранутых у нацыянальныя касцюмы персанажаў. У выніку такой "трансфармацыі" зноў-такі атрымаўся яўны эфект штучнай "навізны" наогул. 

Калі мізансцэніраванне большасці эпізодаў спектакля сведчыць пра вынаходлівае рэжысёрскае выкарыстанне тэатральнай пляцоўкі, уменне падказаць выканаўцу яго месца і паводзіны ў дзеі, дык фінал другога і трэцяга актаў не задавальняюць. Першы з іх атрымаўся здробненым, стракатым (масавая сцэна заручын Эдвіна і Стасі) і вельмі замаруджаным па змене настрою ўдзельнікаў. Фінал жа трэцяга акта ўспрымаецца неяк знянацку, ён нібы перарывае лагічную хаду падзей. 

Нечаканая, бадай, беспрэцэдэнтная недарэчнасць склалася з аркестравым кампанентам спектакля "Сільва" на сцэне нашага тэатра. Справа ў тым, што тут раптам перастаюць гучаць асобныя прадугледжаныя аўтарам тэматычныя фрагменты партытуры, губляецца лінія меладычнага развіцця вобразаў. І аркестр як бы "глохне". Прычына гэтых хібаў анекдатычная – склад аркестра тэатра па наяўнасці аркестравых галасоў не адпавядае прадугледжанаму партытурай І. Кальмана. Да таго ж у прэм'ернай спешцы некаторыя аркестравыя партыі наогул не былі перапісаны (партытуру пазычалі на пэўны час, сваёй у Мінску няма). Наогул, – дырыжор Г. Хананьеў у межах магчымага вядзе аркестр упэўнена, тэмпераметна раскрывае сольныя эпізоды твора і досыць тактоўна трымае кантакт са сцэнай у акампанементах. Ды толькі гучыць "не зусім" Кальман. 

Затое работа мастака спектакля Я. Чамадурава – сведчанне высокай культуры і жыццесцвярджальнага пафасу творца. Святочнасць і яркасць інтэр'ераў, другога сцэнічнага занавеса, касцюмы – усё гэта пакідае цудоўнае ўражанне. Але разам з тым, патрэбны ў спектаклі нейкія мастацкія дэталі, якія дапамогуць адчуць, што ў першым і трэцім актах дзея адбываецца ў Венгрыі, у другім – у Аўстрыі. Гэта дасць магчымасць паказаць розніцу ў асабістым, прыватным жыцці герояў аперэты і афіцыйным, менавіта тое, што высмейвалі аўтары твора. 

На фоне такога дэкаратыўнага афармлення чакаеш больш тонка прадуманага выканання аперэты. І ў харэаграфічных эпізодах, якія заўсёды арганічна ўліваюцца ў хаду падзей твораў І. Кальмана, і ў масоўках. На жаль, асаблівай мастацкай вынаходлівасці балетмайстар Л. Травінін на гэты раз не дэманструе: ніякай харэаграфічнай партытуры глядач не адчувае, гэта нумары – дый годзе. Відовішчу надаецца характар дывертысмента, дзе танцам адводзіцца роля "дадатку" дзеля ўпрыгожвання... Можа, рэжысёр, які цалкам згадзіўся з такой харэаграфіяй, не пагодзіцца з намі, але і абгрунтаваць высокімі мэтамі мастацкага раскрыцця задумы "Сільвы" з'яўленне тых або іншых нумараў яна наўрад ці здолее. Хоць паўторым яшчэ раз – па-традыцыйна аперэтачнаму і тут як быццам усё на месцы. 

"Як быццам...". Дык жа і хор часам гучыць выразна толькі "як быццам". Інтанацыйнай чысціні яму трэба дамагацца і дамагацца! І тут многае залежыць ад хормайстраў Н. Андросавай і Г. Палянкавай. 

Пра выканаўцаў асобных роляў. Ну, ці трэба яшчэ і яшчэ паўтараць тое, што ад артыста музычнай камедыі мы чакаем вакальнай культуры, перш-наперш голасу і голасу, умення рухацца пластычна і гаварыць выразна, як у драме, і спяваць, як у оперы! Глядзіш "Сільву" – паўтараць хочацца. 

Лепш за іншых выканаўцаў выглядае Л. Зубцова (Стасі), якая непасрэднасць сцэнічных паводзін спалучае з пэўным характарам персанажа, падтрымлівае кантакт з партнёрамі, стварае пластычны малюнак і ў добрым сэнсе слова "лёгкадумна" вядзе дыялог і вакальную партыю ролі. 

У ролі Сільвы выступае артыстка М. {Н.} Белавусава. Мабыць, ёй яшчэ прадстаіць удасканальваць тое, што яна робіць на сцэне: Сільва ж – з тых вобразаў, пра якія аперэтачныя актрысы мараць! Чаго не хапае М. {Н.}Белавусавай? Шчырасці. Той, без якой Сільва выглядае бяднейшай за тую, што "гучыць" у мелодыях І. Кальмана. І яшчэ – артыстычнага тэмпераменту, напалу душы. Выканаўца быццам увесь час глядзіць на сваю гераіню збоку і таму не жыве на сцэне яе жыццём, а паказвае, якой можа і павінна быць такая гераіня. Трэба артыстцы звярнуць увагу таксама на яснасць дыкцыі. 

Добра спявае М. Смаршкоў (Эдвін), але хочацца бычыць у яго персанажы больш сцэнічнай свабоды, бляску сталічнага афіцэра, для якога раман з актрысай будапешцкага кабарэ спачатку толькі прыемны эпізод. Спачатку… Але драматызм наступных эпізодаў раскрыты ў гэтым героі пакуль што не вельмі глыбока. 

Гаворачы пра іншых удзельнікаў спектакля "Сільва", адзначым вострахарактарны вобраз Леапольда Вейлерсхайма В. Шаўкалюка. Астатнім артыстам яшчэ трэба знайсці сябе ў сваіх героях. 

Сказаўшы слова "знайсці", мы вяртаемся да таго, з чаго пачыналі размову. Рэжысёр правільна зрабіла, калі адмовілася ставіць "Сільву" традыцыйна. Яна заклікала калектыў да творчага пошуку. Па-першае, ёй для гэтага варта было б пашукаць літаратурнага супрацоўніка, які падказаў бы ёй, што ў дадзеным выпадку Пецёфі – недарэчны "саюзнік". Па-другое, тэатр абавязаны быў мець сапраўдную кальманаўскую партытуру. Мабыць, тады пастаноўка не набыла б адцення трохі вульгарызатарскага сацыялагізавання "на тэмы Кальмана", якое некалі лічылася абавязковым для ўвядзення той жа "Сільвы" ў рэпертуар. Не, крый божа, мы не збіраемся сказаць, што атрымалася "вампука", але і цэласнага ва ўсіх аперэтачных кампанентах спектакля, на нашу думку, пакуль што няма. 

Відаць, пачынаючы пошук, В. Вярбоўская павінна была больш выразна паставіць перад сабой і тэатрам пытанне – што шукаем. 

І. ІНІЧ. 
Літаратура і мастацтва. – 1972. – 31 сак.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: