Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Віншуючы з поспехам (1973 г., Літаратура і мастацтва)

Віншуючы з поспехам (1973 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ВІНШУЮЧЫ З ПОСПЕХАМ

"Паўлінка" на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР

Янка Купала... Паўлінка... 

Варта нам толькі прамовіць або пачуць гэтыя словы, як адразу на сэрцы робіцца неяк цяплей. Міжволі бачацца вобразы і абліччы, што сталі ўжо бессмяротнымі, класічнымі. Са старонак кнігі яны перайшлі на сцэну і заваявалі і заваёўваюць пакаленні гледачоў – удзячных прыхільнікаў гэтага шэдэўра купалаўскага таленту. 

Паўлінка... 

Прыгадваецца старонка гісторыі: яшчэ ў 1913 годзе рабочыя Піцера так шчыра прымалі "Паўлінку" ў выкананні беларускага аматарскага гуртка. З тае пары і пачаўся трыумфальны шлях камедыі на сцэнічных падмостках. Гэта ж так хораша, што наш Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы цяпер па традыцыі адкрывае кожны сезон менавіта "Паўлінкай". Сёлета тут сыгралі васьмісоты раз гэтую камедыю, на якую заўсёды збіраецца паўнюткая па берагі зала. Цікавяцца і прыкладаюць усе намаганні, каб раскрыць невычэрпнае багацце "Паўлінкі" іншыя тэатры рэспублікі, мастацкая самадзейнасць. Працуюць звычайна з творчым уздымам, імкнучыся, каб сакавіта прагучала ў іх беларускае слова, захавалася гарэзлівае і мудрае выслоўе, народны гумар. Нават кіно, не ўпершыню ўжо, робіць спробу даць дасканалы экранны варыянт "Паўлінкі", зняць стужку, якая б разнесла камедыю па ўсіх экранах краіны і свету... 

Цяпер – аперэта. Нарэшце, звярнуўся да камедыі і музычны тэатр. У гэтым факце ёсць і штосьці нечаканае (бо мы прызвычаіліся да драматычнай сцэны), і нешта зусім заканамернае. У літаратурнай першакрыніцы "Паўлінкі" адчуваецца яе музычны патэнцыял... Але першы крок – гэта першы, а, значыцца, і даволі рызыкоўны. На яго адважыўся малады творчы калектыў, поўны добрага творчага запалу, здольны на самастойныя шуканні, зацікаўлены ў адкрыцці новага ў традыцыйным мастацтве аперэты. Па ўсім адчувалася, што Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР вельмі марыў аб "Паўлінцы". 

На першых паказах спектакля можна было сустрэць, як кажуць, увесь "тэатральны Мінск", нават тых, хто даўно забыўся на дарогу ў аперэту. Таму на прэм'еры стварылася асаблівая, святочная атмасфера. І трошкі насцярожаная – усё ж мы ўсе чакалі новую "Паўлінку", новае ўвасабленне даўно ўсім дарагога, класічнага твора. Была яшчэ ва ўсіх прыхаваная надзея: мабыць, адбудзецца, мабыць, мы будзем сведкамі нечаканага адкрыцця нейкіх раней невядомых граняў і нюансаў, па-новаму ўспрымем і тое, што ведаем і любім па драматычнай сцэне... 

Адкрылася заслона. Пачалася дзея. Закруціліся, завіравалі падзеі ў хаце Сцяпана Крыніцкага... І – воплескі. Зала ўзрушана. Зала ўзрадавана. 

Адбылася "Паўлінка" на аперэтачнай сцэне! 

Адбыўся Купала ў новым для яго жанры! 

У антракце ўсе гамоняць, дзеляцца думкамі, уражаннямі. У кожнага ёсць што сказаць, ёсць сваё меркаванне. Хтосьці даводзіць, што яму больш падабаецца музыка, нехта хваліць выканаўцаў... 

Агульны настрой такі, які бывае ў час радаснай падзеі. Праз разнастайныя ацэнкі і папярэднія высновы прабіваецца выразная думка – тэатр справіўся з адказнай задачай. 

Але... 

Узнікае адначасова з агульнай станоўчай ацэнкай "Паўлінкі" на сцэне тэатра музычнай камедыі і жаданне разабрацца ва ўражаннях. Магчыма, гэта той крытычны голас, які амаль заўжды напярэджвае, што супакойвацца на дасягнутым нельга, што зроблена многа добрага і правільнага, але яшчэ не ўсё, каб меркаваць, быццам такой "Паўлінкай" быў бы задаволены і сам Янка Купала. 

"Паўлінка" з тых спектакляў, над якімі працаваць далей трэба не аднаму пастаноўшчыку С. Штэйну з выканаўцамі. Яму варта быць у кантакце з лібрэтыстам аперэты А. Бачылам, з кампазітарам Ю. Семянякам, бо пэўныя рэжысёрскія змены будуць вымагаць, магчыма, карэктуры і ў тэксце, і ў музыцы. Набліжэнне да духу купалаўскага арыгінала павінна адбывацца як працэс творчы, не механічны. Тым больш вялікім будзе "дзякуй!" ім ад гледачоў. 

Трупа тэатра – у творчых шуканнях. "Паўлінкай" яна яшчэ раз засведчыла гэта. Калектыў дапытлівы, а калі гэта так, то ад яго і чакаеш арыгінальных знаходак і наватарства. Відаць, "Паўлінка" – твор, які будзе спрыяць станаўленню тэатра, паможа выпрацоўваць "свой почырк" у мастацтве аперэты. 

...Калі адкрылася заслона і на ўвесь голас прагучаў верш Я. Купалы "Мужык", нам падалося, што гэта не толькі правільна, а і мае характар эпіграфа, прыдатнага да спектакля. Строфы і радкі верша пераліваюцца ў вуснах артыста ўсімі фарбамі эмацыянальнага настрою, ёсць тут і патрэбны грамадзянскі пафас. На жаль, апошняя страфа менш дакладна распрацавана па інтанацыях голасу. Варта знайсці такі ўнутраны ўздым выканаўцы, праз які мы, гледачы ў зале, у словах "Я буду жыць, бо я – мужык..." адчулі б высокі і прарочы сэнс верша-маніфеста, які так перагукаецца з купалаўскім клічам "Людзьмі звацца!". Пакуль што такі напал у фінале эпіграфа не дасягнуты... 

Па-рэжысёрску добра зроблена сцэна арышту Якіма Сарокі. Тут аперэтачнае відовішча неяк арганічна ўбірае ў сябе элементы высокай драмы. І гэта адпавядае задуме драматурга, які зусім невыпадкова амаль у вадэвільныя становішчы ўвёў такі акрэслены і выразны сацыяльны акцэнт. На аперэтачнай сцэне адбываецца пэўны рух. Дзеючыя асобы, пачуўшы вестку пра арышт Якіма, раптам задумваюцца. І не толькі аб тым, што канкрэтна адбылося па-за сценамі хаты Сцяпана Крыніцкага, а ўвогуле ў жыцці. У іх лёсе адбываюцца істотныя змены. Гэтым жывуць і Паўлінка, і яе маці з бацькам, і іх госці. Хмелю – нібы не было. 

Сцэна адбываецца на фоне хору, які гучыць за кулісамі. У музыцы чуецца водгулле кайданаў. І нешта, сапраўды, раней нам невядомае, але ўласцівае драматычнаму твору – камедыі "Паўлінка", адкрываецца нечакана... 

Пасля таго, як адшумелі дружныя апладысменты, засталося такое ўражанне, быццам спектакль прымаецца гледачамі цалкам. Але пралікі ў ім ўсё ж ёсць, асабліва ў сярэдняй частцы. Тэатр не мае права адносіць іх да так званых "дробязей". Гэта ж не дробязь, калі на сцэне празмерна мітусяцца ўсе дзеючыя асобы, і мы, у зале, не паспяваем як мае быць разабрацца, у чым жа справа, як сцэна змяняецца новай, выходзяць іншыя персанажы... Мабыць, рэжысуры варта яшчэ і яшчэ выверыць тэмпарытмы кожнага з эпізодаў з тым, каб, не губляючы добрай імклівасці і дынамізму ў падзеях, усё ж не падмяняць іх знешняй стракатасцю. Кожнай фарбе, кожнай інтанацыі – сваё месца, свой час. Гэта, між іншым, патрабаванне аперэтачнага жанру наогул. 

Або такі момант. Агата цягне на сабе хамут і дугу, а Пранцысь паганяе яшчэ лейцамі даўжынёў у дзесяткі метраў... Навошта гэта? Каб абавязкова выклікаць смех у зале, – дык такая задача не можа быць самамэтай. Неабавязкова і самому Пранцысю ўпершыню з'яўляцца на сцэне з хамутом на шыі... У камедыі Янкі Купалы мноства мясцін, якія і без такіх вонкавых атрыбутаў смешнага могуць выклікаць вясёлую рэакцыю гледачоў. Відаць, такія акцёрскія пралікі трэба аднесці на рахунак аперэтачных штампаў. 

Калі ў хаце Крыніцкіх персанажы п'юць гарбату-чай, ды яшчэ з такім "сёрбаннем", ствараецца ўражанне, што рэжысёр лепш ведае побыт купецкай Масквы, знаёмай нам па драматургіі А. Астроўскага або жывапісных палотнах рускіх мастакоў XIX стагоддзя. Парушана этнаграфічная адпаведнасць характару "арыгінала". 

Пан Быкоўскі ў аперэце "Паўлінка" спявае традыцыйную для гэтага жанру выходную арыю. Ці патрэбна яна? Мне падалося, што тэатр тут карыстаецца зручным момантам, каб паказаць здольнага акцёра, які мае прыгожы голас і можа цікава выканаць які-небудзь модны "твіст" або "ча-ча-ча". Вядома, жанр аперэты дазваляе многае. Ды не ўсё! І тут, мабыць, з панам Быкоўскім перабралі меру... 

Варта яшчэ вярнуцца рэжысуры і выканаўцам да сцэны, дзе Быкоўскі выхваляецца сам і здзекуецца з "дурных мужыкоў". Не будзе вялікага грэху, калі аперэтачны спектакль і ў гэтым эпізодзе будзе арыентавацца на той густ і тую ступень мастацкай мэтазгоднасці, з якімі трактуюць адпаведнае месца камедыі драматычныя артысты (раней Б. Платонаў, Ул. Дзядзюшка, Г. Глебаў, а цяпер З. Стома і яго малодшыя калегі). Мэтай павінна быць гранічнае набліжэнне да купалаўскай задумы. 

Чаму я раблю гэтыя заўвагі, хоць яны выглядаюць і не зусім істотнымі? 

Бо спектаклю Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР "Паўлінка" наканавана доўгае сцэнічнае жыццё. Ён павінен надоўга ўтрымацца ў рэпертуары. Спектакль робіць пэўную творчую разведку аперэтачнага жанру ў галіне беларускай літаратурнай класікі. Гэта абавязвае калектывы прыкласці ўсе намаганні, каб ужо і цяпер цікавае і змястоўнае відовішча набыло якасці завершанага ва ўсіх кампанентах сцэнічнага твора. Тым больш, што гэтым спектаклем трупа замацоўвае творчую сувязь з кампазітарам Юрыем Семянякам. Усе мы памятаем, як многа плённага дала такая садружнасць тэатру ўжо на самым пачатку яго дзейнасці, калі тры гады назад ён адкрываўся ў Мінску аперэтай "Спявае "Жаваранак". На маю думку, у трупе з поспехам выступае вельмі таленавітая выканаўца гераічных ролей Н. Гайда. Яе Паўлінка – зачароўвае... 

Дык значыць, ёсць усе падставы спадзявацца, што і гэты спектакль, і далейшыя творчыя шуканні калектыву будуць прыносіць гледачам сапраўдную радасць. 

Л. АЛЕКСАНДРОЎСКАЯ, 
народная артыстка СССР. 
Літаратура і мастацтва. – 1973. – 5 кастр.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: