Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Маштабнасць рэжысёрскага бачання (1973 г., Літаратура і мастацтва)

Маштабнасць рэжысёрскага бачання (1973 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МАШТАБНАСЦЬ РЭЖЫСЁРСКАГА БАЧАННЯ

"Пацалунак Чаніты" Ю. Мілюціна ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР

Гэтая аперэта даўно замацавалася ў рэпертуары многіх музычных тэатраў краіны. Тэма барацьбы прагрэсіўнай моладзі свету за мір і дружбу, што знайшла спецыфічнае для жанра раскрыццё ў гэтым творы, блізкая нашым гледачам. А маляўнічая, эмацыянальная і мілагучная музыка заўсёды знаходзіць гарачых прыхільнікаў сярод аматараў і знаўцаў мастацтва музычнай камедыі. Праўда, пэўныя прэтэнзіі выклікае п’еса драматурга Я. Шатуноўскага – замаруджанасцю падзей, штучнасцю асобных сітуацый. І таму асабліва цікава было пазнаёміцца з пастаноўкай на беларускай сцэне ўсім добра вядомай і не беззаганнай, а таму і цяжкай для нестандартнага ўвасаблення аперэты. Цікава тым больш, што пастаноўку "Пацалунка Чаніты" ажыццявіў галоўны рэжысёр тэатра Э. Корсакаў, які толькі нядаўна пачаў працаваць у Мінску і смела пайшоў на эксперымент. 

Што ж, Э. Корсакава, як пераможцу, няма падстаў "судзіць". Гледачы на прэм’еры і на чарговых прадстаўленнях адчуваюць маштабны размах спектакля. Рэжысёр знайшоў правільныя суадносіны магчымасцей – сваіх і трупы. 

Чым звяртае на сябе ўвагу ў гэтай трактоўцы аперэта "Пацалунак Чаніты"? 

Па-першае, пастаноўшчык у лепшым сэнсе гэтага слова "бачыць" музыку як першакрыніцу і аснову дзейсных і пластычна яркіх сцэнічных сітуацый, умее будаваць і зусім камерныя, і ансамблевыя мізансцэны, абапіраючыся на кампазітарскую партытуру і мастацкую задуму аўтара твора. Адсюль і свабодная планіроўка, яснасць выкарыстання Э. Корсакавым сцэнічнай пляцоўкі, натуральнае размеркаванне на ёй дзеючых асоб. Упэўненая рука рэжысёра і яго прадуманыя "задачы", пастаўленыя перад артыстамі, памаглі дзейным асобам выразна пранесці лінію паводзін герояў. Выканаўцы ролей не губляюць адчування агульнага ансамблю, які здаецца маналітным. Але маналітны ён так, што імправізацыйнасць манеры ігры таксама вытрымліваецца, а гэта вельмі дарагая для аперэты якасць. 

Правільна зрабіў рэжысёр, калі надаў спектаклю характар яркага сцэнічнага відовішча. Менавіта так вырашаны пастаноўшчыкам масавыя сцэны – фестывальная, вясельная, у кабарэ і г. д. Тактоўна спалучаюцца рэжысёрам драматычная дзея з танцавальнымі эпізодамі, з вакальнымі нумарамі. Шкада, што Э. Корсакава аднойчы падвёў мастацкі густ: у трэцяй дзеі, там, дзе спектакль выкрывае "актывістак лігі маральнасці". ("Выкрыццё" разумеецца і паказваецца на сцэне праз… "распрананне" гераінь!) Затое вельмі мякка, я сказаў бы пяшчотна, гучаць лірычныя сцэны Чаніты і Пабла. А як вынаходліва ў эпізодзе арышту студэнтаў знойдзены па сцэнічнаму выразна кантрапункт дуэта Чэзарэ і Чаніты з падзеямі, што адбываюцца на вуліцы, за шыбамі кабарэ: там юных барацьбітоў за мір жандары вядуць у турму… 

Творчымі аднадумцамі пастаноўшчыка выступілі ў спектаклі дырыжор М. Фоцін і мастак А. Марозоў. Яны зрабілі ўсё, каб панавала атмасфера весялосці, больш таго, фестывальнай святочнасці ў драматызме калізій штодзённага жыцця. Аркестр выконвае сваю партыю зладжана і маляўніча. Ён увесь час злітны са сцэнай, не абмяжоўваецца роляй акампаніятара. Дырыжор разумее індывідуальнасць кожнага артыста і дасягае адзінства ўсіх, хто дзейнічае на падмостках. Такое адзінства з дакладнымі светаценямі ёсць і ў ансамблях салістаў з хорам (хормайстар Н. Андросава). Аркестр чулы да складаных рытмаў і напружаных тэмпаў танцавальных эпізодаў, якія сапраўды ўдала пастаўлены Н. Пасівавай і эфектна выконваюцца іх удзельнікамі (педагог па балету Г. Чарнаярава). Мастак А. Марозаў знайшоў простае, але выразнае і эфектнае вырашэнне інтэр’ера бара Чэзарэ, плошчаў ля капліцы і перад барам, стварыў уражлівы паўднёвы пейзаж. Сцэнічная пляцоўка не загрувашчана шматлікімі дэкарацыйнымі дэталямі, што дае магчымасць свабодна будаваць масавыя сцэны і стварае атмасферу вялікай прасторы месца падзей. 

Мабыць маюць рацыю тыя, хто лічыць, што сапраўдны рэжысёр выдатна кампануе спектакль і адначасова ўмее "трымацца ў ценю", каб акцёрскае ўвасабленне сцэнічных вобразаў успрымалася зусім натуральна, без прымусу. Пастаноўшчык "Пацалунка Чаніты" на беларускай сцэне – такі рэжысёр. Таму так многа тут творчых удач сярод выканаўцаў цэнтральных партый-ролей і эпізадычных персанажаў. Таму некаторыя з артыстаў ярка паказалі сябе ў нечакана новым "святле". 

Калі ад Н. Гайды мінчане заўсёды чакаюць новых і новых праяў значнага акцёрскага таленту, і Анджэла-спявачка ў яе выкананні – яшчэ адно пацверджанне высокай рэпутацыі салісткі, то В. Мазур у ролі Чаніты – гэта буйны крок наперад маладой і вельмі перспектыўнай артысткі. У новым спектаклі ярка і ўпэўнена праявіліся яе абаяльнасць, прыгожы голас, сцэнічная непасрэднасць, уменне іграць у кантакце з партнёрамі. Уражвае таксама А. Крайнікава – Аніта. Гэтая выканаўца мае амаль "выбуховы" тэмперамент, пачуццё гумару, удала карыстаецца невялікім голасам і пластыкай цела. 

Вострахарактарныя, але розныя па малюнку і запамінальныя вобразы манашак Разаліі, Эмы, Лакталяфтыны і Клеапатрыкас стварылі Т. Брагіна, Л. Мацкевіч, В.{Р.} Курлыкова і Л. Макарчанкава: яны складаюць зладжаны артыстычны і вакальны ансамбль. 

З выканаўцаў мужчынскіх партый найбольшы поспех здабывае К. Лосеў. Яго Чэзарэ – не стандартны аперэтачны злодзей, а вобраз псіхалагічна больш складаны. Спрыяюць такому ўвасабленню багатыя акцёрскія дадзеныя выканаўцы і правільнае разуменне ім пастаўленай рэжысёрам мэты. На жаль, менш арыгінальным выглядае Пабла ў В. Бажэнава, і справа тут не ў традыцыйным амплуа "героя", на сто працэнтаў дадатнага персанажа; пакуль што акцёр карыстаецца аднастайнымі фарбамі, яму нестае "палымянасці" пачуццяў. А гэтага так чакаеш ад юнака, які перажывае трагедыю абражанага кахання!.. Два студэнты – Рамон і Д’ега ў выкананні В. Сердзюкова і Я. Яўна выйграюць у параўнанні з Пабла-Бажэнавым, дзякуючы трапна знойдзеным характэрным рысам гэтых персанажаў. Радасна гаварыць пра мастацкае пачуццё меры і глыбіню ўвасаблення вобраза Вундэрвунда артыстам А. Прыходзькам. Ён здолеў паказаць і ступень падзення свайго героя, і эвалюцыю асэнсавання ім гэтага. У манеры добрага мастацкага шаржа малюе Ю. Лазоўскі сышчыка Кавалькадаса… 

Галоўнае ўражанне ад спектакля такое – у калектыў тэатра музычнай камедыі прыйшоў цікавы мастак. Маштабнасць рэжысёрскага бачання, якая так ярка выявілася ў пастаноўцы славутай аперэты Ю. Мілюціна "Пацалунак Чаніты" і тэатральная культура Э. Корсакава абяцаюць багаты плён у далейшых творчых шуканнях трупы ў жанры музычнай камедыі. 

І. ІНІЧ.
Літаратура і мастацтва. – 1973. – 13 ліп.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: