Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/І танцуй, і спявай... (1973 г., Літаратура і мастацтва)

І танцуй, і спявай... (1973 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

І ТАНЦУЙ, І СПЯВАЙ...

Аперэта абавязвае артыста, які прысвячае сваё жыццё гэтаму жанру, да умення рабіць на сцэне ўсё. Не трэба аддаваць музычнай камедыі перавагі перад іншымі, але ж драматычнаму артысту можна абысціся без вакальных здольнасцей, оперны спявак можа наогул не ўдзельнічаць у харэаграфічных эпізодах спектакля… Калі ж ты назваўся аперэтачным акцёрам – танцуй, гавары, спявай, дзейнічай у пантаміме! 

Маладая спявачка Вікторыя Мазур, калі вучылася ў кансерваторыі, развучвала партыю ў музычнай камедыі "Фіялка Манмартра". Вакальныя цяжкасці не так бянтэжылі яе, як драматычная ігра, дыялогі і харэаграфія, хаця на дэбют быў дадзены такі кароткі тэрмін – адзін месяц. 

З дня ў дзень рэпетыцыі і ўрокі – з рэжысурай, з кацэртмайстрам, з харэографам. Адны і тыя ж мізансцэны, ноты, рэплікі, пасажы. І ўсё дзеля таго, каб знайсці новыя нюансы, новыя фарбы… 

Як і заўсёды ў жыцці маладых артыстаў, адны рэпетыцыі здаваліся Вікторыі патрэбнымі і карыснымі, іншыя – механічнымі паўтарэннямі знаёмага. Ды вобраз з аперэты "Фіялка Манмартра" ўжо захапіў, узяў у палон. Калі В. Мазур крочыла з кансерваторыі або з тэатра дадому, спявала яна "для сябе" славутую выхадную арыю Віялеты. Гэта ў яе сэрцы трымцела і пералівалася мелодыя радасці, шчасця, кахання, напісаная некалі І. Кальманам… Тады знікаў настрой "механічнага паўтарэння" і хацелася рэпеціраваць ролю з пачатку да канца, шукаючы самыя пранікнёныя і трапяткія інтанацыі – для слова, для танца, для песні. 

Дэбют прайшоў з поспехам. Маладой актрысе апладзіравалі. Яе віншавалі. І яна, здагадваючыся "шостым пачуццём", што не ўсё яшчэ ёй удалося зрабіць так, як таго вымагае музыка, радавалася. У гэтай радасці было і нешта патрабавальнае – а заўтра, у чарговым ужо, а не святочна-прэм’ерным спектаклі, ты здолееш пайсці глыбей і далей таго, што ўжо знойдзена і сыграна табой сёння? 

Вікторыя Мазур на сцэне вельмі лірычная і па-акцёрску непасрэдная. Яе гераіня – Віялета – дзіця Парыжа, горада. І непасрэднасць такой дзяўчыны мае штосьці спецыфічнае. Яна павінна быць дасціпнай і стрыманай, палымянай і дыпламатычнай. Бо тыя спрэчкі і нават паядынкі, што чакаюць яе на кожным кроку, вядуць з ёй студэнты, маладыя мастакі і музыканты. Тут умеюць жартаваць і высока цэняць экспромт. І ў сцэнічным вобразе Віялеты, створаным В. Мазур, была акурат такая ступень непасрэднасці, шчырасці з адчувальнай "дозай" інтэлекту. Асабліва маляўніча былі распрацаваны актрысай дуэты з Марселем. Калі мы слухалі іх, міжволі з’яўлялася думка аб тым, што І. Кальман у гэтай аперэце даў своеасаблівую музычную версію на тэму Рамэа і Джульеты парыжскага Манмартра. 

Абдумваючы свой дэбют на сцэне, В. Мазур бачыла, што ёй яшчэ трэба ўдасканальваць пластыку і рух. Тое, што прыдатнае для перадачы свайго настрою ў прыватным жыцці, выглядае на падмостках мітуслівым і здробненым. Калі ж надта падкрэсліваць жэст або міміку, губляецца натуральнасць у паводзінах. Зноў жа – рэпетыцыі і рэпетыцыі… Табе ўжо апладзіруюць за Віялету, а ты ўсе роўна працуй і працуй. Такія былі першыя ўрокі прафесіянальнай сцэны. Ды і ў вакальных адносінах было над чым працаваць. Хоць голас салісткі цёплы і мяккі па тэмбру, дыяпазон яго і нюансіроўку можна было і варта ўдасканальваць. І на ўроках вакалу В. Мазур старанна шукае прыёмы "перакладу" музычнай фразы на piano, а потым наадварот – на супрацьлеглае адценне. 

Пасля гарэзлівых і сур’ёзных, летуценных і практычных, рамантычных і зусім зямных персанажаў, сыграных В. Мазур за тры гады, сёлета ёй даручылі ролю Паўлінкі ў аднайменнай аперэце Юрыя Семянякі паводле камедыі Янкі Купалы. 

– Ужо на першай сустрэчы з пастановачнай групай, – разказвае Вікторыя Мазур, – мы, артысты, былі вельмі ўзрушаны тым, што менавіта наш тэатр упершыню ў гісторыі дасць новае сцэнічнае жыццё купалаўскаму твору і чакалі таго часу, калі прагучаць першыя акорды партытуры музычнай камедыі. Якой яна будзе? І тут трэба сказаць, што купалаўскі тэкст найлепш выказаў тое, чым жыве мая Паўлінка. Самабытнае і маляўнічае слова народнага песняра, музычнае і ў драматычным творы, абуджае творчую фантазію кампазітара, лібрэтыста і артыстаў. Колькі смеху заўсёды выклікала на рэпетыцыях сцэна прыезду ў дом Крыніцкіх пана Адольфа Быкоўскага, калі хто-небудзь з выканаўцаў гэтай ролі – ці К. Лосеў, ці В. Фаменка, ці Я. Яўна – пачынаў спяваць вядомы "раманс" пана Адольфа "З нашэго кахання, пэўна, ніц не бэндзе…" Мноства цудоўных музычных момантаў давялося нам праслухаць, калі мы знаёміліся з аперэтай!.. 

Музыка, на маю думку, і вызначыла напрамак рэжысёрскіх шуканняў. Мы вельмі хутка перайшлі ад застольных да мізансцэнных рэпетыцый. Узаемаадносіны паміж героямі ўсталёўваліся ў дзеянні. Жэст, слова, музычная фраза – і адразу знойдзена арганічная лінія паводзін і натуральная інтанацыя. 

Партыю Паўлінкі мы выконваем па чарзе з Наталляй Гайдай. Нам здаецца, што аперэтачная Паўлінка выглядае больш жыццярадаснай, чым у драматычным спектаклі. Гэта жыццярадаснасць закладзена ў самой музыцы, партытуры. Дарэчы, Юрый Семяняка ў перыяд пастаноўкі спектакля бываў амаль на кожнай рэпетыцыі і вельмі дапамагаў нам сваімі парадамі. 

…Паўлінка з’явілася на сцэне ў другой карціне. Музычны матэрыял ролі вельмі вялікі. Салістка павінна правільна размеркаваць дыханне, "пабудаваць" вакальны малюнак партыі, каб вобраз жыў у руху, у развіцці. Характар гераіні раскрываецца пры дапамозе розных сродкаў – і ў дынаміцы драматычнага дзеяння, і ў дыялогах, і ў песнях, і ў танцавальных нумарах. Але ўсе гэтыя кампаненты не павінны замінаць спевам. І В. Мазур тонка адцяняе вакальнае багацце сваёй партыі. 

Роля вельмі танцавальная, але цяпер гэта ўжо не палохае Вікторыю. Яна паспяхова спраўляецца з танцамі ў масавых сцэнах, у сольных нумарах. 

На працягу спектакля Паўлінка ўвесь час знаходзіцца на сцэне. І Вікторыя Мазур вельмі вынаходліва па-акцёрску падкрэслівае духоўную шчодрасць простай сялянскай дзяўчыны. Як летуценна гучыць голас спявачкі ў лірычным прасветленым дуэце Паўлінкі з яе каханым Якімам! Цудоўна пераклікаецца яе голас з галасамі сябровак у сцэне гуляння ў доме Крыніцкіх, калі выконваецца народная песня "Ой, там, у бору…". 

Як і кожная роля, Паўлінка пакрысе робіцца для В. Мазур "самай дарагой". І таму ў ёй няма статычнасці, яна набывае новыя і новыя артыстычныя нюансы. Нават, калі б мы некалькі разоў паглядзелі "выхапленыя" з плыні тэатральнага відовішча сцэны Паўлінкі з панам Быкоўскім, то і тады заўважылі б творчы рост выканаўцы: В. Мазур знаходзіць дасціпныя праявы экспрэсіўных паводзін і эмацыянальнага падтэксту партыі. Ёй хацелася, каб Паўлінка на аперэтачных падмостках успрымалася б абавязкова купалаўскім вобразам, зямной і летуценнай натурай. Да гэтага вядзе яе і музыка. Таму і прысуд гледачоў аднадушны: яны вітаюць на аперэтачнай сцэне купалаўскую Паўлінку. 

Л. ІВАШКОЎ. 
Літаратура і мастацтва. – 1973. – 14 снеж.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: