Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Творчы неспакой (1974 г., Мінская праўда)

Творчы неспакой (1974 г., Мінская праўда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ТВОРЧЫ НЕСПАКОЙ

За дзве гадзіны да спектакля ў грымёрнай тэатра музкамедыі яшчэ пуста. У паўзмроку тэатральнага пакоя карункі, валаны, стужкі, "бліскучыя" туалеты. 

Аднак у сем трыццаць вечара дырыжор узмахне палачкай, загучыць аркестр, рассунецца заслона, і на сцэне пачнецца дзівоснае жыццё, якое зачаруе сотні гледачоў у зале, прымусіць іх разам з героямі спектакля пакутаваць, кахаць і ад душы весяліцца. 

К.С. Станіслаўскі не раз гаварыў аб тым, наколькі важна ў ігры акцёра "ашаламляльная, аглушальная, натхняючая нечаканасць. Яна вырывае глебу з-пад ног і раптам падводзіць іншую, на якой глядач ніколі не стаяў, але якую ён ведае...". 

Вось такімі "нечаканасцямі" з'явіліся для мяне сустрэчы з вобразамі, створанымі заслужанай артысткай РСФСР, вядучай актрысай Тэатра музычнай камедыі БССР Нінай Антонаўнай Рэвінскай. 

Гледачы запомнілі і палюбілі яе Альжбету ("Паўлінка"), Маркізу ("Вольны вецер"), Вольгу Сяргееўну ("Увага, здымка!"), Бельскую ("Шчаслівы рэйс"). А вось яе Анжэла ("Пацалунак Чаніты"), якая хоча ўладарыць і быць не толькі зоркай начнога кафэ, але і паўнапраўнай яго гаспадыняй. Хітрасці, прытворству і авантурызму яна навучылася ў Чэзарэ, стаўшы як бы другой палавінай яго душы. Гераіня Рэвінскай не толькі жыццёвы, але і артыстычны антыпод Чаніты. Побач з Анжэлай зусім непадобны вобраз – жорсткая, фанатычная эсэсаўка Эвеліна ("Чацвёра з вуліцы Жанны"). 

Актрысе ўдаюцца ў гэтых вобразах не толькі вакальныя партыі, яна паспяхова спраўляецца і з драматычным бокам ролей, ствараючы яркія вобразы сваіх часам вельмі непадобных гераінь, робячы іх перажыванні блізкімі і зразумелымі гледачам. Усе гэтыя персанажы з сучаснага аперэтачнага рэпертуару. 

Не мала ў яе ролей і з класічных аперэт. Вось Марыэта з "Баядэры" – тыповая прадстаўніца буржуазнага асяроддзя. Актрыса не пазбавіла яе пікантнасці, прывабнасці. Марыэта-Рэвінская – спрачальніца, больш за ўсе ў жыцці ёй хацелася б дапячы свайму мужу. 

Ролі новыя, ролі старыя, кожная з іх – гэта пастаянная, карпатлівая праца, жыццёвае накапленне, у кожнай часцінка сэрца і, несумненна, адданасць справе, якой служыш. 

Каля двухсот розных па характару і жыццёвых прынцыпах вобразаў у Свярдлоўскім, Іванаўскім, Хабараўскім, Валгаградскім, цяпер Мінскім тэатрах музычнай камедыі стварыла Н. Рэвінская за гады служэння сцэне. Яна выконвала галоўныя ролі ў аперэтах "Лятучая мыш", "Цыганскі барон", "Халопка", "Цырк запальвае агні", "Сябры Мілены" і многіх іншых. 

Гарэзлівая цыганка Сафі, таленавітая артыстка Віялета, гордая і пакутуючая ад уніжэння яе чалавечай годнасці Расіта – дзяўчына з гераічнага вострава Свабоды – усе яны любімыя яе гераіні. 

Свае першыя крокі ў мастацтва шаснаццацігадовая Ніна пачынала на драматычнай сцэне ў Самаркандзе, куды іх сям'я эвакуіравалася з Мінска. З дзіцячых гадоў яе навучылі любіць песню, укладваць у яе ўсю душу. 

– Бывала, – успамінае Ніна Антонаўна, – мы ўсёй сям'ёй сядзелі вечарам. Пакуль яшчэ не запальвалі агонь, збіраліся і спявалі хорам песні. 

Але калі маладую актрысу запрасілі працаваць у аперэту, яна зразумела, што душэўных адносін мала, патрэбны веды. І ў 1953 годзе паступіла вучыцца ў Яраслаўскае музычае вучылішча, якое выдатна скончыла за адзін год замест патрабуемых чатырох гадоў навучання.

Адразу ж пасля вучылішча яе запрасілі ў адзін з лепшых тэатраў музкамедыі – Свярдлоўскі. Ужо тады яна сыграла Шуру Азараву ў "Блакітным гусары", Насцю ў "Самым запаветным", Віялету ў "Фіялцы Манмартра", Лізу ў "Акуліне" і многіх іншых. Крыху пазней Ніна Антонаўна паспяхова скончыла кансерваторыю.

Праходзяць гады, расце майстэрства актрысы, расце колькасць вобразаў, створаных ёю.

– Я пераканана, што ў любой ролі я недадала многага, – зазначае Н. Рэвінская. – Адыграў спектакль, ідзеш дамоў, і такое адчуванне, як быццам штосьці не тое, чагосьці не хапае. Вось такое пакутлівае пачуццё і рухае нас, акцёраў, наперад, дапамагае аставацца сучаснымі.

Кажуць, акцёр тады невычэрпны, калі яго мастацтва арганічна звязана з жыватворным асяроддзем, той крыніцай, якая ўвесь час напаўняе яго. Гэтая адзіная крыніца – жыццё. Н. Рэвінская нястомна чэрпае яе. Гэта дапамагае ёй у грамадскай рабоце, дапамагае незамыкацца ў сваім асабістым свеце, а заўсёды быць сярод людзей, не заставацца раўнадушнай да іх жыцця і працы.

Шмат работы ў Ніны Антонаўны як члена мастацкага савета тэатра. Абмяркоўваецца новая работа калектыву ці эскізы дэкарацый, касцюмаў да спектакля – заўсёды яна горача прымае ўдзел у дэбатах.

…Толькі што закончыўся спектакль. Актрыса знімае грым. А заўтра яшчэ адзін працоўны дзень. З яго трывогамі, клопатамі, сумненнямі і роздумам. Дзень сустрэч з гледачамі, новым вобразам. Наперадзе яшчэ нямала пошукаў і здзяйсненняў.

Л. БЕСПРАЗВАННАЯ. 
Мінская праўда. – 1974. – 2 ліп.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: