Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Усталяванне творчай сталасці (1975 г., Мінская праўда)

Усталяванне творчай сталасці (1975 г., Мінская праўда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

УСТАЛЯВАННЕ ТВОРЧАЙ СТАЛАСЦІ

Рыхтуючы спектакль, Тэатр музычнай камедыі БССР многа працаваў над матэрыялам. У выніку была адабрана найбольш удалая рэдакцыя аперэты. Гэта вялікая творчая работа з'явілася залогам поспеху, які нязменна суправаджае кожны паказ спектакля. 

Тры гадзіны, якія вы правядзеце ў глядзельнай зале, увядуць вас у незнаёмае жыццё і падораць новых сяброў. Зорыко, Сандар, Міхаль, Іаланта… У кожнага з іх свой лёс, свае радасці, і міжволі пачынаеш думаць пра іх, як пра жывых людзей, забываючы, что перад табой акцёры, прычым добра знаёмыя па ранейшых работах. 

Хто ж яны, гэтыя персанажы, з якімі нас пазнаёміў спектакль "Цыганскае каханне"? У аснове падзей ляжыць расказ пра каханне Зорыкі – дачкі баярына Патэра Драгоціна і сына стэпаў цыгана Сандара, аб тым, як яны змаглі знайсці шлях, каб разарваць ланцугі сацыяльных забабонаў. 

З першых акордаў уверцюры, з арыі Зорыкі, сцэны і дуэта яе і Сандара ў першай дзеі глядач адразу ўваходзіць у імклівы ход падзей. Артыстка В. Мазур пераканаўча раскрывае вобраз сваёй гераіні. Мяккае драматычнае сапрана, стрыманае хваляванне ў голасе пры размове з Сандарам перадаюць тую душэўную разгубленасць, якой яна ахоплена. На працягу ўсяго спектакля актрысу не пакідае стан адухоўленасці, "зліцця" з вобразам, што забяспечвае найлепшае ўспрыняцце і разуменне яго гледачом. Пяшчотна і паэтычна прагучаў у выкананні Зорыкі – В. Мазур фінал першага акта. 

…Нягледзячы на тое, што размова з бацькам зрабіла вялікае ўражанне на Зорыку, яна ўсё ж не адважваецца даць згоду на шлюб з Іанелем. Іанель Балеску (артыст В. Бажэнаў) – багаты гарэза і лавелас, яму прайграў у карты сваю дачку Драгоцін. Гэта яшчэ адна сацыяльная грань твора. В. Бажэнаў упэўнена вядзе сваю партыю, асабліва ўдалася яго арыя аб ружы. У цэлым жа вобраз Іанеля не зусім пераканаўчы, як драматычны, хоць акцёр валодае прыемным голасам. 

Што датычыць Сандара (К. Лосеў), – гэта поспех артыста. Асобныя сцэны выкананы з вялікім густам і майстэрствам. Праўда, і яму, як Іанелю, не хапае драматычнай перакананасці. 

З асаблівай цікавасцю глядзяцца ў спектаклі вобразы Ілоны і Драгоціна. Прыгажуня Ілона ў выкананні заслужанай артысткі РСФСР Н. Равінскай пакарае гледача іскрыстым бадзёрым танцам, тэмпераментным спяваннем, у якім актрыса шчодра дэманструе свае багатыя вакальныя магчымасці. Асабліва добрая сцэна ап’янення, праведзеная разам з артыстам Ю. Лазоўскім. Драгоцін у яго выкананні – стары гуляка, які пакінуў усё багацце ў ігральных дамах, спадзяецца паправіць фінансавыя справы выгадным шлюбам дачкі і дзеля грошай гатовы аддаць яе абы-каму. Мы становімся сведкамі кантрастных пераходаў гэтых двух персанажаў з аднаго стану ў другі, ад адных адносін да другіх – і гэта павялічвае нашу ўвагу да таго, што адбываецца на сцэне. Сваім мастацтвам яны як бы пацвярджаюць словы Неміровіча-Данчанкі: "На сцэне нічога не можа быць лішняга, калі яно справядліва". У іх ігры няма акварэльных паўтаноў, яны аддаюць перавагу яркім танам, а галоўнае, не баяцца гратэску. 

Сярод іншых камічных персанажаў аперэты нельга не адзначыць Каэтана ў выкананні В. Фаменкі. Яго герой выведзен у традыцыях аперэтачнага "прасцяка". Пачынаючы з удала падабранага грыму і да каскадных нумароў, акцёр упэўнена праводзіць свайго Каэтана праз увесь спектакль. Акцёр і рэжысёр не пайшлі па пракладзеным шляху клаўнады, а пастараліся зрабіць гэты вобраз жыццёвым, удала падкрэсліўшы камічную аснову. Вельмі цікавы і стары цыган Міхаль – Ю. Харытонаў. Незвычайнай праўдзівасцю павеяла ад гэтага мудрага старца з народа. 

У сучасным тэатры нязмерна ўзрасла роля рэжысёра. Ад яго залежыць ідэйны, прафесійны і маральна-этычны стан творчага калектыву. Рэжысёр згуртоўвае трупу, як дырыжор аркестр. Ён накіроўвае да адзінай мэты творчы пошук калектыву. 

Рэжысёр спектакля "Цыганскае каханне" заслужаны дзеяч мастацтваў УССР А. Барсегян бачыў яго як рамантычную аперэту. Выяўленне сацыяльнай і духоўнай сутнасці твора дазволіла стварыць спектакль выразным як у ідэйных, так і ў стылявых адносінах. У ім добра перадаецца сацыяльны сэнс падзей, заканамернасць іх развіцця. Дзея разгортваецца ў адзінай дэкаратыўнай аснове, што адпавядае духу твора. 

Выкарыстоўваючы элементы ўмоўнасці, рэжысёр і мастак А. Марозаў знайшлі арыгінальнае афармленне, якое ўдала падкрэслівае рэжысёрскае бачанне спектакля. 

"Цыганскае каханне" – спектакль яркі, тэмпераментны. Музыка дамінуе ў ім. Сакавітыя каларытныя мелодыі садзейнічаюць яго поспеху. 

Праўда, хацелася б, каб акцёры, занятыя ў спектаклі, больш звярталі ўвагі на лепшае раскрыццё не толькі сваёй ролі, але і дапамагалі партнёру. Ад гэтага спектакль толькі выйграе. 

Л. БЕСПРАЗВАННАЯ. 
Мінская праўда. – 1975. – 26 лют.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: