« Назад
ВАСІЛ ПАПОЎ, ЗАСЛУЖАНЫ ДЗЕЯЧ МАСТАЦТВАЎ КІРГІЗСКАЙ ССР: "ШУКАЦЬ І ЗНАХОДЗІЦЬ!"
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР пачынае свой сёмы сезон. Працягваецца працэс творчага станаўлення самабытнага калектыву. Дзякуючы яго пачуццю адказнасці перад грамадскасцю і пошукам у галіне рэпертуару, мінулы сезон ён правёў плённа. Узбагацілася новымі назвамі яго афіша; сярод прэм'ер звярнула на сябе ўвагу новая аперэта Ю. Семянякі – "Тыдзень вечнага кахання". Палепшылася і арганізацыйна-гаспадарчая дзейнасць. Тэатр паспяхова гастраляваў у Віцебску, Архангельску і Ноўгарадзе. За выкананне фінансавага плана і эканомію сродкаў ён атрымаў прэмію Міністэрства культуры БССР. Ваенна-шэфская дзейнасць адзначана Пераходным кубкам БРК прафсаюза работнінаў культуры. Калектыў выконвае ўсе пункты сацыялістычнага дагавора аб садружнасці з вытворча-тэхнічным аб'яднаннем "Гарызонт" і калгасам імя Калініна Мінскага раёна.
Карэспандэнт штотыднёвіка "ЛіМ" папрасіў расказаць чытачам аб планах на новы сезон мастацкага кіраўніка калектыву, заслужанага дзеяча мастацтваў Кіргізскай ССР Васіла Тодаравіча Папова.
– Перш за ўсе пра рэпертуар. Тут мы працуем у двух напрамках: імкнёмся захаваць і ўдасканаліць лепшыя спектаклі мінулых сезонаў, якія з-за змен у складзе салістаў, пераездаў з адной сцэны на другую на працягу многіх гадоў – маюць мастацкія страты і амартызацыю сцэнічнага афармлення, і ўзбагачаем рэпертуар новымі назвамі. Сярод іх адзначу наступныя прэм'еры: "Рэвю-канцэрт", "Май фэйр лэдзі", "Мост мары", "Чыпаліна" і "Беласнежка і сем гномаў". Аб чым яны?
Як сведчыць сама назва першай з нашых прэм'ер, яна з'яўляецца па задуме яркім, святочным аглядам лепшых фрагментаў з класічных і сучасных музычных камедый. Ажыццявіў маляўнічую пастаноўку галоўны балетмайстар тэатра народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР С. Дрэчын.
Па камедыі "Пігмаліён" Б. Шоу напісаны амерыканскім кампазітарам Ф. Лоў мюзікл "Май фэйр лэдзі" ("Мая чароўная лэдзі"). Ленінградскі кампазітар В. Лебедзеў перадаў нашаму тэатру свой лірычны твор "Мост мары", у якім зроблена цікавая спроба раскрыць заводскую тэму ў сувязі з асабістым жыццём герояў. Імкнучыся прыняць неабходны ўдзел у эстэтычпым выхаванні дзяцей, мы падрыхтавалі музычную казку "Беласнежка і сем гномаў" Э. Калманоўскага, над якой працавала пастановачная брыгада ў складзе рэжысёра I.{У.} Лінкевіча, дырыжора Э. Арашкевіча, мастака А. Марозава, хормайстра Н. Андросавай, а таксама балет "Чыпаліна" К. Хачатурана (балетмейстар С. Дрэчын, дырыжор А. Лапуноў, мастачка Я. Рапай).
3 работай па стварэнню спектакляў для дзяцей мы звязалі яшчэ адну цікавую задуму: афармленне афіш, праграмак, буклетаў будзе зроблена самімі дзецьмі. Для гэтага мы абвясцілі сумесна з Палацам піянераў і школьнікаў конкурс, у якім прымаюць удзел маленькія мастакі па адзінацццігадовы ўзрост.
Вялікае месца ў нашай творчай дзейнасці на працягу сёмага сезона будуць займаць інтэнсіўныя пошукі нацыянальнага арыгінальнага рэпертуару. Будзем праводзіць творчыя сустрэчы з кампазітарамі і лібрэтыстамі, мастакамі і музыказнаўцамі, прадстаўнікамі грамадскасці, каб абмяркоўваць не толькі напісаныя творы, але нават і задумы, накіды, планы, заяўкі. Значную ўвагу мы нададзім прафесіянальнай вучобе артыстаў тэатра, без усялякай залежнасці ад рангаў. Будуць праводзіцца сістэматычныя заняткі па вакалу, сцэнічнаму руху, рытмапластыцы, дыкцыі, танцу.
Нягледзячы на адсутнасць стацыянарнай пляцоўкі для спектакляў, тэатр будзе імкнуцца значна павысіць тэхнічны ўзровень кожнай пастаноўкі. Падрыхтаваны якасна новыя афішы, праграмы, буклеты, тэатральныя эмблемы і г. д.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР робіць усё ад яго залежнае, каб выпрацаваць непаўторнае мастацкае аблічча, уласны творчы почырк, стыль. Мастацтва ўсіх жанраў павінна прымаць удзел у выхаванні актыўных будаўнікоў камуністычнага грамадства.
Літаратура і мастацтва. – 1976. – 17 вер. – С. 10.
|