Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пад пунсовым ветразем мары (1977 г., Вячэрні Мінск)

Пад пунсовым ветразем мары (1977 г., Вячэрні Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПАД ПУНСОВЫМ ВЕТРАЗЕМ МАРЫ

...Калі табе семнаццаць, усё здаецца дзівосным. I хочацца верыць, што ёсць на свеце добрыя чарадзеі. Што ўсе людзі прыгожыя. А будучыня – бязвоблачная. Але мінае час. І аказваецца, што лёс падрыхтаваў не адны ружы. Што ёсць у жыцці і несправядлівасць, і хлусня. Як цяжка тады не зненавідзець усё і ўсіх. I як гэта важна – здолець захаваць у душы веру ў дабрыню. 

Не, гэты сюжэт не новы. Уласна, і не ён з'яўляецца галоўным у новым спектаклі Беларускага тэатра музычнай камедыі "Мост мары". Чым жа прываблівае гэты мюзікл, напісаны кампазітарам В. Лебедзевым па п'есе А. Драбкінай? Перш за ўсё, рамантычным падтэкстам, маладым запалам. I, вядома, нетрадыцыйнай формай, якая дазволіла шукаць новыя рашэнні, асаблівыя выразныя сродкі. Да такога спектакля нельга падыходзіць са знаёмымі меркамі класічнай аперэты. 

Аўтары мюзікла не вельмі клапаціліся аб цэльнасці дзеяння. Ды і схематычная фабула не магла стаць галоўнай рухаючай сілай таго, што адбываецца. Рэжысёр Б. Утораў, ажыццяўляючы пастаноўку, таксама не імкнуўся стварыць трывалыя сувязі аднаго эпізода з другім. Перад намі – калейдаскоп сцэн, якія хутка змяняюцца, нешта накшталт рэвю, у якім шмат яркіх састаўных частак. Гэта сучасная музыка, мелодыі і рытмы якой выразна даносіць аркестр (музычны кіраўнік і дырыжор – А. Лапуноў, хормайстар Н. Андросава). I поўныя пачуцця вакальныя нумары (арыямі іх называць не хочацца з-за яўнага песеннага характару). Ёсць у спектаклі цікавая па малюнку і знаходках пантаміма, своеасаблівая харэаграфія (балетмайстар – народны артыст БССР С. Дрэчын). 

Пазбегнуць мазаічнасці пастаноўшчыкам дапамагае стылёвае адзінства, якога яны дабіваюцца за кошт поўнага супадзення задумаў, агульнага вобразнага пачатку. Прыгожыя ажурныя лініі афармлення, мажорныя фарбы ўдала сімвалізуюць юнацтва, чысціню яго думак (мастак Ю. Даламанаў). Гэтае ж адчуванне – юнай чысціні, святла – уласцівае музычнаму вырашэнню. 

Але галоўным носьбітам гэтага настрою (а, дарэчы, і галоўным сувязным пачаткам, той воссю, вакол якой праходзіць дзея) з'яўляецца вобраз галоўнай гераіні спектакля Марыны. Заслужаная артыстка БССР Н. Гайда стварае цэльны і своеасаблівы характар. Яна як бы паступова высвечвае розныя яго грані. Спачатку – гэта жыццярадасная, не пазбаўленая гарэзлівасці дзяўчынка. Як нястрымна радуецца яна ліўню, як любуецца "сваім" мастом... Вельмі дакладна перадала актрыса тое чаканне блізкага шчасця, якім заварожана гераіня. 

I вось шчасце прыйшло – дзяўчына пакахала. Яна не з тых, хто можа жыць, адчуваць напаўсілы. I кахае яна глыбока і самааддана. Але Сяргей... На жаль, рэжысёр і артыст В. Бажэнаў не стварылі арганічнага малюнка гэтага вобраза. Спачатку акрэсліваецца характар гэткага саманадзейнага, але ў чымсьці прывабнага чалавека. Але далейшае развіццё такое аднапланавае, што гледачу адразу ясна: кахання Марыны ён не варты. Можа бьшь, Сяргей не павінен быць такім яўна прымітыўным?.. 

Цяжкае выпрабаванне выпадае на долю Марыны: яна расчароўваецца ў любімым чалавеку. Яна пазнае, што значыць быць пакінутай. I тут мы яшчэ раз пераконваемся ў тым, якая багатая палітра Н. Гайды. Яна пераходзіць ад яўнага гратэску на ўзроўні клаунады да глыбокага драматызму. Успомнім хоць бы песню пра фокусніка-дзівака. Вось перад намі адчайны арлекін. I раптам мы бачым такі аголены боль... "Зрабі так, каб зразумелі мяне", – у адчаі просіць дзяўчына. Актрыса аднолькава ўдала спраўляецца з драматычнымі і вакальнымі бакамі ролі. Хочацца адзначыць і яе пластыку. Яна глыбока выяўляе развіццё характару гераіні: ад вуглаватай летуценнай дзяўчынкі да челавека, які здолеў выстаяць у бядзе, не страціць веру ў людзей, не страціць сваю юную чысціню, не здрадзіць сваім прынцыпам. 

І перадаць усё гэта Н. Гайдзе дапамагае другі яе партнёр – заслужаны артыст БССР В. Фаменка ў ролі Уладальніка маста. Артысту вельмі цяжка было захаваць меру ўмоўнасці і рэальнасці гэтага вобраза. Але як па-зямному ён гаворыць аб сваім чараўніцтве. I мы верым: ён не толькі можа выклікаць лівень. Ён можа падарыць... мост. Не, не толькі той рэальны, цудоўны Охцінскі мост, які так любіць Марына. Але і другі – сімвалічны Мост мары, які злучае з берагам шчасця. Артыст без ілжывага пафасу вядзе сваю ролю. 

Іншыя вобразы ў спектаклі эскізныя. Толькі В. Мазур напаўняе плоццю і крывёю сваю гераіню – Свету. З ёю Сяргею ўтульна, яна не патрабуе "высокіх матэрый". Але, бадай, некаторы натуралізм перашкаджае артыстцы. Яна злоўжывае ім і ў сваёй "праграмнай" песні пра Рамэо і Джульету, і ў дэманстрацыі прывабнасці гераіні. 

Цікавыя штрыхі мы знаходзім у партрэтах іншых герояў: рэжысёра (Ю. Лазоўскі), бацькі Марыны (заслужаны артыст БССР В. Шаўкалюк), начальніка аддзела кадраў (У. Лінкевіч), Валі (Р. Курлыкова). Лёгка ўстанаўлівае сувязі з залай ансамбль, які выступае ў ролі вядучага або хору, які каменціруе падзеі. 

У спектаклі, дзе дынаміка дасягаецца не за кошт сюжэта, які інтрыгуе, хутка развіваецца, а за кошт эмацыянальнага напалу, вельмі вялікую небяспеку складаюць "падводныя камяні" фальшу. Іх не заўсёды ўдаецца абысці стваральнікам спектакля. Залішне прамалінейная сцэна, дзе сутыкненне Марыны з дарослым жыццём трактуецца ў … элементарным стрыптызе. А ўдар лёсу – здрада Сяргея – з’яўляецца для Марыны ў літаральным сэнсе громам сярод яснага неба – громам ударных інструментаў. 

Наогул, часам дырыжору не хапае чуласці – салістам даводзіцца спрачацца з аркестрам. Не ўсе танцы вызначаюцца высокім густам: залішне стракатым выглядае карнавал на цеплаходзе; цяжка прыняць сцэну, дзе артысты балета танцуюць у час спаткання Марыны і Сяргея – у ёй няма таго настрою, які заклікана была падкрэсліць харэаграфія. 

Але ж спектакль толькі нарадзіўся. I, несумненна, работа над ім не закончана. Яна працягваецца. I разам з тым ідзе пошук у тэатры новага, пошук сваёй лініі. 

Т. САЯНАВА. 
Вячэрні Мінск. – 1977. – 28 снеж.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: