Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сталасць таленту (1977 г., Беларусь)

Сталасць таленту (1977 г., Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СТАЛАСЦЬ ТАЛЕНТУ

У канцы саракавых гадоў, пасля дэмабілізацыі з радоў Савецкай Арміі і вяртання ў Мінск, у купалаўскім тэатры аўтару гэтых радкоў давялося ўпершыню ўбачыць Р. Кашэльнікаву – Паўлінку. Не было тэатра, сцэны, дэкарацый, актрысы, але жыла, радавалася і пакутавала, здзіўляючы сваёй непасрэднасцю і зграбнасцю, сялянская дзяўчына, адна з тых, хто не можа не ўзрушыць сэрца. 

Ішлі гады. Розныя драматычныя тэатры Беларусі знаёмілі нас з новымі Паўлінкамі. Але тая, кашэльнікаўская, заставалася ў маёй памяці ўзорам жыццёвай праўды і хараства сцэнічнага вобраза. 

Неяк у Саюзе кампазітараў БССР давялося пачуць, што Юрый Семяняка ў садружнасці з Алесем Бачылам – стваральнікам лібрэта – піша музычную камедыю "Паўлінка". Творчая смеласць аўтараў, бліскучая ідэя ўвасобіць неўміручы купалаўскі твор у спектаклі музычнага тэатра захапілі ўсіх. Але раптам узнікла думка: хто ж у маладым тэатры музычнай камедыі БССР здолее стварыць вобраз купалаўскай гераіні і ці будзе наогул здольна новая выканаўца па сіле ўздзеяння на гледача спаборнічаць з актрысай драматычнай сцэны? 

Не скажу, што таленавітая артыстка нашага тэатра музычнай камедыі Наталля Гайда прымусіла забыць тую, першую Паўлінку, але не захапіцца, не палюбіць цудоўны вобраз, які яна стварыла, немагчыма. 

Гераіня Гайды вельмі шчырая, па-юнацку гарэзлівая, закаханая ў жыццё і валодае сапраўдным багаццем пачуццяў і адчуванняў. Пластыка рухаў яе Паўлінкі зайздросная. А як тонка яна рэагуе на паводзіны сцэнічных партнёраў, умее іх слухаць, нават тады, калі яны не звяртаюцца да яе! Нагадаю яшчэ адно: Гайда-Паўлінка арганічна пераходзіць ад празаічнай мовы да спявання і, наадварот, перамагае ўсе складанасці вакальнай партыі, голас яе гучыць напеўна і прыгожа. Не будзе перабольшаннем сказаць, што дзякуючы таленту Н. Гайды купалаўская Паўлінка па праву заняла сваё месца на музычнай сцэне. 

Хочацца падкрэсліць, што ў творчым абліччы Наталлі Гайды відзён нястрымны пошук сродкаў мастацкай выразнасці сваіх гераінь. Таму на кожным чарговым спектаклі вобраз узбагачаецца новымі адценнямі: ці то пластыкі, ці моўных акцэнтаў у раскрыцці падтэкста паводзін. 3 беражлівасцю і адказнасцю ставіцца Н. Гайда да вымаўлення слова, да чысціні мовы. Вось у каго могуць павучыцца не толькі артысты музычных тэатраў Беларусі, але і драматычных. 

Яркія вакальныя дадзеныя, тонкая музычнасць і драматычны талент, няспыннае творчае гарэнне дазволілі Наталлі Гайдзе ахапіць у сваім рэпертуары лепшыя творы класічнай і сучаснай музычнай камедыі. I яна нідзе не паўтараецца, не дубліруе ў новай партыі свае ранейшыя здабыткі, смела адкідае трафарэты і штампы, што з гадамі назіраюцца на тэатральнай сцэне, асабліва пры ўвасабленні папулярных аперэт. Артыстка з радасцю ўдзельнічае ў пастаноўках новых твораў, якія раней ніколі не ажыццяўляліся. Часам сілай свайго таленту ёй даводзіцца выратоўваць такія спектаклі. Прыкладам можа быць "Пяе "Жаваранак", твор недасканалы па якасці лібрэта, у якім Н. Гайда стварыла вельмі ўражлівы, хвалюючы па драматычнай напружанасці вобраз савецкай разведчыцы. 

Поспехі Наталлі Гайды на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, яе дасягненні ў развіцці музычнай драматургіі сталі падставай для надання ёй ганаровага звання заслужанай артысткі рэспублікі. 

Незвычайны быў шлях прыхільніцы сцэнічнага майстэрства на тэатральныя падмосткі. У дзяцінстве Гайда марыла аб прафесіі юрыста. Да гэтага яе схілілі жыццёвыя абставіны. Калі праз пэўны час мара пачала здзяйсняцца, студэнтка юрыдычнага інстытута Н. Гайда захапілася мастацкай самадзейнасцю. Журы аднаго з аглядаў, у якім яна прымала ўдзел, настойліва параіла ёй сур'ёзна заняцца музычнай адукацыяй. Пачынаюцца напружаныя дні вучобы ў дзвюх навучальных установах: раніцаю – у інстытуце, вечарам – у кансерваторыі. I тут і там патрабуюць кінуць або музыку, або юрыспрудэнцыю. Але ў дзяўчыны хапае настойлівасці, творчага запалу, каб працягваць заняткі па-ранейшаму. 

Калі Н. Гайда скончыла інстытут, яе накіравалі працаваць у міліцыю. Начальства да музыкі ставілася адмоўна і прапанавала маладому юрысту кінуць кансерваторыю або пасаду. У другой установе, дзе Н. Гайда ўладкавалася юрысконсультам, было ўсё наадварот – кіраўнік вельмі любіў музыку і таму раіў заканчваць кансерваторыю і абраць спевы сваёй прафесіяй. 

Гэтак на апошнім курсе Свярдлоўскай кансерваторыі Наталля Гайда, уладальніца вельмі лёгкага, рухомага лірычнага голасу, стала салісткай Свярдлоўскага тэатра оперы і балета. 

Неўзабаве яна атрымала запрашэнне ў Мінск, у Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, удала дэбютавала ў кінафільме "Званы вечар з італьянцамі". 

Але па-сапраўднаму талент актрысы праявіўся ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР. Даволі ўбачыць яе Сільву ў вядомай аперэце I. Кальмана, Насцю ў "Бабскім бунце" Я. Пцічкіна па апавяданнях М. Шолахава, яе гераінь з твораў I. Дунаеўскага і Ю. Семянякі, М. Стрэльнікава і I. Штрауса і іншых майстроў гэтага жанру, каб зразумець, што для гэтай выканаўцы не існуе ў тэатры цяжкасцей. 

Працуючы ў тэатры, Наталля Віктараўна аддае многа часу і грамадскай рабоце. Яна з поспехам выконвае абавязкі дэпутата Фрунзенскага райсавета горада Мінска, працуе на грамадскіх пачатках сакратаром Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза культуры. 

Так, справы ў жыцці і на сцэне, няспыннае гарэнне, шматграннасць творчых і грамадскіх інтарэсаў заўсёды і ўсюды вылучаюць цудоўную беларускую артыстку Наталлю Гайду. 

І. НІСНЕВІЧ. 
Беларусь. – 1977. – № 4. – С. 19.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: