« Назад
ЁСЦЬ КАПІТАНСКІ МОСЦІК І… У АПЕРЭЦЕ
Музыкант за пультам аркестра... Адсюль, як з капітанскага мосціка на караблі, і кіруюць вялікім калектывам.
Ён, Анатоль Лапуноў, можа бьць бязлітасна-патрабавальным да сябе, калі адбываецца працэс спасцігнення музыкі. Можа быць бязлітасна-патрабавальным і да тых, з кім працуе над сцэнічным увасабленнем музыкі. Разам з тым яго душу лёгка параніць – калі ён сутыкаецца з абыякавасцю, неахайнасцю ў мастацтве, раўнадушшам ці непрафесіянальнасцю на сцэне або канцэртнай эстрадзе. Музыка жыве ў ім, і ён жыве ў музыцы.
Аднойчы ў час канцэрта, які трансліраваўся па тэлебачанню, аператар падаў твар дырыжора А. Лапунова буйным планам, і гледачы змаглі зазірнуць у яго вочы. Гучала даўно і ўсім знаёмая музыка, для яго ж гэта была нібы новая сустрэча, і новае напружанне духоўных сіл, і новае адкрыццё хараства.
Так бывае і ў тэатры, калі там выконваецца, напрыклад, аперэта-вадэвіль "Тыдзень вечнага кахання" Ю. Семянякі. Поспех спектакля відавочны. I перш за ўсё гэты поспех – вынік сапраўднай творчай садружнасці дырыжора і рэжысёра С. Штэйна, якія добра паразумеліся ў працы над партытурай твора, над яго музычнай драматургіяй.
Як ён шчыра любіць сваю прафесію! Далася яна А. Лапунову нялёгка, было многа цяжкасцей, перажыванняў, сумненняў. Ён жа вучыўся іграць на баяне, музычнае вучылішча і кансерваторыю скончыў як баяніст. Праўда, у дыпломе было напісана: дырыжор аркестра народных інструментаў, і гэта абнадзеіла, таму што яшчэ з самых юначых гадоў дырыжыраванне вабіла яго ўладарна і неадольна. Атрымаўшы першы кансерваторскі дыплом, малады музыкант пачаў сваю самастойную працоўную дзейнасць. I ўвесь час не адступала думка – пачаць сур'ёзныя заняткі дырыжыраваннем. Яна і прывяла Анатоля другі раз у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю на аддзяленне оперна-сімфанічнага дырыжыравання.
Абараняў дыпломную работу ў тэатры оперы і балета: дырыжыраваў спектаклем "Травіята". Было гэта ў сакавіку 1973 года. Атрымаў на тры гадзіны аркестравую рэпетыцыю, у час якой не паспеў нават прайграць да канца ўсю партытуру. Але ведаў яе на памяць, і таму спектакль правёў паспяхова. Адчуў артыстычныя эмоцыі там, на сцэне, адчуў "подых аркестра". У другі раз скончылася яго студэнцкае жыццё, пачалася прафесіянальная работа, любімая работа, якая стала сэнсам яго жыцця.
У Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР Анатоль Лапуноў працуе ўсяго паўтара года, але зроблена ўжо нямала. На яго асабістым рахунку – "Патрабуецца гераіня" В. Баснера, "Тыдзень вечнага кахання" Ю. Семянякі, "Бабін бунт" Я. Пцічкіна, "Канцэрт-рэвю". Цяпер ён дырыжыруе таксама спектаклямі "Сільва" I. Кальмана, "Паўлінка" Ю. Семянякі, "Пацалунак Чаніты" Ю. Мілюціна. Тут усё ў парадку. Калі за пультам стаіць Лапуноў, можна быць упэўненым: музычны ўзровень спектакля будзе высокі, музыка будзе асноўным кампанентам дзеяння.
Але пасада галоўнага дырыжора, як вядома, прадугледжвае вырашэнне не толькі чыста творчых, але і многіх арганізацыйных пытанняў. Ён не можа быць задаволены становішчам з выканаўчымі сіламі ў тэатры: некаторыя салісты, артысты хору, аркестра выступаюць на нізкім прафесіянальным узроўні. Не хапае акцёраў розных сцэнічных амплуа; неўкамплектаваны сталымі штатнымі работнікамі хор, аркестр тэатра. Гэта вельмі хвалюе галоўнага дырыжора, ён разумее, што без вырашэння гэтых пытанняў нельга па-сапраўднаму працаваць на поўную сілу.
Ён гаворыць:
– Вакалісты, якіх рыхтуе наша кансерваторыя, у асноўным арыентаваны на оперную сцэну, у харавыя калектывы, на педагагічную работу. I калі хто-небудзь з іх усё-такі трапляе да нас, ён аказваецца зусім непадрыхтаваным да спецыфікі тэатра аперэты. Сцэнічны рух, танец, акцёрскае майстэрства – ва ўсім гэтым яны выглядаюць ва ўмовах нашага тэатра бездапаможна: тут не можа выратаваць нават добры голас. Вельмі патрэбна ў нашай кансерваторыі спецыялізацыя ў падрыхтоўцы студэнтаў-вакалістаў з арыентацыяй на тэатр музкамедыі. Паступова тэатр пашырае рэпертуар. А новы рэпертуар – гэта новыя акцёрскія работы і новыя імёны. У гэтым годзе мы выпусцім некалькі новых спектакляў. Бліжэйшы з іх – аперэта-вадэвіль "Дона Люцыя" А. Фельцмана. Потым – "Мост мары" В. Лебедзева. У планах трупы – мюзікл Ф. Лоу "Мая цудоўная лэдзі". Што датычыць папаўнення нацыянальнага рэпертуару, магу зазначыць: тэатр працуе з кампазітарам Г. Вагнерам над "Пінскай шляхтай". Першым беларускім спектаклем для дзяцей стане музычная казка "Сцяпан – вялікі пан" Ю. Семянякі...
Раптам ён зноў звяртаецца да таго, што не перастае хваляваць яго як музыканта:
– Я думаю зараз аб тым, што праблема дырыжорскіх кадраў у нас у рэспубліцы, як і раней, стала надзвычай вострай. У кансерваторыі цяпер няма аддзялення оперна-сімфанічнага дырыжыравання. А ў музычных вучылішчах ёсць сімфанічныя аркестры, імі нярэдка кіруюць музыканты, якія не маюць спецыяльнай адукацыі такога профілю. Як патрэбны тут маладыя спецыялісты!..
Я гляджу на яго, слухаю, і зноў у памяці ўзнікае яго твар на экране тэлевізара. З галавы не выходзіць думка: на такіх апантаных музыкантах трымаецца мастацтва.
Алена РАКАВА. Літаратура і мастацтва. – 1977. – 1 крас. – С. 12.
|