Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Аперэтка? Не, аперэта! (1979 г., Літаратура і мастацтва)

Аперэтка? Не, аперэта! (1979 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АПЕРЭТКА? НЕ, АПЕРЭТА!

Кожны тэатр, калі ён хоча быць на ўзроўні часу, на ўзроўні сапраўднага мастацтва, павінен пастаянна і настойліва шукаць новыя сродкі ўзбагачэння свайго мастацкага арсеналу, павінен пракладваць новыя сцежкі да сэрцаў гледачоў.

Плённымі пошукамі пазначаны мінулы год для Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Імкнучыся да ўзбагачэння свайго рэпертуару, калектыў звярнуўся да такіх выдатных і такіх розных твораў, як мюзікл А. Лебедзева "Мост мары" і класічная аперэта Ф. Легара "Вясёлая ўдава". Творы гэтыя сталі з'явамі ў жыцці тэатра.

Мюзікл А. Лебедзева па п'есе А. Драбкінай у свой час быў пастаўлены ў Ленінградскім тэатры музкамедыі пад назвай "Охцінскі мост" і, трэба прызнаць, не стаў рэпертуарным творам. Пастаноўшчык мінскага спектакля Б. Втораў пайшоў шляхам яркай метафарызацыі, філасофскага заглыблення мізансцэн, смелага сінтэзу ў мастацкай тканіне твора розных выяўленчых пластоў. I дасягнуў поспеху. Спектакль прываблівае яркай і своеасаблівай стылістыкай, надвычай удалым спалучэннем мовы і вакалу, драматычных і камічных матываў. Музыка не выглядае тут павярхоўнай ілюстрацыяй сюжэта. Зачароўваючы слухачоў сваёй лёгкасцю, іскрыстасцю, моцартаўскай празрыстасцю і тонкасцю, яна заўсёды нясе на сабе вялікую сэнсавую нагрузку, з'яўляецца, часам, ключом для расшыфроўкі аўтарскіх і рэжысёрскіх вобразаў-сімвалаў.

У гэтым спектаклі няма і ценю той "аперэтачнай беззмястоўнасці", руціны і трафарэтнасці, пра якую так любяць разважаць некаторыя тэатральныя крытыкі, агулам і вельмі павярхоўна ацэньваючы ўвесь жанр музычнай камедыі. Як казаў герой аднаго папулярнага кінафільма, шчасце – гэта калі цябе разуюць. Усім пафасам свайго твора, усёй музычна-выяўленчай палітрай аўтары мюзікла "Мост мары", яго рэжысёр-пастаноўшчык і акцёры сцвярджаюць глыбокую і значную думку аб неабходнасці ўзаемаразумення паміж людзьміі. Выкрываючы мяшчанскую абмежаванасць, эмацыянальную і інтэлектуальную прыземленасць, збедненасць абывацельскіх душ, аўтары ўслаўляюць чалавечую прагу духоўнасці, высакародства, вернасць высокім рамантычным ідэалам юнацтва. Выдатна "працуе" на асноўную ідэю сцэнаграфія спектакля (мастак Ю. Даламанаў). Дэкарацыі ўтвараюць атмасферу рамантычнай узвышанасці, абагульненай умоўнасці. Самых добрых слоў заслугоўвае праца музычнага кіраўніка пастаноўкі і дырыжора А. Лапунова, які дамогся чысціні, гарманічнасці гучання асноўнай меладычнай лініі твора. (Паасобныя рэдкія збоі аркестра звязаны, у значнай ступені, з нявырашанасцю некаторых арганізацыйна-тэхнічных праблем у калектыве).

Перш-наперш – пра выканаўцу галоўнай ролі Наталлю Гайду. Яе лічаць сёння адной з лепшых савецкіх аперэтачных артыстак. Я меў магчымасць глядзець спектаклі большасці айчынных тэатраў музкамедыі і пераканацца: слушна лічаць! Сапраўды – цудоўнае спалучэнне выдатных вакальных дадзеных з высокай пластычнай, танцавальнай культурай і яркім драматычным талентам. Марына ў "Мосце мары" – новы трыумф артысткі. Цяжка ўявіць каго-небудзь іншага ў ролі Марыны. Гэта сапраўдны монаспектакль Н. Гайды, які сыграны бліскуча. На адным дыханні вядзе артыстка ўсю ролю, на дзіва арганічна пераходзячы ад іранічных ці дасціпных рэплік сваёй гераіні да лірычных зонгаў, да танцавальных нумароў і нават да акрабатычных элементаў. У лірычных зонгах яе голас гучыць вельмі цёпла, шчыра і пранікнёна, палонячы слухачоў распеўнасцю, палётнасцю гуку ("Охцінскі мост", "Вальс Наташы Растовай" і інш). Бездакорна праводзіць актрыса і драматычныя сцэны, дакладна перадаючы самыя тонкія душэўныя зрухі сваёй гераіні, нюансы яе эмоцый і паводзін. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб адчучь: так, гэта сапраўдны, шчодры талент. І цяплом гэтага таленту сагрэта ўся атмасфера спектакля "Мост мары".

З адчуваннем ансамбля вытупаюць выканаўцы іншых роляў: Ю. Лазоўскі, Н. Равінская, В. Бажэнаў, Р. Курлыкова, Л. Зубцова. Спектакль вызначаецца акрцёрскай ансамблевасцю, атмасферай узаемаразумення паміж выканаўцамі, што спрыяе не толькі цэласнаму раскрыццю мастацкіх вобразаў, але і больш яркаму, гарманічнаму праяўленню індывідуальнасцей акцёраў. Мюзікл "Мост мары", значна пашырыўшы творчыя далягляды калектыву, паказаў вялікі дыяпазон яго мастацкіх мажлівасцей.

Зусім у іншым стылявым, выяўленчым, пластычным мастацкім ключы пастаўлена аперэта Ф. Легара "Вясёлая ўдава". Гэта класічная неавенская аперэта выгадна вылучаецца сярод падобных твораў шчырасцю і ўсхваляванасцю інтанацый, яркасцю і нетрафарэтнасцю ў музычнай абмалёўцы характараў. На мінскай сцэне пастаноўка "Вясёлай удавы" здаецца, на першы погляд, вельмі традыцыйнай. Але гэта традыцыйнасць знешняя: тут паўтораны некаторыя набыткі тэатра, яго вопыт у інтэрпрэтацыі аперэтачнай класікі на нейкім новым, больш высокім узроўні. Рэжысёр Леў Вільковіч стварыў уражальны спектакль, аб'яднаны агульнай стылістыкай і тэмпарытмам дзеяння. Відаць, можна ўхваліць нетрадыцыйнае рэжысёрскае вырашэнне сцэны "Арэлі", знойдзеныя ўдалыя тонкія нюансы ў шэрагу лірычных эпізодаў. Атмасферу яркага тэатральнага відовішча ствараюць эфектныя, дасціпныя і, разам з тым, функцыянальныя дэкарацыі і касцюмы герояў (мастак А. Марозаў). Добрым густам, арыгінальнай мастацкай фантазіяй вызначаюцца харэаграфічныя нумары, пастаўленыя С. Дрэчыным. Думаецца, зусім дарэмна ў праграмках тэатра не пазначаюцца занятыя ў гэты дзень выканаўцы балетных партый. Так даўно робіцца ў іншых тэатрах краіны.

Гаворачы пра выканаўцаў вядучых партый, цікава параўнаць іх здабыткі, адметнасць іх трактоўкі вобразаў, іх творчыя мажлівасці. Выканаўца партыі Ганны Главары Н. Гайда ўносіць у спектакль незвычайную, хвалюючую ноту лёгкага смутку, мары аб шчасці, што здаецца ўсяго толькі сном. I мы, гледачы, радуемся з гераіняй, калі гэты сон аб шчасці збываецца, становіцца явай. Гэты матыў уяўнасці, празрыстай ілюзорнасці чалавечага шчасця надае даволі банальнай гісторыі шчырасць, сардэчнасць і цеплыню. Так, сутнасць аперэты не ў больш-менш удалым спалучэнні слова, музыкі і танцаў, а ў той спецыфічнай ап’яняючай атмасферы свята, што захапляе, палоніць гледачоў, дае ім сапраўдную эстэтычную асалоду. Гэтая стыхія падуладна і таленту Н. Гайды. Надоўга запамінаецца надзвычай абаяльная ўсмешка актрысы, яе высокая сцэнічная культура. Лірыка-каларатурнае сапрана спявачкі гучыць аднолькава роўна і прыгожа ва ўсіх рэгістрах.

Іншыя выканаўцы ролі Ганны Главары таксама добра спраўляюцца з адказнай і складанай партыяй, ствараючы цікавы і адметны характар. Добра перадае драматызм паводзін гераіні Н. Белавусава. Моцна і прыгожа гучыць у верхнім рэгістры яе сапрана, некалькі трацячы, аднак, у ніжнім сваю паўнату і насычанасць. I наадварот, В. Мазур хацелася б пажадаць большай чысціні ў "вярхах", большай разнастайнасці фарбаў у абмалёўцы сваіх гераінь. I ў гэтай ролі, і ў некаторых іншых яна залішне стычная, ёй бракуе танцавальнай лёгкасці і элегантнасці. Чыста і свежа гучыць у лірычных партыях голас В. Пятліцкай. У драматычных жа сцэнах ёй нестае сілы, тэмпераменту, эмацыянальнасці.

У ролі графа Данілы больш свабодным, натуральным і раскаваным паказаўся мне У. Лінкевіч. Артыст валодае прыгожым свежым голасам, упэўнена адчувае сябе ў іскрыстай, святочнай атмасферы аперэты. Увогуле спектакль вызначаецца добрым складам выканаўцаў. Лёгка і натхнёна іграюць В. Шаўкалюк, В. Фаменка, Ю. Лазоўскі, Р. Курлыкова, В. Сердзюкоў, А. Крайнікава.

Сярод недахопаў трэба адзначыць недапрацаванасць мужчынскага секстэта другой дзеі, а таксама некаторых харавых нумароў. Артысты хору ў гэтым і іншых спектаклях часам грашаць невыразнай дыкцыяй, адсутнасцю ансамблевасці, інертнасцю паводзін на сцэне. Хоць гэтыя, як і некаторыя іншыя, хібы маюць не толькі суб'ектыўныя, але і аб’ектыўныя прычыны, але час, відаць, сказаць пра іх уголас.

Няма, напэўна, другога тэатра ў краіне, які б быў пастаўлены ў такія цяжкія ўмовы, як тэатр музычнай камедыі БССР. Дзевяты год ён пераязджае з месца на месца, прыстасоўваючы свае спектаклі, дэкарацыі, свой рэпертуарны план да волі адміністрацыі Дома афіцэраў, клуба імя Дзяржынскага, а зараз і Палаца культуры чыгуначнікаў. Трэба вельмі любіць тэатр, каб дзевяць гадоў выступаць у непрыстасаваных залах з дрэннай акустыкай, не маючы рэпетыцыйных вакальных і балетных класаў, добрых грымёрных. Думаецца, што зацікаўленыя арганізацыі зробяць дзейсныя захады каб ліквідаваць ненармальнае становішча на будаўніцтве тэатра музкамедыі. Ведаючы, якія вялікія клопаты праяўляюць партыя і ўрад аб развіцці савецкага мастацтва, хочацца верыць, што тут будзе праяўлены зацікаўлены, нефармальны падыход да важнай і сур'ёзнай справы. У гэта вераць артысты тэатра, вераць у гэта і гледачы, што кожны вечар прыходзяць на сустрэчу з любімым мастацтвам.

В. КАРАТАЙ, 
выкладчык БДУ імя У.I. Леніна. 
Літаратура і мастацтва. – 1979. – 9 лют. – С. 9.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: