Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Казачныя героі на сцэне (1979 г., Звязда)

Казачныя героі на сцэне (1979 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

КАЗАЧНЫЯ ГЕРОІ НА СЦЭНЕ

Сёлетні Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва запомніўся многім школьнікам беларускай сталіцы. Для іх ігралі аркестры, спявалі хоры, танцавалі ансамблі і харэаграфічныя калектывы. У канцзртных праграмах Тыдня вялікае месца заняла музыка, створаная кампазітарамі рэспублікі спецыяльна для юнай аўдыторыі. Але, бадай, адным з больш яркіх уражанняў Тыдня была для дзяцей, якія прыйшлі ў тэатральную залу Дома афіцэраў, новая аперэта Юрыя Семянякі "Сцяпан – вялікі пан". 

Работа гэта не толькі папоўніла спіс твораў беларускіх кампазітараў для дзяцей – гэта першая ў беларускай музыцы дзіцячая музычная казка, якая напісана ў жанры аперэты. Гэта яшчэ адно сведчанне цікавасці кампазітараў нашай рэспублікі да стварэння музыкі для дзяцей, іх імкнення пашыраць магчымасці яе выхаваўчага ўздзеяння на юных слухачоў, размаўляючы з імі пра блізкае, зразумелае ім на даступнай музычнай мове. 

...Да пачатку спектакля здавалася, што ніхто і нішто не зможа ўціхамірыць хлапчукоў і дзяўчатак, "патушыць" шматгалосны звонкі шум. Але асцярога была марная – пры першых гуках музыкі – фанфарных, прызыўных – зала прыціхла, а калі ўзнялася заслона – запанавала цішыня. Музычная казка нікога не пакінула абыякавым; трэба было бачыць, як сядзелі дзеці, нахіліўшыся наперад (каб быць яшчэ бліжэй да герояў!), як гарэлі іхнія вочы, як спачувалі яны героям! I вельмі захваляваліся, калі скончылася першая дзея. З усіх бакоў – пытанні: "А далей будзе? Ці ўжо канец?" Як чакалі канца антракту, сустрэчы з блізкімі ўжо героямі – Лісой, Сцяпанам, Царэўнай! Радасныя ўсмешкі, дружныя апладысменты – бо перамаглі дружба, сумленнасць, вернасць. Нездарма праз усю аперэту праходзіць хор "Мы верым у дружбу, у шчырую дружбу...". Менавіта дружба дапамагла героям. 

Як і кожная казка, "Сцяпан – вялікі пан" лёгка, ненадакучліва вучыць дзяцей дабраце, спачуванню слабым, любві да прыроды. Яе маральны зарад вельмі значны, ды інакш і быць не можа – музыка для дзяцей немагчымая без выхаваўчай функцыі. Пра што ж расказалі ў сваёй музычнай казцы народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР кампазітар Юрый Семяняка і лібрэтыст паэт Артур Вольскі? 

Жыве на свеце бедны шавец Сцяпан. Усё багацце яго – старая хатка ды шавецкія прылады. Але ён багаты – багаты сваёй дабратой, сваёй сумленнасцю, сваім майстэрствам. Здарылася так, што Сцяпан і Царэўна пакахалі адзін аднаго. Але Цар мае намер аддаць дачку замуж за Генерала. Калі б не сябры Сцяпана – Ліса, Ваўкі і Зайцы – нялёгка было б яму. Яны дапамагаюць Сцяпану і з турмы ўцячы, і ажаніцца з Царэўнай. Сюжэт не новы, адразу ўспамінаецца "Кот у ботах" Ш. Перо. Толькі гэты народны сюжэт перанесены на беларускую нацыянальную глебу ды галоўная гераіня – Ліса ў ботах. Так-так, менавіта ў ботах, якія падараваў ёй Сцяпан, каб паляўнічыя сабакі не знайшлі рыжую па слядах. 

Галоўнае ў музычнай казцы, зразумела, – музыка. Кампазітар Ю. Семяняка стварыў тут шэраг выразных, простых для запамінання мелодый. Такая, напрыклад, лірычная тэма, якая стала тэмай кахання Царэўны і Сцяпана. Яна гучыць упершыню ў аркестры, суправаджаючы сцэну першай сустрэчы гэтых герояў. А ў далейшым арыя Царэўны, і арыя Сцяпана заснаваны на гэтай мелодыі. Яна блізкая шматлікім цудоўным лірычным мелодыям песень кампазітара. Дарэчы, выкарыстанне ў партытуры музычнага спектакля лейттэмы – даволі складаны прынцып музычнай драматургіі, і ўвядзенне яе кампазітарам у музыку дзіцячай аперэты – даволі красамоўны факт. 

Вядомы савецкі кампазітар і педагог Д.Б. Кабалеўскі лічыць, што музыка трымаецца на "трох кітах" – песні, маршы і танцы. Менавіта праз гэтыя жанры ён знаёміць юных слухачоў са светам складанай сур'ёзнай музыкі. Гэтыя ж "тры кіты" – апора музычнай казкі пра Сцяпана і яго сяброў. Кожны з нумароў аперэты мае выразны жанр. Такія, напрыклад, песні Ваўкоў, Зайцаў, Сцяпана і Царэўны, танцы царскіх прыдворных і лясных жыхароў, марш салдат, што ахоўваюць Цара ў дарозе. 

Музычна-выразныя сродкі выбраны кампазітарам у адпаведнасці з жанрам – музычнай казкай для дзяцей. Іх адметнасць – прастата, яснасць, даступнасць, эмацыянальная яркасць. Простыя, але не прымітыўныя мелодыка, гармонія, лад, структура – тут пераважае куплетная форма як найбольш даступная, заснаваная на паўтарэнні музычнай думкі, на яе лепшым запамінанні. У мелодыцы часта сустракаюцца актыўныя, бадзёрыя ўзыходзячыя інтанацыі. Кампазітар выкарыстаў у аперэце і народную мелодыю "Я табун сцерагу". Яе пачатковыя інтанацыі суправаджаюць з'яўленне Ваўкоў. 

Яркім і маляўнічым атрымаўся новы спектакль Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Вялікім вынаходніцтвам, выдумкай характарызуецца пастаноўка, якую ажыццявіў рэжысёр народны артыст БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР С. Штэйн. Упершыню ў беларускай нацыянальнай аперэце дзейнічаюць казачныя героі, спяваюць і размаўляюць Лісы, Ваўкі і Зайцы. Таму і пастаноўка патрабавала своеасаблівых сцэнічных прыёмаў: яна адметная жывасцю, дасціпнасцю, рухавасцю. Умоўны свет казкі стаў блізкі юным слухачам. Афармленне спектакля галоўным мастаком тэатра А. Марозавым надзвычай маляўнічае, фарбы светлыя і яркія. 

У спектаклі заняты цікавы склад выканаўцаў. Зноў пераконваешся ва універсальнасці, лёгкасці таленту заслужанай артысткі БССР Н. Гайды, гледзячы на яе Лісу. Артыстка знайшла выразныя інтанацыі, жэсты, рухі, каб увасобіць вобраз хітрай, разумнай, але добрай Лісы, якая шчыра жадае дабра Сцяпану і вельмі дасціпна дапамагае яму. Запомніўся гледачам і Воўк – спачатку даволі страшны, але адданасць і сяброўства зусім пераўвасабляюць яго. Пераканаўча паказаў гэту змену ў характары свайго героя артыст К. Лосеў. Упэўнена вядуць свой лірычны дуэт Л. Зубцова (Царэўна) і В. Бажэнаў (Сцяпан). Каларытнымі атрымаліся вобразы, створаныя Ю. Лазоўскім (Генерал) і заслужаным артыстам БССР У.{В.} Фаменкам (Цар). 

Як і звычайна ў аперэце, у новай рабоце тэатра – шмат масавых сцэн, танцаў і хораў. Яны добра пастаўлены, арганічна ўпісваюцца ў спектакль. Вялікую работу зрабілі балетмайстар народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР С. Дрэчын і хормайстар Н. Андросава. Дырыжыраваў спектаклем, спалучыў усе яго кампаненты ў яркае, маляўнічае музычна-сцэнічнае палатно заслужаны дзеяч мастацтваў БССР I. Абраміс – галоўны дырыжор тэатра музычнай камедыі. Роля аркестра ў спектаклі значна ўзнята, ён гучыць выразна, святочна, на ім па-сапраўднаму трымаецца ўвесь спектакль. 

...Нататкі гэтыя – спроба выказаць свае ўражанні аб новай рабоце тэатра музычнай камедыі. Зразумела, гэта погляд на дзіцячы спектакль з пункту гледжання дарослага чалавека, праз прызму яго жыццёвага вопыту. Бясспрэчна, успрыманне дзецьмі музычнай казкі Ю. Семянякі "Сцяпан – вялікі пан" якасна іншае, але яно, гэта ўспрыманне, пераканаўча сцвердзіла – першая беларуская дзіцячая аперэта знайшла дарогу да юных сэрцаў. Яна зойме належнае месца на сцэне і ў беларускай музыцы.

І. ШМЕЛЬКІНА, 
музыказнаўца. 
Звязда. – 1979. – 5 чэрв.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: