« Назад
УЯВІЦЕ САБЕ РЭПАРТАЖ…
Карціна перадсезонных тэатральных прыгатаванняў звычайна выглядае так: рэпеціруе кардэбалет; паверхам ніжэй ці вышэй, у канцэртмайстарскіх класах, займаюцца салісты; на сцэне галоўны мастак сочыць за манціроўкай дэкарацый... Але замест гэтага ўявіце сабе заціснуты ў сучасным гарадскім квартале стары мінскі дворык з двухпавярховай камяніцаю. У баку ад лесвіцы ацынкаваная скрыня з надпісам "грым"; на калідоры – строга аформленыя аркушы насценнай "Рампы". Дзверы шавецкага цэха і побач густанаселены дырэктарскі кабінет – з бясконцымі тэлефоннымі званкамі, візітамі...
А ці трэба засяроджваць чытацкую ўвагу на тым, як выглядае "кухня" Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР? Урэшце, у невялічкіх памяшканнях яго адміністрацыйнага корпуса напярэдадні адкрыцця 10-га сезона панавалі творчы аптымізм і дзелавітасць.
Наша гаворка з дырэктарам А. Калеснічэнкам (ён нядаўна ўзначаліў калектыў) пачалася са згадак гастрольнага лета:
– Маршрут пралягаў праз гарады Крамянчуг, Варашылаўград. Калектыў паказаў больш чым палову спектакляў са свайго бягучага рэпертуару. Асабліва прыемна і шчыра праходзілі творчыя сустрэчы: беларускія артысты неаднаразова выступалі перад працаўнікамі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, калектывамі камсамольска-маладзёжных будоўляў, воінамі Савецкай Арміі, работнікамі міліцыі. У час гастроляў адбылася прэм'ера пастаноўкі "Мая жонка – ілгуння!" на музыку ўкраінскіх кампазітараў В. Ільіна і В. Лукашова. Працавалі над ёй дырыжор I. Абраміс, рэжысёры Л. Вільковіч і С. Уліценка, мастак У. Гардзіенка, салісты У. Лінкевіч, Н. Белавусава, В. Пятліцкая, Н. Равінская, В. Сердзюкоў і інш. (Днямі гэту новую работу ўбачаць мінчане). А па традыцыі распачыналі гастролі "Паўлінкай". Вялікай падтрымкай нам было тое, што на адкрыццё ў Варашылаўград прыехаў кампазітар Ю. Семяняка. Прысутнасць аўтара музыкі выклікала павышаную цікавасць слухачоў. Ды, дарэчы, "Паўлінка" прыйшлася даспадобы гаспадарам (быў зроблены запіс спектакля і паказаны па Украінскім тэлебачанні). Чаму? А мы потым уведалі "сакрэт" яе гастрольнай папулярнасці. Слухачы казалі: сільвы ды марыцы – хто іх не ставіць, колькі іх – розных – наслухаліся! Вось калі заезджы тэатр мае ў сваім актыве нешта арыгінальнае і самабытнае...
Рэпертуар вызначае аблічча тэатра. Беспрынцыповай рэпертуарнай палітыкай тэатру лёгка "зарабіць" ліхую славу. Ці пагражае такая "слава" маладому калектыву беларускай музкамедыі? Як было раней, што будзе праз сезон-другі – ад параўнанняў і прагнозаў пакуль устрымаемся. Падалося, аднак, што цяперашняе кіраўніцтва тэатра зусім не абыякавае да рэпертуарнага аблічча. Робяцца сур'ёзныя захады, каб наладзіць творчы кантакт з Саюзам кампазітараў БССР. (Ужо на гастролях пачалася работа над музычнай камедыяй "Несцерка" – па просьбе тэатра прыязджаў камандзіраваны саюзам аўтар, кампазітар Р. Сурус). Каб тэатральны партфель папаўняўся творамі, напісанымі на беларускім матэрыяле, – на гістарычную тэматыку, пра сучаснае жыццё.
Мой субяседнік робіць уражанне чалавека практычнага, ды раз-пораз уплятаюцца ў размову летуценныя ноткі: як у адзін урачысты вечар жывым чалавечым цяплом напоўніцца дзівосны тэатр-палац, павольна ўзнімецца габеленавая заслона, героі новага беларускагл твора выйдуць на сцэну. Пачакаць яшчэ колькі – і гэта ўжо не будзе фантазіяй...
Цяпер ля дырэктарскіх дзвярэй – вераснёўская афіша. Два спектаклі ("Сцяпан – вялікі пан", "Беласнежка...") пазначаны актуальнай рубрыкай: "Для вас, дзеці!". Тут жа знаёмыя назвы савецкіх і заходнееўрапейскіх класічных аперэт: іх пералічваць не будзем, лепей – пра далейшыя планы сёлетняга сезона. Акрамя "Несцеркі" Р. Суруса, намечаны прэм'еры "Мая цудоўная лэдзі" Ф. Лоу, "Лятучая мыш" I. Штрауса, "Старыя дамы" А. Фельцмана.
Днямі ў рэспубліканскім Доме работнікаў мастацтваў адбыўся ўрачысты збор трупы. Сёння, калі з друкарскага цэха "ЛіМ" выправіўся да чытача, удзельнікі першага ў гэтым сезоне спектакля сабраліся на генеральную рэпетыцыю. А заўтра ўвечары – сам спектакль. "Паўлінка". Па традыцыі...
С. БЕРАСЦЕНЬ. Літаратура і мастацтва. – 1979. – 21 верас. – С. 10.
|