« Назад
І ЗНОЎ ПЕРАМАГАЕ НЕСЦЕРКА
Фальклор заўседы сучасны. Таму што ён вечны. І кожная эпоха знаходзіць у фальклорным матэрыяле сваё, сённяшняе, актуальнае.
Тэатр музычнай камедыі БССР звярнуўся да п'есы "Несцерка" (лібрэта В. і А. Вольскіх). Паставіў яе рэжысёр Б. Втораў, аформіў спектакль мастак Б. Герлаван, а музыку напісаў кампазітар Р. Сурус.
– Музыка ў многім вызначыла тое або іншае рэжысёрскае рашэнне ў спектаклі, у якім мы хацелі сказаць нешта новае, сваё. Да "Несцеркі" звярталіся і звяртаюцца многія тэатры, таму і задача перад намі стаяла нялёгкая, – расказвае рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Б. Втораў. – Мы вырашалі спектакль у духу лубачнага прадстаўлення: тут і скамарохі з пераапрананнем і ператварэннямі, тут і масавыя народныя сцэны, дзе ў дасціпных жартах праяўляецца мудрасць і дабрыня народа, увасобленыя ў Несцерцы. Ён з'яўляецца выказнікам самога духу народнага, як Ціль у фламандцаў, як Хаджа Насрэдзін на Усходзе. Нястрымны, аптымістычны характар Несцеркі нясе ў сабе лепшыя рысы народа. Музыка і спевы ўзбагацілі вобраз Несцеркі, наблізілі яго да народнага мастацтва.
Малады беларускі кампазітар Р. Сурус з вялікім захапленнем працаваў над музыкай да "Несцеркі".
– Мяне перш за ўсё прывабіла магчымасць, – гаворышь кампазітар, – узбагаціць музыку народнымі інтанацыямі. Яны такія разнастайныя, у іх і гумар, і шырыня, і лірызм. У сутыкненні характараў, у кантрастных па гучанні сцэнах – ва ўсім гэтым я бачыў аснову для дынамічнага развіцця музычнай драматургіі. Мы вызначылі жанр спектакля як народная музычная камедыя, дзе побач з масавымі сцэнамі ёсць і песні, і дуэты, і ансамблі.
Працаваць з калектывам было вельмі цікава. Музычны кіраўнік пастаноўкі галоўны дырыжор тэатра I. Абраміс уклаў у гэты спектакль вельмі многа сіл, часу і таленту. Буду вельмі рады, калі наша новая работа спадабаецца гледачам.
Юрася ў спектаклі іграе артыст Р. Харык. У іншых галоўных ролях заняты акцёры В. Пятліцкая, В. Бажэнаў, В. Сердзюкоў.
I вось п'еса паўстала перад гледачом у новым жанры – у музычнай камедыі. Несцерка не толькі весела жартуе, не толькі з бляскам выходзіць з цяжкіх становішчаў, але і спявае, танцуе. I галоўнае – змагаецца за справядлівасць, сцвярджаючы веру ў перамогу дабра.
А. ГАЛУНІН. Вячэрні Мінск. – 1980. – 8 студз.
|