Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Героі Шолахава – на музычнай сцэне (1980 г., Камуніст)

Героі Шолахава – на музычнай сцэне (1980 г., Камуніст)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ГЕРОІ ШОЛАХАВА – НА МУЗЫЧНАЙ СЦЭНЕ

Смех – гэта магутнае люстра, якое здольна паказаць тое, што простым вокам не заўсёды ўбачыш. Але, дзейнічаючы ў камічным спектаклі, акцёры павінны быць і ў меру смешнымі, і ў меру сур'ёзнымі. Зразумела, не больш таго, чым гэта патрэбна для жанра. У спектаклі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР "Бабін бунт" (п'еса К. Васільева і М. Пляцкоўскага па матывах ранніх апавяданняў М. Шолахава, музыка кампазітара Я. Пцічкіна) ёсць гэтая сумернасць смешнага і сур'ёзнага. Рэжысёр М. Лукавецкі выявіў яе і ва ўнутраным, і ў знешнім малюнку.

Калі падыходзіць да пастаноўкі са звычайнай жыцейскай меркай, то ў ёй можна знайсці многа непраўдападобнага. Але гэта прыём для выказвання праўды.

Пачну з фінала, паколькі ён паказальны для спектакля ў многіх адносінах. Прыход казакаў, пераапранутых у цыган, ды яшчэ з гітарай, дае тэатру спакуслівую магчымасць паказаць на сцэне канцэртна-цыганскі нумар у выкананні падстаўных прафесійных танцораў. Нашы госці не пайшлі па такому шляху. Уся сцэна прыходу "цыган" выкарыстоўваецца выключна сіламі выканаўцаў дзеючых асоб. Менавіта такі варыянт і ўнёс у эпізод стыхію і паэзію народнай гульні, што характэрна і для ўсяго спектакля ў цэлым.

Гэтая ігравая стыхія абапіраецца на майстэрства многіх цікавых акцёраў, сярод якіх ёсць і нашы землякі, былыя артысты тэатра музкамедыі, што працаваў у Бабруйску. Мы рады былі сустрэцца зноў з заслужанай артысткай РСФСР Н. Рэвінскай, заслужанымі артыстамі БССР В. Шаўкалюком і В. Фаменкам, артыстамі А. Прыходзькам, А. Марсковай, В.{У.} Лінкевічам, Ю. Харытонавым, Р, Курлыковай і іншымі. I трэба сказаць, што яны ў радзе выпадкаў прадсталі перад намі ў новых сцэнічных якасцях, што зрабіла сустрэчу яшчэ больш прыемнай.

Асабліва варта вызначыць В. Шаўкалюка. Каля дваццаці год я назіраю за творчай дзейнасцю гэтага таленавітага акцёра. Ведаю яго адчувальны артыстызм і востры сцэнічны малюнак. Помню яго ролі – гэта цэлы каскад смеху, жывасці, шчырага "купання" ў ігравой камедыйнай атмасферы.

I зусім іншым прадстае перад намі В. Шаўкалюк у "Бабіным бунце" ў ролі дзеда Захара. Яго дзед таксама камічны. Але ў яго абліччы мы бачым новыя фарбы акцёра – мяккасць, летуценнасць, наіўнасць. Тэмперамент акцёра нібы прыглушаны. Яго дасціпнасць не выплёскваецца да канца, яна сувымерная з патрабаваннем ролі. I заканамерна, што гэта выклікае ў гледача не штучную, а сапраўдную смехавую рэакцыю.

Да ўдач пастаноўкі трэба аднесці выкананне Н. Рэвінскай ролі Марфы. Яе гераіня – асоба з пачуццём уласнай годнасці. Яна здольная любавацца і сваёй постаццю і гаворкай, ды і гумарам таксама.

Яе партнёр па сюжэту – муж Сцешка, старшыня калгаса. У выкананні А. Прыходзькі – гэта цэльны цікавы характар.

У тэмпераментнай спрэчцы з жонкамі казакоў яркай і каларытнай фігурай выступае Фядот – Ю. Лазоўскі.

Калі да гэтых выканаўцаў дадаць В. Пятніцкую ў ролі Насці – падбухторшчыцу бабінага бунта, К. Лосева, які сыграў суддзю ў яркай рэалістычнай манеры, Р. Курлыкову ў ролі Дуняшы, то можна смела сказаць, што спектакль пабудаваны на жывых размоўных інтанацыях, дзе спяванне арганічна падключаецца да няспыннага жыцця акцёраў на сцэне.

Ціха па форме і некалькі павучальна выконвае Л. Герасімава ролю Сямёнаўны, жонкі дзеда Захара.

Неабходна сказаць яшчэ вось пра што. У спектаклях беларускай музкамедыі вакальнае інтаніраванне і аркестр вызначаюцца лёгкасцю і чысцінёй, месцамі гучаць амаль бездакорна (дырыжоры – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР I. Абраміс і А. Ляпуноў {А. Лапуноў}). Гэта, бадай, найбольш моцны бок тэатра. Але на такім фоне некалькі праігрываюць моўныя інтанацыі салістаў. Калі ў "Бабіным бунце" гэта прыкметна мала, то, напрыклад, у "Вясёлай удаве" з яе складанай вакальнай партытурай – намнога больш. Прыемнае выключэнне складае заслужаная артыстка БССР Н. Гайда, якая валодае ўсім арсеналам выразных сродкаў. Яна арганічная і ў лірычных, і ў каскадных месцах ролі, праводзіць на высокім узроўні як вакальную, так і драматычную лінію. Апрача таго, у яе выдатнае пачуццё жанру, чаго не хапае некаторым салістам. 

Думаецца, што і В. Бажэнаву, які выконвае ролю Міколкі, і В. Сярдзюкову, выканаўцу ролі Сёмкі, ёсць у каго павучыцца сцэнічным паводзінам, хаця іх удзел у рэцэнзуемым спектаклі адзначан шчырасцю пачуццяў і эмацыянальным напружаннем.

Спектакль "Бабін бунт" – па форме лёгкі, гарэзлівы, у ім многа свету, паветра. Удалае мастацкае афармленне, створанае мастаком А. Марозавым. Графічнае адлюстраванне ціхага Дона, выкананае ў мяккай акварэльнай манеры, уносіць у спектакль жывую шолахаўскую інтанацыю вясёлай народнай камедыі.

I яна вось ужо пяць год, знаходзіцца ў руху. У вясёлым, гарэзлівым руху ад мастацтва да рэчаіснасці.

Г. ВАВУЛА,
тэатразнаўца.
Камуніст (Бабруйск). – 1980. – 29 ліп.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: