« Назад
ГАСТРОЛІ ТЭАТРА ВЯСЁЛАГА ЖАНРА
Сёння ў памяшканні тэатра драмы і камедыі імя В.I. Дуніна-Марцінкевіча пачынае свае гастролі Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР, якому амаль дзесяць гадоў. За гэты перыяд ён падарыў гледачам больш 30 пастановак савецкай і зарубежнай класікі. Сярод іх шырока вядомыя аперэты I. Кальмана, Ф. Легара, I. Дунаеўскага, А. Стрэльнікава, Ю. Мілюціна, Я. Пцічкіна, Э. Калманоўскага і А. Фельцмана.
Першым нашым спектаклем была гераічная музычная камедыя Ю. Семянякі "Пяе жаваранак". Яе прэм'ера адбылася ў студзені 1971 г. У гэты дзень нарадзіўся новы тэатр.
На працягу раду год наш калектыў актыўна працуе над накапленнем нацыянальнага рэпертуара. На нашай сцэне ўбачылі святло рампы першыя беларускія музычныя камедыі: "Паўлінка" і "Тыдзень вечнага кахання" Ю. Семянякі, "Рэпартаж з пекла" Я. Глебава. Эстафету прыняло новае пакаленне беларускіх кампазітараў. У пачатку бягучага года з вялікім поспехам прайшла прэм'ера народнай музычнай камедыі Р. Суруса "Несцерка". Нацыянальны рэпертуар вызначае твар любога тэатра. Тры спектаклі, якія сёння ёсць у нашай афішы, – "Паўлінка", "Сцяпан – вялікі пан" і "Несцерка", несумненна, упрыгожваюць яго.
У Бабруйск тэатр прыязджае ў поўным саставе – каля 200 чалавек.
Мы пакажам восем спектакляў, над якімі працаваў калектыў пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра А.Ф. Малчанава, галоўнага дырыжора, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР I.С. Абраміса, галоўнага мастака А.I. Марозава і галоўнага хормайстра Н.В. Андросавай.
Адкрыем і закрыем мы свае гастролі прэм'ерным спектаклем "Старыя дамы" А. Фельцмана. Сярод зарубежнай класікі – "Вясёлая ўдава" Ф. Легара і "Сільва" I. Кальмана. Савецкую аперэту прадставяць "Бабін бунт" Я. Пцічкіна і "Мая жонка – ілгуння" В. Ільіна і В. Лукашова, беларускую – "Несцерка" Р. Суруса. Юныя гледачы змогуць паглядзець прэм'еру новага спектакля "Трубадур і яго сябры" Г. Гладкова.
На бабруйскай сцэне выступяць нашы вядучыя салісты: заслужаныя артысты БССР Наталля Гайда, Вячаслаў Фаменка, Віктар Шаўкалюк, заслужаная артыстка РСФСР Ніна Рэвінская, заслужаны артыст УССР Арнольд Ранцанц, артысты Канстанцін Лосеў, Юрый Лазоўскі, Уладзімір Лінкевіч. Бабруйчане пазнаёмяцца з творчай моладдзю: Рыгорам Харыкам, Валянцінай Пятліцкай, Германам Казловым, Зінаідай Вяржбіцкай, Анатолем Касцецкім, Нінай Харужэнка, Генадзем Нікіціным і інш.
Сардэчна запрашаем, дарагія бабруйчане, на нашы спектаклі!
А. ЗАЛЁТНЕЎ, памочнік галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы. Камуніст (Бабруйск). – 1980. – 15 ліп.
|