Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Гастрольныя згадкі (1980 г., Літаратура і мастацтва)

Гастрольныя згадкі (1980 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ГАСТРОЛЬНЫЯ ЗГАДКІ

Значнай падзеяй у культурным жыцці Гомеля быў сёлетні прыезд Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Мінчане выступалі на нашай сцэне ўпершыню. Поспеху іх гастролей у многім спрыяла ўдалае спалучэнне ў рэпертуары сусветнай і айчыннай класікі. На афішах – Кальман і Легар, Аляксандраў і Мілюцін... Парадаваў і энтузіязм маладога калектыву, поўнага творчай энергіі, імкнення ў кожным спектаклі паказаць максімум сваіх магчымасцей.

Любы рэжысёр, які бярэцца за пастаноўку аперэт Кальмана і Легара, вядома, разумее, што толькі ўнясеннем нейкіх рысаў свайго творчага почырку ў інтэрпрэтацыю папулярных твораў можна выклікаць глядацкую цікавасць і прыхільнасць. Прыемна зазначыць, што элемент асабістага стаўлення да класікі ёсць у пастаноўках "Сільвы", "Марыцы", "Баядэры", чаго нельга сказаць пра спектакль "Вясёлая ўдава". Майстэрства акцёраў тут заўважалася, ды гэта не ратавала відовішча, якое разгортвалася пры вельмі шумным гучанні аркестра і ў марудмым тэмпе (дырыжор I. Абраміс).

У аперэце "Вяселле ў Малінаўцы" цікавыя акцёрскія работы У. Лінкевіча (Назар), Н. Гайды (Маці), Ю. Лазоўскага (Папандопула). Хочацца адзначыць вырашэнне героіка-патрыятычнай тэмы сродкамі балета і хору. Станоўчай ацэнкі заслугоўваюць танцы ў пастаноўцы А. Смалянскага. Харавыя фрагменты вылучаюцца добрым ансамблем, дакладнай дыкцыяй, тонкай нюансіроўкай (хормайстар Н. Андросава). Але гэты спектакль быў бы больш уражальны, калі б больш высокай акцёрскай і вакальнай культурай вызначалася выкананне М. Дудніка і Ф. Дуднік (Андрэйка і Ярынка), калі б больш гнуткім, стройным, меладычна ясным быў аркестр, залішняя гучнасць якога "забівала" рэплікі акцёраў.

Яркі, святочны, плакатны спектакль – "Пацалунак Чаніты". З першых жа гукаў марша, калі артысты са сцягамі праходзяць праз залу, ствараецца незвычайны, урачысты, прыўзняты настрой, які не пакідае нас да канца спектакля. Добрыя акцёрскія работы і тут: В. Пятліцкая (Чаніта). В. Бажэнаў (Пабла), К. Лосеў (Чэзарэ), В. Шаўкалюк (Кавалькадас).

Цікава вырашаны вялікія музычныя фіналы, дзе вядучая роля ў раскрыцці музычнай драматургіі належыць ансамблю салістаў, хору і аркестра. Добрых слоў заслугоўвае работа дырыжора В. Мнацаканава, пад кіраўніцтвам якога аркестр гучыць мякка і зладжана, радуючы багатай нюансіроўкай.

"Старыя дамы" – новая работа тэатра. Актуальная тэма дабраты ў чалавечых узаемаадносінах, пераемнасці пакаленняў не можа не хваляваць. Добрым густам, меладычнасцю вызначаецца музыка А. Фельцмана. Нягледзячы на камернасць, пастаноўка не пазбаўлена грамадзянскага гучання. Толькі ўзнікае пытанне: ці варта працягваць ставіць спектаклі з музыкай, а не музычныя спектаклі?

Сярод творчай моладзі тэатра нямала здольных акцёраў. Вылучу Р. Харыка, які іграў у спектаклі "Старыя дамы" ролю Андрэя. Ён быў дастойным партнёрам сталага акцёрскага ансамбля – Н. Гайды, Н. Равінскай, Ю. Лазоўскага, К. Лосева, В. Пятліцкай. Дарэчы, мастацтва Н. Гайды радуе асабліва: прыгожы голас, адточанасць жэстаў, абаяльнасць. Адчуваецца, што на творчай палітры актрысы знойдзецца яшчэ нямала фарбаў для стварэння запамінальных вобразаў. 

Да творчасці беларускага кампазітара Р. Суруса тэатр звярнуўся ўпершыню. Бясспрэчна, у пастаноўку "Несцеркі" ўкладзена немалая праца рэжысёра Б. Уторава, мастака Б. Герлавана, дырыжора I. Абраміса, хормайстра Н. Андросавай. Спектакль атрымаўся маляўнічы, вясёлы. У ролі Несцеркі ўдала выступаў У. Лінкевіч. Цікавымі і багатымі падаліся шматлікія харавыя сцэны "Несцеркі".

Хаця рэпертуарная афіша даволі шырока прадстаўляе жанр аперэты, гледачы спадзяюцца, што ў час чарговых гастролей тэатра ў Гомелі яны пачуюць творы Штрауса і Афенбаха, Дунаеўскага і Стрэльнікава. Хочацца пажадаць калектыву творчых поспехаў у рабоце над класічным і савецкім рэпертуарам, у супрацоўніцтве з беларускімі кампазітарамі па стварэнні беларускай нацыянальнай аперэты.

I. МУРАШКА,
выкладчык Гомельскага музычнага вучылішча імя Н. Сакалоўскага.
Літаратура і мастацтва. – 1980. – 25 ліп.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: