Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Наваселле для аперэты (1981 г., Звязда)

Наваселле для аперэты (1981 г., Звязда)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НАВАСЕЛЛЕ ДЛЯ АПЕРЭТЫ

Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР уступіў у другое дзесяцігоддзе. Закончыўся пэўны этап работы калектыву. Гэта быў час творчага станаўлення, укамплектавання трупы і рэпертуару; час, калі працаваць прыходзілася, не маючы ўласнага памяшкання, без умоў для рэпетыцый. Сёння гэтыя цяжкасці – учарашні дзень; свой новы сезон калектыў тэатра пачне ў новым памяшканні, дзе створаны ўсе ўмовы для плённай працы.

Наш карэспандэнт вядзе гутарку з галоўным дырыжорам тэатра заслужаным дзеячам мастацтва БССР Іосіфам АБРАМІСАМ.

– Іосіф Самойлавіч, чым быў значны для калектыву мінулы сезон?


– Побач са спектаклямі бягучага рэпертуару мы паказалі дзве прэм'еры. Хоць працаваць прыходзілася на розных пляцоўках Мінска, сустрэчы з гледачамі заўсёды прыносілі радасць. З канца чэрвеня і ўвесь ліпень мы гастралявалі, выступалі ў Віцебску. Далі каля шасцідзесяці спектакляў і канцэртаў, абслугоўвалі сельскага гледача. Былі і сустрэчы на прадпрыемствах. Гледачы пазнаёміліся са спектаклямі "Паўлінка" Ю. Семянякі (гэтым спектаклем мы адкрылі гастролі), "Несцерка" Р. Суруса, "Сільва", "Марыца" I. Кальмана. Два спектаклі паказалі для дзяцей. У час гастроляў адбылася прэм'ера спектакля "Лятучая мыш" – класічнай аперэты I. Штрауса.

– Як вам спадабаўся віцебскі глядач?

– Віцебск – надзвычай тэатральны горад. Аматары жанру музкамедыі аднесліся да нашых пастановак з вялікай прыхільнасцю. На спектаклях заўсёды былі поўныя залы, прымалі трупу вельмі цёпла. Адным словам, задавальненне ад нашых сёлетніх гастроляў у Віцебску, калі можна так сказаць, было ўзаемным.

– Вы нічога не сказалі пра поспех спектакля "Несцерка".

– Так, пра гэта мы можам гаварыць з вялікім гонарам. Спектакль "Несцерка" сёлета быў адзначаны дыпломам другой ступені на Усесаюзным конкурсе-аглядзе музычных спектакляў для юнацтва. Прэмію калектыў тэатра перадаў у Фонд міру.

– Будучы сезон, напэўна ж, абяцае мінчанам шмат цікавага, і ў першую чаргу тут трэба гаварыць аб новым будынку тэатра.

– Той, хто бываў на плошчы Клары Цэткін, напэўна ж, любаваўся новым будынкам, на франтоне якога значыцца "Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР". У новае памяшканне мы ўжо ўвайшлі, асвойваем сцэну, праводзім рэпетыцыі спектакляў. Але будынак яшчэ не адкрыты для гледача. Мяркуем, што гэта свята – інакшага слова не падбяру – прыпадзе на сярэдзіну кастрычніка.

На новай сцэне будзем іграць "Паўлінку", "Несцерку", "Сцяпан – вялікі пан", якія з'явіліся нашымі здабыткамі ў нацыянальным рэпертуары. Са спектакляў бягучага рэпертуару назаву таксама "Сільву" I. Кальмана, "Вясёлую ўдаву" Ф. Легара, "Лятучую мыш" I. Штрауса, "Бабін бунт" Я. Пцічкіна, "Старыя дамы" А. Фельцмана, "Беласнежку і сем гномаў" Э. Калманоўскага і "Трубадур і яго сябры" Г. Гладкова.

– Якія прэм'еры чакаюцца ў новым сезоне?

– Пачалася работа над спектаклем "Мая цудоўная лэдзі" Ф. Лоу, якую ставіць народны артыст БССР Сямён Штэйн. У планах – пастаноўка аперэты I. Кальмана "Прынцэса цырка". Вядомы савецкі кампазітар народны артыст СССР Ціхан Мікалаевіч Хрэннікаў абяцаў нам сваю новую работу – музычную камедыю "Дуэння". Ёсць намер стварыць новы канцэрт-рэвю. Мяркуем таксама звярнуцца да пастаноўкі музкамедыі Кара Караева "Апантаны гасконец".

Нашым агульным вялікім клопатам застаецца работа над стварэннем нацыянальных спектакляў. Мы працягваем і развіваем творчыя кантакты з беларускімі аўтарамі. Зараз для нас пішуць Рыгор Сурус, Алег Залётнеў, абяцаюць сваё супрацоўніцтва Ігар Лучанок, Кім Цесакоў.

– Клопаты ў новым памяшкянні – гэта, вядома ж, не толькі пытанні рэпертуару. Узнікае шмат самых разнастайных творчых праблем...

– Так, безумоўна, спадзяёмся знайсці магчымасць для пашырэння творчага саставу аркестра, хору, балетнай трупы. Зараз мы займаемся даўкамплектаваннем трупы салістаў. Наогул, тэатр мае добры састаў салістаў. На поўную сілу працуюць нашы ветэраны. Сярод іх народная артыстка БССР Наталля Гайда, заслужаныя артысты рэспублікі Ніна Равінская, Юрый Лазоўскі, Вячаслаў Фаменка, Віктар Шаўкалюк, салісты Ніна Белавусава, Вікторыя Мазур, Уладзімір Лінкевіч, Канстанцін Лосеў, Васіль Сердзюкоў... Гэты спіс можна было б прадоўжыць. А побач са сталымі майстрамі задае тон і творчая моладзь – Зінаіда Вяржбіцкая, Валянціна Пятліцкая, Ніна Харужэнка, Ірына Скарабагатава, Герман Казлоў, Генадзь Нікіцін, Рыгор Харык. Прыняты ў трупу маладыя салісты Мікалай Адамовіч і Алег Цівуноў – абодва родам з Беларусі, выпускнікі Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва ў Маскве.

Наогул, рабоце з моладдзю мы надаём вялікае значэнне. У тэатры працуе малады дырыжор Аляксандр Сасноўскі. Сёлета прынялі на пасаду другога хормайстра выпускніцу кансерваторыі Мар'яну Шпакоўскую.

Мы не расстаёмся з надзеяй на выпуск пазапланавага маладзёжнага спектакля. Для нас гэта вельмі важна. Ва ўмовах новага ўласнага памяшкання гэты даўні намер спадзяёмся ажыццявіць. Тут шмат залежыць ад энтузіязму маладых.

Дарэчы, у красавіку будучага года ў Мінску мяркуецца правядзенне Усесаюзнага агляду творчай моладзі тэатраў музычнай камедыі. Такі агляд будзе праводэіцца ўпершыню. I тое, што выбар месца яго правядзення паў на наш тэатр, – для нас і пачэсна, і адказна.

– Як вядома, мастацтва тэатра складаецца з трох асноўных кампанентаў: аўтар – спектакль – глядач. Цікава, што вы можаце сказаць адносна гледача вашага тэатра?

– Скардзіцца на гледача мы пакуль што не мелі падстаў. Нашы спектаклі добра наведвалі, у нас заўсёды былі зборы. Але мы ўвесь час заставаліся перад публікай у даўгу. У нас былі аб'ектыўныя прычыны, звязаныя з адсутнасцю стацыянарнага памяшкання. Цяпер малюнак мяняецца. У новым тэатры ўсё будзе інакш – пачынаючы ад інтэр'ераў, атмасферы прадстаўлення і канчаючы яго мастацкімі якасцямі. Мы будзем імкнуцца заваяваць сваю публіку, добразычлівую, але патрабавальную і строгую. Хочацца верыць, што аматарам аперэты будзе ў нас у тэатры вельмі ўтульна, цікава і прыемна.

Гутарку правяла 
А. РАКАВА.
Звязда. – 1981. – 17 верас.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: