Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Музычныя тэатры: праблемы, надзеі, планы (1981 г., Тэатральны Мінск)

Музычныя тэатры: праблемы, надзеі, планы (1981 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МУЗЫЧНЫЯ ТЭАТРЫ: ПРАБЛЕМЫ, НАДЗЕІ, ПЛАНЫ

Значнае месца ў тэатральным жыцці Мінска займае музычны тэатр, які ажыццявіў за апошнія гады шэраг цікавых пастановак, прымаў удзел у буйных музычна-грамадскіх мерапрыемствах усесаюзнага маштабу. Сярод іх перш за ўсё трэба назваць Другі Усесаюзны фестываль творчай моладзі тэатраў оперы і балета краіны, які праходзіў у Мінску на базе опернага тэатра ў 1978 годзе. Дастойна сапернічалі з лепшымі артыстамі краіны прадстаўнікі беларускай опернай моладзі. 

Ажыццёўлена пастаноўка трох нацыянальных опер, кожная з якіх займае дастойнае месца ў рэпертуары. "Джардана Бруна" С. Картэса (лібрэта У. Халіпа) уражвае маштабнасцю задумы, своеасаблівым эмацыянальна-філасофскім асэнсаваннем маральнага подзвігу, проціборства чалавека з руцінай, коснасцю, цемрашальствам. "Сівая легенда" Д. Смольскага (па аповесці У. Караткевіча) прываблівае традыцыйна нацыянальным каларытам, шырынёй меладычнага дыхання (опера ўдастоена Дзяржаўнай прэміі БССР). Нарэшце, опера Г. Вагнера "Сцежкай жыцця" (лібрэта А. Вярцінскага і С. Штэйна), якая ўяўляе музычную інтэрпрэтацыю аповесці В. Быкава "Воўчая зграя", увасабляе арганічнае адзінства сённяшняга дня з рэтраспектывай ваенных гадоў, жывапісуе праз прызму нядаўняга гераічнага мінулага светаўспрыйманне сучаснай моладзі. 

Усе тры спектаклі пастаўлены С. Штэйнам, які смела бярэ на сябе адказнасць за лёс яшчэ неапрабаваных твораў і кожны раз знаходзіць для іх яркую відовішчную форму. 

У той жа час не можа быць знята з парадку дня другое пытанне, якое неаднаразова ўзнімалася музычнай грамадскасцю – аб аднаўленні лепшых старонак беларускай опернай класікі – таго, што было створана ў даваенныя і пасляваенныя гады. Вядома, праблема гэта не простая, але яна павінна вырашацца – беражліва, карэктна, тактоўна. 

Адной са значных прэм'ер опернага тэатра мінулых гадоў з'явілася пастаноўка оперы Вердзі "Дон Карлас" (дырыжор Я. Вашчак, рэжысёр М. Ізворска-Елізар'ева, мастак А. Арэф'еў). Прэм'ера адбылася ў рамках Другога Усесаюзнага фестывалю творчай моладзі і была ўспрынята як яго найбольш яркая падзея. Чысціня і строгасць стылю, значнасць думкі, эмацыянальная прыўзнятасць характарызуюць гэту пастаноўку, за якой у тэатры паследавалі, адна за адной, прэм'еры раду іншых заходнееўрапейскіх опер: "Севільскі цырульнік", "Дон Паскуале", "Вяселле Фігара", "Служанка-пані", "Выбар капельмайстра". 

Дон Жуан, дон Карлос, дон Паскуале... Фігара па Расіні, Фігара па Моцарту (як гаворыцца, Фігара – там, Фігара – тут). Іспанскія гранды і іспанскія цырульнікі, бясспрэчна, упрыгожваюць вялікую сцэну беларускага опернага тэатра. Але на ёй, відавочна, павінна быць пакінута месца і для Сусаніна з Антанідай, і для Руслана з Людмілай, для Ігара і Яраслаўны, Снягурачкі і Леля, Германа і Лізы... 

Сёй-той з названых персанажаў рускай опернай класікі зрэдку з'яўляецца на сцэне тэатра. Некаторыя ніколі не былі ўдастоены такога высокага гонару (напрыклад, Руслан і Людміла). Страціла сцэнічную форму, знікла з афішы такая значная і параўнаўча нядаўняя пастаноўка, як "Хаваншчына". Не больш, чым па два-пяць разоў у сезоне, ставяцца "Князь Ігар", "Русалка", "Барыс Гадуноў", "Залаты пеўнік". 

Па колькасці прайшоўшых спектакляў за апошнія два гады пальма першынства належыць... "Цераму-церамку" і "Чараўніку Смарагдавага горада"! Яны праходзяць каля двух дзесяткаў разоў у год. Але ці можна прымірыцца з тым, што густ маленькіх наведвальнікаў опернага тэатра фарміруецца, у асноўным, гэтымі творамі? Ці не выйграла б наша падрастаючае пакаленне гледачоў і слухачоў, калі б, побач з гэтымі творамі, тэатр сістэматычна прапагандаваў, скажам, "Руслана і Людмілу", "Снягурачку", "Казку пра цара Салтана" і іншыя шэдэўры? 

Адсутнічае ў рэпертуары тэатра і савецкая оперная класіка (за выключэннем оперы Ц. Хрэннікава "У буру") – Пракоф'еў, Шастаковіч, Шапорын, Шабалін. I нават гордасць савецкай музыкі – "Вайна і мір" С. Пракоф'ева даўно і, на жаль, марна чакае свайго ўвасаблення ў Мінску. Сёння ў тэатр запрошаны маладыя творчыя кадры, у тым ліку і на адказныя кіруючыя пасады. Час пакажа, ці з належнай мерай адказнасці аднясецца творчая змена да вопыту старэйшага пакалення, ці захавае беражліва, ці памножыць яна добрыя старыя традыцыі Беларускага опернага, закладзеныя ў свой час Александроўскай і Нікалаевай, Млодак і Дрэчыным, Друкер, Дзянісавым, Балоціным, Гітгарцам... 

Як бачым, праблем, што стаяць сёння перад опернай трупай тэатра, многа. Ёсць яны і ў беларускага балета, хоць харэаграфічным калектывам за апошнія гады дасягнуты вялікія поспехі. Створан цэлы рад спектакляў, якія ўзнімаюць сур'ёзныя, грамадска значныя тэмы і вырашаюць іх на сучасным узроўні мастацкага мыслення. I тут перш за ўсё трэба назваць балеты, пастаўленыя В. Елізар'евым – "Стварэнне свету", "Ціль Уленшпігель", "Спартак". 

Харэограф паспяхова працуе на адным з самых цяжкіх участкаў балетнага мастацтва – у сферы сацыяльнай праблематыкі, і яго спектаклі маюць вялікае грамадзянскае і гуманістычнае гучанне. Яны ў асноўным вызначаюць сёння аблічча беларускага балета, які выйшаў у першы рад балетных тэатраў нашай краіны. 

З вялікім поспехам прайшлі яго зарубежныя гастролі ў Польскай Народнай Рэспубліцы і Кувейце і паказ спектакляў у Маскве, дзе крытыкі адзначалі высока філасофскае гучанне і сучасную накіраванасць спектакляў. Паказальна ўжо сама колькасць рэцэнзій, апублікаваных на гэтыя тры спектаклі: 76! Думаецца, што гэта не выпадкова, і нямногія нашы пастаноўкі могуць пахваліцца такой цікавасцю да сябе. Пра тое, што беларускі балет знаходзіцца на ўздыме, сведчаць і ганаровыя званні, якія прысвоены вялікай групе дзеячоў балетнага мастацтва: Елізар'еў, Бржазоўская, Паўлава, Траян, Саркісьян удастоены звання народных артыстаў рэспублікі; Пясцехін, Камкоў, Іваноў, Сінельнікава – звання заслужаных. 

Сярод балетаў, розных па жанрах, пастаўленых за гэтыя гады, трэба адзначыць таксама "Чыпаліна" К. Хачатурана, пастаўлены Г. Маёравым, які прынёс радасць не толькі дзецям, але і дарослым. 

Дастойнае месца заняла на балетнай сцэне і класіка. За апошнія пяць гадоў у рэпертуары тэатра было восем класічных балетаў ("Лебядзінае возера", "Жызель", "Спячая прыгажуня", "Раймонда" і іншыя). Акрамя таго, у рэпертуары была прадстаўлена савецкая балетная класіка – "Бахчысарайскі фантан" і "Золушка". Сярод апошніх класічных твораў на сцэне тэатра трэба адзначыць высокапрафесіянальныя пастаноўкі ленінградскіх харэографаў – "Ліза і Кален" А. Вінаградава і "У гонар Пеціпа" старэйшага савецкага балетмайстра П. Гусева, спектаклі, карысныя для трупы, цікавыя для гледачоў. 

Адзначаючы вялікія дасягненні беларускага балета за прайшоўшы паміж з'ездамі тэрмін, нельга не заўважыць, што вырашаны далёка не ўсе пытанні. Так, адной з першарадных задач з'яўляецца стварэнне балетаў на сучасную і нацыянальную тэматыку. Акрамя "Альпійскай балады" у рэпертуары балетнай трупы няма спектакля такога плана. Будзем спадзявацца, што над гэтай праблемай у бліжэйшы час задумаецца кіраўніцтва тэатра. 

Для калектыву Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР мінулае (другое) пяцігоддзе яго творчага жыцця было часам вялікай, цікавай і складанай работы, вынікам якой стаў шэраг новых спектакляў. Лепшыя з іх адзначаны крытыкай і гледачамі. Рэпертуар тэатра папоўніўся такімі пастаноўкамі, як "Бабін бунт" Я. Пцічкіна, "Вясёлая ўдава" Ф. Легара, "Старыя дамы" А. Фельцмана, "Мая жонка – ілгуння" В. Ільіна, дзіцячымі спектаклямі "Беласнежка і сем гномаў" Э. Калманоўскага, "Трубадур і яго сябры" Г. Гладкова. 

Асабліва трэба адзначыць плённую работу тэатра над беларускім нацыянальным рэпертуарам. У 1979 годзе тэатр паставіў музычную камедыю "Несцерка" Р. Суруса (лібрэта В. і А. Вольскіх) і першую нацыянальную аперэту для дзяцей "Сцяпан – вялікі пан" Ю. Семянякі (лібрэта А. Вольскага). Разам з аперэтай "Паўлінка" Ю. Семянякі, пастаўленай значна раней, гэтыя спектаклі вызначаюць нацыянальнае аблічча тэатра. 

У "Несцерцы" рэжысёр Б. Утораў улавіў нацыянальны дух сюжэта і музыкі Р. Суруса і стварыў каларытны, маляўнічы спектакль. З вялікай творчай фантазіяй і мастацкім густам паставіў дзіцячую аперэту "Сцяпан – вялікі пан" С. Штэйн. 

Трэба адзначыць цікавую тэндэнцыю ў рабоце калектыву – пераважную ўвагу да сучаснага рэпертуару. Гэта пацвярджае і сённяшняя афіша тэатра: з адзінаццаці спектакляў, прадстаўленых на ёй, восем пастаўлены па творах савецкіх, у тым ліку беларускіх аўтараў. 

Поспехі, якіх дабіўся калектыў, тым больш прыемныя, што ў мінулым пяцігоддзі тэатр працаваў у вельмі цяжкіх умовах. Адсутнасць сваёй сцэнічнай пляцоўкі, рэпетыцыйных памяшканняў, пастаянныя пераезды з аднаго памяшкання ў другое, перавозка касцюмаў і дэкарацый – усё гэта стварала вялікія цяжкасці. I тым не менш тэатр, які часта падвяргаўся крытыцы, з гонарам выходзіў з цяжкасцей. Больш таго, работа калектыву была адзначана ва ўсесаюзным маштабе: па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва сярод тэатральна-відовішчных прадпрыемстваў тэатр заняў трэцяе месца за II паўгоддзе 1979 і другое месца за I паўгоддзе 1980 гадоў. 

У 1981 годзе на Усесаюзным аглядзе спектакляў для дзяцей і юнацтва ў драматычных, музычна-драматычных і музычных тэатрах краіны за спектакль "Несцерка" тэатру быў прысуджаны дыплом II ступені і грашовая прэмія. 

Сезон 1981–82 гадоў тэатр адкрывае ў новым памяшканні. Калектыў асвойвае свой будынак, і гэта вельмі нялёгкі, працаёмкі працэс. Умовы для работы, якія атрымаў тэатр ва ўзведзеным спецыяльна для яго новым будынку, выдатныя. Але гэта накладае на калектыў і новыя абавязкі, нараджае і новыя праблемы: даўкамплектавання творчых кадраў, расшырэння саставу аркестра, хору, балетнай трупы, салістаў розных амплуа. Пастаянна і мэтанакіравана павінна весціся работа над павышэннем сцэнічнай культуры тэатра, якая ўсё яшчэ пакідае жадаць лепшага. Кіраўніцтву тэатра трэба сур'ёзна працаваць над папаўненнем рэпертуару: адзінаццаць назваў на рэпертуарнай афішы не могуць задаволіць запатрабаванні гледачоў, якія чакаюць вялікай разнастайнасці сюжэтаў, тэм, мастацкіх уражанняў. 

На мінулым, VI з'ездзе БТА паведамлялася аб стварэнні новай секцыі – крытыкаў музычных тэатраў і канцэртных арганізацый. Усе гэтыя гады секцыя імкнулася аказваць пэўны ўплыў на музычна-тэатральнае і музычна-канцэртнае жыццё рэспублікі. Яна забяспечвала абмеркаванне спектакляў-прэм'ер і бягучага рэпертуару музычых тэатраў, новых праграм музычна-харэаграфічных калектываў рэспублікі сіламі беларускіх крытыкаў, а таксама запрошаных з Масквы і Ленінграда спецыялістаў. Асаблівая ўвага ўдзялялася крытычнаму аналізу новых спектакляў па творах беларускага нацыянальнага рэпертуару. 

Вялася работа па прапагандзе музычна-тэатральнага мастацтва Беларусі як у рэспубліцы, так і за яе межамі. За пяць гадоў у рэспубліканскім і цэнтральным перыядычным друку, у спецыяльных выданнях апублікаваны дзесяткі артыкулаў і рэцэнзій, прачытаны сотні лекцый па розных пытаннях музычна-тэатральнага жыцця, па праблемах марксісцка-ленінскай эстэтыкі і крытыкі сучаснай буржуазнай мастацкай культуры. Падрыхтаван і ажыццёўлен рад перадач на Беларускім радыё і тэлебачанні, у тым ліку – творчыя партрэты вядомых дзеячоў музычнага тэатра рэспублікі, а таксама творчай моладзі. Найбольш актыўна працавалі ў гэтай сферы I. Зубрыч, Г. Куляшова, Н. Первякова, Я. Ракава, Б. Смольскі, К. Сцепанцэвіч, Ю. Чурко, Э. Шумілава. 

Побач з рэцэнзаваннем бягучага рэпертуару членамі секцыі апублікаваны і вялікія праблемныя работы манаграфічнага характару, а таксама тэарэтычныя артыкулы ў навуковых выданнях. 

Члены секцыі прымалі ўдзел у аглядзе творчых работ маладых акцёраў опернага тэатра і тэатра музкамедыі, актыўна ўдзельнічалі ў рабоце Другога Усесаюзнага фестывалю творчай моладзі тэатраў оперы і балета. Сіламі секцыі праведзена абмеркаванне гастрольных спектакляў Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Эстонскай ССР. 

На пасяджэннях секцыі, акрамя бягучага музычна-тэатральнага жыцця, абмяркоўваліся і праблемна-дыскусійныя пытанні: праблемы і тэндэнцыі сучаснага музычнага тэатра (на матэрыялах XVII кангрэсу МІТ у Стакгольме, удзельніцай якога з'яўлялася Г. Куляшова), шляхі развіцця беларускай нацыянальнай оперы і стану рэпертуару ДАВТ БССР (сумесна з музыказнаўчай секцыяй Саюза кампазітараў БССР І мастацкім саветам Міністэрства культуры БССР). 

Вялікі грамадскі рэзананс выклікала навукова-практычная канферэнцычя "Праблемы акцёрскага майстэрства ў музычным тэатры", праведзеная па ініцытыве секцыі Беларускім тэатральным аб'яднаннем сумесна з Міністэрствам культуры рэспублікі ў лютым 1980 года У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел дырыжоры, рэжысёры, балетмайстры, акцёры двух музычных тэатраў, вядучыя музыказнаўцы Мінска і Масквы, педагогі Белдзяржкансерваторыі і Мінскага харэаграфічнага вучылішча. Былі заслуханы даклады і паведамленні: "Сучасны музычны тэатр: рэжысёр і акцёр", "Пошукі музычна-сцэнічнага вобраза", "Акцёр у сучасным балетным тэатры", "Асаблівасці стварэння сцэнічнага вобраза ў тэаты музкамедыі" і інш. Актыўна абмяркоўваліся праблемы музычна-сцэнічнага і агульнаадукацыйнага развіцця і выхавання будучых спевакоў і танцоўшчыкаў для музычных тэатраў рэспублікі, а таксама работа опернай студыі кансерваторыі... 

Члены секцыі выконвалі і іншыя віды работы: удзельнічалі ў розных журы конкурсаў прафесіянальнага і самадзейнага мастацтва, выступалі з дакладамі на тэарэтычных канферэнцыях Масквы, Ленінграда, Вільнюса, Кіева, праводзілі розныя кансультацыі. Сабраны цікавы, амаль забыты матэрыял аб рабоце раду вядучых творчых работнікаў беларускага опернага тэатра. ў 1941–42 гадах на сцэне казахскага опернага тэатра ў Алма-Аце, што дазволіць узнавіць яркую старонку інтэрнацыянальна-патрыятычных сувязей музычных культур двух брацкіх народаў. Распачата таксама вялікая работа з архівамі народнай артысткі СССР Л.П. Александроўскай у сувязі з увекавечаннем яе памяці.

А. ЛАДЫГІНА,
старшыня секцыі музычных тэатраў БТА, доктар філасофскіх навук. 
Тэатральны Мінск. – 1981. – № 4.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: