Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Быць спеваком, быць акцёрам (1981 г., Тэатральны Мінск)

Быць спеваком, быць акцёрам (1981 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

БЫЦЬ СПЕВАКОМ, БЫЦЬ АКЦЁРАМ

Гомель і Архангельск, Брэст і Ноўгарад, Гродна і Запарожжа, Пінск і Пскоў, Магілёў і Вінніца, Віцебск і Данецк – такі геаграфічны дыяпазон гастролей Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР у 70-я гады. I ўсюды рэцэнзенты спяшаліся падзяліцца на старонках мясцовых газет са сваімі чытачамі ўражаннямі ад сустрэч з мінскім тэатрам і першымі аналітычнымі думкамі аб шляхах яго станаўлення. Тут хочацца прывесці адно з самых характэрных разважанняў, якое было надрукавана ў 1975 годзе ў газеце "Индустриальное Запорожье": 

"Часта аперэту "выратоўваюць" добрыя галасы. У мінскім тэатры добра спалучаюцца вакальныя дадзеныя выканаўцаў з акцёрскім майстэрствам. Акцёры не толькі спяваюць, але і ствараюць жыццёвыя, пазнавальныя характары. Гэта вялікая заслуга тэатра... I тое, што ён выбраў для сябе такі шлях, прадказвае яму поспех і ў будучым". 

Адным з "віноўнікаў" такога поспеху нашай музкамедыі з'яўляецца і саліст тэатра, акцёр Віктар Бажэнаў. 

Віктар Бажэнаў мае прыгожы, яркі голас (лірыка-драматычны тэнар). Але спяванне ў яго натуральна і гарманічна спалучаецца з выразным акцёрскім выкананнем (як і ў Наталлі Гайды, Уладзіміра Лінкевіча і іншых ветэранаў тэатра). Непарыўнасць яго вакальных і драматычных здольнасцей як нельга лепш дэманструецца ў сённяшніх яго работах, дзе ён – палкі, тэмпераментны студэнт Пабла ("Пацалунак Чаніты") і стрыманы ў праяўленнях пачуццяў саветнік пасольства Раджамі ("Баядэра"), закаханы парыжанін Каміл дэ Расільён ("Вясёлая ўдава") і бравы кавалерыст брыгады Катоўскага Петра ("Вяселле ў Малінаўцы"), першы хлопец на вёсцы фанабэрысты гарманіст Мікола ("Бабін бунт") і наіўны, вясёлы, шчаслівы гном Нядзеля ("Беласнежка і сем гномаў")... 

У мінскую аперэту Біктара Бажэнава прывяла любоў да спеваў... Яшчэ ў школьныя гады на вечарах і конкурсах Віця нязменна займаў першыя месцы. Але неўзабаве захапіўся хакеем. Гуляў у арэнбургскай камандзе ў класе "А". Толькі песня перамагла. У 1963 гадзе скончыў музычнае вучылішча па класу вакала. Два гады працаваў у мясцовым тэатры аперэты. Прыгожы голас нязменна прыносіў пачынаючаму артысту поспех гледачоў. Але ўжо тады Віктар адчуў недахоп акцёрскага майстэрства. І ў 1965 годзе ён паступіў у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва. 

Віктару пашанцавала: яго курсавым настаўнікам быў буйны майстар драматычнай і музычнай сцэны, вядомы савецкі рэжысёр І. Туманаў. Вучоба Віктару давалася лёгка. Таму ў студэнцкія гады ён шырока займаўся канцэртнай дзейнасцю. Здымаўся ў кіно. Сыграў рад цікавых ролей у шырокавядомых фільмах "Мора ў агні", "Вяртанне да жыцця" і інш. 

Б. Равенскіх, у тыя гады галоўны рэжысёр тэатра імя А.С. Пушкіна, запрашаў яго да сябе ў тэатр. Перад маладым артыстам раскрываліся выдатныя перспектывы. Але любоў да спеваў зноў перамагла. 

Бажэнаў паехаў у Мінск у толькі што арганізаваны тэатр музычнай камедыі. І адразу – цікавыя, значныя ролі, дзе ёсць што і праспяваць, і сыграць: мастак Рауль у "Фіялцы Манмартра", Андрэй Туманскі ў "Халопцы", студэнт Сеня ("Увага, здымка!"), студэнт Пабла ("Пацалунак Чаніты"), Арыф ("Каўказская пляменніца"), Іанель ("Цыганская любоў"). Натуральна, побач з цэнтральнымі былі і невялікія ролі. I ўсюды Віктар працаваў старанна, зацікаўлена, з захапленнем. 

Як акцёр Віктар Бажэнаў валодае яркім сцэнічным тэмпераментам, шчырасцю, што надае яго тэатральным вобразам нязменную прывабнасць і прыгажосць. Ён іграе ролі рознахарактарныя, рознапланавыя: і драматычныя, і камедыйныя. Ён аднолькава зручна адчувае сябе ў фраку і ў бытавым касцюме, у іспанскім капелюшы і ў казацкай кубанцы, у шыкоўных макасінах і ў спартыўных кедах... Яго героі то нервова парывістыя, то вальяжна мяккія, то суха стрыманыя, то нястрымна шчырыя. Большасці яго персанажаў, асабліва ў сучасным савецкім рэпертуары, уласцівы душэўная шырыня, незласлівая весялосць, нават нейкая гарэзлівасць, якія ідуць ад шчаслівага адкрытага ўспрыймання жыцця. 

Бажэнаў – акцёр багатай творчай інтуіцыі, якая добра спалучаецца з высокім прафесіяналізмам у рабоце над ролямі. Спасцігаючы характар свайго сцэнічнага героя, Віктар старанна высвятляе логіку яго паводзін, учынкі, узаемаадносіны і сувязі ў канструкцыі будучага спектакля. Прыблізныя азначэнні, якімі часта грашаць малапрафесіянальныя рэжысёры, а за імі ўслед і акцёры, Бажэнаву не да спадобы. Бо гэта ўносіць у спектакль выканаўчы разнабой, які распыліць і галоўную думку драматургічнага твора і не дазволіць яму самому правільна акрэсліць сцэнічны вобраз. Калі ж у рабоце з рэжысёрам ёсць разуменне і сапраўдны творчы кантакт, Віктар хутка дасягае гарманічнай злітнасці з аўтарскім вобразам і добрага імправізацыйнага самаадчування. Паказальная ў гэтым сэнсе работа над спектаклямі "Увага, здымка!" і "Беласнежка". I на рэпетыцыях, і на саміх спектаклях ад Бажэнава заўсёды чакалі чагосьці новенькага. А ў "Беласнежцы" Віктар уцягваў у сваю імправізацыю нават аркестр, які з ахвотай уключаўся ў яго "ігру". 

За час работы ў мінскім тэатры музкамедыі Віктар сыграў каля 30 ролей. Добрая палавіна іх сыграна Бажэнавым цікава, ярка, вобразна. Асаблівае задавальненне прынесла артысту работа над ролямі мастака Рауля ў "Фіялцы Манмартра" і студэнта Сені – "Увага, здымка!". Яго Сеня – характар стыхійны, схільны да захаплення, у чымсьці вельмі блізкі самому выканаўцу. Падабалася Віктару і роля Сяргея ("Мост мары"), – гэтакі рэаліст, які ўспрыймае жыццё – у процілегласць Сеню – празаічна і цьмяна. 

Значны поспех выпаў на долю Бажэнава ў ролі Люсінда ў "Дасціпнай закаханай" Лопе дэ Вега, як, між іншым, і на долю ўсіх удзельнікаў гэтага спектакля. Матэрыял іспанскай камедыі патрабаваў ад артыстаў майстэрскага валодання вершаваным тэкстам, імклівай тэмпераментнай пластыкай і, вядома, плашчом і шпагай, што і было прадэманстравана Бажэнавым у поўнай меры. Нездарма тэатразнаўцы адзначалі гэту работу як добры прыклад і для драматычных акцёраў. 

30 роляў за дзесяць гадоў – зайздроснае рэпертуарнае багацце. Але кожны раз для кожнай новай ролі ён знаходзіць новыя фарбы, новыя рысы, новую стылявую манеру. Прыкладам – апошняя работа Бажэнава, "масовачная" роля без слоў – нехта са світы пана Бараноўскага ("Несцерка"). Ружовашчокі, з выгляду дабрадушны, не то прыказчык, не то апрычнік. Віктар дэманструе тут і захапленне акалічнасцямі дзеяння, і пластычнасць, і ўнутранае акцёрскае задавальненне ад самога паказу такога цікавага тыпу. Усё ў гэтай ролі выяўляе прафесіянальную сталасць артыста і лішні раз пацвярджае, што маленькія ролі таксама могуць засведчыць акцёрскае майстэрства. 

Віктар Бажэнаў вельмі сур'ёзна адносіцца да сваёй творчасці. Усё, што перашкаджае рабоце, стварэнню паўнацэнных сцэнічных вобразаў, ён стараецца пераадолець, ніколі не ідзе на кампрамісы ў тым, што датычыць творчасці. 

Цяпер Бажэнаў рыхтуецца выйсці на сцэну ў ролі Несцеркі – ролі, якая вельмі добра кладзецца на яго акцёрскія асабістыя якасці. Наступная работа – Айзенштэйн у "Лятучай мышы".

Г. ВАЎЧОК. 
Тэатральны Мінск. – 1981. – № 3.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: