Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Каралева аперэты (1981 г., Беларусь)

Каралева аперэты (1981 г., Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

КАРАЛЕВА АПЕРЭТЫ

Аперэта... Як вельмі слушна сказаў адзін з тэатральных дзеячаў, яна "гарэзлівае і непаслухмянае дзіця оперы і драматычнага тэатра, якое жыве дзесьці паміж операй і драмай". Не зважаючы на тое, што яе ганьбілі і нават намагаліся забараніць у розны час, яна па-ранейшаму спявае, танцуе і смяецца. Калі раней яе падмосткамі былі кафэшантаны, калі ў рэпертуары былі нізкапробныя рэчы, то цяпер галоўныя якасці яе – лірыка, рамантыка, непадробная весялосць, аптымізм, сатырычнасць, а галоўнае, – народнасць. У новых спектаклях загучалі жыццесцвярджальныя ноты, радасць быцця. Іменна таму, што аперэта – мастацтва вясёлае і дасціпнае, жыццярадаснае і дынамічнае, яе сёння так любяць гледачы. Сапраўдны таленавіты аперэтачны спектакль падобны да феерверку – нездарма К.С. Станіслаўскі параўноўваў яго з шампанскім. 

...I вось, нібыта знарок, такое цікавае супадзенне. У 1966 годзе на гастролях у Крамлёўскім тэатры салістка Свярдлоўскай оперы Наталля Гайда спявае Мюзету ў "Багеме" Пучыні. Пасля спектакля І.С. Казлоўскі прыходзіць да яе за кулісы і з захапленнем гаворыць: "Вы – шампанскае!" Супадзенне, ці не так? Але, відаць, невыпадковае. Вядомы майстар быццам прадбачыў тэатральную будучыню спявачкі, якая пачынала ў оперы. 

Сапраўды, талент Наталлі Гайды – іскрысты, натура выпраменьвае столькі энергіі, што іншы раз дзіву даешся, адкуль толькі ўсё бярэцца... Лёгкая, вясёлая, імправізацыйная, асветленая ўнутраным агнём, Наталля, здаецца, ніколі не знае стомы. Іншы раз, слухаючы спевака, нібы адчуваеш "крывавы пот" акцёра, бачыш, як ён напружваецца, і міжволі баішся, каб ён на верхніх нотах не сарваўся... Голас Наталлі Гайды гучыць аднолькава лёгка ва ўсіх рэгістрах. Ад яго атрымліваеш сапраўднае наталенне, гукі льюцца свабодна і проста, то заміраючы ў лірычным піяна, то ўзлятаючы ў зіхатлівую вышыню, тэмпераментна, як апафеоз жыцця. 

Калі гаварыць пра амплуа, хаця гэтага зараз не робяць, то яна выконвае ролі гераінь. А яны заўсёды станоўчыя. I як проста паўтарыцца, іграць са спектакля ў спектакль адны і тыя ж рысы характару ва ўсіх ролях! Але ў Наталлі Гайды глыбокая інтуіцыя, высокае прафесійнае майстэрства і тонкае адчуванне жанру, яго сінтэтычнасці. Наогул, сам характар яе таленту, дзе драматычнае, лірычнае і гумарыстычнае злітыя ў адно цэлае, адпавядае сутнасці жанру. Акрамя гэтых неабходных рысаў, ёсць непасрэднасць і майстэрства драматычнай актрысы, высокая музычнасць і хараство пластыкі. Ніколі не ўбачыш, каб спявачка станавілася ў позу і "падавала на гледача" славутыя нумары аперэты. Унутранае напаўненне жыццём сваіх герояў апраўдвае любую рэжысёрскую мізансцэну. I проста здзіўляешся, як удаецца ёй гэтак непрыкметна перайсці ад тэксту да спеваў, ад спеваў да танца і наадварот. Артыстка верыць у прапанаваныя абставіны, у аперэтачную ўмоўнасць дзеі, і таму яе перажыванні непадробныя. Яна радасна існуе ў стыхіі вясёлага жанру аперэты, і кожны характар, створаны ёю на сцэне, – канкрэтны. 

Пасля школы, вырашыўшы стаць спявачкай, Наталля двойчы паступала вучыцца. Не прынялі. Сказала сабе: "Значыць, няма таленту" і пайшла ў юрыдычны інстытут. Спявала ў самадзейнасці і, як гэта часта бывае, звярнула на сябе ўвагу. Ды калі Наталлі прапанавалі, каб паслухалі яе майстры вакалу, заўпарцілася – было боязна яшчэ раз спакушаць лёс... А пасля яна стала студэнткай кансерваторыі. Адначасова вучылася і ў юрыдычным. Нават калі ўжо спявала ў Свярдлоўскім оперным, Наталля нейкі час усё яшчэ не давярала сабе, не пакідала працу юрысконсульта. I, можа, якраз яна, юрыспрудэнцыя, навучыла Наталлю Гайду бачыць сваіх гераінь знутры, падрабязна і лагічна раскрываць іх псіхалогію; можа, адсюль пайшла яе любоў да глыбокага аналізу ролі. Пяць гадоў у Свярдлоўскім оперным – дваццаць дзевяць партый, вялікіх і малых. Сярод іх першая яе роля – Біянкі ў оперы В. Шабаліна "Утаймаванне свавольніцы", потым Мюзета ў "Багеме" Пучыні, Джыльда ў оперы "Рыгалета" Вердзі, Разіна ў "Севільскім цырульніку" Расіні, Марфа ў "Царскай нявесце" і Снягурачка ў аднайменнай оперы Рымскага-Корсакава, Варуха – "Варына каханне" М. Магідзенкі і г. д. Быў поспех, але не было задавальнення. Ёй вельмі хацелася драматычнай глыбіні, маштабнасці, але для яе голасу выпадала пець толькі лірычныя, калі-нікалі лірыка-драматычныя партыі. 

Яшчэ калі займалася ў кансерваторыі, Гайда наведвала заняткі аддзялення музычнай камедыі. Дзесьці з другога курса яе запрашалі на галоўную партыю ў Свярдлоўскі тэатр аперэты. Як ні дзіўна, але тады яна не пайшла ў аперэту: лічыла, што прафесійна не падрыхтаваная да гэтага жанру. 

Аперэта ў ёй яшчэ "выспявала". Нетаропка. Аперэта вабіла, і чым далей, тым болей. Іскрыстаму яе таленту нечага не ставала ў оперным мастацтве. Можа, адчуваліся "рамкі" пэўнай статычнасці, ці што – але калі Наталля Гайда прыехала па запрашэнню ў Беларускі дзяржаўны оперны тэатр (дзе спявала адзін сезон), і ў 1971 годзе адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр музычнай камедыі, яна адважылася. 

Тэатр музычнай камедыі адкрыў спявачку аперэты Наталлю Гайду. Яна выступіла ў ролі Ірыны, актрысы-падпольшчыцы ў аперэце "Пяе "Жаваранак" Ю. Семянякі і стварыла складаны вобраз гераіні. Трапяткая, пяшчотная, яшчэ зусім дзяўчынка, яна нясе кляймо легкадумнай, прадажнай кар'ерысткі, паслугачкі фашыстаў. Гэтыя два абліччы Гайда па-майстэрску пераплятала ў сваіх дыялогах, песнях і арыях. Горыч і жаданне вырвацца на волю, трывога за таварышаў гучыць у песні "Жаваранак". Гнуткі, пластычны і ўзлётны голас, багаты на адценні, высокая вакальная тэхніка дапамагалі спявачцы зрабіць цуд – зачараваць гледача, прымусіць паверыць яе Ірыне, яе лёсу, не зважаючы на тое, што драматургічны матэрыял быў даволі слабы. Аднойчы пасля спектакля за кулісы прыйшла жанчына ў гадах і, уважліва ўглядаючыся ў аблічча Наталлі, сказала: "Вось ты якая, дачушка... Такія яны і былі, нашы дзяўчаты. Трэба, каб іх бачылі і сёння, памяталі пра іх..." 

Потым адна за адной пайшлі партыі ў сучасных і класічных аперэтах. Не было ніводнай ролі, у якой бы Наталля Гайда не адкрыла для нас штосьці новае, нечаканае. "Гэта не проста ўдача, а цэлы лёс гераіні", – адзначае крытыка выкананне ролі Каці ў аперэце В. Баснера "Патрабуецца гераіня". Гайдзе "пад сілу самыя розныя характары", – піша другі крытык у "Правде Севера" пра Чаніту з аперэты "Пацалунак Чаніты" Ю. Мілюціна і Адэту з "Баядэры" I. Кальмана. "У выканаўцы галоўнай ролі заслужанай артысткі БССР Н. Гайды вабіць літаральна ўсё..." – адзначае газета "Слава Севастополя". "Зорыка – Наталля Гайда – цудоўна спявае, лёгка і бестурботна танцуе... здольнасць сцэнічнага пераўвасаблення, здатнасць жыць адзіным жыццём са сваімі гераінямі забяспечылі поспех актрысы ў гледачоў" ("Новгородская правда"). "Наталля Гайда ў ролі Каці ("Тыдзень вечнага кахання") – асабліва яркая ўдача спектакля" ("Літаратура і мастацтва"). Пра багацце палітры Н. Гайды пісалася ў "Вячэрнім Мінску": "Яна пераходзіць ад яўнага гратэску на ўзроўні клаунады да глыбокага драматызму... Вось перад намі арлекін. I раптам мы бачым такі аголены боль... "Зрабі так, каб зразумелі мяне", – з заміраннем просіць дзяўчына". Гэта пра адну з любімых роляў Наталлі – Марыну з музычнай камедыі "Мост мары" В. Лебедзева. 

Што ні роля – добры водгук. Наталлю Гайду лічаць сёння адной з лепшых савецкіх аперэтачных артыстак, і яна пацвярджае гэта кожнай новай работай. 

Нібы падагульняючы пэўны этап творчага развіцця, з'яўляецца яе Паўлінка ў аднайменнай аперэце Ю. Семянякі. Партыя пішацца для Наталлі Гайды, разлічана на яе акцёрскія даныя. Гарэзлівасць і летуценнасць, сапраўдны драматызм і жартаўлівасць, невычэрпная выдумка крылатай маладосці і ўпартасць у дасягненні мэты – усё гэта ўкладзена ў вобраз Паўлінкі. Яе аднадушна прынялі гледачы. Нездарма менавіта гэтая работа прынесла актрысе першае яе ганаровае званне – заслужанай артысткі БССР у 1973 годзе. 

Лёгка і натуральна існуе Паўлінка Гайды ў бясконцай змене кантрастных настрояў. Яе арыі і песні змушаюць забывацца пра ўсе ўмоўнасці аперэты. Здаецца, ад агню песні загараецца танец: артыстка танцуе ўсёй істотай. Рукі, вочы, галава, стан – усё ў танцы. I гэта так пластычна і элегантна, а галоўнае, у меру. "Яе Паўлінка – зачароўвае..." – пісала Л. Александроўская, народная артыстка СССР. 

Папаўняючы галерэю нацыянальных характараў, Наталля Гайда стварае вобраз Насты ў камедыі "Несцерка". I ў гэтым спектаклі яна зноў выяўляе свае магчымасці быць характарнай. Драматургія не надта дае прастору характару Насты, але актрыса напаўняе свае паўзы дзеяй, і таму гэтак жыццёва і разам з тым нечакана, з гумарам гучыць яе фінальная фраза, калі Несцерка прыводзіць Юрася, якога выдае за шляхцюка. Спачатку Наста рашуча адмаўляецца ад такога жаніха, але калі пазнае, што гэта яе любы, вокліч радасці зрываецца з яе вуснаў. 

– Мама! – ажно віскнула яна ад радасці. 

I тут жа спахапілася, каб не выдаць задумы Несцеркі, і словы "Я згодна" вымавіла ўжо занадта абыякава, спакойна, як патрабуе абрад. А гледачы ўзнагародзілі яе дружнымі воплескамі. 

Наталлю заўсёды вабіць драматычная сітуацыя, якая дае магчымасць выказаць сябе больш шматбакова. Нават там, дзе іншыя не могуць пазбегнуць меладрамы, яна шчасліва выходзіць на сапраўдны глыбокі драматызм. 

Вось роля Марыцы. Упершыню з'яўляецца яна перад намі вясёлая, няўрымслівая, нічым не засмучаная, можа, падчас дзёрзкая і ўладарная, але разам з тым чыстая, летуценная. Голас Гайды нібы выпраменьвае ўсё гэта. Але вось яна пакахала. Гэтае каханне – як паядынак душы паміж яе становішчам графіні і далёкай летуценніцай, якой была калісьці Марыца. Калі яна спявае з Тасілам – здаецца, з яе павек злятаюць пушыстыя зорачкі пекнаты, ці, можа, гэта струменіць з вачэй святло пяшчотнай, чыстай душы. Але інтрыга разлучае іх. I калі Марыца выконвае свой музычны маналог, здаецца, нібы празрыстыя кроплі слёз падаюць на халодны мармур. Кранаючы сэрца, гучыць арыя Марыцы – Гайды "Свет чистых светлых грез, где нет ни горя, ни слез..." Але яе графіня гордая, яна нават плача з высока ўзнятай галавой, калі на развітанне кідае Тасілу грошы. 

Крытыка сцвярджае, што Легар прынёс у аперэту мінор, і з таго часу гледачы не толькі смяюцца, але і сумуюць разам з героямі. Наталля Гайда дадае да мінору драматызм, і хаця знаўцы лічаць, што сур'ёзнасць – гэта пагібель для аперэты, пра ігру Гайды такое не скажаш. Яе сур'ёзнасць паглыбляе жанр. Мы ёй верым да канца – верым смеху, верым слязам, хаця яны ў аперэце хутка высыхаюць і пераходзяць у смех ці вясёлы танец. 

Вельмі трапна ў 1977 годзе заўважыў пра Н. Гайду I. Нісневіч: "Для гэтай выканаўцы не існуе ў тэатры цяжкасцяў". Сапраўды так, але ў адносінах толькі да яе здольнасцяў і розуму, таленту, да яе працаздольнасці... Але ж бывае і так, што акцёр ставіцца ў такія ўмоўныя рамкі, якія апраўдаць немагчыма. Асабліва гэта датычыцца рэжысёрскіх скарачэнняў музычнай часткі аперэт. Напрыклад, ёсць такое скарачэнне ў Сільве, дзе ў фінале адсутнічае дзівосны тэрцэт і псіхалагічная лінія ролі Сільвы рвецца. I выходзіць, што сур'ёзная глыбіня, да якой імкнулася артыстка пры стварэнні характару гераіні, раптам пераходзіць у легкаважнасць, таму што па волі рэжысёра адсутнічае псіхалагічная матывіроўка тых ці іншых рашэнняў. Скажам, Сільва пяе сваю арыю "Счастья не ищи ты в высоте небесной...", у якой яна гаворыць пра тое, што хоча быць вольнай, і, спяваючы, смяецца. Але гэта не радасць, а жаданне схаваць сваё гора. Рэжысёр жа гэтую сцэну вырашае іначай, і Сільва… вымушана весяліцца. Эдвін стаіць побач з ёю і ўсміхаецца. А ці можа любы чалавек абыякава пазіраць на роспач каханай? Штосьці тут рэжысёр не дагледзеў... 

Спектакль – "дзіця" калектыўнае. Яго ствараюць усе: і машыніст сцэны, і ўдарнікі аркестра. I каб атрымалася галоўнае – творчасць, у тэатры павінны быць не толькі цікавы драматургічны матэрыял для стварэння спектакля, таленавітыя рэжысёр, дырыжор, балетмайстар, салісты і г. д., але павінна быць творчая еднасць усіх удзельнікаў спектакля, узаемаразуменне. Пра гэта клапоціцца артыстка Наталля Гайда, гэта яе вельмі хвалюе. Яна патрабавальна ставіцца ў працы не толькі да партнёраў, але да сябе – у першую чаргу. Вялікае значэнне надае яна свайму духоўнаму развіццю, шліфоўцы сваёй творчай індывідуальнасці. "Чалавек павінен ляпіць сябе сам, удасканальвацца, быць лепшым, таму што акцёрскае "нутро" бачна ў свеце рампы, яно высвечвае праз рысы тваіх герояў". I таму яе кранае ўсё: і тое, што за кулісамі бывае шумна, калі ідзе спектакль, і тое, што дырыжор часам вядзе аркестр у настроі і тэмпарытме, не адпаведным акцёрскаму стану, і тое, што сустракаюцца бездапаможныя рэжысёры, якія не маюць індывідуальнасці, і тады чароўнасць мастацтва знікае. Вельмі трывожыць яе і становішча з рэпертуарам. За ўсё Наталля Гайда хварэе душой, бярэцца з запалам за кожную даручаную ёй справу. А грамадскіх нагрузак у яе шмат. Наталля Віктараўна – дэпутат гарсавета, член ЦК прафесійных саюзаў работнікаў культуры, член прэзідыума БРК. Гэта асноўныя грамадскія абавязкі, а ёсць яшчэ і тэатральныя. Як жа яе на ўсё хапае? А яна ж яшчэ іншы раз дапамагае маладым увайсці ў новы спектакль, а то запросяць выступіць па тэлебачанні ці радыё, альбо ў канцэрце. Да таго ж яна здымаецца ў кіно... Сакрэт яе сілы – у працавітасці, якая ўзняла талент на вяршыню мастацтва. Праца – мэта і спосаб яе існавання. 

Гады ідуць. З пятнаццаці сцэнічных – амаль дзесяць у аперэце. Народная артыстка БССР Наталля Віктараўна Гайда стварыла дваццаць сем характараў, спела дваццаць сем аперэтачных арый. Можа, кагосьці гэта і задаволіла б, але ў Гайды заспакоенасці няма. Не можа яна жыць без працы: "Хацелася б спяваць, пакуль ёсць магчымасць, бо семнаццацігадовы ўзрост застаўся далёка". 

Можа, актрыса мае рацыю. Ёсць талент, ёсць жаданне працаваць, ёсць любоў публікі. Застаецца адно: ствараць новыя вобразы, радаваць новымі творчымі адкрыццямі. Няхай пашчасціць актрысе: кампазітар і лібрэтыст напішуць, рэжысёр паставіць, а Гайда выканае ролю сучаснае гераіні. I няхай гэта стане новым цудам, створаным талентам народнай артысткі БССР спявачкі Наталлі Віктараўны Гайды.

Людміла ФЁДАРАВА. 
Беларусь. – 1981. – № 3. – С. 20–21.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: