« Назад
...І АДДАНАСЦЬ У СПАДЧЫНУ
Гэты год для мяне шчаслівы: наш тэатр справіў наваселле. Спектакль "Несцерка", у якім я іграю, на Усесаюзным конкурсе заваяваў другі прыз. I, самае галоўнае, я стаў кандыдатам у члены партыі.
(З гутаркі з артыстам Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР К.I. Лосевым).
...Бацька хварэў. Ён ляжаў на высока ўзбітых падушках, паклаўшы на коўдру цяжкія, з успухлымі венамі, рукі.
– Сядзь побач, Косця, – папрасіў ён. – Я вельмі рад, што ты прыехаў. Мне даўно хацелася пагаварыць з табой.
За акном шалясцелі лісцем дрэвы, свяціла сонца, і ў яго бязлітасна яркім святле твар бацькі здаваўся белым, як сівізна. Ён успамінаў маладосць на сормаўскім заводзе ў Горкім, сваіх сяброў, работу.
– Ты ведаеш, я ў партыі з чатырнаццатага года. Усё жыццё. I вельмі хацеў бы, каб ты таксама ...разумееш?
– Так, – кіўнуў Канстанцін. – Вядома.
I моцна сціснуў вялікую бацькоўскую далонь.
Ен доўга хадзіў па горадзе ў той вечар. I не заўважыў, як прыйшоў у невялікі зялёны сквер ля музычнай школы. 3 яе расчыненых акон даносіліся галасы і гамы, на першым паверсе аб нечым спявала скрыпка...
Да гэтага часу захоўваецца ў яго напісаная няроўнымі буйнымі літарамі запіска: "Прашу прыняць т. Лосева К.I. у Маскоўскую кансерваторыю". А падпісаў яе А.В. Свешнікаў – народны артыст СССР, заснавальнік і кіраўнік праслаўленага хору рускай песні. Ён быў тут на гастролях і, як звычайна, зайшоў у музычную школу.
– Паслухайце Лосева, – параіў дырэктар.– вельмі таленавіты хлопчык.
Аляксандр Васільевіч згадзіўся. Ён сядзеў, крыху адкінуўшыся ў крэсле, паўзаплюшчыўшы вочы, і злёгку барабаніў у такт доўгімі тонкімі пальцамі. Потым нешта хутка напісаў у блакноце, вырваў лісток і працягнуў яго Косцю.
– Вам трэба вучыцца, малады чалавек. Едзьце ў Маскву.
Першы тур Лосеў прайшоў паспяхова. Другі таксама. А трэці... Яму здавалася, што ад хвалявання ў яго падгінаюцца калені, і вось-вось "сядзе" голас. Ён нават не паверыў, калі пачуў пасля экзамену:
– Малайчына! Здорава!
3 шасцісот прэтэндэнтаў на аддзяленне вакала Маскоўскай кансерваторыі тады было прынята сем чалавек. I сярод іх – Лосеў.
"Вучоба ідзе выдатна, – пісаў ён дамоў. – Я атрымліваю павышаную стыпендыю, так што пра мяне не турбуйцеся. А за гасцінцы дзякуй. Сябрам яны вельмі спадабаліся".
У дыпломным спектаклі ён спяваў Фігара. I калі апусцілася заслона, сціхлі апладысменты і шчаслівыя салісты раскланьваліся перад публікай, на сцэну выбеглі студэнты Першага медыцынскага інстытута. Яны паднеслі Лосеву ўрачысты адрас, у якім мудрагелістымі літарамі было напісана: "Самаму фігарыстаму Фігара".
Потым – Горкаўскі тэатр оперы і балета, адэская аперэта. I выпадкова прачытаная ў газеце заметка аб тым, што ў Мінску адкрываецца Тэатр музычнай камедыі.
– Едзем, Таня! – угаворваў ён жонку. – Новы тэатр, гэта ж цікава.
I не памыліўся.
Першыя рэпетыцыі. Першыя афішы на мінскіх вуліцах: "Спявае "Жаваранак". У ролі Дзімітрыя – К. Лосеў".
Ен іграе Янга ў "Вольным ветры", Мікіту ў "Халопцы", Эдвіна ў "Сільве" і ў дзесятках іншых спектакляў. А потым – "Несцерка". Вось ужо два гады ён паказвае на сцэне гэтага вясёлага і гарэзлівага беларускага селяніна.
– Я вельмі люблю яго, – гаворыць Канстанцін Іванавіч.– I кожны раз гэты спектакль чакаю з нецярплівасцю.
...Аднойчы, у час адной з сустрэч з гледачамі, яго спыталі – ці заўсёды ён адчувае творчае задавальненне ад сыгранай ролі, ці заўсёды задаволен сваёй работай над вобразам, сваёй ігрой?
– Не, – шчыра прызнаўся Лосеў. – У "Чацвёртым пазванку", напрыклад, я іграў Джэры. Некалькі разоў перачытаў гэту выдатную кнігу М. Ларні. 3 усіх сіл стараўся выканаць рэжысёрскую задуму. Але ўсё роўна адчуваў незадаволенасць і, шчыра кажучы, быў вельмі незадаволен сабой...
I зноў пытанне – ці думаеце заняцца рэжысурай?
– Не. Я застаюся верным свайму акцёрскаму лёсу.
Каментарый сакратара партыйнай арганізацыі тэатра, вядучай салісткі балета Л.I. Рабушка:
– З Канстанцінам Іванавічам Лосевым мы разам працуем дзесяць гадоў. Гэта цікавы, шматпланавы акцёр, чулы, спагадлівы і скромны чалавек. Яго пачуццё абавязку, адносіны да грамадскіх абавязкаў, адданасць мастацтву служаць прыкладам. I не выпадкова таму камуністы тэатра аднагалосна прынялі яго кандыдатам у члены КПСС.
С. РУБІН. Вячэрні Мінск. – 1981. – 14 снеж.
|